КАРОТКАЯ
КРАЯЗНАЎЧАЯ ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ
ГАЛОЎЧЫНСКАЙ ЗЯМЛІ


   
ГАЛОЎНАЯ
ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
ГЕАГРАФІЧНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
БІБЛІЯГРАФІЧНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
ФОТАГАЛЕРЭЯ
 
ГАЛОЎЧЫНСКІ СЕЛЬСКІ САВЕТ: ГІСТОРЫЯ, ПАДЗЕІ, ЛЮДЗІ


У Магілёве яшчэ дзейнічала Стаўка генерала Духоніна, а ў старажытным Галоўчыне ўжо віравалі падзеі, якія прадвызначалі вялікія перамены ў адвечным укладзе жыцця. Таму і не стала нечаканай выпадковасцю, калі адразу ж пасля ліквідацыі сумнавядомай Стаўкі ў снежні 1917 года тут узнік выканкам. Старшынёй, якога быў выбраны актыўны ўдзельнік рэвалюцыйных падзей 1905-1907 гадоў  Маісей Собалёў. У 1918 годзе Маісей Фаміч са зброяй у руках адстойваў новую ўладу на франтах Грамадзянскай вайны, вызваляў родную Беларусь ад белапольскіх акупантаў, быў паранены і памёр адносна маладым у 1935 годзе.

У 1919 годзе на пасаду старшыні Галоўчынскага савета рабочых і сялянскіх дэпутатаў выбіраецца Ілля Сачкоў, які праз нейкі час ідзе служыць матросам на Балтыйскі флот. На жаль Ілля Андрэевіч трагічна загінуў у самым росквіце свайго маладога жыцця.

З 1919 па 1920 гады сакратаром Галоўчынскага сельскага Савета працаваў Аксельрод Маісей Сямёнавіч. Маісей Сямёнавіч нарадзіўся ў 1896 годзе, член  КПСС.

У 1923 годзе ў Галоўчын прыязджае малады марак Балтыйскага флоту Парфірый Цюльманкоў
У абласным дзяржаўным архіве захоўваецца цікавы дакумент той вірлівай эпохі – пратакол пасяджэння бюро Бялыніцкай валасной камуністычнай ячэйкі ад 14 жніўня 1924 года: «Слухалі: Аб падборы старшынь і сакратароў у раённыя саветы. Пастанавілі: Галоўчынскі сельскі Савет – старшыня Шчэлка Аляксей, сакратар – Духовіч Павел».

Шчэлка Аляксей Максімавіч 1889 г.н. Удзельнік грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войн. Узнагароджаны многімі ўрадавымі ўзнагародамі. Памёр у 1964 годзе.

А праз год пасаду старшыні займае Апанас Магілеўчык. Нарадзіўся ў 1886 годзе. Працаваў камісарам Нежкаўскага валвыканкома, з 1926 у сяльпо. Памёр у 1958 годзе.

Узначальваў Савет і Фёдар Буякоў – асоба таксама даволі-такі вядомая.

Якубовіч Арцём Фёдаравіч узначаліў сельскі Савет у самым пачатку 30-тых гадоў.

Адным з самых знакамітых старшынь Галоўчынскага Савета быў Яфім Цімафеевіч Марчанка.

Старшынёй Галоўчынскага Савета працаваў у 30-х гадах Літвінаў.

Перад вайной пасаду старшыні (па ўспамінах Люцікава В.Н.) займаў Французаў.

Работнікі Галоўчынскага сельсавета не скарыліся фашыстам у час Вялікай Айчыннай вайны. Многія з іх змагаліся з ворагам, адстойваючы заваёвы савецкай улады і ідэалы сваёй маладосці, на фронце, у складзе партызанскіх атрадаў, вялі падпольную дзейнасць.
Так Мар’яна Сямёнаўна Капыткова – рахункавы работнік, Мацвей Рыгоравіч Рубінштэйн – сакратар Галоўчынскага сельскага Савета, Арцём Фёдаравіч Якубовіч – былы старшыня Галоўчынскага сельскага Савета  - усе яны былі расстраляны фашыстамі. Кожны з іх пражыў жыццё па-свойму, але паміралі яны аднолькава: з цвёрдай верай у перамогу.

Пасля вызвалення  вёскі  Галоўчын ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у  1944 годзе, на пасаду старшыні выканкама Галоўчынскага сельскага Савета  выбіраецца Падабед.

У бялыніцкай райгазеце «Перамога» ад 4 лістапада 1944 года надрукаваны матэрыял з раённай нарады жывёлаводаў. Там ёсць выступленне старшыні Галоўчынскага сельсавета Падабеда. Ён прывёў звесткі аб колькасці галоў жывёлы і птушкі. Дык вось, у пяці калгасах сельсавета налічвалася 189 коней, 45 дойных кароў, 33 галавы маладняку буйной рагатай жывёлы, 15 гусей. Вось з такога багацця пачыналася новая старонка калгаснага жыцця.

Пасаду старшыні Галоўчынскага сельскага Савета займаў Каралёў Мікалай Васільевіч.

У канцы 40-х гадоў пасаду старшыні сельскага Савета займае Дракін І.

З сярэдзіны 50-х старшынёй Галоўчынскага сельскага Савета становіцца Грышанаў Іван Антонавіч, які нарадзіўся ў 1925 годзе ў в. Навасёлкі Бялыніцкага раёна. Удзельнік Вялікай Айчыннай  вайны. Працаваў у калгасе імя Леніна, загадчыкам хаты-чытальні. У 1953-1960 гг. – старшыня  Навасельскага, Галоўчынскага сельскіх Саветаў. Працаваў брыгадзірам комплекснай брыгады, з 1978 г. – аграномам. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі.

У 60-х гадах сельсаветам кіраваў Ліпаўкін І.

З 1971-1980 гг. на пасадзе старшыні Галоўчынскага сельскага Савета працуе Будкевіч Мікалай Сяргеевіч.
За час знаходжання на пасадзе старшыні Галоўчынскага сельскага Савета Мікалая Сяргеевіча, установа была ўзнагароджана двумя пурпурнымі сцягамі. На першым – залацістымі літарамі было напісана «Пераможцу ў сацыялістычным спаборніцтве за дастойную сустрэчу ХХV з’езда КПСС». Сцяг уручаны на пастаяннае месца захоўвання. Другі – пераходны. Ён ад камітэта Камунітычнай партыі Беларусі і райвыканкама за поспехі ў рабоце за 1975 год. На сцяне вымпел газеты «Известия» за беражлівыя адносіны да зямлі.

З 1981 года на пасадзе старшыні Галоўчынскага сельскага Савета працуе Зайцаў Пётр Пахомавіч.
Яго прыемнікам на пасадзе старшыні Галоўчынскага сельсавета становіцца Шчацінка Аляксандр Лаўрэньцьевіч 1957 года нараджэння в. Лубяны. Мае вышэйшую адукацыю, скончыў у 1979 годзе Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі імя Куйбашава, эканаміст. Працаваў на пасадзе галоўнага эканаміста калгаса імя Леніна Бялыніцкага раёна. Затым працаваў інструктарам Бялыніцкага райкома КП Беларусі. Пасля заканчэння Мінскай вышэйшай партыйнай школы з 1988 года працуе ў гаспадарках Бялыніцкага раёна. З 1995-1998 года займае пасаду старшыні Галоўчынскага сельскага Савета. Зараз працуе старшынёй Машчаніцкага сельскага Савета дэпутатаў.

З марта 1998 па 18.05.1999 пасаду старшыні Галоўчынскага сельскага Савета займае Дракіна Ніна Канстанцінаўна. 30 мая 1956 года нараджэння в. Вялікая Гара Салігорскага раёна Мінскай вобласці. Мае вышэйшую адукацыю, скончыла ў 1989 годзе Мінскую вышэйшую партыйную школу па спецыяльнасці «Партыйнае і савецкае будаўніцтва». З 7 ліпеня 1987 па 10 студзеня 2008 года працавала на пасадзе сакратара выканкама.

28 год пасаду сакратара Галоўчынскага выканкама займала Грыбайлава Марыя Філімонаўна. 18.09.1929 года нараджэння в. Галоўчын. З 1949 па 1959 год жанчына працавала рахункаводам Галоўчынскага сельскага Савета. У сакавіку 1959 года была выбрана сакратаром Галоўчынскага выканкама. У ліпені 1987 года выйшла на заслужаны адпачынак, але з студзеня 1988 года па чэрвень 1999 года працавала рахункаводам-касірам. Зараз яна знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Яе праца ў сельскім Савеце была адзначана шматлікімі падзякамі. Была ўзнагароджана медалём «За долголетний добросовестный  труд», «Ветеран труда».

З мая 1999 года старшынёй Галоўчынскага сельскага Савета працуе Салодкі У.В. 1956 года нараджэння.

З 1.08. 2003 па 30.03.2004 года гэту пасаду займае Тонкі В.С. 1956 года нараджэння.

З 30 мая 2004 года пасаду старшыні Галоўчынскага сельскага Савета займае Салянюк Віктар Мікалаевіч, 1951 года нараджэння в. Цімошкава Смаленскай вобласці. Пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай Акадэміі працуе ў Бялыніцкім раёне інжынерам-торфмейстэрам сельгастэхнікі, галоўным інжынерам-землеўстраіцелем райвыканкама. У 1980 годзе ўзначаліў калгас «Камінтэрн», дзе працаваў больш 20-ці гадоў. У сакавіку 2004 года Віктар Мікалаевіч Салянюк выбраны старшынёй Галоўчынскага сельскага Савета дэпутатаў. 17.11.2009 года памёр.


   
   
 
         
ГАЛОЎНАЯ || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ГЕАГРАФІЧНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || БІБЛІЯГРАФІЧНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ФОТАГАЛЕРЭЯ
 
© Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Галоўчынская сельская бібліятэка-філіял, 2012
Design and development Nataliya Chernyshenko