КАРОТКАЯ
КРАЯЗНАЎЧАЯ ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ
ГАЛОЎЧЫНСКАЙ ЗЯМЛІ


   
ГАЛОЎНАЯ
ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
ГЕАГРАФІЧНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
БІБЛІЯГРАФІЧНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
ФОТАГАЛЕРЭЯ
 
Г


Газафікацыя

Галацічанск
Галдабуршчына
Галоўчын
Галоўчынская бітва 1708 года
Галоўчынская кальвінская школа
Галоўчынская Прэабражэнская царква
Галоўчынская Свята-Троіцкая царква
Галоўчынская Успенская царква
Галоўчынская хата-чытальня
Галоўчынская школа
Галоўчынскі замак
Галоўчынскі дамініканскі касцёл
Галоўчынскі кальвінскі збор
Галоўчынскі музей калгаса «Наша Перамога»
Галоўчынскі канал
Галоўчынскі сельскі Савет
Галоўчынскія (Галаўшчынскія)
Галоўчынскі Аляксандр Яраславіч
Галоўчынскі Астафій Мацвеевіч
Галоўчынскі Канстанцін Яраславіч
Галоўчынскі Мацвей Мікіцініч
Галоўчынскі Мікалай Канстанцінавіч
Галоўчынскі Шчэнсны Яраславіч
Галоўчынскі Ян Шчэнснавіч
Галоўчынскі Яраслаў Мацвеевіч
Галоўчынскі Яраслаў Яраславіч
Галоўчынскія падзеі 1654 года
Галынец Іван
Галынец Лявонці Іванавіч
Гарадзішча
Гараншчына
Гасеўскія
Гасеўскі Вінцэнт Корвін
Гаць
Гевад Фёдар Антонавіч
Герб
Герб «Лебядзь»
Герой Савецкага Саюза
Герой Сацыялістычнай працы
Гетман
Гольц
Грамата
Грыбайлава Марыя Філімонаўна
Грышанаў Іван Антонавіч
Гузаў Васіль Дзмітрыевіч
Гузаўскія мемарыяльныя чытанні
Гузнякоў Мікалай Аляксандравіч
Гуры

 

 

Газіфікацыя, працэс выкарыстання ў розных галінах эканомікі і быту гаручых газаў.
У чэрвені 1996 года ў Галоўчыне ва ўрачыстай абстаноўцы здадзена ў эксплуатацыю першая на Бялыніччыне газаразмеркавальная станцыя.

   
   

 

Галацічаск, летапісны горад Полацкай зямлі.
Узгадваецца ў 1071 годзе ў «Аповесці мінулых гадоў» з нагоды бітвы паміж войскамі князёў Полацкага Усяслава і Уладзіміра-Валынскага, Тураўскага Яраполка Ізяслававіча («Победзі Яраполк Усяслава ў Галацічьска»).
Некаторыя гісторыкі звязваюць яго знаходжанне з вёскай Галоўчын Бялыніцкага раёна. (Іншыя меркаванні, вёска Голацк Пухавіцкага раёна).
Археалагічнымі дадзенымі ўсе гэтыя версіі пакуль не пацверджаны.

   
   

 

Галдабуршчына, пасёлак ў Галоўчынскім сельскім Савеце. Выключаны (1970) з уліковых дадзеных. Радзіма аднаго з першых беларускіх лётчыкаў Сушчынскага Віталя Уладзіміравіча.

   
   

 

Галоўчын, найстаражытнейшая вёска Бялыніцкага раёна, аграгарадок, цэнтральная сядзіба аднайменнага сельсавета.
Існуе меркаванне, што ўзнікла на месцы летапіснага горада Полацкай зямлі Галацічаска, які згадваецца ў 1071 годзе ў «Аповесці мінулых гадоў».
Як сяло прыгадваецца (1443) ў Даравальнай грамаце князя Юрыя Лугвеневіча  манастыру святога Ануфрыя.
Жыхары паселішча засялялі сярэднявяковы Магілёў «Баркулабаўскі летапіс»:...засели… около места прихожие селяне…с Головчина, з сёл многих). З 1501 года належыў жонцы вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага Аляксандра каралеве Алене Іванаўне (Маскоўскай), потым  князям Галоўчынскім, а таксама Слушкам (Служкам), Патоцкім, Пацам, Патуліцкім–Войзбунам, Васілеўскай.
Цэнтр маёнтка Аршанскага павета (1567), сяло з (1583), горад з (1584), мястэчка (1623).
Адкрылася адна з першых на Магілёўшчыне аптэк.
Буйны рэлігійны асяродак: пісьмовыя крыніцы ўказваюць на існаванне ў розны перыяд ад 5 да 15 культавых пабудоў. Заснаваны (1573) касцёл, кальвінскі збор, Троіцкая царква (1858).
У руска–польскую вайну (1654) двойчы спалены, знішчаўся ў Паўночную вайну (1708).
У 1728 годзе налічвалася 107 двароў, дзейнічалі млын, сукнавальня. Побач знаходзіўся аднайменны фальварак. У гістарычных крыніцах (1765) пазначана Галоўчынскае стараства.
Дзейнічалі вінакурны завод, карчма (ХІХ ст.), праходзіў Віленскі паштовы тракт, працавала сыраробная майстэрня (1928), ладзіліся два кірмашы ў год. 
Адкрыта школа (1883).
У 1909 годзе налічвалася 201 сядзіба з 1603 жыхарамі.
Арганізаваны (снежань 1929) калгас «12 год Кастрычніцкай рэвалюцыі»,   пазней перайменаваны ў «Нашу перамогу».
У чэрвені 1944 года фашысты спалілі 178 двароў, загубілі больш за 200 жыхароў.
Пры вызваленні вёскі (27.06.1944) здзейсніў подзвіг старшы лейтэнант С.Р.Церашкевіч, якому пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У брацкай магіле пахаваны 51 воін 455-га стралковага палка 42 стралковай дывізіі 49 арміі, якія загінулі пры вызваленні Галоўчына. Помнік (1972) на   ўшанаванне памяці 129 воінаў, партызанаў, жыхароў сельсавета, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мемарыяльная дошка З.К.Магілеўчыку на будынку амбулаторыі (1985).
Тры гарадзішчы ранняга жалезнага веку, эпохі феадалізму.
Радзіма лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Р.С.Аксельрода, доктара медыцыны Л.І.Галынца, генералаў Я.І.Бычкоўскага, Е.А.Магілеўчыка і інш.

   
   

 

Галоўчынская бітва  1708 года, адна з бітваў Паўночнай вайны паміж войскам шведскага караля Карла ХІІ і рускім войскам Пятра І.
Адбылася 3(14) ліпеня ў ходзе Паўночнай вайны 1700-21 паміж шведскімі і рускімі войскамі каля мястэчка Галоўчын Аршанскага павета (цяпер вёска ў Бялыніцкім раёне).
Войскі шведскага караля Карла XII да ліпеня 1708 выйшлі да Галоўчына. Рускія войскі ўмацаваліся на супрацьлеглым, левым беразе р. Вабіч (левы прыток Друці). Тут на расцягнутых пазіцыях былі сабраны часці генерал-фельдмаршала Б.П.Шарамецева і генералаў А.Д.Меншыкава і А.І.Рапніна. На правым флангу размясціліся 13 пяхотных і 11 драгунскіх палкоў, у цэнтры – 9 пяхотных і 3 драгунскія палкі (аддзяляліся ад правага флангу балотам), на левым флангу – 10 драгунскіх палкоў і 4 тысячы казакоў і калмыкаў. Усяго рускія войскі мелі да 40 тысяч чалавек і 45 гармат. Шведская армія налічвала 12 пяхотных і 16 кавалерыйскіх палкоў.
29 чэрвеня шведы пачалі артылерыйскую падрыхтоўку, 2(13) ліпеня сабралі пантоны, з дапамогай якіх меркавалі фарсіраваць Вабіч і разбіць спачатку цэнтральную групоўку рускіх войск, а пасля астатнія. У ноч на 3(14) ліпеня шведскія войскі рушылі ўперад, але не здолелі навесці пантонны мост, таму атрымалі загад фарсіраваць Вабіч у брод (5 пяхотных і 4 кавалерыйскія палкі, больш за 10 тысяч чалавек). А палове 3-й гадзіны шведская артылерыя адкрыла агонь і шведы рушылі на рускія пазіцыі, а ў 4-й гадзіне ўступілі ў рукапашны бой. Адначасова левы фланг рускіх войск быў атакаваны шведскай конніцай Рэншэльда, каб той не змог прыйсці на дапамогу цэнтру, а правы рускі фланг падвергнуты інтэнсіўнаму абстрэлу, што імітаваў атаку. Дзве гадзіны рускія салдаты цэнтра нястройна адстрэльваліся, а потым, не маючы значнага ўрону, пачалі адыходзіць. Шведы праследавалі іх да палудня, а потым Карл XII павярнуў супраць правага фланга, аднак Шарамецеў адтуль ужо адступіў. Рускія войскі адступалі групамі па 20-100 чалавек і на працягу некалькіх дзён выходзілі да Шклова і Магілёва. Перамога шведскай арміі не была рашучай.
Рускі бок згубіў 350 чалавек забітымі і 675 параненымі, 630 прапаўшымі без весткі або трапіўшымі ў палон (усяго 1655 чалавек), усю артылерыю, амуніцыю і абоз; шведы згубілі 255 чалавек забітымі і 1219 параненымі.
Раззлаваны паражэннем Пётр I аддаў Рапніна пад суд і разжалаваў яго ў радавыя. Поспех пад Галоўчынам стаў апошняй перамогай шведскай арміі ў вайне з Расіяй. Яна адкрыла Карлу XII шлях да Дняпра і дазволіла заняць Шклоў і Магілёў.
Вёска Галоўчын была спалена, а замак зруйнаваны і больш не аднаўляўся.

   
   

 

Галоўчынская кальвінская школа, пратэстанцкая навучальная ўстанова.
Створана дваром князёў Галоўчынскіх, якія перайшлі ў кальвінізм, у 2-й палове ХVІ стагоддзя.
З’яўлялася адной з першых на тэрыторыі ВКЛ (поруч з Віцебскам, Вільняй, Полацкам, Нясвіжам, Оршай і інш).
Тэрмін навучання складаў да 10 гадоў. Значнае месца адводзілася вывучэнню «сямі навук вызваленых»: граматыка, дыялектыка, рыторыка, музыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія. Вывучаліся старажытна-грэчаская, лацінская, беларуская, польская мовы, антычная паэзія, гісторыя, філасофія, этыка. У якасці філасофскага аўтарытэту з’яўляўся найперш Арыстоцель.
Адным з асноўных падручнікаў з’яўляўся «Катэхізіс» С.Буднага, Л.Крыштоўскага, М.Кавечынскага.
У кальвінскіх школах вучні атрымлівалі веды, дастатковыя для паступлення ў універсітэт.

   
   

 

Галоўчынская Прэабражэнская царква, праваслаўная культавая пабудова.
Дакладная дата ўзвядзення не вядома. Багуслаў Радзівіл у сваіх  запісках (1647) указвае на існаванне ў Галоўчыне 5 храмаў, у дакументах XVIII стагоддзя гаворыцца аб дзвюх цэрквах.
Падмурак царквы выявіў (1990) археолаг Вячаслаў Капыцін. Разбурана напрыканцы XVIII стагоддзя.

   
   
 

Галоўчынская Свята-Троіцкая царква, праваслаўная культавая пабудова.
Узведзена (1858) да 150-годдзя Галоўчынскай бітвы паміж рускімі і шведамі, драўляная. Першым святаром быў прызначаны Іван Галынец.
Найбольш значны след у яе гісторыі пакінуў В.Дабравольскі (1899-1917): царква пры ім  стала адной з багатых у межах цяперашняга раёна, а яе прыход налічваў 3153 чалавекі, валодала 270 дзесяцінамі зямлі. Святар Дабравольскі вёў актыўную грамадска-палітычную дзейнасць, абраны (1912) у ІV Дзяржаўную думу дэпутатам ад праваслаўных святароў Магілёўшчыны.
Святарамі Свята-Троіцкай царквы ў савецкі час служылі Міхаіл Агееў, Язерскі, Бядрыцкі, Панцялеймон Шэнкевіч.
Зачынена (1959), знішчана (1969).

   
   

 

Галоўчынская Успенская царква, праваслаўная культавая пабудова.
Існавала ў ХVІІІ-ХІХ стагоддзях, знаходзілася ва ўсходняй частцы Галоўчына.

   
   


 

Галоўчынская хата-чытальня, вясковая ўстанова культуры.
Заснавана ў 1923 годзе. Адным з першых загадчыкаў быў Мікалай Міронаў. Пасля  Вялікай Айчыннай вайны на яе базе адкрылася сельская бібліятэка, фонд якой фарміраваўся ў тым ліку з кніг, перададзеных знакамітымі землякамі.
Значны след у гісторыі бібліятэкі пакінуў Мікалай Каралёў, які склаў летапіс Галоўчына.

   
   


 

Галоўчынская школа, установа адукацыі дзяцей.
Паводле запісак Багуслава Радзівіла, яшчэ ў 1647 годзе ў Галоўчыне дзейнічалі дзве школы. Адкрыліся пачатковае вучылішча (1864), царкоўна-прыходская школа, хедар (пачатковая школа для навучання дзяцей з яўрэйскіх сем’яў). У савецкі час пачатковая і сямігадовая, сярэдняя школа.
Шэсць педагогаў Галоўчынскай СШ адзначаны званнем заслужаны настаўнік Беларусі. У 50-я гады ХХ стагоддзя дзейнічаў літаратурны гурток, сябры якога выдавалі рукапісны часопіс «Залаты ранак». У розныя часы Галоўчынскую школу ўзначальвалі: І.Марозаў, Л.Васільеў, Ф.Маразевіч, Н.Лескавец, Я.Лужанкоў, І.Прохараў, П.Кубараў, П.Севярнёў, С.Альшэўская, М.Гузнякоў, Л.Кавалёў, Р.Арлоў, Л.Шчацінка, Г.Бародзіч, В.Ціхановіч, І.Глушак.

   
   

 

Галоўчынскі замак, абарончае збудаванне.
Узведзены ў ХVІ стагоддзі. У «Баркулабаўскім летапісу» ў запісах за 1585 год указваецца, што ён меў вежы, а сам Галоўчын быў абнесены ўмацаваннямі з дзвюмя брамамі: Астрогавай і Быхаўскай. Подступы да замка і паселішча ўскладнялі сажалка і дзве лініі абароны.
Пасля Галоўчынскай бітвы (1708) зруйнаваны і болей не аднаўляўся.

   
   


 

Галоўчынскі дамініканскі касцёл, каталіцкая культавая пабудова.
Заснаваны ў 1677 годзе.
Прыхаджане яго знаходзіліся ў пэўнай падпарадкаванасці Бялыніцкаму кармеліцкаму касцёлу, да якога на фэставыя святы ішлі хрэсным ходам. Перададзены (1832) замест Бялыніцкага кармелiцкага касцёла праваслаўным вернікам.

   
   

 

Галоўчынскі кальвінскі збор,  культавы храм рэфармацыйнай царквы.
Узнік у выніку перахросту князёў Галоўчынскіх у кальвіністы. Верагодней за ўсё, найбольш пасадзейнічала заснаванню ў Галоўчыне збору Алена, жонка Яраслава Галоўчынскага.
Пэўны росквіт прыпаў на перыяд гаспадарання (1576(?) – 1610)  Шчэнснага Галоўчынскага і яго жонкі Альжбеты.
У 1658 годзе кальвінскі збор з вёскай перайшоў да Слушак. Ліквідаваны ў 1670 годзе.

   
   

 

Галоўчынскі музей калгаса «Наша перамога», вясковая ўстанова культуры.
Адкрыты (09.05.1989) у памяшканні сельскага Дома культуры, плошча выставачнай залы 90 метраў квадратных.
Заснавальнікам і першым дырэктарам з’яўляўся краязнаўца В.Д.Гузаў.
У экспазіцыях і фондах музея былі сабраны экспанаты па раздзелах «Гісторыя стварэння калгаса «Наша перамога». «Ніхто не  забыты – нішто не забыта», «Героі Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы», «Нашы знакамітыя землякі», «Нашы маці», «Гісторыя Галоўчынскай СШ» і інш.
Фонды налічвалі больш за 6000 экспанатаў (калекцыі папяровых грошай і манет, археалагічных знаходак, пісьмаў з фронту, фотаздымкаў, ганаровых грамат і ўзнагарод калгаснікаў і землякоў, прадметаў сялянскага побыту, асабістыя рэчы, перапіска, альбомы, кнігі, шматлікія дакументы).
У сярэдзіне 90-х гадоў ХХ стагоддзя значная частка фондаў музея перададзена В.Гузавым у Магілёўскі абласны краязнаўчы музей. З 2006 года экспанаты Галоўчынскага музея калгаса «Наша перамога» знаходзяцца ў памяшканні Галоўчынскай СШ

   
   


 

Галоўчынскі канал, штучная водная артэрыя.
Меліярацыйны, правая прытока ракі Вабіч. Даўжыня 7,3 кіламетра, пачынаецца за 0,6 км на поўночны ўсход ад вёскі Ляшчэўнік, вусце ў вёсцы Галоўчын.

   
   


 

Галоўчынскі сельскі Савет, адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Бялыніцкім раёне.
Утвораны 20.08.1924г., аб’ядноўвае тэрыторыі трох былых калгасаў «Наша перамога», «Камінтэрн», «Імя Леніна». Зараз на яго тэрыторыі размяшчаецца СВК «Кудзін» і вытворчыя падраздзяленні СВК «Калгас «Радзіма».
Першым старшынёй сельсавета з’яўляўся Аляксей Шчэлка. У розныя часы на гэтай пасадзе  працавалі М.Собалеў, І.Сачкоў, П.Цюльманкоў, А.Магілеўчык, Я.Ц.Марчанка, М.Будкевіч, П.Зайцаў, А.Шчацінка, А.Салодкі, В.Тонкі, В.Салянюк і інш.
У склад сельсавета ўваходзілі выключаныя з уліковых дадзеных пасёлкі Ліпіншчына, Галдабуршчына, Новая Сакалоўка, Рубеж, Старая Сакалоўка, Сасніца, Чырвоная Звязда, вёска Высокае.

   
   

 

Галоўчынскія (Галаўшчынскія), род галіны руска-беларускіх князёў Мікітынічаў-Рапалоўскіх герба «Лебедзь».
Пачынальнік беларускай галіны роду Мацвей прыехаў у Вялікае Княства Літоўскае ў свіце Алены Маскоўскай, з’яўляўся яе намеснікам у Магілёве, Княжыцах, Цяцерыне, Бірштонах. Галоўчын атрымаў ад вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага (1509) і стаў называцца князем Мікіцінічам-Галаўшчынскім.
З XVII стагоддзя дадавалі сабе тытул князёў Рапалоўскіх.
Галоўчынам валодалі і нашчадкі Мацвея Мікіцініча – стараста Ковенскі Яраслаў, кашталян Мінскі, чашнік літоўскі Іван, кашталян жмудскі, стараста Лідскі, ваявода Мсціслаўскі Аляксандр, дзяржаўца Любашанскі, кашталян Мінскі Шчэнсны, кашталян Мсціслаўскі Канстанцін.
Род спыніўся ў 1658 годзе са смерцю князя Мікалая Канстанцінавіча Галоўчынскага.
Найбольш вядомыя князі з роду Рапалоўскіх-Галоўчынскіх: Мацвей Мікіцініч, Астафій Мацвеевіч, Яраслаў Мацвеевіч, Шчэнсны Яраславіч, Яраслаў Яраславіч, Аляксандр Яраславіч, Канстанцін Яраславіч, Ян Шчэнснавіч, Мікалай Канстанцінавіч.

   
   
 

Галоўчынскі Аляксандр Яраславіч, (каля 1570-12.05.1617), сын Яраслава Яраславіча, унук Мацвея Мікіцініча.
Кашталян жамойцкі ў 1604-14, ваявода Мсціслаўскі з 1614, стараста Лідскі ў 1602-13, дзяржаўца Вількійскі з 1616. Удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай (1609-1618), у мірных перагаворах з расійскімі пасламі (1615). Перайшоў у каталіцтва.

   
   
 

Галоўчынскі Астафій Мацвеевіч, (?-06.03.1557), сын князя Мацвея Мікіцініча.
Валодаў шэрагам маёнткаў у Ашмянскім, Мінскім паветах, а таксама Княжыцамі Магілёўскімі.

   
   
 

Галоўчынскі Канстанцін Яраславіч, (?-восень 1620), сын Яраслава Яраславіча.
Стараста крычаўскі ў 1611, кашталян мсціслаўскі з 1611.

   
   
 

Галоўчынскі Мацвей Мікіцініч, (?-1539), князь Галоўчынскі (з 1509). Буйны земляўласнік.
Пачынальнік роду князёў Галоўчынскіх. Прыехаў у Вялікае Княства Літоўскае з Масквы ў свіце дачкі Івана ІІІ Алены, з’яўляўся яе намеснікам у шэрагу беларускіх гарадоў і  мястэчак, валодаў Галоўчынам з 1509 года і шэрагам маёнткаў, з  якіх, пры патрэбе, ў войска Вялікага Княства Літоўскага абавязаны быў выстаўляць 79 вершнікаў.

   
   
 

Галоўчынскі Мікалай Канстанцінавіч, (?-пач. 1658), сын Канстанціна.
Харужы аршанскі (1644), пасол на сойм (1648). Апошні з роду Галоўчынскіх.

   
   
 

Галоўчынскі Шчэнсны Яраслававіч (?-1610), унук Мацвея Мікіцініча, зяць Віленскага кашталяна, уплывовага палітычнага і дзяржаўнага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага Гераніма Хадкевіча, дзяржаўца Любашанскі з 1581, кашталян Мінскі з 1600. Валодаў маёнткамі Галоўчын, Езна, Цітва, Шацк і інш.
Удзельнічаў у абароне Магілёва (1581).
Вядомыя лісты яго да С.Баторыя, у якіх выкладзены звесткі аб прычыненай шкодзе жыхарам Прыдняпроўскіх паселішчаў маскоўскім вайскам, спусташэнні імі Галоўчынскага маёнтка.
Прыняў кальвінізм, заснаваў рэфармацыйную царкву ў Тайманаве.

   
   
 

Галоўчынскі Ян Шчэнснавіч (?-22.01.1631), сын Шчэнснага Яраславіча.
У час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1600-1629) на  чале ўласнай харугвы ваяваў (1621-1622) у Інфлянтах.
Чашнік ВКЛ з 1624.

   
   
 

Галоўчынскі Яраслаў Мацвеевіч ( 1520-1567), сын князя Мацвея Мікіцініча ад другога шлюбу,
Маршалак гаспадарскі (1549), дзяржаўца Ляхавіцкі (1546-1549) і Ковенскі (1565).
Валодаў маёнткамі Водва, Галоўчын, Барберышкі, Езна і інш., з якіх ў 1565 годзе ставіў у войска 100 коннікаў і 50 драбантаў.

   
   
 

Галоўчынскі Яраслаў Яраславіч (?-1622), сын Яраслава Мацвеевіча.
Удзельнічаў у Інфлянцкай вайне 1558-82, у з'езде праваслаўных і пратэстантаў у Вільні ў 1599.

   
   
 

Галоўчынскія падзеі 1654 года, ваенныя падзеі пяці апошніх месяцаў гэтага года, калі Галоўчын апынуўся ў эпіцэнтры вайны (1654-1667) Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай.
Пасля Шклоўскай бітвы пад Галоўчын адышлі харугвы Януша Радзівіла, дзе ён злучыўся з войскам Вінцэнта Гасеўскага. Маскоўскія войскі А.Трубяцкога (21 жніўня) сталі лагерам за   паўмілі ад вёскі. Радзівіл ноччу распачаў адыход у бок Бялынічаў, дзе заняў пазіцыю за Друццю.
Трубяцкі паведамляў маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу: «Радзивилл со своими людьми побежал к Борисову, бояре и воеводы Головчин повоевали и посады выжгли, и народу поймали, и из Головчина пошли за Радзивиллом…»
Напрыканцы снежня ў выніку контрнаступлення войскаў Рэчы Паспалітай выбілі з Галоўчына рускі гарнізон, пакаралі галоўчынцаў за іх паспешлівую прысягу маскоўскаму цару.

   
   
 

Галынец Іван, святар.
Летам 1858 года адбылося асвяшчэнне новага Галоўчынскага храма, які атрымаў назву Свята-Троіцкі.
Першым святаром гэтага храма стаў Іван Галынец.

   
   
 

Галынец Лявонці Іванавіч (1858-1896), нарадзіўся ў Галоўчыне ў сям’і святара Свята-Троіцкай царквы.
Доктар медыцыны (1887), краязнаўца.
Скончыў Магілёўскую гімназію. Пецярбургскую ваенна-медыцынскую акадэмію (1882). Працаваў ваенным урачом у Магілёве, саветнікам губернатара.
Даследваў праблемы санітарнага стану, натуральнага руху насельніцтва Магілёва, пытанні мясцовай медыцынскай геаграфіі і статыстыкі.

   
   
 

Гарадзішча, старажытнае ўмацаванае равамі, валамі, сценамі паселішча ці рэшткі яго.
Узнікненне звязана з эпохай патрыярхату і заняткамі насельніцтва земляробствам і жывёлагадоўляй. На Беларусі вядомы з позняга бронзавага веку, а пашырэнне атрымалі ў раннім жалезным веку.
На тэрыторыі Бялыніцкага раёна налічваецца больш за 20 гарадзішчаў, у тым ліку ў Галоўчыне – 3.

   
   
 

Гараншчына, вёска ў Галоўчынскім сельсавеце, ліквідавана, цяпер частка аграгарадка Галоўчын.

   
   
 

Гасеўскія, Гансеўскія, Корвін-Гасеўскія, шляхецкі род герба «Слепаўрон».
Паходзіць з маёнтка Госі ў Мазовіі. У канцы XVI стагоддзі прадстаўнікі роду перасяліліся ў Вялікае Княства Літоўскае. Мелі маёнткі ў Ашмянскім, Смаленскім, Мсціслаўскім паветах, на Падляшшы і ў Ломжынскай зямлі (Польшча).

   
   
 

Гасеўскі альбо Корвін-Гасеўскі Вінцэнт Аляксандр (1628-1662), падскарбі земскі, стольнік літоўскі і польны гетман літоўскі, сын смаленскага ваяводы Аляксандра Гасеўскага і Евы Пац. Пераемнік бацькі на пасадах старосты маркаўскага і пуньскага, брата Крыштофа на пасадзе старосты веліжскага; староста ашмянскі, ладзейскі, пашырвінцкі, адміністратар Алыцкай і Магілёўскай эканомій.
Адукацыю атрымаў у Віленскай езуіцкай акадэміі, вучыўся ў Рыме, Вене, а вярнуўшыся на радзіму, прысвяціў сябе палітычнай кар'еры.
У час антыфеадальнай вайны 1648-1651 ўдзельнічаў ва ўзяцці Пінска, аблозе Бабруйска, бітве пад Лоевам (1649). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 вёў ваенныя дзеянні супраць рускіх войск. Каля Галоўчына злучыў свае войскі з харугвамі вялікага гетмана Януша Радзівіла (жнівень 1654), удзельнічаў у Шапялевіцкай бітве (24.08.1654) з арміяй маскоўскага ваяводы Трубяцкога. Падчас няўдалых кампаній 1654 і 1655 гг. канфліктаваў з вялікім гетманам Янушам Радзівілам, а калі апошні перайшоў на бок шведаў, захаваў вернасць каралю Рэчы Паспалітай Яну Казіміру.
Выступаў (з 1655) за прымірэнне Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы дзеля арганізацыі агульнай барацьбы са Швецыяй.
У 1656 годзе перамог войска шведаў і Б. Радзівіла ў бітве пад Просткамі, у 1657-58 гг. вёў кампаніі супраць шведскіх і рускіх войск, трапіў у рускі палон (1658), дзе правёў каля чатырох гадоў. Быў вызвалены за некалькі месяцаў да смерці.
Забіты жаўнерамі-канфедэратамі 29 лістапада 1662 года пад Астрыном (Лідскі павет).

   
   
 

Гаць, грэбля, шлях, пракладзены ў нізкім балоцістым месцы, часта з мастамі і пераходамі праз ручаіны і рэкі.
Аснову гаці складалі насцілы з галля, радзей - бярвення. Такая гаць зроблена перад вёскай Забалацце Галоўчынскага сельсавета.

   
   
 

Гевад Фёдар Антонавіч – першы арганізатар калгаса «Чырвоная зорка».

   
   
 

Герб, эмблема, спадчынны знак адрознення.
Спалучэнне фігур і прадметаў паводле рэгламентаваных норм геральдыкі, якім надаецца сімвалічнае значэнне, што выражае гістарычныя традыцыі яе ўладальніка. З’яўляецца сімвалам незалежнасці і падкрэслівае супольнасць людзей, якія ім карыстаюцца.  

   
   
 

Герб «Лебядзь», прыватнаўласніцкі герб у Польшчы, Літве, Беларусі і  Украіне, якім карысталіся больш за 220 родаў: Даўгялы, Дуніны-Марцынкевічы, Завішы, Шэмяты і інш.
Родавы герб князёў Галоўчынскіх.
У чырвоным полі выява сярэбранага лебядзя. Клейнод над прылбіцай з каронай на якой такі ж самы лебедзь.
Вядомы з ХІІІ стагоддзя. У Вялікім Княстве Літоўскім  пасля Гарадзельскай уніі 1413 года.

   
   
 

Герой Савецкага Саюза, ганаровае званне, вышэйшая ступень адзнакі за заслугі, звязаныя з учыненнем подзвігу (1934-1991). Герою Савецкага Саюза ўручаліся ордэн Леніна, медаль «Залатая Зорка» і Грамату Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.
Званне прысвоена 494 беларусам і ўраджэнцам Беларусі.
За подзвіг, здзейснены ў час Вялікай Айчыннай вайны, пры вызваленні Галоўчына, гэта званне было прысвоена (пасмяротна) С.Р.Церашкевічу (1945).

   
   
 

Герой Сацыялістычнай Працы, ганаровае званне (1938-1991), вышэйшая ступень працоўнай адзнакі.
Герою Сацыялістычнай Працы ўручаліся ордэн Леніна, залаты медаль «Серп і Молат» і Грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР.
Званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена 539 беларусам.
Сярод іх жыхарка вёскі Забалацце В.В. Буякова (1966).

   
   
 

Гетман (польск. hetman ад ням. Hauptmann), галоўны начальнік над ўзброенымі сіламі дзяржавы ў ВКЛ і Польшчы ў XV-XVIII ст.
У ВКЛ чын гетмана вядомы з канца XV ст., аднак поўнае вызначэнне яго функцый і юрыдычнае афармленне гетманства як дзяржаўнай пасады звязана з менскай ухвалай Жыгімонта I Старога за 1507.
Вялікі князь як непасрэдны кіраўнік дзяржавы і войска прызначаў замест сябе гетмана, надзеленага дыктатарскімі паўнамоцтвамі: ён мог караць падначаленых за парушэнне дысцыпліны, гвалт над насельніцтвам і г.д.
Правы гетмана ў дачыненні да войска канчаткова ўнармавала «Вайсковая ўстава» 1511 і ўхвала сойма 1516.
Існавалі пасады гетмана найвышэйшага (у XVII-XVIII ст. ён называўся вялікім) і польнага. Паводле Статута ў ВКЛ іх маглі займаць толькі падданыя ВКЛ.
У час Інфлянцкай вайны 1558-82 пасада гетмана найвышэйшага стала пажыццёвай. Атрымаўшы дадатковыя абавязкі, гетман набыў функцыі ваеннага міністра: ён мусіў камплектаваць узброеныя сілы, распараджацца сярэбшчынай, назіраць за станам памежных замкаў і інш.
3 XVII ст. гэтыя задачы сталі галоўным абавязкам гетмана. Ствараць войска гетман мог толькі на падставе лістоў вялікага князя, прысланых для наймання жаўнераў. Без дазволу манарха вялікі гетман не мог праводзіць ніякіх перагавораў з непрыяцелем. Поўная гетманская ўлада, уключаючы права суда і смяротнага пакарання, распаўсюджвалася толькі на войска, непасрэдна падпарадкаванае гетману. Звычайна гэта былі наёмнікі, а таксама прыватныя і павятовыя харугвы паспалітага рушэння, што далучыліся да гетманскага абозу.

   
   
 

Гольц, генерал рускай арміі.
Удзельнік Галоўчынскай бітвы (1708). Абвінавачаны Пятром І у адступленні.

   
   
 

Грамата, у Вялікім Княстве Літоўкім граматай замацоўваліся правы і прывілеі землеўладальнікаў, прававое становішча асобных адзінак і розных груп насельніцтва і інш.
Упершыню на старонкі гістарычных дакументаў Галоўчын трапіў у 1443 годзе, калі князь Юрый Лугвеневіч склаў Дарчую грамату манастыру святога Ануфрыя аб перадачы туташнім манахам некалькіх вёсак ( у тым ліку і Галоўчына): «...І мы тоже ничего не рушили отца нашего приданья есмо, милостью Божею, и придали к тому ж монастырю к Св.Онуфрию с. Головчино и другое с. Колесниковское с  людзьми, и сеножатями, и со всеми приходами».

   
   
 

Грыбайлава Марыя Філімонаўна, нарадзілася 18 верасня 1929 годзе ў вёсцы Галоўчын.
З 1949 па 1959 год жанчына працавала рахункаводам Галоўчынскага сельскага Савета. У сакавіку 1959 года была выбрана сакратаром Галоўчынскага выканкама, 28 год займала пасаду сакратара Галоўчынскага выканкама.  
У ліпені 1987 года выйшла на заслужаны адпачынак, але з студзеня 1988 года па чэрвень 1999 года працавала рахункаводам-касірам.
Зараз яна знаходзіцца на заслужаным адпачынку.
Яе праца ў сельскім Савеце была адзначана шматлікімі падзякамі.
Была ўзнагароджана медалём «За долголетний добросовестный  труд», «Ветеран труда».

   
   
 

Грышанаў Іван Антонавіч, нарадзіўся ў 1925 годзе ў вёсцы Навасёлкі Бялыніцкага раёна. Удзельнік Вялікай Айчыннай  вайны.
Працаваў у калгасе імя Леніна, загадчыкам хаты-чытальні.
1953-1960 гг. - старшыня Навасельскага, Галоўчынскага сельскіх Саветаў. Працаваў брыгадзірам комплекснай брыгады, з 1978 года аграномам.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі.

   
   
 

Гузаў Васіль Дзмітрыевіч (22.06.1924-1996), нарадзіўся ў вёсцы Падбелле Магілёўскага раёна.
Краязнаўца, арганізатар і першы дырэктар Галоўчынскага краязнаўчага музея калгаса «Наша перамога», член Саюза журналістаў Беларусі.
Скончыў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. Куляшова. Працаваў настаўнікам Галоўчынскай СШ (з 1947), дзе арганізаваў вучнёўскі літаратурны гурток, сябры якога выдавалі рукапісны часопіс «Залаты ранак».
Выдаў больш за 30 брашур па гісторыі, культурнай спадчыне, пра знакамітых людзей Галоўчына і Бялыніцкага раёна.
1990: Водгук удзячных сэрцаў; Подых далёкіх гадоў; Гартаванне ў агні; Народныя таленты; Памяць: весткі пра музей.
1991: Песні сівой даўніны; Пяром, як штыком; Героі Савецкага Саюза. Героі Сацыялістычнай працы; Маё жыццё, мае пакуты; Водгулле выдання; Па просьбе прыхільнікаў і аднадумцаў; Партызаны-чэкісты; Экспанаты і дакументы; Аргументы і факты; Пералік фотаздымкаў.
1992: Нашчадкам; Водгулле выдання; Каштоўнасці жыцця; Заслужаныя настаўнікі БССР; 42-я дывізія; Ісціны жыцця.
1993: «Залаты ранак»; Казкі для дзяцей-малалетак; Партызанскія песні; Песні аб асобым партызанскім злучэнні «Трынаццаць», складзеныя партызанамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны; Мы гаворым так (4 брашуры).
1994: Легенды сівой даўніны; Павер’і і прыкметы (4 брашуры).
1995: Нішто не забыта; Народныя параўнанні.

   
   
 

Гузаўскія мемарыяльныя чытанні, краязнаўчая каферэнцыя, праведзеная ў вёсцы Галоўчын (05.09.2001) на ўшанаванне памяці В.Д.Гузава.
Арганізаваны Бялыніцкім краязнаўчым таварыствам, Галоўчынскім музеем калгаса «Наша перамога» і сельскай бібліятэкай.
Асэнсавана пошукавая, творчая, педагагічная, выдавецкая спадчына краязнаўцы Васіля Гузава.

   
   
 

Гузнякоў Мікалай Аляксандравіч, нарадзіўся (01.01.1952) ў вёсцы Лабанаўка Чэрыкаўскага раёна.
Першы старшыня рады адроджаннага (1994) Бялыніцкага раённага краязнаўчага таварыства. 
Скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М.Танка; гісторык. Працаваў настаўнікам Нежкаўскай СШ, дырэктарам Галоўчынскай СШ, у апараце Бялыніцкага райкама КПБ, загадчыкам РАНА, намеснікам старшыні райвыканкама.
Старшыня (з 2007) Бялыніцкага райсавета дэпутатаў.

   
   
 

Гуры, вёска ў Галоўчынскім сельсавеце.
У ХІХ стагоддзі належыла М.Васілеўскай, дзейнічаў бровар (1892).
Створаны сельскагаспадарчая (1919) арцель, садова-агароднае таварыства «Культура».
Вёска знаходзіцца на гарыстай мясцовасці (Галоўчынская Швейцарыя).

   
   

 

ГАЛОЎНАЯ || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ФОТАГАЛЕРЭЯ
 
© Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Галоўчынская сельская бібліятэка-філіял, 2012