КАРОТКАЯ
КРАЯЗНАЎЧАЯ ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ
ГАЛОЎЧЫНСКАЙ ЗЯМЛІ


   
ГАЛОЎНАЯ
ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
ГЕАГРАФІЧНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
БІБЛІЯГРАФІЧНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
ФОТАГАЛЕРЭЯ
 
Р


Радзівілы

Разгром гарнізона ў Галоўчыне
Ракавічы
Рапалаўскія-Галоўчынскія
Рапнін Анікей (Анікіта) Іванавіч
Раскулачванне
Рубінштэйн Барыс Барысавіч
Рубінштэйн Мацвей (Мота) Рыгоравіч
Рудзянка
Рысцікава балота
«Рэляцыя»
Рэфармацыя

 

 

Радзівілы, найбуйнейшы магнацкі род у Вялікім  Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай.
Найбольшую ролю ў палітычным жыцці гэтых дзяржаў прадстаўнікі яго пачалі адыгрываць з XVI стагоддзя.
Багуслаў Радзівіл у сваіх «Запісках» (1647) паведамляе аб тым, што ў Галоўчыне існуе 5 храмаў, 2 школы, а ў мясцовым замку пабудавана Быхаўская брама.
Вялікі гетман Вялікага Княства Літоўскага Януш Радзівіл у 1654 годзе з войскам знаходзіўся на Бялыніччыне, а ў бітве пад Шапялевічамі (24 жніўня) быў разгромлены.
12 жніўня атрады ваяводы Трубяцкога выбіваюць з Галоўчына войскі гетмана Я.Радзівіла. Не вытрымаўшы націску, «Радзивил со своими людьми побежал к Борисову, бояре и воеводы Головчин повоевали и посады выжгли, и из Головчина пошли за Радзивилом к Борисову».

   
   

 

Разгром гарнізона ў Галоўчыне, у Галоўчыне нямецка-фашысцкі гарнізон быў разгромлены двойчы. Напад на яго ажыццяўлялі партызаны брыгады «Чэкіст». Зрэшты, паколькі Галоўчын знаходзіўся ў выгадных тактычных адносінах, фашысты аднаўлялі гарнізон.

   
   

 

Ракавічы, вёска ў Галоўчынскім сельсавеце.
Раней асабістая вёска. Цяпер  частка аграгарадка Галоўчын (па дарозе ад цэнтра на Магілёў).
Назва паходзіць ад прозвішча першага жыхара Ракушава.

   
   

 

Рапалаўскія-Галоўчынскія, старажытны княжацкі род Маскоўскай дзяржавы і Вялікага Княства Літоўскага.
Прадстаўнікі яго, князь Мацвей Мікіцініч і яго нашчадкі, валодалі Галоўчынам.

   
   

 

Рапнін Анікей (Анікіта) Іванавіч, (1668-1726).
Князь, генерал-фельдмаршал.
З маленства знаходзіўся пры Пятры І.
У пачатку Паўночнай вайны (1700-1721) камандаваў дывізіяй, удзельнічаў пры ўзяцці Нотэбурга, Нарвы.
За паражэнне пад Галоўчынам (1708, 4 ліпеня) разжалаваны Пятром І у радавыя, але за паспяховыя дзеянні ў баях пад Лясной адноўлены ў чыне генерала.
У Палтаўскай бітве камандаваў цэнтрам рускай арміі.
Генерал-губернатар Ліфляндыі (з 1719) і прэзідэнт Ваеннай калегіі (1724-1725).
Пасля смерці Пятра І падтрымаў Кацярыну І. Выдалены А.Д. Меншыкавым у Рыгу, дзе памёр.

   
   

 

Раскулачванне, гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да заможных сялян і «сераднякоў» у перыяд правядзення калектывізацыі сельскай гаспадаркі (канец 20-х 30 я гг. ХХ стагоддзя).
Хваля рэпрэсій не абмінула і Галоўчынскай зямлі.
На сённяшні дзень удалося устанавіць прозвішчы каля 23 насельнікаў. Сярод іх Аксельрод Ф.С., Астапенка З.І., Дракін З.І., Сушчынскі В.У., які з’яўляўся  кавалерам трох Георгіеўскіх крыжоў, першым лётчыкам Запаляр’я і інш.

   
   

 

Рубінштэйн (па іншых крыніцах Рубенштэйн)  Барыс Барысавіч (1902-1962), нарадзіўся ў мястэчку Галоўчын.
Кандыдат медыцынскіх навук (1947), грамадскі дзеяч, аўтар шэрагу навуковых прац.
Закончыў Мінскі медыцынскі інстытут, працаваў у беларускай эпідэміялагічнай службе. У 1954-1962 гадах  галоўны ўрачом-эпідэміёлагам Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Выдатнік аховы здароўя.
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі.

   
   
 

Рубінштэйн Мацвей (Мота) Рыгоравіч, у 1921 годзе працаваў старшым піянерважатым у Галоўчынскай школе. Потым працаваў сакратаром сельсавета і быў растраляны фашыстамі ў 1941 годзе.

   
   

 

Рудзянка, рэчка, якая ўпадала ў раку Вабіч.
Назва паходзіць ад слова рудая, не вельмі чыстая вада.

   
   

 

Рысцікава балота, невялічкае балота, якое знаходзіцца акурат пасярод лесу Баранаўка.
Найменне атрымалася па мянушцы чалавека з Васількоў, які быў вельмі заядлым грыбніком і заўсёды больш за ўсіх прыносіў да хаты грыбоў. Пра яго з гумарам казалі, што ён не ходзіць, а рыскае. Адсюль і мянушка – Рысцік.

   
   


 

«Рэляцыя» пра гаротны стан Царквы Хрыстовай, што вызнае Пратэстанцкую рэлігію ў Вялікім Княстве Літоўскім, пададзеная да ўвагі ўсіх спагадлівых хрысціян. («A relation of the distresstd state of theGhurch of Chrbst, professing the protesant religion in the Great Dukedon of Lithuania, presented to the view of all compassionate Christians». London, 1661), брашура Яна дэ Краіно Краінскага ( Jan de Kraino Krainski, сапраўдн. Ян Грац’ян, 1630-1685 ці 1688).
Знаходзячыся ў Англіі (1661), ён выдае гэту брашуру, на старонках якой апісвае страшэнныя здзекі, што пацярпелі жыхары Вялікага Княства Літоўскага ад казакаў і маскоўскага войска ў перыяд вайны 1648-1660 гадоў.
Прыводзіць факт страшэннага смяротнага пакарання Славінскага пастара кальвінсцкай абшчыны ў Галоўчыне.

   
   


 

Рэфармацыя, грамадска-палітычны і ідэалагічны рух.
Зарадзіўся ў Заходняй Еўропе і быў скіраваны супраць каталіцкай царквы, меў антыфеадальны характар. Існавала некалькі накірункаў.
На Беларусі пачаўся з сярэдзіны 1550 гадоў. Адным з вынікаў яе стала ўзнікненне  ў Галоўчыне кальвінсцкага збору і пратэстанцкай школы.

   
   

 

ГАЛОЎНАЯ || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ФОТАГАЛЕРЭЯ
 
© Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Галоўчынская сельская бібліятэка-філіял, 2012