КАРОТКАЯ
КРАЯЗНАЎЧАЯ ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ
ГАЛОЎЧЫНСКАЙ ЗЯМЛІ


   
ГАЛОЎНАЯ
ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
ГЕАГРАФІЧНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
БІБЛІЯГРАФІЧНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
ФОТАГАЛЕРЭЯ
 
С


Cайкіна Лілія Рыгораўна

Салтыказін М.А.
Салянюк Віктар Мікалаевіч
Самойла
Сапега Казімір Ян
Сашкава дарога
Сачкоў Ілля Андрэевіч
Свяцілавічы
Севярнёва Ганна Кузьмінічна
Севярнёў Міхаіл Максімавіч
Сельскагаспадарчае таварыства
Сіваі
Сілкаў Пётр Міронавіч
Сіпайлы
Следчая камісія
Слушкі (Служкі)
Слушка Альжбета
Слушка Аляксандр
Слушка Багуслаў Юрый
Слушка Дамінік Міхаіл
Слушка Зыгмунт Адам
Слушка Юзаф Багуслаў
Смаленская дывізія

Собалеў Маісей Фаміч
Спажывецкае таварыства
Спасаўшчына
Сранка
Станкевіч Барыс Антонавіч
Станкевіч Нікіфар Ігнатавіч
Старая Сакалоўка
Старое Сяло
Староства
Стольнік
Супшынка
Сурды
Сухараў Віктар Яфімавіч
Сушчынскі Віталь Уладзіміравіч
Сцяпанаўка

 

 

Сайкіна Лілія Рыгораўна, нарадзілася (1939) у Галоўчыне.
Кандыдат сельскагаспадарчых навук.
Кола навуковых інтарэсаў: выкарыстанне міжцяплічнай прасторы для падрыхтоўкі расады таматаў у мэтах ранняй пасадкі ў адкрыты грунт; прыёмы вырошчвання ранніх памідораў у адкрытым грунце ў Цэнтральнай частцы Беларусі.

   
   

 

Салтыказін М.А., афіцэр, якога выратавалі з лагера ваеннапалонных цяжкапараненым, сям’я Рагаўцовых і фельчар Б.В.Назарэўскі.
Крыху пазней, афіцэр прызначаецца начальнікам штаба партызанскага атрада «За Радзіму», які рэарганізуецца ў 122 партызанскі полк.

   
   
 

Салянюк Віктар Мікалаевіч, нарадзіўся ў 1951 годзе ў вёсцы Цімошкава Смаленскай вобласці.
Пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі працаваў ў Бялыніцкім раёне інжынерам-торфмейстэрам сельгастэхнікі, галоўным інжэнерам-землеўстраіцелем райвыканкома.
У 1980 годзе ўзначаліў калгас «Камінтэрн», дзе працаваў больш 20-ці гадоў.
З 30 мая 2004 года займаў пасаду старшыні Галоўчынскага сельскага Савета.
Памёр 17 лістапада 2009 года.

   
   

 

Самойла, адзін з першых вядомых уладальнікаў Галоўчына, які падарыў яму ў сярэдзіне 30-х гадоў ХV стагоддзя вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч.
Афіцыйнае пацверджанне свайго права на Галоўчын атрымаў на пачатку 1440-х гадоў ад вялікага князя Казіміра.

   
   

 

Сапега Казімір Ян, адзін з уладальнікаў Галоўчына.
Віленскі ваявода. Ажаніўся (пасля 1701) на ўдаве Юзафа Слушкі  Тэрэзе, якая завяшчала яму закладное  права на частку Галоўчына.
У далейшым ( з 1720)  маёнткам валодалі яго сыны Ежы і Аляксандр, унук Антоні. Апошні, закладное права на Галоўчын, завяшчаў сыну стрыечнага брата Казіміра, Аляксандру Міхалу Сапегу.

   
   

 

Сашкава дарога, дарога, якая праходзіць паміж былых зямельных падзелаў чалавека па імені Сашка (продак рода Буяковых).

   
   

 

Сачкоў Ілля Андрэевіч, у 1919 годзе ўзначальвае Галоўчынскі сельскі Савет.
Матрос Балтыйскага флоту.

   
   

 

Свяцілавічы, вёска (зараз аграгарадок) у Лебядзянкаўскім сельсавеце.
Вядома з ХVI стагоддзя як сяло Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.
У 1577 годзе ўвайшло ў склад маёнтка Галоўчын Аршанскага павета.

   
   

 

Севярнёва Ганна Кузьмінічна, (08.04.1900-?) нарадзілася ў вёсцы Навасёлкі Галоўчынскага сельсавета. Беларускі філолаг-мовазнавец.
Заслужаная настаўніца школ БССР. Удзельніца Вялікай Айчыннай вайны.
Скончыла Навасёлкаўскую царкоўнапрыходскую школу, Нежкаўскую школу, Магілёўскую школу па падрыхтоўцы настаўнікаў пачатковых школ, літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Белдзяржуніверсітэта.
Працоўную дзейнасць пачала настаўніцай пачатковай школы ў вёсках Васількі і Навасёлкі Галоўчынскага сельсавета, затым вучыла дзяцей у Галоўчынскай, шэрагу  мінскіх школ.
Працавала ў Міністэрстве асветы Беларусі, Інстытуце педагогікі мінасветы БССР.
Аўтар падручніка «Беларуская мова» для пачатковых класаў, кнігі метадычных указанняў для падручніка «Беларуская мова», сааўтар (разам з Л.П.Падгайскім) падручнікаў па беларускай мове для 2-3 класаў.
Выдатнік народнай асветы. Узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны і 8 медалямі. Удзельніца Вялікай Айчыннай вайны.
За падручнікі беларускай мовы адзначана(1975)  медалём  УВДНГ СССР.

   
   

 

Севярнёў Міхаіл Максімавіч, нарадзіўся 21 лістапада 1921 года ў пасёлку Север.
Беларускі вучоны у галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Дзяржаўны дзеяч. Член-карэспандэнт УАСГНІЛ, доктар тэхнічных навук (1966), прафесар (1969). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Скончыў Галоўчынскую СШ, Беларускі  політэхнічны інстытут. Працаваў загадчыкам лабараторыі, дырэктарам Цэнтральнага НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Нечарназёмнай зоны СССР; у 1972-76 гадах – намеснік старшыні Савета Міністраў БССР.
Стварыў навуковую школу ў галіне механізацыі сельскагаспадарчай  вытворчасці, у якой падрыхтаваны больш  за 40 дактароў і кандыдатаў навук.
Аўтар і сааўтар больш за 300 навуковых прац, у тым ліку 16 манаграфій. Некаторыя з іх апублікаваны ў ЗША, Германіі, Швейцарыі. Мае 30 аўтарскіх пасведчанняў аб вынаходніцтве.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі.
Двойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Узнагароджаны ордэнамі  Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двума – Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», шматлікімі медалямі. Да 80-годдзя з дня нараджэння М.М.Севярнёў узнагароджаны медалём Ф.Скарыны.
Жыве ў Мінску.

   
   


 

Сельскагаспадарчае таварыства, 2 снежня 1921 года ўзнікла Сурдзянскае сельскагаспадарчае таварыства Галоўчынскага сельсавета.

   
   


 

Сіваі, вёска ў Галоўчынскім сельсавеце.
Па гістарычных крыніцах вядома з 1777 года як вёска Сівая, знаходзілася (1849) у складзе маёнтка Таргоншчына.
У адпаведнасці з мясцовым паданнем, назву атрымала ад пакрытага снегам лесу, які прымыкае да паселішча.
Дзейнічала земская школа (1912).  
Арганізаваны калгас (1930) «Чырвоны калектывіст».
У час Вялікай Айчыннай вайны фашысты спалілі 59 з 87 двароў.

   
   

 

Сілкаў Пётр Міронавіч нарадзіўся ў 1880 годзе ў мястэчку Галоўчын.
Удзельнік руска-японскай, першай сусветнай і грамадзянскіх войнаў. Служыў артылерыстам.

   
   


 

Сіпайлы, вёска ў Вішоўскім сельсавеце.
Па пісьмовых гістарычных крыніцах вядома з ХVIII стагоддзя. Уваходзіла ў склад маёнтка Галоўчын (1785), дзейнічала школа граматы, вінная крама.
Створана (1922) арцель «Адраджэнне».
Арганізаваны (1931) калгас «Краіна Саветаў».
Курган эпохі Старажытнай Русі, паўсферычнай формы, вышынёй 1, дыяметрам 8 метраў. Адкрыў (1990) В.Капыцін.

   
   

 

Следчая камісія, 28 ліпеня 1708 года рускі цар Пётр І стварае следчую камісію для высвятлення і пакарання вінаватых у Галоўчынскай «канфузіі».
Абвінавачаны: князь Рапнін, генералы Чамберс, Гольц і інш.

   
   

 

Слушкі (Служкі), шляхецкі род у Вялікім Княстве Літоўскім. Родапачынальнік Ян (Іван) жыў у XV стагоддзі.

   
   
 

Слушка Альжбета, адна з уладальніц Галоўчына.
У 1630 годзе ўдава Яна Галоўчынскага за 240 тысяч злотых прадала Альжбеце і яе сыну Аляксандру сваё закладное права на Галоўчын. Пасля смерці троцкага ваяводы Аляксандра Слушкі (1647) мястэчкам валодалі яго сыны Багуслаў і Зыгмунт, унукі Юзаф і Дамінік.

   
   
 

Слушка Аляксандр (каля 1580 – ліп. 1647), каралеўскі дваранін, стараста рэчыцкі, прапойскі, гомельскі, менскі, кашталян менскі ў 1618–28 і жамойцкі ў 1628-38, ваявода новагародскі ў 1638–42 і троцкі з 1642.

   
   
 

Слушка Багуслаў Юрый (? – пасля студз. 1658), сын Аляксандра.
Стараста рэчыцкі з 1639, стольнік ВКЛ у 1643–45, падскарбі надворны ВКЛ з 1645. На яго дзецях род Слушкі згас.

   
   
 

Слушка Дамінік Міхaіл (каля 1655–31.01.1713), сын Багуслава Юрыя.
Палкоўнік, стараста рэчыцкі, суражскі, барысаўскі, ваявода полацкі з 1686.

   
   
 

Слушка Зыгмунт Адам (?–02.12.1674), сын Аляксандра.
Стараста гомельскі, прапойскі, рэчыцкі (1658–72), надворны харужы ВКЛ у 1649-56, вялікі харужы ВКЛ з 1656.

   
   
 

Слушка Юзаф Багуслаў (22.10.1652–08.10.1701), сын Багуслава Юрыя.
Стараста рэчыцкі (1672–88), пунскі, пенянскі, лянцкаронскі, латычоўскі, азярыцкі, лоўчы ВКЛ у 1673–76, вял. харужы ВКЛ у 1676–83, маршалак надворны ў 1683–85, кашталян троцкі ў 1785 і віленскі з 1685, адначасова гетман польны ВКЛ з 1685.

   
   


 

Смаленская дывізія, 27 чэрвеня 1944 года воіны  455 і 459 стралковых палкоў 42 Смаленскай дывізіі прынеслі вызваленне вёсцы Галоўчын ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

   
   
 

Собалеў Маісей Фаміч, быў актыўным ўдзельнікам рэвалюцыйных падзей 1905-1907 гадоў. У 1917 годзе стаў старшынёй выканкама. У 1918 годзе Маісей Фаміч са зброяй у руках адстойваў новую ўладу на франтах Грамадзянскай вайны, вызваляў родную Беларусь ад белапольскіх акупантаў, быў паранены і памёр у 1935 годзе.

   
   


 

Спажывецкае таварыства, улетку 1915 года ў Галоўчыне ўзнікае адно з з першых у Бялыніцкім рэгіёне спажывецкіх  таварыстваў.

   
   

 

Спасаўшчына, вёска, а зараз адна з  вуліц аграгарадка Галоўчын.
Назва паходзіць ад царквы Святога Спаса.
Дарэчы ў Галоўчыне калісьці было некалькі цэркваў. Адсюль Верхняя Спасаўшчына і Ніжняя Спасаўшчына. Вуліца лічыцца гістарычным цэнтрам Галоўчына.

   
   
 

Сранка, месца, дзе стаяла ў 1812 годзе французская конніца.

   
   
 

Станкевіч Барыс Антонавіч, нарадзіўся (1937) ў вёсцы Забалацце Галоўчынскага сельсавета.
Камандзір авіяцыйнага атрада. Лётчык-снайпер.
Вучыўся ў 93-ім ваенна-марскім вучылішчы, скончыў Мікалаеўскае ваенна-марское мінна-тарпеднае авіяцыйнае вучылішча. Удзельнічаў у выпрабаванні (1962) ядзернай бомбы на палігоне Новая Зямля. Знаходзіўся ў спецкамандзіроўцы ў Егіпце (1971-72).
Зволены ў запас з пасады камандзіра ў званні падпалкоўніка авіяатрада.
Працаваў майстрам цэху мінскага завода «Гарызонт».  
Узнагароджаны дзесяццю медалямі СССР.

   
   
 

Станкевіч Нікіфар Ігнатавіч, нарадзіўся ў 1900 годзе ў вёсцы Забалацце.
Чырвонаармеец, удзельнічаў у вызваленні ад немцаў Мінску ў 1918, а ў 1919 – змагаўся з палякамі.

   
   
 

Старая Сакалоўка, вёска ў Галоўчынскім сельсавеце.
Выключана (да 1976) з уліковых дадзеных.

   
   
 

Старое Сяло, вёска ў Галоўчынскім сельсавеце.
Па пісьмовых гістарычных крыніцах вядома з ХVI стагоддзя. Перададзена Галоўчынскаму дамініканскаму касцёлу (1573). У 1661 – шляхецкая ўласнасць, фальварак (1681), пры якім дзейнічаў млын; пабудавана царква, з 1785 валоданне пана і Галоўчынскага дамініканскага кляштара, налічвалася 22 сядзібы (109 жыхароў). Цэнтр (1834) казённага маёнтка Магілёўскага павета.Непадалёку аднайменная аколіца (8 двароў,35 жыхароў), сядзіба (1 двор, 9 чалавек).
У XVII-XVIII  стагоддзях побач знаходзілася Новае Сяло, якое злілося са Старым Сялом.
Арганізаваны (1930) калгас «XVI партз’езд».
Устаноўлены (2008) памятны знак на ўшанаванне памяці рускіх і шведскіх воінаў, якія загінулі ў час Галоўчынскай бітвы 1708 года.

   
   
 

Староства, дзяржаўны маёнтак у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI-XVIII стагоддзях.
Даваў вялікі князь ці кароль у часовае карыстанне феадалам за іхнюю службу, але яны павінны былі захоўваць яго цэласнасць. Пры поўным распараджэнні даходамі, выплочвалі ў дзяржаўную казну кварту (25%) гадавога прыбытку.

   
   
 

Стольнік, пасада ў Вялікім Княстве Літоўскім з сярэдзіны XV стагоддзя.
Загадваў сервіроўкаю стала вялікага князя, а таксама падачай страў да яго. З сярэдзіны XVII стагоддзя ўрад стольніка існаваў у паветах.

   
   
 

Супшынка, пасёлак у Галоўчынскім сельсавеце.
Заснаваны ў 1920-я гады беззямельнымі перасяленцамі з навакольных паселішчаў.
Арганізаваны (1930) калгас імя Леніна.

   
   
 

Сурды, вёска ў Галоўчынскім сельсавеце
Па гістарычных крыніцах вядома з XVII стагоддя. Сяло знаходзілася ў валоданні (1681) Галоўчынскага дамініканскага касцёла, у складзе маёнтка Старoе Сяло (1785), Ярмолавічы (1847). У 1897 годзе налічвалася 29 двароў (176 жыхароў), уваходзіла ў склад Нежкаўскай воласці.
Адкрылася (1909) земская школа, школа для дарослых (1913), працоўная школа І ступені (1925), сельскагаспадарчае таварыства (1921).
Арганізаваны (1931) калгас «Наша Перамога».
Назва паселішча, якое знаходзіцца на правым беразе ракі Вабіч, верагодна, паходзіць ад татарскага слова «сурда» – вада.
Побач з дарогай на Галоўчын устаноўлен помнік савецкім воінам Х.Балабанаву і В.Котаву, якія загінулі летам 1941 года; на могілках – магіла воіна-інтэрнацыяналіста М.М.Зайцава.

   
   
 

Сухараў Віктар Яфімавіч, нарадзіўся 23.03.1936 годзе ў вёсцы Галоўчын.
Краязнаўца, член Саюза журналістаў Беларусі.
Скончыў Галоўчынскую СШ і філалагічны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.Куляшова.
Працаваў настаўнікам у школах Віцебшчыны, у рэдакцыях Шаркоўшчынскай і Міёрсках раённых газет Віцебскай вобласці, 26 гадоў - у рэдакцыі Бялыніцкай раённай газеты «Зара над Друццю».
Творы змешчаны ў калектыўным зборніку «Праменьчык сонца ў душы маёй», на старонках перыядычных выданняў.

   
   
 

Сушчынскі Віталь Уладзіміравіч, (13.06.1890-8.10.1938)  нарадзіўся ў пасёлку Галдабуршчына Галоўчынскага сельсавета.
Адзін з першых беларускіх лётчыкаў, першы лётчык Запаляр’я. Кавалер Георгіеўскіх крыжоў трох ступеняў.
Скончыў (1912) Севастопальскую школу авіацыі.
Удзельнік Першай сусветнай вайны, ваяваў у авіяатрадзе на Заходнім фронце. Знаходзіўся ў Чырвонай Арміі (з 1918), затым служыў у грамадзянскай авіяцыі: асвойваў палярныя паветраныя лініі СССР.
Асуджаны ў 1930 годзе на 5 гадоў канцлагеру. Паўторна арыштаваны ў 1937 годзе, расстраляны.
Рэабілітаваны ў 1989 годзе.

   
   
 

Сцяпанаўка, пасёлак у Галоўчынскім сельсавеце.
Заснаваны ў 1920-я гады перасяленцамі з суседніх вёсак.

   
   

 

ГАЛОЎНАЯ || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ФОТАГАЛЕРЭЯ
 
© Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Галоўчынская сельская бібліятэка-філіял, 2012