КАРОТКАЯ
КРАЯЗНАЎЧАЯ ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ
ГАЛОЎЧЫНСКАЙ ЗЯМЛІ


   
ГАЛОЎНАЯ
ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
ГЕАГРАФІЧНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
БІБЛІЯГРАФІЧНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
ФОТАГАЛЕРЭЯ
 
М


«Мабілізацыйны» пагром

Магілёўска-віленскі тракт
Магілёўская хроніка
Магілеўчык Апанас Іванавіч
Магілеўчык Еўдакім Андрэевіч
Магілеўчык Захар Кузьміч
Макаеў Андрэй Піліпавіч
Малыя Васількі
Марозава Юлія Андрэеўна
Марозаў Іван Сямёнавіч
Марозаў Фёдар Іванавіч
Мартыноўская Вольга Вітальеўна
Маршалак
Марчанка Мікалай Якаўлевіч
Марчанка Яфім Цімафеевіч
Мельнікава Марыя Сяргееўна
Мельнікаў Аляксандр Пятровіч
Меншыкаў Аляксандр Данілавіч
Месцічы
Мінчанкоў Мікалай Сямёнавіч
Міронаў Мікалай Дарафеевіч
Моцікаў Рыгор Рыгоравіч
Мытныя кнігі
Мялешка В.І.
Мястэчка

 

 

«Мабілізацыйны» пагром, яўрэскі пагром (1904) у Магілёве.
Выкліканы мабілізацыяй на руска-японскую вайну.
Меў прадаўжэнне 10 кастрычніка ў Галоўчыне.

   
   

 

Магілёўска-віленскі тракт, дзяржаўная транспартная дарога з Магілёва ў Вільню.
Праходзіла праз Галоўчын, Бялынічы.
У апісанні яго за 1577г. Бялынічы называюцца сялом Аршанскага павета, што з’яўляецца адным з ранніх упамінанняў Бялынічаў.
Княжыцка-галоўчынскі ўчастак тракта закрыты ў жніўні 1782 года.

   
   

 

Магілёўская хроніка (Трафіма Сурты і Юрыя Трубніцкага).
Галоўчын згадваецца ў трох запісах, у сувязі з вядомай бітвай рускага войска са шведамі (з ліпеня 1708).
Хронікі ахопліваюць падзеі з 1526 да 1856 гг., што мелі месца ў Магілёве, яго ваколіцах, многіх гарадах і мястэчках Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны і Расіі.

   
   
 

Магілеўчык Апанас Іванавіч, нарадзіўся ў1886 годзе.
У 1925 годзе займаў пасаду старшыні Галоўчынскага сельсавета. Працаваў камісарам Нежкаўскага валспалкома з 1926 года ў сяльпо.
Памёр у 1958 годзе.

   
   

 

Магілеўчык Еўдакім Андрэевіч, нарадзіўся (31.07.1890-12.02. 1947) у Галоўчыне.
Ваенны дзеяч, генерал-маёр (1940).
Удзельнік Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў.
Скончыў вучэбную каманду Лейб-гвардыі коннага палка ў Санкт-Пецярбурзе (1913 год).
Камандзір роты на Паўднёва-Заходнім фронце Першай сусветнай вайны.
Уступае ўрады Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі (з 1918 года), удзельнічае ў Грамадзянскай вайне.
Начальнік брыгаднай школы, памочнік ка­мандзіра 73-га кавалерыйскага палка (з 1921 года, Манголія).
За баявую мужнасць узнагароджаны ордэнам Чырвоны Сцяг (1923 год).
Скончыў курсы ўдасканалення пры Ваеннай акадэміі імя М.Фрунзе (1925, 1929 гады).
Камандзір 1-й брыгады 6-й каўдывізіі Беларускай ваеннай акругі (1927год).
Курсант Асобага факультэта Ваеннай акадэміі імя М.Фрунзе, камандзір 64-й стралковай брыгады БВА, камандзір 69-га стралковага корпуса Маскоўскай ваеннай акругі.
Камандзір Вышэйскай афіцэрскай кавалерыйскай школы (1942), намеснік камандуючага 28-й арміі (з чэрвеня 1944 года).
Вызваляў Беларусь, удзельнік Усходне-Прускай, Берлінскай і Пражскай аперацый.
Памёр 12лютага 1947года.
Узнагароды: тры ордэны Леніна, два – Чырвоны Сцяг, ордэны Багдана Хмяльніцкага, Айчыннай вайны I ступені, Чырвоная Зорка; шматлікія медалі.

   

Генерал-маёр Еўдакім Магілеўчык па праву і заслужана лічыцца адным з відных савецкім ваенначальнікаў. Нарадзіўся ён 13 ліпеня 1890 года ў сялянскай сям’і жыхароў старажытнага Галоўчына. Ягоны далейшы лёс прадвызначыў у 1911 годзе прызыў на тэрміновую ваенную службу ў царскую армію. Дапытлівага і кемлівага салдата заўважыла камандаванне, і праз два гады Еўдакіма накіроўваюць у вучэбную каманду Лейб-гвардыі коннага палка, што размяшчалася ў Санкт-Пецярбурзе.
У час Першай сусветнай вайны унцер-афіцэр Еўдакім Магілеўчык камандаваў ротай на адным з участкаў Паўднёва-Заходняга фронту. Тут жа ён далучыўся да рэвалюцыйнай дзейнасці, а таму пе­реход Еўдакіма Андрэевіча на бок бальшавіцкай улады стаўся заканамерным і лагічным яго жыццёвым крокам. У гады Грамадзянскай вайны ён камандуе ўзводам 1-га коннага Петраградскага палка, затым, да кастрычніка 1919 года, служыць камандзірам узвода, эскадрона ў кавалерыйскіх палках 5-й арміі, начальнікам палкавых школ 1-га, 65-га, 73-га каўпалкоў 13-й кавалерыйскай дывізіі. Актыўна ўдзельнічае ў баях супраць арміі адмірала Аляксандра Калчака.
Вучыцца будучаму савецкаму ваенначальніку не было калі. Ён скончыў курсы камандзіраў палка пры Вышэйшай кавалерыйскай школе Рэспублікі (1922 год), у 1925 і 1929 гадах – курсы ўдасканалення пры Ваеннай акадэміі імя М.В.Фрунзе, у 1936 годзе Асобы (разведвальны) фа­культет гэтай жа акадэміі.
Пасля завяршэння Гра­мадзянскай вайны баявы і арганізатарскі вопыт Еўдакіма Андрэевіча быў запатрабаваны ў далёкай Манголіі, дзе на той час расквартавалася 13-я кавалерыйская дывізія і дзе ён непрацяглы час выконваў абавязкі начальніка брыгаднай кавалерыйскай школы і памочніка камандзіра 73-га каўпалка. Скончыўшы кароткатэрміновыя курсы Вышэйшай кавалерыйскай школы Рэспублікі ў Петраградзе, Еўдакім Магілёўчык накіроўваецца служыць начальнікам брыгаднай школы 4-й асобнай Сібірскай кавалерыйскай брыгады, а неўзабаве кавалерыйскага палка, а потым і камандзірам 4-й каўбрыгары 7-й дывізіі Сібірскай ваеннай акругі. Праз два гады Еўдакім Андрэевіч пераведзены на службу ў родную Беларусь, дзе камандуе кавалерыйскімі палкамі, брыгадай, стралковай дывізіяй.

У чэрвені 1940 года Еўдакім Магілеўчык з’яўляецца камендантам Магілёў-Ямпольскага ўмацаванага раёна, а з сакавіка 1941 прызначаецца камандзірам 69-га стралковага корпуса, які быў сфарміраваны ў Маскоўскай ваен­най акрузе. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны корпус увайшоў у склад 20-й арміі Заходняга фронту.
Характэрны прыклад аднаго з баёў першых месяцаў Вялікай Айчыннай вайны. Байцы 69-га стралковага корпуса на працягу трох дзён тройчы адбівалі ў фашыстаў горад Сянно Віцебскай вобласці. За мужнасць, праяўленыя ў баях за гэты горад, Еўдакім Андрэевіч быў узнагароджаны ордэнам Леніна.
Корпус на чале з генерал-маёрам Еўдакімам Магілеўчыкам прымаў удзел у знакамітай Смаленскай бітве. Падчас цяжкіх абарончых баёў частка падраздзяленняў 16-й і 20-й армій патрапіла ў варожае акружэнне. Воінам 69-га стралковага корпуса напачатку жніўня 1941 года ў раёне горада Ярцаў удалося-такі прарваць фашысцкае кальцо. На жаль, Еўдакім Магілеўчык у адным з баёў атрымаў цяж-кае ранение. Амаль год за яго жыццё бя'л 1 няпростае зма-ганне медыкі. Яны здолелі паставіць на ногі баявога ге­нерала - пасля лячэння Еўдакім Андрэевіч быў прызначаны начальнікам Кавалерыйскіх курсаў удасканалення каманднага саставу конніцы. За два гады наш зямляк падрыхтаваў амаль паўтары тысячы кавалерыйскіх камандзіраў.
У сярэдзіне 1944 года Еўдакім Андрэевіч служыць намеснікам камандуючага 28-й арміяй, якая ўваходзіла ў склад I і III  Беларускага і I Украінскага франтоў і ўдзельнічала ў Беларускай, Кёнігсбергскай, Берлінскай і Пражскай наступальных аперацыях.
Пасля пераможнага 1945 года Еўдакім Магілеўчык прадаўжаў службу на гэтай пасадзе ў Беларускай ваен­най акрузе.
На жаль, Еўдакім Андрэевіч раптоўна памёр 12 лютага 1947 года, на 57-м годзе жыцця.
У адной атэстацыйнай характарыстыцы першапачатковага перыяду Вялікай Айчыннай вайны генерал-маёра Е.А.Магілеўчыка адзначаецца, што “...ў аператыўна-тактычных адносінах з’яўляецца падрыхтаваным генералам. Шмат увагі надае арганізацыі баявой падрыхтоўкі злучэнняў, асабіста правёў шэраг камандна-штабных вучэнняў і вучэнняў з войскамі.
У ходзе баёў неаднаразова выязджаў у злучэнні 1-га эшалону на асабліва небяспечныя ўчасткі.., аказваў дапамогу камандзірам злучэнняў па кіраванні.”

 
   
   

 

Магілеўчык Захар Кузьміч, нарадзіўся (18.02.1895-06.01.1975) у вёсцы Галоўчын.
Член-карэспандэнт Акадэміі медыцынскіх навук СССР (1953), доктар медыцынскіх навук, прафесар. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1949).
Скончыў медыцынскі факультэт Белдзяржуніверсітэта.
Працаваў у наркамаце аховы здароўя БССР, рэктарам Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, галоўным рэдактарам часопіса «Здравоохранение Беларуссии».
Даследваў пытанні гігіены планіроўкі і добраўпарадкавання населеных пунктаў, санітарнай аховы атмасферы, вады, глебы. Яго прозвішчам названы вуліцы ў Бялынічах, Галоўчыне.
На будынку Галоўчынскай сельскай урачэбнай амбулаторыі ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

   
   

 

Макаеў Андрэй Піліпавіч, 1894 года нараджэння, член КПСС, першы старшыня калгаса «12-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі» (вёска Галоўчын, 1923 год).

   
   

 

Малыя Васількі, іншая назва Шляхты.
Раней на гэтым месцы знаходзілася панская сядзіба.
Да сённяшняга дня тут захаваліся векавыя ліпы, што акружалі маёнтак. Амаль усе жыхары пасёлка Шляхты насілі прозвішча Часлаўскія.

   
   

 

Марозава Юлія Андрэеўна, нарадзілася (1894-1969) у вёсцы Краснае Лебядзянкаўскага сельсавета.
Народная (заслужаная) настаўніца БССР (1945).
Удзельніца Вялікай Айчыннай вайны.
З 1914 года працавала настаўніцай Галоўчынскай царкоўна-прыходскай школы, пазней - дырэктарам (1944-1947) і настаўніцай сярэдняй школы.
У час Вялікай Айчыннай вайны арганізавала ў вёсцы патрыятычнае падполле.

   
   

 

Марозаў Іван Сямёнавіч, 1889 года нараджэння. Настаўнік Галоўчынскай СШ. Першы арганізатар калгаса «12-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі».

   
   


 

Марозаў Фёдар Іванавіч, нарадзіўся ў 1890 годзе у мястэчку Галоўчын.
Служыў на караблі, які ўваходзіў у склад Дняпроўскай ваеннай флатыліі, ваяваў супраць палякаў.

   
   


 

Мартыноўская Вольга Вітальеўна, працавала звеннявой калгаса «Наша перамога».
Узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1966).

   
   

 

Маршалак, найвышэйшы ўраднік ВКЛ у пачатку XV-XVIII стагоддзя.
Кіраваў дваром вялікага князя, прымаў замежных паслоў, вышэйшых ураднікаў дзяржавы, назіраў за этыкетам і інш.
Гэту пасаду займаў Яраслаў Мацвеевіч з роду князёў Галоўчынскіх – маршалак гаспадарскі (1549).

   
   


 

Марчанка Мікалай Якаўлевіч, нарадзіўся (19.07.1925-16.03.1993) у вёсцы Паліеўшчына Галоўчынскага сельсавета.
Заснавальнік адзінай у Беларусі дынастыі вядомых урачоў-афтальмолагаў, якая налічвае тры пакаленні.  
Выдатнік аховы  здароўя БССР. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны/
Скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (1953). Працаваў загадчыкам Круглянскага раённага аддзела аховы здароўя, дырэктарам Магілёўскага медвучылішча, намеснікам галоўнага ўрача Магілёўскай гарадской бальніцы.
Узнагароджаны ордэнам Айчынай вайны І ступені, 14 медалямі, у тым ліку «За адвагу».

   
   

 

Марчанка Яфім Цімафеевіч (1913-1980), нарадзіўся у вёсцы Мікалаеўка Шклоўскага раёна.
Ваенны дзеяч. Генерал–лейтэнант. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.  
Скончыў Шклоўскую школу-сямігодку, Днепрапятроўскі вячэрні Камвуз, Ваенную акадэмію Генеральнага штаба Узброенных Сіл СССР.
Працаваў намеснікам загадчыка Бялыніцкага раённага зямельнага аддзела, старшынёй Галоўчынскага сельсавета (1932-1934), дырэктарам Бялыніцкай раённай нарыхтоўчай канторы (1934-1935).
У час Вялікай Айчыннай вайны камандзір батальёна, дывізіі.
У пасляваенны час камандаваў вайсковым злучэннем, з’яўляўся першым намеснікам камандуючага войскамі Уральскай ваеннай акругі.

   
   

 

Мельнікава Марыя Сяргееўна, (1908-1988) нарадзілася у вёсцы Галоўчын.
Адна з першых на Бялыніччыне маці-гераінь. Нарадзіла і выхавала 10 дзяцей.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР прысвоена званне «Маці-гераіня» (1949) з уручэннем залатога медаля і Граматы вызначанага ўзору.

   
   


 

Мельнікаў Аляксандр Пятровіч, нарадзіўся (1936 – 1999) у вёсцы Васількі.
Беларускі пісьменнік. Пісаў на рускай мове.
Скончыў Галоўчынскую СШ і Ленінградскі дзяржаўны медыцынскі інстытут.
Працаваў урачом Магілёўскай абласной санітарна-эпідэміялагічнай станцыі, начальнікам аддзела радыяцыйнай бяспекі вобласці.
Памяць ушанавана мемарыяльнай дошкай, якая ўстаноўлена (2006) на фасадзе будынка Магілёўскага абласнога цэнтра аховы грамадскага здароўя.
Аўтар кніг паэзіі «Спасибо, жизнь» (1977); «Три слова» (1980); «Земля надеется» (1986); «Избронное» (2000). Падрыхтаваў да друку кнігу вершаў «Чернобыльская тетрадь».

   
   


 

Меншыкаў Аляксандр Данілавіч, князь, паплечнік рускага цара Пятра І.
Камандаваў рускім войскам, накіраваным Пятром І у Рэч Паспалітую для вядзення баявых дзеянняў супраць  арміі шведскага караля Карла ХІІ у час Паўночнай вайны.
Прымаў удзел у ваеннай нарадзе ў Галоўчыне 1 ліпеня 1708 года з генераламі Шарамецевым, Гольцам, Рапніным, Далгарукім і інш.
Інфармаваў Пятра І аб сітуацыі напярэдадні Галоўчынскай бітвы і выніках яе.

   
   

 

Месцічы, гарадское падатнае саслоўе ў Беларусі XIV - пачатку ХХ стагоддзяў з ліку рамеснікаў, гандляроў, купцоў, домаўладальнікаў і інш.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай на месцічаў было пашырана заканадаўства Расіі, што залічвала да гэтага саслоўя пасадскіх людзей і частку  гараджан, якія не ўваходзілі ў купецкія гільдыі, рамесныя цэхі.
Месцічы выконвалі рэкруцкую павіннасць, абмяжоўваліся ў праве на перамяшчэнне, да іх маглі прымяняцца цялесныя пакаранні (да 1863).
Званне месціч з’яўлялася спадчынным. Іх склад мог папаўняцца за кошт збяднелых купцоў, прыватнаўласніцкіх сялян, адпушчаных панам ці выкупленых.
Паводле перапісу 1870 года ў Галоўчыне быў 1041 жыхар, у тым ліку купцоў і мяшчанаў 43%; сялянаў  57%.

   
   
 

Мінчанкоў Мікалай Сямёнавіч, нарадзіўся ў вёсцы Васількі.
Да Вялікай Айчыннай вайны працаваў настаўнікам у Галоўчынскай школе.
У час Вялікай Айчыннай вайны, будучы ў якасці стралка-радыста экіпажа самалёта, ён вылецеў на заданне. Самалёт быў збіты фашыстамі. Пасля катаванняў М.С. Мінчанкова і капітана, камандзіра экіпажа Генкіна, гітлераўцы аблілі бензінам і спалілі зажыва.

   
   
 

Міронаў Мікалай Дарафеевіч, нарадзіўся ў 1890 годзе ў вёсцы Вялікі Кудзін.
Лідэр Галоўчынскіх камуністаў. З 1929 года загадчык хаты-чытальні.

   
   
 

Моцікаў Рыгор Рыгоравіч, нарадзіўся ў 1891 годзе ў мястэчку Галоўчын, удзельнік штурма Зімняга палаца і грамадзянскай вайны.

   
   
 

Мытныя кнігі, від актавых запісаў у ВКЛ, у XV-XVIII стагоддзях пра купцоў і іх тавары, правезеныя праз мытныя каморы ці прыкаморкі; каштоўная крыніца па сацыяльна-эканамічнай гісторыі.
Існуе запіс у мытнай кнізе Віцебска аб купцу з Галоўчына, які прывёз туды свой тавар.

   
   
 

Мялешка В.І., паводле яго падлікаў у другой палове XVII стагоддзя ў Галоўчыне жыло некалькі дзесяткаў сялян рамеснікаў.

   
   
 

Мястэчка, невялікі населены пункт гарадскога тыпу.
Сфарміравалася ў XV-XVI стагоддзях у Вялікім Княстве Літоўскім.
Засноўвалася побач з замкам, горадам і звязана з таргамі, што існавалі каля вялікакняжацкіх і прыватнаўласніцкіх маёнткаў. Магло мець пасады, прадмесце.
На Бялыніччыне былі тры мястэчкі. Адно з іх Галоўчын (на 1870 год: 123 дамы, 956 жыхароў: 498 праваслаўных, 443 яўрэяў, 15 католікаў; на 1870 год: 1041: купцоў 43%, дваран і духавенства з%, сялян 57%).

   
   

 

ГАЛОЎНАЯ || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ФОТАГАЛЕРЭЯ
 
© Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Галоўчынская сельская бібліятэка-філіял, 2012