КАРОТКАЯ
КРАЯЗНАЎЧАЯ ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ
ГАЛОЎЧЫНСКАЙ ЗЯМЛІ


   
ГАЛОЎНАЯ
ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
ГЕАГРАФІЧНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
БІБЛІЯГРАФІЧНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
ФОТАГАЛЕРЭЯ
 
А


Абарончыя збудаванні

Агееў Міхаіл Савельевіч
Аграгарадок
Адпіска
Адукацыя
Аксельрод Веньямін Сямёнавіч
Аксельрод Маісей Сямёнавіч
Аксельрод Рыгор Сямёнавіч
Алена Галоўчынская
Алена Маскоўская
Антыфашысцкае падполле
Ануфрыеўскі манастыр
Апраксін Пётр Мацвеевіч
Аптэка
Аргамачнікаў Хвёдар
Арлова Ніна Цітаўна
Археалагічныя помнікі
Аршанскі павет
Арэст

 

Абарончыя збудаванні, штучна створаныя перашкоды для абароны паселішча ці пэўнай тэрыторыі. Складаюцца з земляных валаў з навакольнымі канструкцыямі, равоў, сцен, вежаў, пад’ёмных мастоў, бастыёнаў, замкаў.
Першыя абарончыя збудаванні на Беларусі пачалі ўзводзіцца яшчэ ў раннім жалезным веку (7 ст. да н.э. – 4-5 ст. н.э.).
У раннефеадальны перыяд (ІХ-ХІІ) асноўнымі відамі абарончых збудаванняў становяцца равы, валы, драўляныя сцены і вежы. У ХІV стагоддзі будавалі мураваныя замкі тыпу нямецкіх кастэляў, а з узнікненнем агнястрэльнай зброі (ХVІ) узнікае бастэйная і бастыённая фартыфікацыі.
Сярэдзінай ХVІ стагоддзя датуецца ўзвядзенне Галоўчынскага замка.

   
   

Агееў Міхаіл Савельевіч (1876-(?)), нарадзіўся ў горадзе Магілёве.
Святар Свята-Троіцкай царквы ў Галоўчыне (1928). Асуджаны калегіяй АДПУ 9 чэрвеня 1933 года як «член контррэвалюцыйнай царкоўна-паўстанцкай антысавецкай арганізацыі». Пакаранне адбываў ў лагерах Новасібірскай і Кемераўскай абласцей.
Далейшы лёс невядомы.
Рэабілітаваны пракуратурай БССР 18 ліпеня 1989 года.

   
   
 

Аграгарадок, добраўпарадкаваны, часцей сельскага тыпу населены пункт у Беларусі, у якім сфарміраваны вытворчыя і сацыяльныя структуры для забеспячэння сацыяльных стандартаў пражываючых у ім і на прылеглых да яго тэрыторыях насельніцтву.
Аграгарадкі ствараюцца згодна дзяржаўнай праграмы «Праграмы адраджэння і развіцця вёскі».
З 2008 года ў Галоўчыне пачаў будавацца аграгарадок, а 3 снежня 2008 года Бялыніцкі райвыканкам зацвердзіў акт камісіі па прыёмцы ў эксплуатацыю аграгарадка Галоўчын.

   
   

Адпіска, ліст ваяводы вяземскага В.Г.Рамаданоўскага ад 24 мая 1642 года ў Разрадны прыказ аб прыняцці рускага падданства галоўчынскім месцічам Іванам Івановым і жаданні апошняга пастрыгчыся ў манахі Салавецкага манастыра.
Галоўчын у гэтым дакуменце называецца горадам.

   
   
 

Адукацыя, як вядома з «Запісак» Багуслава Радзівіла ў Галоўчыне ў 1647 годзе дзейнічала дзве школы.
У 1864 годзе было адкрыта народнае вучылішча, якое закрылі ў  1873 годзе.
У 1883 годзе была адкрыта царкоўна–прыхадская школа.
У вёсцы Сурды ў 1913 годзе ўзнікае школа граматнасці для дарослых.
У 1921 годзе ў Галоўчыне была заснавана сямігадовая школа, а ў 1936 – сярэдняя.
У час Вялікай Айчыннай вайны школа была спалена. З 1947 года зноў працуе сярэдняя школа.
У 1956 годзе Галоўчынская сярэдняя школа пераходзіць у новае памяшканне, дзе і працуе па сённяшні дзень.

   
   

Аксельрод Веньямін Сямёнавіч (1902 –(?)), нарадзіўся ў вёсцы Галоўчын.
Кандыдат эканамічных навук, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Скончыў БДУ імя Леніна. Працаваў у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце  імя М.Горкага.
Выдатнік народнай асветы Беларусі.

   
   
 

Аксельрод Маісей Сямёнавіч нарадзіўся у 1896 годзе, член  КПСС. З 1919 па 1920 гады працаваў сакратаром Галоўчынскага сельскага Савета.

   
   
 

Аксельрод Рыгор Сямёнавіч (1901 – 1972), нарадзіўся ў вёсцы Галоўчын.
Савецкі вучоны і вынаходнік.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР.
Доктар тэхнічных навук.
Вынайшаў астранамічны гадзіннік, станок  па вырабе ланцужкоў Галя, апарат для сшывання кравяносных сасудаў, схему бульбаўборачнага камбайна.

   

Алена Галоўчынская, жонка князя Яраслава Галоўчынскага, якая валодала Галоўчынам у 1558–1568 (?) гадах. Актыўна садзейнічала ўзнікненню ў мястэчку рэфармацыйнай царквы – кальвінскага збору. Згадваецца яе фундуш на падтрымку гэтай  царквы.

   
   
 

Алена Маскоўская (19.5.1476, Масква – 20.1.1513), вялікая княгіня ВКЛ з 1495, каралева польская с 1501; жонка вялікага князя ВКЛ і караля польскага Аляксандра.
Старэйшая дачка вялікага князя маскоўскага Васіля ІІІ, які разлічваў праз шлюб Алены Іванаўны атрымаць доступ да спраў ВКЛ, умацаваць там становішча праваслаўнай царквы. Аляксандр бачыў у шлюбе сродак спынення палітычнага і ваеннага наступу Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ.
Заручыны адбыліся 06.02.1494 у Маскве ў адсутнасці Аляксандра, а вянчанне – 15.02.1495 у Віленскім кафедральным касцёле св. Станіслава паводле каталіцкага і праваслаўнага абрадаў.
Захаплялася музыкай, хутка навучылася гаварыць па-польску, захоўвала талерантнасць, выявіла сябе як умелая гаспадарніца. Адносіны з мужам у Алены Іванаўны склаліся добрыя, аднак яе цвёрдая прыхільнасць да праваслаўя выклікала расчараванне каталіцкага акружэння вялікага князя. Яе пастаянна ўгаворвалі змяніць веру, але Алена Іванаўна была няўмольнай, падтрымлівала праваслаўную царкву ў ВКЛ.
3-за праваслаўнага вызнання Алена Іванаўна не была каранавана на Польскае каралеўства. Садзейнічала заключэнню міру з Маскоўскай дзяржавай у 1503.
У 1501-03 атрымла ад мужа маёнткі ў Віленскім і Троцкім ваяводствах, каля Менска і Гародні, Браслаў, Магілёў, Княжыцы, Галоўчын, Смаляны, Цяцерын, Папову Гару.
Новы вялікі князь ВКЛ Жыгімонт Стары ў 1506 падараваў ёй Бельск, Сараж і Бранск на Падляшшы. Пахавана ў Віленскім Прачысценскім саборы.

   
   

Антыфашысцкае падполле, нягледзячы на жорсткі акупацыйны рэжым, жыхары Галоўчына не скарыліся лютаму ворагу. Так, падпольшчыкі Галоўчына: Ю.А.Марозава, юны патрыёт Фёдар Жвік, фельчар Б.В.Назарэўскі, браты Ермачэнкі, Х.Арлова, М.Буякоў і іншыя вялі агітацыйную работу сярод насельніцтва, размнажалі лістоўкі, перадавалі партызанам зброю,  медыкаменты, вялі разведку, удзельнічалі ў баявых аперацыях.

   
   

Ануфрыеўскі манастыр існаваў у XV-XIX ст. у в. Ануфрыева Мсціслаўскага ваяводства (з 1976 года в. Сялец Мсціслаўскага раёна).
Паводле царкоўнага падання, заснаваны ў 1407 мсціслаўскім князем Лугвенам Альгердавічам у глухім лесе, на месцы, дзе яго малому сыну Юрыю з'явіўся св. Ануфрый і паказаў дарогу дадому.
У адпаведнасці з Дарчай граматай (1443) мсціслаўскага князя Юрыя Лугвеневіча Ануфрыеўскаму манастыру перадавалася сяло Галоўчын «с людьми и пашнями и сеножатями, и со всеми приходы».
У 1635 кароль Уладзіслаў IV зацвердзіў манастыр за уніятамі. Яго ігуменам лічыўся архіепіскап смаленскі.
Да сярэдзіны XVIII стагоддзя ўсе будынкі, у тым ліку царква св. Ануфрыя, былі драўляныя.
У апошняй чвэрці XVIII стагоддзя пабудавана мураваная царква і да яе ўпоперак далучаны корпус манастыра. Манастыру належаў суседні фальварак.
У 1809 годзе будынак манастыра перададзены ваеннаму ведамству. Паводле інвентара 1817, бібліятэка налічвала 302 кнігі, у тым ліку 6 рукапісных. Манастыр зачынены ў час скасавання уніяцкай царквы. Зальны храм з высокай франтальнай вежай стаў прыходскай царквою, захаваўся ў напаўразбураным стане.

   
   
 

Апраксін Пётр Мацвеевіч (1659–1728), граф, прэзідэнт расійскай Юстыц-калегіі (1722).
Бітву рускага войска са шведскім каля Галоўчына (1708) адносіў да «немалой виктории, что с первого наступление неприятель намерение своё же не исполнил и у солдат куражи не отнял».

   
   
 

Аптэка, у перакладзе з грэчаскай мовы – склад. Установа па рэалізацыі і вырабе медыкаментаў.
Першыя аптэкі на Беларусі ўзніклі ў Пінску (1561), Брэсце (1566).
На Магілёўшчыне адна з першых створана ў маёнтку Галоўчыне (1636), гаспадаром якога з’яўляўся князь Мікалай Канстанцінавіч Галоўчынскі.
У час Вялікай Айчыннай вайны была спалена. Аднавілася пасля вайны.
У розныя гады ў ёй працавалі: Матвейчук І.В., Сцепановіч К.А., Цюльманкова М.П., Ксенчук С.І., Баліткін Л., Собалева А., Каткова Л.В.. Вось ужо 41 год нязменна працуе загадчыцай Галоўчынскай аптэкі Кавалева Л.І.

   
   

Аргамачнікаў Хвёдар, адзін з разведчыкаў Маскоўскай дзяржавы, які напярэдадні вайны з Рэччу Паспалітай (1654–1667) пад выглядам «гандлёвага чалавека» жыў у Магілёве, Галоўчыне, дзе пэўны час са сваёй канцылярыяй знаходзіўся гетман Вялікага Княства Літоўскага Януш Радзівіл.
Выконваў даручэнні рускага сотніка Андрэя Ісакова і праз яго трымаў сувязь з бранскім ваяводам князем Р. Далгарукавым.

   
   
 

Арлова Ніна Цітаўна, нарадзілася (1921) у вёсцы Таргоншчына Галоўчынскага сельсавета.
Кандыдат педагагічных навук.
Заслужаная настаўніца Беларусі.
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Вучылася ў Мінскім рабфаку, скончыла Магілёўскі педінстытут (1956).
Загадвала кафедрай педагогікі і псіхалогіі Гродзенскага педінстытута.
Выдатнік народнай асветы БССР.

   
   

Археалагічныя помнікі, каля вёскі Галоўчын знаходзяцца: гарадзішча - 1 эпохі феадалізму, на правым беразе безыменнага ручая, у цэнтры вёскі, гарадзішча - 2, на правым беразе ракі Вабіч.
У падземнай часцы пляцоўкі выяўлены астаткі падземнага збудавання ХVІІ стагоддзя, гарадзішча – 3 ранняга жалезнага веку на мысе паміж ярамі, якія выходзяць у пойму правага берага р. Вабіч, на паўночнай ускраіне вёскі.

   
   

Аршанскі павет, адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў ВКЛ у XVI-XVIII стагоддзях.
Папярэднікам Аршанскага павету было Аршанскае (Рошскае) намесніцтва, утворанае ў 1392 пасля прамога падпарадкавання Оршы вялікаму князю ВКЛ Вітаўту.
Паводле адміністратыўнай рэформы ВКЛ 1565-66 гг. памеры Аршанскага павету значна павялічаны, у тым ліку і прыватнаўласніцкімі маёнткамі ўздоўж Дняпра (Баркалабаў, Буйнічы, Быхаў, Новы Быхаў) і на захад ад яго (Цяцерын з Бялынічамі, Галоўчын з Княжыцамі).
У ваенных адносінах шляхецкае апалчэнне (харугва) Аршанскага павету падпарадкоўвалася віцебскаму ваяводу, буйныя магнаты выстаўлялі свае атрады асобна. Сцягам Аршанскага павету была харугва зялёнага колеру з выявай «Пагоні», аднолькавая з харугвай Віцебскага павету.
Буйнымі землеўладальнікамі былі князі Галоўчынскія (Галоўчын, Княжыцы, Новы Быхаў), Друцкія (частка Друцка, Горы, Саколіна), Зіноўевічы (Беліца), Лукомскія (частка Лукомля, Мялешкавічы, Шчыдуты), Сангушкі (Абольцы, Брухава, Крупкі, Смаляны),Статкевічы-Заверскія (Баркалабаў, Любавічы, Расасна, Чаркасаў), Глябовічы (Беліца, Дуброўна, Расасна), Радзівілы (Барысаўскае стараства, Барань, Копысь, Раманава), Хадкевічы (Бобр, Быхаў, Шклоў).
Акрамя таго, у Аршанскім павеце налічвалася некалькі дзесяткаў дробных маёнткаў мясцовай шляхты. На тэрыторыі павета здаўна існавалі праваслаўныя манастыры.
Да пачатку XVII стагоддзя Галоўчын быў значным мястэчкам, з’явіўся новы кляштар.  
Да канца XVII стагоддзя старыя магнацкія латыфундыі ў асноўным распаліся, за выключэннем уладанняў Сапегаў, якія ахоплівалі Стары і Новы Быхаў з Тайманавам, Баркалабаў з Буйнічамі, частку Галоўчына, Беліцу, Бобр, Горы з Горкамі, Чарэю з Мялешкавічамі. Частка спадчыны князёў Галоўчынскіх (Галоўчын, Княжыцы) перайшла да Пацаў.

   
   

Арэст (свецкае Костка Ануфрый Стафанавіч; 1772-1850 або 1854), нарадзіўся ў мястэчку Гайшын Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці, з сям’і святара.
Беларускі летапісец.
3 1791 вучыўся ў Магілёўскай семінарыі, у езуіцкіх навучальных установах. Валодаў грэчаскай, лацінскай, польскай, рускай, беларускай мовамі. У1801-04 настаўнік Невельскай духоўнай гімназіі. У 1802 пастрыжаны ў манахі, з 1803 святар. 3 1806 скарбнік, потым аканом магілёўскага архірэйскага дома.
Кароткі час быў ігуменам Шклоўскага Васкрасенскага манастыра, пасля ў Мсціслаўскім Пустынскім Успенскім манастыры.
У 1820-24 выкладаў у Полацку.
3 1827 ігумен Магілёўскага брацкага манастыра. Haпіcaў там «Запіскі», якія асвятляюць гісторыю Магілёва з XIV ст. да сярэдзіны XIX ст. і з’яўляюцца апошняй па часе спробай стварэння беларускага летапісу.
Асабліваю цікавасць прадстаўляюць факты з гістарычных падзей. Напрыклад, аб Галоўчынскай бітве (1708) паміж рускім і шведскім войскамі.
Рукапісы «Запісак» зберагаюцца ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы і Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Пецярбургу (скарочаны спіс).
Памёр у Оршы.

     
     

 

ГАЛОЎНАЯ || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ФОТАГАЛЕРЭЯ
 
© Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Галоўчынская сельская бібліятэка-філіял, 2012