КАРОТКАЯ
КРАЯЗНАЎЧАЯ ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ
ГАЛОЎЧЫНСКАЙ ЗЯМЛІ


   
ГАЛОЎНАЯ
ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
ГЕАГРАФІЧНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
БІБЛІЯГРАФІЧНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
ФОТАГАЛЕРЭЯ
 
В


Вабіч

Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-67
Вайтовіч Сяргей Данілавіч
Валовічы
Васілёўка
Васілеўская М.І.
Васількі
«Васількі»
Вільчынскі Віктар Яўменавіч
Верхалазава Зінаіда Іванаўна
Вялікі князь

 

 

Вабіч, рака, гл. Бабіч.

   
   

 

Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-67, вайна Расіі за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы.
У час яе за адзін 1654 год вёска Галоўчын была спалена двойчы. Спачатку рускімі, якія захапілі вёску, затым польскімі войскамі.

   
   

 

Вайтовіч Сяргей Данілавіч (13.10.1925–12.02.1989), нарадзіўся ў вёсцы Забалацце Галоўчынскага сельсавета.
Беларускi вучоны. Доктар гістарычных навук (1979).
Скончыў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут.
Працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР. Даследваў праблематыку звязаную з  дзейнасцю Беларусі на міжнароднай арэне.
Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай СССР» (т.5, 1975).

   
   

 

Валовічы, шляхецкі род герба «Багорыя».
Напачатку вызнавалі праваслаўе, у XVI ст. сярод іх многа прыхільнікаў кальвінізму, з канца XVI стагоддзя пераходзілі ў каталіцтва. Тады ж род падзяліўся на некалькі галін. У 1798-1900 адна з іх мела графскі тытул (згасла).
Родапачынальнік - Ходка (Ходзька, Фёдар), які ў 1-й палове XV стагоддзя жыў у Гарадзенскім павеце.
Найбольш вядомы Астафій (каля 1520-1587), дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.
З гэтага роду паходзіла жонка Яна Галоўчынскага Алена, якая пасля смерці мужа (1630) выйшла замуж за Патоцкага Крыштафа.

   
   

 

Васілёўка, рака ў Шклоўскім і Бялыніцкім раёнах.
Левы  прыток ракі Вабіч (бас. Дняпра). Даўжыня 8 кіламетраў.
Пачынаецца на паўднёвай ускраіне вёскі Мерча Шклоўскага раёна, вусце за 2 кіламетры на поўдзень ад бялыніцкай Васількі.
Рэчышча каналізаванае на ўсім працягу ракі. 

   
   

 

Васілеўская М.І., апошняя ўладальніца вёскі Галоўчын XIX стагоддзя.

   
   

 

Васількі, вёска ў Галоўчынскім сельсавеце. Вядома па пісьмовых крыніцах з ХVІІІ стагоддзя.
Знаходзілася ў складзе маёнтка Галоўчын (1785), налічвалася 42 двары, 254 жыхары.
Паводле перапісу 1897 года ўваходзіла ў склад Нежкаўскай воласці, было 67 сядзібаў, 470 жыхароў, дзейнічала школа граматы, хлебазапасны магазін. Побач знаходзіўся аднайменны фальварак з 5 двароў (51 жыхар). Школа граматы рэарганізавана (1908) у земскую школу.
Створаны калгас «Чырвоная зорка» (1929), першым старшынёй якога стаў балтыйскі матрос Ягор Рыгоравіч Люцікаў.
У перыяд фашысцкай акупацыі дзейнічала патрыятычнае падполле.
На мясцовых могілках размешчаны магілы радавога С.Л.Буймісцера і лейтэнанта М.І.Вальвачова, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Радзіма паэта А.П.Мельнікава.

   
   

 

«Васількі», меліярацыйнае таварыства ў Галоўчынскім сельсавеце. Створанае вясной 1924 года з ліку 50 жыхароў вёскі Васількі.
Актыў яго склалі Трафім Цітавіч Федасоў (старшыня), Фядос Антонавіч Гевад (сакратар), Антон Лабейка, Лявон Антусаў, Рыгор Люцікаў (члены праўлення).
Разам з жыхарамі навакольных вёсак, аб’яднаных у 26 меліярацыйных таварыстваў ( на працу ў розныя дні выходзілі да 100 чалавек), пракапалі ўручную канал даўжынёй 9 км, шырынёй 2,5 м - ад вёскі Малая Лазіца (Шклоўскі раён) да ракі Вабіч (Бялыніцкі) і адваявалі ў балота 40 гектараў зямлі. На адкрыцці канала прысутнічаў старшыня СНК БССР А.Р.Чарвякоў.
Таварыства «Васількі» ўзнагароджана (19.12.1924)  ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР за №1.
Узнагарода ўручана прадстаўніку таварыства 25 красавіка 1925 года падчас работы Першага акруговага з’езда Саветаў (Магілёў).
Таварыства стала асновай калгаса «Чырвоная зорка». Лёс атрыманага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР за №1 невядомы.   

   
   

 

Вільчынскі Віктар Яўменавіч, нарадзіўся (1923) у вёсцы Камяніца Вішоўскага сельсавета.
Скончыў  Галоўчынскую СШ, Кіеўскае артылерыйскае вучылішча, Ваенную акадэмію імя Фрунзе. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, абараняў Кіеў, Маскву, змагаўся на Курскай дузе.
Адзін з першых арганізатараў функцыявання палігона Байканур.
Выкладаў у Ваеннай акадэміі  імя Дзяржынскага.
Пісьменнік–баталіст. Друкуецца ў альманаху «Ваенна–гістарычны архіў» (Масква).
Жыве ў горадзе Данецку.

   
   


 

Верхалазава Зінаіда Іванаўна, звеннявая па вырошчванні льну калгаса «Наша перамога» (1967).
Выбіралася дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

   
   
 

Вялікі князь, гаспадар, найвышэйшы княжацкі тытул у Вялікім Княстве Літоўскім.
Вялікі князь быў кіраўніком дзяржавы. Меў шырокія паўнамоцтвы: весці міжнародныя справы, уступаць у саюзы, абвяшчаць вайну і заключаць мір, распараджацца ўзброеннымі сіламі дзяржавы, дзяржаўнай маёмасцю, даходамі і скарбамі, дараваць дзяржаўную маёмасць, тытулы і званні, ажыццяўляць вышэйшы суд і памілаванне засуджанных.

   
   

 

ГАЛОЎНАЯ || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ФОТАГАЛЕРЭЯ
 
© Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Галоўчынская сельская бібліятэка-філіял, 2012