КАРОТКАЯ
КРАЯЗНАЎЧАЯ ЭНЦЫКЛАПЕДЫЯ
ГАЛОЎЧЫНСКАЙ ЗЯМЛІ


   
ГАЛОЎНАЯ
ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
ГЕАГРАФІЧНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
БІБЛІЯГРАФІЧНЫ ПАКАЗАЛЬНІК
ФОТАГАЛЕРЭЯ
 
Д


Дабравольскі В.Ф.

Давыдаў Дзяніс Васільевіч
Далгарукі В.Д.
Дамініканцы
Дваранін
Дзіцячая музычная школа
Дзіцячы сад
Дзякава балота
Дзяржаўца
Дом культуры
Драгуны
Дракін Лявонцій Ігнатавіч
Дракіна Ніна Канстанцінаўна
Дубаўшчына
Духовіч У.І.
Духовіч Уладзімір Міхайлавіч
Дыбоўскі Валент
Дым

 

 

Дабравольскі В.Ф., настаяцель Галоўчынскай Свята-Троіцкай царквы (1899-1917).
Рэлігійны і грамадскі дзеяч. Благачынны трэцяй акругі Магілёўскага павета.
Упаўнаважаны ад святароў Магілёўскай епархіі ў ІV Дзяржаўную думу Расіі (1912).
Пры ім Галоўчынская царква стала адной з багатых у межах цяперашняга Бялыніцкага раёна, а мясцовая царкоўна-прыходская школа атрымала статус двухкласнай.
Прыход царквы налічваў 3 153 чалавекі, валодала 270 дзесяцінамі зямлі.

   
   

 

Давыдаў Дзяніс Васільевіч (1784-1839), нарадзіўся ў Маскве.
Паэт, удзельнік Айчыннай вайны 1812 года, арганізатар мабільнага партызанскага атрада, генерал-маёр.
Служыў у Кавалергардскім, Беларускім гусарскім палках, камандаваў Ахтырскім гусарскім палком.
Першым ажыццявіў ідэю вядзення партызанскай вайны з арміяй Напалеона.
Вызваляў Копысь, Бялынічы (14.11.1812), удзельнічаў у замежным паходзе рускай арміі.
За вызваленне Бялынічаў, якія назваў «маім Аркольскім мостам», узнагароджаны ордэнам Святога Георгія 4-й ступені. 13 лістапада 1812 года спыняўся на начлег у вёсцы Галоўчын.
Беларускі мастак Леанід Шчамялёў напісаў карціну «Дзяніс Давыдаў у Бялынічах, 14 лістапада 1812 года», якая захоўваецца ў фондах раённага мастацкага музея імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі.

   
   

 

Далгарукі В.Д., (студзень 1667-22.02.1746), генерал-фельдмаршал (1728).
Удзельнік Паўночнай вайны 1700-1721гг. Адзін з удзельнікаў бітвы рускай арміі са шведамі ля Галоўчына 3 ліпеня 1708 года. 

   
   

 

Дамініканцы, члены каталіцкага манаскага ордэна.
У  Беларусі дзейнічалі ў перыяд ХVІ–ХІХ стагоддзяў, займаліся  прапагандысцка-місіянерскай дзейнасцю, змагаліся з ерассю.
Заснавалі ў Галоўчыне касцёл (ХVІІст.), які быў перададзены (1833) праваслаўным вернікам.

   
   

 

Дваранства, на Беларусі ў ХV–XVIII стагоддзях асоба шляхецкага саслоўя, які знаходзіліся на службе пры двары вялікага князя, буйных феадалаў.
Ахоўвалі гарады і замкі, суправаджалі пасольствы, выконвалі судовыя рашэнні і г.д.
Дваранінам быў родапачынальнік князёў Галоўчынскіх Мікалай Мікітыніч Рапалоўскі-Галоўчынскі.

   
   

 

Дзіцячая музычная школа, у вёсцы Галоўчын дзейчае з 1980 года.
Першым дырэктарам была С.І.Вашацькова. З 1982 года дырэктар школы Т.У.Бірукова.
Спачатку школа размяшчалася ў памяшканні спартыўнага зала Галоўчынскай сярэдняй школы.
З 1984 года школа пераходзіць у будынак былога Дома культуры.
Зараз школа знаходзіцца ў памяшканні былой канторы калгаса «Наша перамога». Яе наведваюць 13 дзяцей. У розны часы ў музычнай школе працавалі: І.У.Конанава, А.М.Бысенка і інш.

   
   

 

Дзіцячы сад, установа дашкольнага выхавання, якая служыць для грамадскага выхавання дзяцей з 3 да 6 год.
У Галоўчыне дзіцячы сад быў адчынены ў 1980 годзе.
Першай загадчыцай яго была Л.Н.Цюльманкова, затым Л.П.Арэшкіна. Зараз загадчыцай працуе С.А.Старавойтава.
У 2009 годзе садзік наведвалі 14 дзяцей.

   
   

 

Дзякава балота, зямельны надзел, які належыў мясцоваму дзяку.    

   
   

 

Дзяржаўца, службовая асоба Вялікага Княства Літоўскага, кіраўнік, часовы  ўладальнік дзяржавы.
У XVI стагоддзі ў дзяржанне аддаваліся гаспадарскія двары або замкі з прылеглай да іх воласцю, цэнтрам якой яны звычайна з’яўляліся.
Дзяржаўца  прызначаўся вялікім князем, па яго выбары. Гэту пасаду займалі наступныя князі Галоўчынскія: Яраслаў Мацвеевіч (дзяржаўца Ляхавіцкі (1546-1549) і Ковенскі (1565)), Шчэнсны Яраславіч (дзяржаўца Любашанскі), Аляксандр Яраславіч (дзяржаўца Вількінскі).  

   
   


 

Дом культуры, у в. Галоўчын быў пабудаваны ў 1984 годзе.
Першым яго дырэктарам быў Гвоздзікаў. У розныя часы дырэктарамі працавалі: Н.Ф. Сімаева, І.А. Магілеўчык.
У сувязі з тым, што адрамантаваць будынак было немагчыма, ў 2005 годзе  Дом культуры быў зачынены і стаў працаваць у памяшканні Галоўчынскай школы.
З 2007 года памяшканне Дома культуры знаходзіцца ў будынку былой канторы калгаса «Наша перамога». Зараз дырэктарам Дома культуры з’ўляецца І.Ф. Цудзікава.

   
   


 

Драгуны, від кавалерыі, здольнай дзейнічаць у пешым страі.
З’явіліся ў XVI стагоддзі ў Францыі. З XVII стагоддзя драгунскія палкі існавалі ў Германіі, Польшчы, Беларусі.
Асабліва не пашанцавала ў бітве рускай арміі са шведскай у 1708 годзе ля Галоўчына: Белазерскаму, Троіцкаму і Санкт-Пецярбургскаму драгунскім палкам. У час бою Троіцкі полк, для прыкладу, згубіў літаўры і дзве з трох гарматаў. Вершнікі Белазерскага страцілі адзін сцяг.

   
   

 

Дракін Лявонцій Ігнатавіч, (1898-1968), нарадзіўся ў вёсцы Галоўчын.
Арганізатар (1917) Галоўчынскага чырвонагвардзейскага атрада.  Удзельнік Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Кандыдат сельскагаспадарчых навук.
Скончыў Маскоўскі заатэхнічны інстытут і аспірантуру. Працаваў у Народным камісарыяце земляробства СССР, дырэктарам Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута жывёлагадоўлі. Пахаваны на могілках у Галоўчыне.

   
   
 

Дракіна Ніна Канстанцінаўна, нарадзілася 30 мая 1956 года ў вёсцы Вялікая Гара Салігорскага раёна Мінскай вобласці.
Мае вышэйшую адукацыю, скончыла ў 1989 годзе Мінскую вышэйшую партыйную школу па спецыяльнасці «Партыйнае і савецкае будаўніцтва».
З марта 1998 па 18.05.1999 займае пасаду старшыні Галоўчынскага сельскага Савета
З 7 ліпеня 1987 па 10 студзеня 2008 года працавала на пасадзе сакратара выканкама.

   
   


 

Дубаўшчына, вуліца Галоўчына, дзе раней быў дубовы гай.

   
   

 

Духовіч У.І. працаваў брыгадзірам калгаса «Наша перамога».
Узнагароджаны ордэнам «Знак пашаны» (1966).

   
   

 

Духовіч Уладзімір Міхайлавіч, нарадзіўся (1948) у вёсцы Сіваі Галоўчынскага сельсавета ў сям’і калгаснікаў.
Скончыў Галоўчынскую СШ, Ленінградскую ваенна-медыцынскую акадэмію, аспірантуру пры Маскоўскім медыцынскім інстытуце.
Кандыдат медыцынскіх навук.
Працаваў начальнікам медсанбата, цяпер у адной з клінік Масквы.

   
   


 

Дыбоўскі Валент, шляхціч, намеснік князя Шчэнснага Галоўчынскага, у якога арандаваў маёнтак Кудзіна.
Прыгадваецца ў складзе камісіі па размежаванні (1577) земляў князёў Стэфана Збаражскага і Шчэнснага Галоўчынскага.

   
   


 

Дым, пачатковая адзінка ў Вялікім Княстве Літоўскім, якая атаясамлівалася з гаспадаркай-дваром.
У 1703 годзе быў складзены чарговы падымны тарыф Аршанскага павета. На гэты раз «дым» у якасці адзінкі вымярэння адпавядаў не аднаму, як было раней, а некалькі дварам.
У Галоўчыне, якім валодаў Дамінік Служка, налічвалася  262 «дымы».

   
   

 

ГАЛОЎНАЯ || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ПЕРСАНАЛЬНЫ ПАКАЗАЛЬНІК || ФОТАГАЛЕРЭЯ
 
© Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Галоўчынская сельская бібліятэка-філіял, 2012