Галоўная
Геаграфічны паказальнік
Бібліяграфічны спіс
 
 








  Назад на галоўную
АБАРОНЧЫЯ БАІ ЧАСЦЕЙ ЧЫРВОНАЙ АРМІІ
НА ТЭРЫТОРЫІ РАЁНА
 
   
Перад часцямі 13-й і 20-й армій стаяла задача затрымаць праціўніка, які наступаў у напрамку на Магілёў, з тым, каб прыкрыць дальнія подступы да горада і даць магчымасць падышоўшым з глыбінных раёнаў СССР свежым сілам заняць абарону на Дняпры.
Гітлераўцы на гэты час ужо занялі Мінск, Беразіно і рваліся да Магілёва. Улічваючы гэта, камандаванне Заходняга фронту адвяло частку войск на новы рубеж абароны – раку Друць. Штаб фронту сваім загадам абавязаў камандзіраў карпусоў, дывізій, палкоў у барацьбе з нямецка-фашысцкімі войскамі ў міжрэччы Бярэзіны і Дняпра ў шырокіх маштабах прымяняць засады.
Разам з іншымі часцямі на ўсход ад Бярэзіны адышлі батальёны 7-й паветрана-дэсантнай брыгады 4-га паветрана-дэсантнага корпуса генерал-маёра Жадава. Ёй была пастаўлена задача замацавацца на рацэ Кляве.
Аднымі з першых прынялі на сябе ўдар воіны-дэсантнікі 7-й роты 1-га батальёна з 7-й паветрана-дэсантнай брыгады пад камандаваннем малодшага палітрука Дзмітрыя Ільютчанкі. Гэты бой адбыўся 4 ліпеня 1941 г. каля вёскі Карытніца. На пазіцыі роты рушылі больш за 30 нямецкіх танкаў. Некалькі машын дэсантнікі падбілі, але многія з воінаў загінулі ў сваіх акопах, папоўніўшы спісы невядомых герояў вайны.
На рацэ Аслік абарону трымаў агнявы ўзвод лейтэнанта Козырава. Камандзір 2-га артдывізіёна капітан Б.Л. Хігрын загадаў паставіць на прамую наводку 122-мм гарматы на левым беразе ракі каля вёскі Восліўка.
На заходняй ускраіне Бялыніч насупраць маста праз Друць акапалася 5-я батарэя. Раніцай 5 ліпеня 1941 г. на пазіцыі 122-мм гармат рушылі каля 40 варожых танкаў. У жорсткім паядынку ўвесь узвод лейтэнанта Козырава загінуў. Працягвала бой гармата, з якой вёў агонь капітан Хігрын. Але ад прамога пападання ў гармату бранябойнага снарада капітан Б.Л. Хігрын быў смяротна паранены. А на шашы Мінск – Магілёў пасля бою засталося гарэць 7 нямецкіх танкаў.
За гэты бой капітан Барыс Львовіч Хігрын быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза (пасмяротна).
Мужна змагаліся воіны-дэсантнікі ў раёне Бялыніч. Камандзір аддзялення мінёраў М.К. Ступін убачыў, што каля адной гарматы загінуў ўвесь разлік. Ступін падпоўз да гарматы і адкрыў агонь па ворагу. 3 чацвёртага снарада яму ўдалося знішчыць танк.
У баях 5 ліпеня 1941 г. вызначыліся многія артылерысты, у тым ліку і наводчык гарматы 5-й батарэі Н.В. Бухараў, які прамой наводкай падбіў 5 нямецкіх танкаў.
На працягу некалькіх сутак дэсантнікі 4-га корпуса знішчылі на бялыніцкай зямлі 38 танкаў з 24-га і 46-га мотакарпусоў немцаў, некалькі соцень гітлераўцаў.
У абароне Бялыніч удзельнічаў 2-гі батальён 514-га стралковага палка 172-й стралковай дывізіі пад камандаваннем старшага лейтэнанта Аляксандра Паўлавіча Ваўчка. Яго батальёнам была знішчана рота гітлераўскіх аўтаматчыкаў, а бутэлькамі з запальнай сумессю – некалькі танкаў. Дывізіённая газета 172-й стралковай дывізіі з гэтай нагоды выпусціла лістоўку «Палі нямецкія танкі».
Першы батальён 223-га стралковага палка 53-й стралковай дывізіі пад камандаваннем старшага лейтэнанта Мальцава меў задачу абсталяваць паласу абароны па ўсходнім беразе Друці на участку Цяцерын – Вялікі Нежкаў. Прамежкавым рубяжом абароны быў Галоўчын і ўсходні бераг ракі Вабічы.
Роце 1-га батальёна 223-га стралковага палка пад каманда­ваннем лейтэнанта В.Ф. Чуракова была пастаўлена задача заняць абарону на левым беразе Друці каля Бялыніч, утрымліваць пераправу і не даць ворагу фарсіраваць раку. Адчуваючы непазбежную сустрэчу з нямецкімі танкамі, лейтэнант Чуракоў звярнуўся да ўладаў Бялыніч з просьбай дапамагчы з гаручым. На перадавыя пазіцыі былі дастаўлены ўсе наяўныя запасы бензіну, якія неадкладна разлілі па бутэльках.
5 ліпеня ў баях на Друці вызначыліся артылерыйскія разлікі, якімі камандавалі старшыя лейтэнанты Хлебнікаў і Клачкоў, палітрук Белавусаў, камандзіры ўзводаў лейтэнанты Глазкоў, Афанасьеў і іншыя. Камандзір корпуса Ф.А. Бакунін выказаў ім падзяку.
Раніцай 6 ліпеня над лініяй абароны каля Бялыніч з'явіліся варожыя бамбардзіроўшчыкі. Тройчы на абаронцаў Бялыніч скідаўся смяротны груз. Затым пачаўся мінамётны і артылерыйскі абстрэл. Пасля ў бой рушыла нямецкая мотапяхота. I тут з засады на вялікай скорасці выехалі машыны з устаноўленымі на іх спаранымі кулямётамі. Камандаваў кулямётчыкамі малодшы лейтэнант СМ. Рыбко. Атака гітлераўцаў была адбіта.
Пасля некалькіх атак фашыстам удалося выбіць чырвонаармейцаў з Бялыніч. У 6 гадзін раніцы 7 ліпеня 1941 г. у вьшіку нечаканай контратакі батальён зноў заняў Бялынічы і выбіў немцаў за Друць. Вораг страціў каля 60 чалавек забітымі, чырвонаармейцы ў выніку бою мелі 8 параненых, у тым ліку камбата Мальцава. У баі вызначыліся радавыя Пётр Сінельнікаў, Ерамееў, сяржант Карыцін, старшына Арцем'еў. Камандаванне батальёнам прыняў лейтэнант Чуракоў.
Пабудаваўшы праз Друць пантонны мост, гітлераўцы сілаю да 60 танкаў фарсіравалі раку. Па дарозе на Магілёў рухалася яшчэ адна калона танкаў і бронетранспарцёраў. У выніку 2-я і 3-я стралковыя і 1-я кулямётная роты былі акружаны, але працягвалі бой.
Камандзір агнявога ўзвода лейтэнант Дранкін застаўся адзін каля гарматы, яго разлік загінуў. Да пазіцыі наблізіліся 4 нямецкія танкі, якія хацелі зайсці ў тыл батальёна. Лейтэнант развярнуў 45-мм гармату і меткім стрэлам падбіў адзін танк, астатнія абстралялі гармату. Лейтэнант Дранкін загінуў, але не адступіў.
Двое сутак батальён стрымліваў пераўзыходзячыя сілы немцаў. Было падбіта каля дзесятка нямецкіх танкаў, знішчаны сотні салдат, але Бялынічы давялося пакінуць. Батальён панёс вялікія страты, 2-я, 3-я стралковыя і 1-я кулямётная рота згубілі забітымі каля 40 працэнтаў асабовага складу. У роце Чуракова засталося каля 40 чалавек.
Прымаў удзел у абарончых баях на бялыніцкай зямлі і 51-ы танкавы полк з 20-га мехкорпуса генерал-лейтэнанта А.Г. Нікіціна пад камандаваннем палкоўніка Якубоўскага, які стрымліваў ворага на лініі Чырвоная Слабада – Цвердава.
У гэтыя ж дні на лініі Цяцерын – Галоўчын вяла баі 100-я ордэна Леніна стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-маёра І.М. Русіянава. Яе воіны толькі 6 ліпеня падбілі 21 танк праціўніка.
8-9 ліпеня, знаходзячыся ў акружэнні каля вёсак Эсьмоны і Заазер'е, вялі баі 85-ы і 355-ы стралковыя палкі 100-й стралковай дывізіі. Большасць байцоў загінулі смерцю храбрых, застаўшыся безыменнымі героямі Вялікай Айчыннай вайны.
9 ліпеня 1941 г. Бялыніцкі раён быў поўнасцю заняты нямецкімі войскамі, пацягнуліся доўгія гады акупацыі.
   
  А.І. Марозаў,
гісторык, краязнавец
   
   
  Уверх


 
© ДУК «Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сетка», 2014-2015