|
У першыя гады Вялікай Айчыннай вайны прапаўшых без вестак было значна болей, чым тых, каго змаглі пахаваць пасля бою ці пасля смерці ў шпіталі і занесці ў спіс беззваротных страт.
Невядомымі гінулі салдаты, што прынялі на сябе першы агнявы шквал. Яны палеглі ў прыграніччы, пры адступленні і акружэнні, цэлымі палкамі і дывізіямі. Сярод іх лётчыкі, што не вярталіся з баявых заданняў, разведчыкі, якія гінулі ў тыле ворага, пехацінцы, ад якіх не заставалася і следу пры пападанні снарадаў і бомб ці якіх жывымі засыпала ў траншэях. Гінулі ў партызанскіх атрадах і ў антыфашысцкім падполлі, на сваёй зямлі і на чужыне, у лагерах.
Цаной свайго жыцця яны затрымлівалі прасоўванне ворага ў глыб тэрыторыі Радзімы. Без іх не было б Перамогі.
Удовам і маці ваенкаматы давалі афіцыйныя тлумачэнні: прапаўшы без вестак — гэта той, хто ў ходзе баявых дзеянняў не вярнуўся ў сваё падраздзяленне. I хоць болынасць з іх загінула, але баявыя абставіны не дазволілі ўстанавіць гэта. Не ведаючы месца пахавання роднага чалавека, сваякі працягваюць шукаць яго магілу або сведкаў-аднапалчан, якія дапамагаюць высветліць падрабязнасці гібелі. На помніках, устаноўленых у вёсках, райцэнтрах, адкуль людзі ішлі на вайну, не заўсёды ёсць імёны прапаўшых без вестак, расстраляных, загінуў-шых ад голаду і здзекаў у канцлагерах. Іх стараліся ў свой час выкрасліць не толькі на помніках, але і з гісторыі.
Гэтую несправядлівасць, хоць і са спазненнем, выпраўляюць гісторыка-дакументальныя Хронікі Памяці.
У. I. Лемяшонак
|
|