Адлік сваёй гісторыі СВК «Калгас «Радзіма» вядзе з 1929 года. Тады на вірлівай плыні суцэльнай калектывізацыі каля дваццаці ўладальнікаў уласных гаспадарак, якія размяшчаліся на так званых Вішоўскіх хутарах, вырашылі аб'яднацца ў адну калектыўную гаспадарку, каб разам будаваць новае жыццё.
Першымі калгаснікамі-актывістамі новай калектыўнай сельскагаспадарчай арцелі сталі Фёдар Далінін, Андрэй Волкаў, Ісак Парашкоў, Гаўрыла Старавойтаў і шэраг іншых. Цэнтральная сядзіба размясцілася на хутары Карпа Галалобава. Кіраўніком калгаса аднагалосна быў выбраны Фёдар Сцяпанавіч Далінін, а праз нейкі час яго змяніў Мікалай Карпавіч Галалобаў. Рахункаводам працаваў Васіль Ціханавіч Дарэчкін, кладаўшчыком – Тарас Лявонавіч Корбат.
У калгасе імя Калініна, на пачатку яго гаспадарчай дзейнасці, мелася 20 коней і такая ж колькасць неабходнага сельскагаспадарчага інвентару, а таксама дзве конныя малатарні, тры ільнамялкі, прымітыўны сельгасінвентар.
Вясной 1930 года ў калгасе з'явіліся і першыя два трактары «Пуцілавец» з двухлямешнымі плугамі. Зразумела, што тэхніка значна паскарала правядзенне глебаапрацоўчых работ, павялічвала прадукцыйнасць працы і ўмацоўвала ў свядомасці калгаснікаў перакананне, што з кожным годам жыццё будзе паляпшацца.
На пачатку трыццатых гадоў Бялыніцкі райкам партыі накіраваў у вішоўскі калгас імя Калініна старшынёй праўлення аднаго з «дваццаціпяцітысячнікаў» – Васіля Буравецкага. Васіль Паўлавіч у свой час удзельнічаў у разгроме войскаў генерала Юдзеніча пад Петраградам, са зброяй у руках адстойваў савецкую ўладу ў грамадзянскую вайну. Да прыезду ў Вішоў, ён каля дзесяці гадоў працаваў у адной зметалічных майстэрань Магілёва. Падчас старшынёўства Буравецкага цэнтр гаспадаркі са згоды калгаснікаў быў перанесены з хутара Карпа Галалобава, які знаходзіўся паблізу вёскі Рафалава, на хутар Марыі Іванаўны Другачонак. Ён размяшчаўся прыкладна за паўтара кіламетра ад цяперашняй цэнтральнай сядзібы СВК «Калгас «Радзіма».
У сярэдзіне 30-х гадоў «дваццаціпяцітысячнік» Васіль Буравецкі быў накіраваны партыяй выконваць новае заданне. Калектыўную гаспадарку на нядоўгі час узначаліў Ісак Іванавіч Парашкоў.
Калгаснікі не аднойчы на сваіх сходах узнімалі пытанне аб ліквідацыі рэшткаў хутарской сістэмы.
– Працуем разам, – казалі яны, – калектыўна, а жывём кожны паасобку. Нязручна. Колькі часу траціцца, каб дабрацца на працу. Трэба ўсім з'язджацца ў вёску.
Іх мара змагла ажыццявіцца толькі летам 1939 года, калі старшынёй праўлення калгаса імя Калініна працаваў Пётр Аляксандравіч Боўдзілаў – ветэран грамадзянскай вайны. На працягу 1939 года, каб назаўсёды развітацца з хутарскім жыццём і побытам, калгаснікі адбудавалі паабапал шашы Мінск – Магілёў для сябе новыя сядзібы. У апошнія перадваенныя гады на палетках вішоўскага калгаса імя Калініна працавалі ўжо некалькі трактароў ХТЗ, выкарыстоўваліся механічныя жняяркі-снопавязалкі. Гаспадарка набыла і першую ўласную машыну – грузавік ГАЗ-АА, так званую «палутарку». Першым калгасным шафёрам стаў Ягор Андрэевіч Калінкаў.
Вялікая Айчынная вайна карэнным чынам змяніла планы вішоўскіх калгаснікаў. Многія з іх былі мабілізаваны ў Чырвоную Армію і мужна змагаліся з фашыстамі на франтах. Некаторыя, напрыклад Ц.Андрэеў, А.Дарэчкін, А.Аніськоў, браты Іван і Васіль Галалобавы, С.Другачонак і іншыя, падаліся ў партызанскія атрады, якія неўзабаве пачалі дзейнічаць на акупіраванай ворагам Бялыніччыне.
У першыя дні вайны, калі стала зразумела, што фашысты імкліва рухаюцца на ўсход, калгаснікі Ф.Далінін, І.Парашкоў, П.Люцікаў, Т.Корбат і іншыя заняліся арганізацыяй эвакуацыі жывёлы, запасаў збожжа і іншых матэрыяльна-тэхнічных каштоўнасцяў. Коней перадалі часцям Чырвонай Арміі.
Пасля вызвалення Вішова ад нямецка-фашысцкіх акупантаў каля 300 жыхароў вёскі ўліліся ў рады дзеючай арміі. Многія з іх з'яўляліся працаўнікамі калгаса імя Калініна, які аднаўляў сваю гаспадарчую дзейнасць.
Мужчын-калгаснікаў, якія засталіся ў Вішове, можна было пералічыць на пальцах абедзвюх рук. Каторы раз асноўны цяжар працы лёг на кволыя жаночыя плечы.
Спакваля залечваліся раны вайны, паляпшаўся і матэрыяльна-тэхнічны стан калгаса імя Калініна.
Неўзабаве аднавіла сваю дзейнасць і Беларуская МТС, якая знаходзілася ў суседнім Нежкаве. Лягчэй стала і калгаснікам: зямлю пачалі апрацоўваць трактарамі і коньмі, на якіх паступова разжывалася і сама гаспадарка. За першыя чатыры гады пасля вызвалення Вішова змянілася чатыры старшыні калгаса імя Калініна. Імі працавалі В.Кулікоў, В.Зябскі, І.Часлаўскі, Ф.Далінін.
Летам 1949 года, калі калгас у чарговы раз узначальваў Фёдар Сцяпанавіч Далінін, на Бялыніччыне адбылося ўзбуйненне калектыўных гаспадарак. Вішоўскі калгас імя Калініна аб'яднаўся з крукаўскім калгасам «Чырвоны баец» (старшыня Е.А.Несцераў) і з гняздзінскім – імя Будзённага (старшыня З.М.Елісееў). Кіраўніком праўлення аб'яднанай гаспадаркі выбралі спецыяліста Беларускай МТС Барыса Максімавіча Чарнавусава. Крышачку пазней гэты калгас атрымаў назву «Радзіма». Агульная плошча ўгоддзяў калгаса “Радзіма” пасля ўзбуйнення склала 2197 гектараў.
Далей ў розныя часы калгас «Радзіма» ўзначальвалі:
– М.Ц.Стукачоў (1956–1962)
– В.З.Скрыцкі (1962–1963)
– М.С.Нікіфараў (1963–1969)
– В.І.Вададохаў (1969–1975)
– М.З.Сімчанка (1975–1981)
Калі па выніках работы за 1968 год ураджайнасць збожжа і бульбы дасягнула адпаведна 8,9 і 87,2 цэнтнера з гектара, то ў 1974 годзе – 25,6 і 180,5 ц/га. Ураджайнасць гэтых найважнейшых сельскагаспадарчых культур, як бачна, павялічылася адпаведна ў 2,9 і 2 разы.
Значна абнавіўся і машынна-трактарны, тэхнічны парк калгаса. Калі ў 1968 годзе ў гаспадарцы налічвалася 15 трактароў і 7 аўтамашын, то праз шэсць гадоў колькасць трактароў павялічылася на 12 адзінак, а машын – на 10.
Больш як удвая за адпаведны перыяд павысіўся і гадавы грашовы даход калгаса: з 301 061 рубля ў 1968 годзе да 693 105 рублёў ў 1974 годзе. Найбольшых поспехаў ў працы дабіваліся штогод паляводы П.І.Лапікаў, Т.Л.Корбат, Н.І.Далініна, С.І.Лянеўская, Е.М.Елісеева, Е.С.Суслянкова, В.М.Пыхтароў, Т.А.Адамава, Г.Ц.Дабравольская, механізатары А.Е.Гарбузаў, Я.Ц.Савіцкі, І.С.Далінін, А.І.Куляшоў, І.К.Галалобаў, У.С.Мазурскі, З.М.Елісееў, В.М.Нікіцін, С.П.Калакустаў, М.Я.Сідарэнка і іншыя.
Знакамітымі брыгдзірамі з'яўляліся Сяргей Пятровіч Калакустаў, Мікалай Карпавіч Галалобаў, Васіль Міхайлавіч Нікіцін.
У 1974 годзе калгас «Радзіма» прымаў удзел ва Ўсесаюзнай выстаўцы дасягненняў народнай гаспадаркі. Персанальнымі ўдзельнікамі яе сталі: калектыў брыгады №1 на чале з Сяргеем Калакуставым, а таксама Аляксандра Галавачова, Еўдакія Глёкава, Аляксандра Дабравольская, Іван Варапаеў, Ганна Шаракоўская, старшыня гаспадаркі Віктар Вададохаў. За павелічэнне вытворчасці і нарыхтоўкі збожжа, іншых прадуктаў земляробства, калектыў брыгады быў заахвочаны Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі і Рэспубліканскага камітэта галіновага прафсаюза як пераможца ўсесаюзнага спаборніцтва. Лепшыя працаўнікі калгаса былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Тым не менш праца ў калгасе заставалася непрэстыжнай, нізкааплатнай. Пераважная большасць выпускнікоў мясцовай школы-дзесяцігодкі падаваліся на сталае жыхарства ў бліжэйшыя Бялынічы, у Магілёў, Мінск, шукалі шчасця ў іншых гарадах. Некаторыя вішоўцы стараліся ўладкавацца на працу механізатарамі ў ПМК-83 меліяратараў, якая знаходзілася ў вёсцы. Прытоку свежых сіл у калгас «Радзіма» не было.
У лютым 1981 года на чарговым справаздачна-выбарчым сходзе працаўнікоў калгаса «Радзіма» новым кіраўніком праўлення гаспадаркі, якая на той час не ўваходзіла нават у лік так званых, цвёрдых сераднякоў, быў абраны Аляксандр Лапацентаў.
Дагэтуль Аляксандр Міхайлавіч, паспяхова скончыўшы зоаінжынерны факультэт Віцебскага ветэрынарнага інстытута, паспеў адслужыць тэрміновую службу ў Савецкай Арміі, каля чатырох гадоў папрацаваў па атрыманай спецыяльнасці ў калгасах Міншчыны і Бялыніцкага раёна. Пэўны вопыт кіруючай работы ў яго быў. Як было і гарачае жаданне гэты досвед і набытыя веды, рэалізаваць тут як мага паўней, і з найлепшымі вынікамі. Не толькі самому прыносіць карысць людзям, але каб і калгаснікі працавалі з ахвотай і карысцю, атрымлівая за гэта не толькі высокае ўзнагароджанне, але і маральнае задавальненне.
Праўда, на той час, азнаёміўшыся са справамі гаспадаркі, пагутарыўшы з калгаснікамі, спецыялістамі, ён прыйшоў да высновы, што гэта хоць і рэальная, але ўсё ж такі далёкасяжная мара. Шлях, па якім наважыўся ісці малады кіраўнік і ўпэўнена весці за сабой людзей, што паверылі ў яго сілы, здольнасці і патэнцыял, быў цяжкім і пакручастым. Усякае здаралася на гэтым шляху, і асабліва ў першыя 5 – 7 гадоў. А потым, на здзіўленне, калгас «Радзіма» ўсё часцей пачаў адкрываць раённыя зводкі: і па ўраджайнасці збожжа, бульбы, караняплодаў, і па надоях малака ад каровы, і па тэмпах правядзення важных сельскагаспадарчых работ.
Напрыканцы 80-х гадоў калгас «Радзіма» канчаткова замацаваўся на першых пазіцыях у раёне. Праўда, гэты працавіты калектыў скоўвала малазямелле. Напрыклад, на сто гектараў сельгасугоддзяў шчыльнасць пагалоўя буйной рагатай жывёлы тут у тры і больш разоў перавышала сярэднераённы паказчык.
У пачатку 90-х гадоў калгас «Радзіма» быў ўжо моцнай калектыўнай гаспадаркай, якая валодала магутным тэхнічным патэнцыялам, мела дастатковы штат высокакваліфікаваных спецыялістаў і работнікаў, а жывёлагадоўля і раслінаводства сталі эфектыўнымі галінамі сельгасвытворчасці.
Гаспадарка шчасліва пазбегла працэсу разбурэння, а назапашаныя неблагія грашовыя рэсурсы, у тым ліку і бюджэтныя, тут своечасова ўкладваліся ў вытворчасць: набывалася тэхніка, будавалася жыллё, ствараліся падсобныя промыслы (мукамольны, па вырабу макарон, каўбасы).
Напрыканцы старога і ў пачатку новага стагоддзя з 12 экс-калгасаў раёна, якія былі перайменаваны ў сельгаскааператывы, па-ранейшаму квітнела толькі адна гаспадарка – «Радзіма». Калі ўраджайнасць збожжавых па раёне ў 2002 годзе дасягнула 19,6 цэнтнераў з гектара, дык з палеткаў «Радзімы» іх сабралі па 37,8 цэнтнера. Ад кожнай каровы за гэты ж год тут было надоена па 4637 кілаграмаў малака (па раёне – толькі па 2180 кілаграмаў).
У 2003 і 2005 гадах да СВК «Калгас «Радзіма» далучыліся суседнія збанкрутаваныя гаспадаркі – СВК імя Фрунзе і імя Леніна, часткова «Ленінскі заклік». Сельскагаспадарчыя ўгоддзі СВК «Калгас «Радзіма», дзякуючы гэтаму аб'яднанню, павялічыліся амаль утрая, што адразу ж зняла вастрыню праблемы са стварэннем кармавой базы для пяцітысячнага (на той час) пагалоўя буйной рагатай жывёлы. |
Таксама трэба адзначыць, што з 2004 года па 2009 год – СВК “Калгас “Радзіма” з’яўляўся пераможцам раённага спаборніцтва по агульных выніках работы за год.
Падводзячы вынікі 2007 года можна было з поўнай упэўненасцю сцвярджаць, што адна з самых запаветных мар працоўнага калектыву збылася: гаспадарка дасягнула таго, да чаго імкнулася, аб чым марылі яе працаўнікі амаль тры дзесяцігоддзі. Праведзена поўнае тэхнічнае пераўзбраенне ва ўсіх галінах сельгасвытворчасці. Новая, надзвычай эфектыўная, тэхніка, сучасныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца як у жывёлагадоўлі, так і ў корманарыхтоўчай галіне, раслінаводстве – ад апрацоўкі глебы, унясення арганікі – да перапрацоўкі атрыманага ўраджаю.
Некалі, атрымліваючы па 14 цэнтнераў збожжа з гектара, марылі збіраць яго па 20. А ў 2007 годзе кожны гектар хлебнай нівы прынёс кааператыву больш, як за 51 цэнтнер зерня. Валавы збор перавысіў 11 тысяч тон.
Дзякуючы здабыткам у раслінаводстве, гаспадарка здолела атрымаць чысцейшы баланс рацыёну для буйной рагатай жывёлы, у якім прысутнічалі ўсе патрэбныя кампаненты. У 2007 годзе было сабрана 1300 тон кукурузы. На 2008 год запланавалі сабраць 2000 тон.
У штодзенны рацыён кармлення жывёлы ў гэты перыяд уваходзіць патака – калі раней завозілі яе толькі па 200 тон, то цяпер у два разы больш. Таксама ў 2007 годзе вырасцілі 447 тон масла-насення рапсу, што на 80% дазволіла забяспечыць рацыён жывёлы спажыўным бялком.
Усё гэта стварыла надзейны падмурак для інтэнсіўнага шляху развіцця жывёлагадоўчай галіны ў цэлым. Атрыманне 800-грамовых прываг буйной рагатай жывёлы і вырошчванне да 4 тон мяса за суткі, стала ўжо не марай, а рэальнасцю.
Аналагічны ўзровень і тэмпы росту ў 2007 годзе характэрныя і для малочнага цэха сельгаскааператыва. Зімой, напрыклад, кожныя суткі гаспадарка атрымлівала сырадою больш, як на 13 мільёнаў рублёў. За месяц набягала 400 мільёнаў рублёў. Малочная галіна з'яўляецца найбольш значным рэзервам, трывалым падмуркам фінансавага дабрабыту сельскагаспадарчага прадпрыемства. Менавіта з вытворчасці малака пачынаецца і эканоміка гаспадаркі, і стабільны рост зарплаты яе працаўнікоў.
Па падліках за 2007 год аператарам машыннага даення кароў не хапіла некалькі дзесяткаў кілаграмаў малака, каб у цэлым па СВК выйсці на пяцітысячны рубеж. А ў плане на 2008 год гэты паказчык павялічылі да 5500 кілаграмаў.
У 2007 годзе ўзровень заработнай платы наблізіўся ў сярэднім да 600 тысяч рублёў. А месячны фонд заработнай платы на 382 работнікі кааператыва склаў 227 мільёнаў рублёў.
Адной з найважнейшых умоў развіцця вытворчых галін кааператыва па шляху інтэнсіфікацыі з'яўляецца тэхнічнае і тэхналагічнае забяспячэнне іх. І гэта задача паспяхова выконвалася. У 2006 годзе парк гаспадаркі папоўніў сучасны ўборачны комплекс BIG-X, два трактары “Клас” з поўным камплектам неабходнага абсталявання заходнегерманскай вытворчасці, а ў 2007 годзе гаспадарка набыла два найсучаснейшыя агрэгаты СХ-880 Нью Холанд, шэсць айчынных МТЗ-82, шмат прычапнога інвентару, сельгасмашын і агрэгатаў. Механізатары, якія шчыруюць на навейшай супертэхніцы, аказаліся на вышыні. Выдатна асвоіўшы агрэгат СХ-880 Нью Холанд, за жніво-2007 камбайнер Мікалай Дарэчкін і яго памочнік Юрый Паўлючэнка ўпершыню ў гісторыі не толькі СВК «Калгас «Радзіма», але і раёна, намалацілі 3000 тон зерня. За гэтай лічбай не толькі высокі прафесіяналізм, выключная дысцыплінаванасць, працавітасць, але і персанальная адказнасць за лёс вырашчанага ўраджаю, высокае праяўленне пачуцця сапраўдных гаспадароў на сваёй зямлі. За дасягнутыя высокія вынікі працы камбайнер Мікалай Дарэчкін стаў адным з пераможцаў рэспубліканскага фестывалю-ярмаркі «Дажынкі-2007».
Таксама ў 2007 годзе пераможцамі рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі стала галоўны заатэхнік СВК «Калгас «Радзіма» Валянціна Лапацентава.
У наступны 2008 год звання лепшай даяркі раёна па выніках года атрымала аператар машыннага даення Гняздзінскай фермы СВК «Калгас «Радзіма» Наталля Буянава. Наталля Уладзіміраўна ад кожнай каровы надаіла 6990 кілаграмаў малака. Высокіх паказчыкаў ў надоях дасягнулі таксама даяркі калгаса Алена Зорачкіна і Вольга Куляшова, якія суадносна надаілі па 6754 і 6725 кілаграмаў малака на карову.
На свята хлебаробаў «Дажынкі-2009» у 2009 годзе адправіліся галоўны інжынер калгаса Аляксандр Аўчыннікаў і старшыя камбайнеры Юрый Зайцаў і Мікалай Дарэчкін, якія па намалоце збожжа занялі два другіх і 3-е месца ў рэспубліканскім спаборніцтве суадносна.
І ўвогуле па выніках працы за 2009 год СВК «Калгас «Радзіма» заняў другое месца ў абласным аглядзе-конкурсе на лепшую работу па стварэнню працы і вытворчага быта для працаўнікоў машынных двароў.
Не заставалася ў баку і культурнае жыццё сельгаскааператыва. У пярэдадзень 2010 года старшыня праўлення А.М.Лапацентаў выступіў з чарговай ініцыятывай, скіраванай на матывацыю вядзення здаровага ладу жыцця і раскрыцця творчых здольнасцяў работнікаў кааператыву: пачынаючы са студзеня 2010 года кожны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці з ліку работнікаў сельгаскааператыву будзе атрымліваць грашовую надбаўку ў памеры 10% ад асноўнага заробку. І ўпершыню на сцэне Вішоўскага СЦКіВЧ каля 30 працаўнікоў сельгаскааператыву дэманстравалі свае творчыя здольнасці і дасягненні ў галіне аматарскай мастацкай самадзейнасці. Прычым, у гэтым конкурсе яны прадстаўлялі не толькі ўласнае майстэрства, але і абаранялі гонар калектываў, дзе працуюць. Раіса Каралёва і Таццяна Стасюк з Голубаўкі кранальна і пяшчотна выканалі вядомую шчымлівую песню «Вёсачка мая», а Надзея Новікава з Гняздзіна ўсхвалявала прысутных не толькі вакальнымі дадзенымі, але і яскравым раскрыццём паэтыкі папулярнага хіта «Снегопад». Літаральна зачаравала журы і гледачоў рамантызмам і лірычнасцю аператар машыннага даення кароў комплексу «Усход» Алена Медвядзёва, якая натхнёна праспявала песню «Кахаю і спадзяюся».
Многія работнікі СВК «Калгас «Радзіма», як высветлелася, валодаюць выдатнымі здольнасцямі дэкламатараў-чытальнікаў, пераканаўчым сцэнічным майстэрствам, яны здатныя двума-трыма штрыхамі раскрыць складаную глыбіню вобраза. Святлана Скарабагатава, Зінаіда Лявіцкая, Валянціна Нікіціна, Алена Грыбоўская і Вольга Пагуляева, Марыя Панцеенка і Марыя Шут (занялі першае месца сярод інсцэніровак), Тамара Фралова (заняла першае месца сярод чытальнікаў), Сяргей Паддубскі і Аляксандр Дзянісаў…
Аляксандр Лапацентаў справядліва лічыць, што матэрыяльнае заахвочванне аматараў мастацкай самадзейнасці з ліку работнікаў сельгаскааператыва дазволіць не толькі больш поўна раскрыць здольнасці вяскоўцаў, але гэта мера пасадзейнічае і пашырэнню як шэрагу прыхільнікаў творчага баўлення вольнага часу, так і ўзроўню агульнай культуры мясцовага жыхарства, і адраджэнню спрадвечнай традыцыі арганізацыі калектыўнага вольнага часу.
У рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады ў раёне пабудавана 266 жылых дамоў. У тым ліку 56 з іх (18 выдзелены маладым сем’ям) – у СВК «Калгас «Радзіма».
Што пасееш, тое і пажнеш. Добра ведаюць гэта ў гаспадарцы і працуюць па схеме: максімум якасці – мінімум страт.
У 2010 годзе пасяўную пачалі не першымі, але тэмп узялі лідэрскі. Працаваць прыходзілася ў няпростых умовах. Па словах намесніка старшыні праўлення СВК «Калгас «Радзіма» па раслінаводстве Барыса Сафонава, па-першае, гэта ландшафтныя асаблівасці палеткаў гаспадаркі: ўзгоркі і нізіны. Па-другое, - надвор’е. Тым не менш, сяўба ішла поўным ходам.
Па стану на 20 красавіка 2010 года ў СВК «Калгас «Радзіма» было пасеяна 430 гектараў ячменю. Хлебаробы працавалі з 7 раніцы да 7 вечара. Наогул, плошча яравых СВК «Калгас «Радзіма», ў разрэзе выглядала так: 1150 гектараў зерневыя, 1400 – кукуруза, 418 – аднагадовыя травы. У пасяўной кампаніі было задзейнічана 30 адзінак тэхнікі.
Больш за 20 мільёнаў рублёў было выдзелена праўленнем гаспадаркі на матэрыяльнае заахвочванне лепшых работнікаў сельгаскааператыва, якія вызначыліся на веснавых палявых работах і ў жывёлагадоўчай галіне ў 2010 годзе. Сярод іх жывёлаводы Тамара Кудзіна, Святлана Гарбунова, Валянціна Якушава, Тамара Рахметава, Вера Болдзіна, Фёдар Данілаў, вадзіцелі Сяргей Паддубскі, Уладзімір Казлоў, механізатары Мікалай Куляшоў, Сяргей Дарэчкін, Юрый Петушкоў, Мікалай Тарасенка, Уладзімір Лянеўскі і многія іншыя.
Таксама ў гэтым годзе гаспадарка прызнана пераможцам раённага спаборніцтва на веснавых палявых работах і 8 механізатараў узнагароджаны дыпломамі райвыканкама і грашовымі прэміямі.
У перыяд правядзення веснавых работ механізатары, вадзіцелі гаспадаркі абслужылі больш 7 тысяч гектараў зямлі. Яравы клін у 2010 годзе склаў 2971 гектар. У аптымальныя тэрміны было ўнесена ў глебу больш за 4 тысячы тон мінеральных угнаенняў. Адной з асаблівасцяў правядзення веснавых палявых работ-2010 з’явілася мэтанакіраваная праца па вывазцы арганічных угнаенняў. Так, механізатар Сяргей Дарэчкін пагрузіў каля 31 тысячы тон арганікі. Мікалай Дарэчкін перавёз яе 15 тысяч тон, Аляксандр Петушкоў – каля 9 тысяч тон.
Выдатна папрацавалі ў 2010 годзе таксама і на ўнясенні мінеральных угнаенняў Аляксандр Казакоў, Аляксандр Міткевіч, Іван Казакоў, якія заправілі імі глебу на плошчах адпаведна 3843, 2352 і 2275 гектараў.
Добра спрацавалі ў гэтым годзе і работнікі жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі. 80% грашовай выручкі, якая паступала ў касу сельгаскааператыва, прыносіла менавіта гэта галіна. За першыя чатыры месяца 2010 года было атрымана 3022 тоны малака.
Плённа, вынікова папрацавалі ў жывёлагадоўчай галіне Валянціна Лазарэвіч, Наталля Волкава, Вольга Куляшова, Вячаслаў Савельеў, Сяргей Сайфулін і іншыя.
У 2010 годзе ў гаспадарцы пасадзілі 63 гектары цукровых буракоў, якія неабходныя для балансавання рацыёну жывёлы. Прычым працэс догляду і ўборкі караняплодаў быў цалкам механізаваны.
Таксама на палеткі выведзена ўся наяўная высокапрадукцыйная корманарыхтоўчая тэхніка. І таму па тэмпах работ гаспадарка ўпэўнена заняла першае месца ў раёне. Штодня тут скошвалася і здрабнялася па 500-600 тон травы.
Стала добрай традыцыяй у хлебаробаў СВК «Калгас «Радзіма» першымі ў раёне выходзіць на намалот у тысячу тон збожжа на камбайн. Па-першае, ураджайнасць зерневых і зернебабовых культур на мясцовых палетках – самая высокая ў раёне і нават у 2010 не вельмі спрыяльным сельскагаспадарчым годзе, яна перавышала 40 цэнтнераў збожжа з гектара. Па-другое, не было роўных па прадукцыйнасці камбайнам «Нью Холанд», на якіх, дарэчы, і ўстанаўліваюцца рэкорды жніва. Першым намалаціў тысячу тон збожжа экіпаж камбайна ў складзе з Мікалаем Дарэчкіным і Сяргеем Казаковым, гэткі ж тэмп жніва трымаў і экіпаж «Нью Холанда» ў складзе Юрыя Зайцава і Дзмітрыя Рэміцёнка. Літаральна лічаныя тоны ўступілі перадавікам-калегам экіпаж Аляксандра Міткевіча і Вячаслава Лугавога.
Дарэчы, Мікалаю Дарэчкіну прысвяціў свой верш «Пераможца» Васіль Дзеравяшка (надрукаваны ў газеце «Зара над Друццю» за 31 ліпеня 2010 года).
Трэба адзначыць у 2010 годзе і добрую працу механізатара Міхаіла Куляшова на падрыхтоўцы глебы пад сяўбу азімых зерневых культур, ворыве зябліва. Гэты сціплы і надзвычай працавіты чалавек з году ў год выходзіць у лік пераможцаў раённага спаборніцтва аратых. Дзякуючы працы Міхаіла Васільевіча, гаспадарка і вясной і восенню, ў аптымальныя тэрміны праводзіць цыкл палявых работ. Штодзень васьмікорпусным абаротным плугам ён узорваў да 50 гектараў глебы, а ўсяго ў 2010 годзе запісаў на ўласны рахунак звыш 2000 гектараў ворыва.
Няпроста вызначыць, якая работа на восеньскім полі ў СВК «Калгас «Радзіма» з’яўляецца галоўнай? Хутчэй за ўсё, для сельгаспрадпрыемства аднолькава важна і кукурузу ўбраць, і буракі ўпарадкаваць, і азімы клін засеяць, і зябліва ўзняць. У кожным звяне восеньскага канвеера захоўваецца зладжаны працоўны рытм.
Паўтары тысячы гектараў займала кукурузнае поле ў 2010 годзе, і «каралева палёў» ўрадзіла на славу. А нарыхтаваць адсюль патрабавалась звыш 34000 тон сіласу. Амаль 100 гектараў кукурузы, дзе паспелі пачаткі, запланавана было ўбраць на зерне. Ні на хвіліну не прыпыняўся ў загоне кормаўборачны камбайн «БІГ-Х», якім кіраваў адзін з лепшых механізатараў Аляксандр Міткевіч. Не праходзіў агрэгат і 200 метраў, як кузаў магутнага МАЗа ці прычэп трактара напаўняліся здробненай сіласнай масай. А на яе транспарціроўцы, ўдарна працавалі Міхаіл Варфаламееў і Мікалай Дарэчкін, Міхаіл Іваноў і Сяргей Петушкоў, Міхаіл Мядзведзеў і Аляксандр Петушкоў, Фёдар Зайцаў і Яўген Шалкоўскі. Яўген Іванавіч Шалкоўскі працаваў ў механічнай майстэрні гаспадаркі інжынерам, а ў самы напружаны перыяд палявых работ мог замяніць механізатара. Вось і ў 2010 годзе ён прадукцыйна эксплуатаваў трактар МТЗ-1221, які быў замацаваны за Аляксандрам Міткевічам.
Сяргей Казакоў і Міхаіл Куляшоў, як і ў 2009 годзе, вырашылі ўзняць зябліва на 3006-гектарнай плошчы да 1 кастрычніка. Таму і стараліся земляробы, узворваючы штодзень па 40-47 гектараў. Балазе, магутныя «Джон Дзіры» з васьмікарпуснымі абаротнымі плугамі дазвалялі дасягнуць такой прадукцыйнасці.
А на сумежным полі дружным дуэтам вялі сяўбу азімых Ігар Шчолухаў і Аляксандр Кузьмянкоў. Іх «Атлесы» абсталяваны здвоенымі заднімі коламі, каб не дапускаць прабуксовак. Трактары агрэгатавалісь з камбінаванымі шыроказахопнымі сеялкамі «Раба». А пасеяць трэба было пшаніцу, трыцікале і жыта на 1260-гектарнай плошчы. Тут жа Сяргей Гаўрыленка трактарам МТЗ-3022 у счэпе з камбінаваным агрэгатам дадаткова апрацоўваў паваротныя палосы і нізінныя ўчасткі поля.
Для ўборкі буракоў у 2010 годзе гаспадарка прыдбала эксперыментальны камбайн айчыннай вытворчасці. Дзякуючы творчай працы мясцовай інжынернай службы, якую ўзначальваў Аляксандр Аўчыннікаў, яго запусцілі ў работу. А буракі ўрадзілі – будзе істотная прыбаўка ў рацыёны кароў.
З першых дзён нарыхтоўкі сіласу лепшы камбайнер СВК «Калгас «Радзіма» Мікалай Дарэчкін працаваў у транспартным звяне, адвозячы сіласную масу ад кормаўборачнага агрэгата БІГ-Х Аляксандра Міткевіча. З пашырэннем фронта ўборачных работ Мікалай Іванавіч таксама выводзіў на кукурузнае поле замацаваны за ім уборачны камбайн «Ягуар-890». Устаноўленая норма выпрацоўкі на гэты агрэгат складала 350 тон здробленай сіласнай масы. Фактычна ж Мікалай Дарэчкін выконваў за светлавы дзень па тры нормы. І гэта дазваляла знакамітаму механізатару за адзін тыдзень працы выйсці на першае месца ў спаборніцтве корманарыхтоўшчыкаў кааператыва. На яго рахунку было больш за 8000 тон сіласнай масы.
У 2010 годзе ў дойным статку СВК «Калгас «Радзіма», які размяшчаўся на васьмі фермах і комплексах, налічвалася 1742 каровы. Дзякуючы мэтанакіраванай шматгадовай працы заатэхнічнай службы, якую ўзначальвала Валянціна Лапацентава, гэта, у асноўным, жывёла галштынскай пароды малочнага накірунку. Сярэднесутачная прадукцыйнасць статка складала да 30 тон малака. Паколькі менавіта ад рэалізацыі гэтага віду прадукцыі ў многім залежала фінансава-эканамічнае становішча кааператыва, то пытанне цаны на рэалізуемае малако вылучалася на першы план. Арыфметыка простая: тона прадукцыі «экстра» прыносіла даход гаспадарцы ў той перыяд 1100 тысяч рублёў, а вышэйшым гатункам – 950.
Забяспечыць найвышэйшую якасць малака ў такім маштабе заставалася няпростай праблемай для гаспадаркі. Гэта зусім іншы падыход, зусім іншая тэхналогія і самы пільны, нават жорсткі кантроль у кожным тэхналагічным звяне. Валянціне Сцяпанаўне давялося вывучаць вопыт «першапраходцаў», скласці ўласную падрабязную праграму работы. У выніку, на Вішоўскай і Ізобішчанскай фермах абсталявалі малочныя лабараторыі, закупілі і задзейнічалі неабходнае абсталяванне, у тым ліку і лічыльнікі саматычных клетак. Лабаранты прайшлі спецыяльную падрыхтоўку. Узначальвала іх старшы лабарант Людміла Барбосава.
І вось першы вынік карпатлівай работы працаўнікоў малочнага цэха: 1130 тон малака, што склала 16,4 працэнта ад агульнага аб’ёму рэалізацыі, паступіла на перапрацоўчыя прадпрыемствы за дзевяць месяцаў 2010 года гатункам «экстра». Тым не менш, праўленне кааператыва да гэтага поспеху паставілася даволі крытычна. Па разлікам галоўнага эканаміста Надзеі Аўчыннікавай, з-за таго, што яшчэ 5544,7 тоны малака рэалізавалі вышэйшым гатункам і 200,043 – першым, а не «экстра», кааператыў недаатрымаў 804,5 мільёнаў рублёў. Такім чынам, «згублена» 14% грашовай выручкі за малако.
Дакладны эканамічны аналіз дазволіў праўленню кааператыва акцэнтаваць увагу на ўмацаванні слабых звенняў у тэхналогіі атрымання і рэалізацыі малака «экстра». Ужо ў верасні 2010 года з комплексу «Усход» усе 157352 кілаграмы малака пры тлустасці 3,6 працэнта былі залічаны гатункам «экстра». Такі ж стопрацэнтны вынік быў атрыманы і на Голубаўскай малочнатаварнай ферме. 99,1 працэнта малака гатункам «экстра» паступіла ў цэх па вытворчасці сыроў ААТ «Бабуліна крынка» з Ермалавіцкай малочнатаварнай фермы. Усяго, такім чынам, павышэнне якасці малака за месяц прынесла на рахунак кааператыва дадаткова 66 мільёнаў рублёў. За 2010 год СВК «Калгас «Радзіма» выйшаў на рэалізацыю малака гатункам «Экстра» ў аб’ёме 27,6 працэнта. А ў снежні 2010 года гэты паказчык дасягнуў 57 працэнтаў.
Таксама гаспадарка запланавала будоўлю чацвёртай па ліку малочнатаварнай фермы з даільнай залай у вёсцы Навасёлкі.
Адным з самых папулярных месцаў працаўладкавання маладых спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі ў Бялыніцкім раёне з’яўляецца СВК «Калгас «Радзіма». Яно і не дзіўна: гаспадарка не толькі стабільна развіваецца, але і з кожным годам нарошчвае тэмпы вытворчасці, удасканальвае ўмовы працы і жыцця работнікаў.
Праўленне гаспадаркі з вялікай радасцю сустракае маладых спецыялістаў і заўсёды падтрымлівае іх. А па-іншаму і быць не можа: моладзь – генератар крэатыўных ідэй, новых падыходаў. А таму тут заўсёды імкнуліся стварыць для хлопцаў і дзяўчат такія ўмовы, каб яны і не думалі з’язджаць у іншае месца.
У прыватнасці, ўсім жадаючым маладым спецыялістам прадастаўляецца жыллё ў інтэрнаце, а сямейным выдзяляюцца дамы сядзібнага тыпу, выдзяляюцца так званыя пад’ёмныя.
Як вынік, многія маладыя спецыялісты пасля абавязковай адпрацоўкі не спяшаюцца шукаць новае месца працы. Так, пусцілі карані ў вішоўскую зямлю аграном-аграхімік Віталь Іванюшаў, аграном-насеннявод Уладзімір Наровіч, ветфельшар Любоў Волкава і іншыя.
Прадстаўнікі маладога пакалення СВК «Калгас «Радзіма» добра спраўляюцца са сваімі працоўнымі абавязкамі, прымаюць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці гаспадаркі і, што не менш важна: не баяцца быць ініцыятыўнымі. А ўсё таму, што ведаюць: у сельгаскааператыве ініцыятыўнасць не караецца, а заахвочваецца.
Некаторыя выніковыя паказчыкі, якіх удалося дасягнуць ва ўсіх галінах сельгасвытворчасці гаспадаркі ў 2010 годзе: вытворчасць мяса склала 1160,2 тоны (на 32% больш, чым у 2006 годзе), малака – 10323,7 тоны, зерня ў вазе пасля дапрацоўкі атрымалі 8771 тону. Сярэднесутачная прывага буйной рагатай жывёлы ў параўнанні з 2009 годам павялічылася амаль на 80 грамаў і склала 750 грамаў. За 2010 год было атрымана ад адной каровы па 5886 кілаграмаў сырадою (гэта самы высокі паказчык у раёне). Тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі склаў 107,8 працэнта да ўзроўню мінулага года, а рэнтабельнасць ад балансавага прыбытку – 20 працэнтаў. Асноўнай крыніцай даходу з’яўлялася рэалізацыя прадуктаў жывёлагадоўлі.
Таксама, у 2010 годзе СВК «Калгас «Радзіма» прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва па вытворчасці малака, мяса і закупу малака ў насельніцтва, а старшыня гаспадаркі Аляксандр Лапацентаў прызнаны лаўрэатам спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама «Чалавек года».
Па выніках работы за 2010 год СВК «Калгас «Радзіма» плануе выйсці на сярэдні надой малака ад каровы ў 6000 кілаграмаў. Тым самым, у цэлым атрымаць 11542 тоны гэтага прадукту;
Таксама дасягнуць 780-грамовых сярэднесутачных прываг.
Як вядома, чым прывабней выглядае працоўнае месца, тым з большым жаданнем работнікі выконваюць службовыя абавязкі. А калі прыгажосць была наведзена сваімі рукамі – прыемней удвая. Таму кіраўніцтва СВК «Калгас «Радзіма» штогод напярэдадні навагодніх святаў праводзіць агляд-конкурс на лепшае добраўпарадкаванне і афармленне аб’ектаў сельгасвытворчасці. На працягу снежня калгаснікі наводзяць парадак на малочнатаварных і жывёлагадоўчых комплексах і фермах, машынным двары… Вось і напярэдадні 2011 года яны вельмі творча і крэатыўна падыйшлі да гэтай справы.
МТФ у вёсцы Голубаўка, напрыклад, ў гэтыя святочныя дні пераўтварылася ў «звярынец». Апроч кароў, якіх тут утрымліваецца каля 600, на ферме пасяліліся «конь», «заяц», «кот», «ліса». Забаўлялі гэтую кампанію Дзед Мароз і Баба Яга. Работнікі і спецыялісты гаспадаркі заўсёды, незалежна ад святаў, імкнуцца захоўваць прыгажосць і парадак на сваіх працоўных месцах. Яны добра разумеюць, што працоўная дзейнасць павінна прыносіць задавальненне, у тым ліку, і духоўнае, эстэтычнае. Тады і поспехі не прымусяць сябе чакаць.
Пачатак года – выдатны час для падвядзення вынікаў працоўнай дзейнасці, вызначэння задач і планаў на перспектыву. А ў перспектыве на 2011 год было заканчэнне рэканструкцыі фермы па дарошчванні свіней. Пры поўнай запаўняльнасці планавалася атрымаць дадаткова 200 тон мяса, а гэта плюс 20% да агульнага паказчыка вытворчасці мяса. Усяго ж ферма разлічана была на дзве з паловай тысячы галоў парсюкоў. На рэканструкцыю першага хлява і на набыццё ўсяго неабходнага абсталявання было затрачана каля 500 мільёнаў рублёў. Ферма будавалася па галандскім праекце. На ёй адсутнічалі якія-небудзь электрарухавікі, затое было запланавана прымяненне сучасных, у тым ліку і энергазберагаючых, тэхналогій. Кожны станок для жывёлы быў абсталяваны падлогай з падагрэвам, што дазваляла падтрымліваць неабходны для нармальнага росту парсюкоў мікраклімат. Пры гэтым, электраэнергіі затрачвалася б столькі ж, колькі спажывала яе звычайная 60-вольтавая лямпачка. Галандская тэхналогія адметная яшчэ і тым, што яна дазваляла атрымаць рэнтабельнасць ад свінагадоўлі на ўзроўні 47%.
У студзені 2011 года быў зданы ў эксплуатацыю Навасёлкаўскі малочнатаварны комплекс, які стаў 11 жывёлагадоўчым аб’ектам у гаспадарцы. Ён узводзіўся па генпадрадзе і абышоўся для СВК «Калгас «Радзіма» ў 11 мільярдаў рублёў. Комплекс уключае ў сябе два кароўнікі і даільна-малочны блок. Спачатку на комплексе ўтрымлівалася 596 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 342 – каровы. Аднак да канца 2011 года запланавана было задзейнічаць комплекс на поўную праектную магутнасць – колькасць жывёлы павялічыць да 768 галоў. За май 2011 года аператары Навасёлкаўскага МТК атрымалі каля 160 тон малака, а за 5 месяцаў – 527 тон. За дзень у сярэднім надой ад каровы складаў прыкладна 16 кілаграмаў, а валавы – больш за пяць тон. На комплексе былі створаны неабходныя тэхналагічныя ўмовы, якія ўключалі ў сябе сучасную даільную залу і вытворчыя памяшканні з аптымальным рэжымам утрымання жывёлы. Мелася паўнацэнная кармавая база. У штаце комплексу працуе кампетэнтны ветфельчар Фёдар Нікіцін, які адсочваў стан здароўя жывёлы пачынаючы з маленькіх цялятак, каб цялушкі на ўзнаўленне статка і першацёлкі мелі не толькі стопрацэнтны рэпрадукцыйны патэнцыял, але і захоўвалі ўстойлівы імунітэт да тыповых захворванняў. Значнага павялічэння штата работнікаў на комплексе не планавалася: камп’ютарныя тэхналогіі дазвалялі выконваць вялікі аб’ём работ без значнага прыцягнення людскіх рук.
26 лютага 2011 года старшыня праўлення СВК «Калгас «Радзіма» Аляксандр Міхайлавіч Лапацентаў адзначыў слаўны юбілей: вось ужо трыццаць гадоў ён узначальвае сельгаскааператыў. У Вішоўскім СЦКіВЧ адбыўся справаздачны сход праўлення, на якім падводзіліся вынікі працы за 2010 год, а таксама адбылося ўшанаванне яго кіраўніка.
У сярэдзіне красавіка 2011 года ў СВК «Калгас «Радзіма» прыступілі да сяўбы яравых культур. Гэта крыху пазней, улічваючы цяжкія сугліністыя глебы. У планах сельгаспрадпрыемства – азімыя і яравыя культуры складуць каля 2,5 тысяч гектараў. Гэтага было дастаткова для таго, каб поўнасцю задаволіць патрэбы жывёлагадоўчай галіны гаспадаркі. Стаўку вырашылі зрабіць і на рапс, яго пасеялі 640 гектараў, 50 гектараў заняла грэчка, якую запланавалі не толькі вырошчваць, але і перапрацоўваць. Таксама ў 2011 годзе ўзнялі планку ўраджайнасці: паставілі задачу атрымаць 55 цэнтнераў зерня з гектара і, як вынік, 14 тысяч тон валавога збору збожжа.
Якасная і своечасова ўнесеная падкормка з’яўляецца адным з найважнейшых складальнікаў будучага ўраджаю. Аб ёй у 2011 годзе ў гаспадарцы паклапаціліся загадзя. За ўласныя сродкі былі закуплены ўсе неабходныя ўгнаенні для азімых і яравых культур, а таксама ядахімікаты, была вывезена на палі і ўся арганіка. Апроч гэтага, машынна-трактарны парк СВК «Калгас «Радзіма» папоўніўся сучаснай тэхнікай для падкормкі зерневых культур. У прыватнасці апыляльнікам штангавым «Раса» і самаходным агрэгатам для ўнясення ядахімікатаў «Мекасан-Тэхнома».
Усяго ў вясенне-палявой кампаніі 2011 года былі задзейнічаны тры шыроказахопныя пасяўныя агрэгаты і дробныя: СО 4-2, СТВ-8, СПУ-6. Апошнія два былі задзейнічаны на пасеве кукурузы. Упершыню за апошняе дзесяцігоддзе была выкарыстана сеялка 1937 года выпуску СЗ-3,6. Яна працавала на ўшчыльненні пасеваў, дзе ёсць пашкоджанні пасля зімы.
Таксама былі распрацаваны ўмовы спаборніцтва, згодна з якімі лепшыя аграрыі былі адзначаны, у тым ліку і матэрыяльна.
Да пачатку лета 2011 года ў СВК «Калгас «Радзіма» пачаў дзейнічаць сучасны камбікормавы завод, праектная магутнасць якога складала вытворчасць за суткі 90 тон адпаведнай высакаякаснай прадукцыі. Пад вытворчы цэх сіламі калгаснай будаўнічай брыгады было пераабсталявана памяшканне былой АВМ, якое некалькі гадоў не выкарыстовывалася. Пайшла ў справу і частка абсталявання самой устаноўкі па вытворчасці вітаміннай мукі. Набылі ў спецыялізаванай фірме «Полымя», што на Барысаўшчыне, з якой у гаспадаркі дзесяткі гадоў супрацоўніцтва і партнёрства, неабходныя механізмы. Словам, на ўсё тое, каб камбікормавы завод быў пабудаваны і пачаў выдаваць прадукцыю, гаспадарка затраціла крыху больш за 900 мільёнаў рублёў. Тэхналагічная лінія завода камп’ютарызавана, а высокі ўзровень механізацыі звёў практычна да нуля выкарыстанне цяжкой ручной працы. У выніку, працавалі на прадпрыемстве ў 2011 годзе ўсяго два чалавекі: аператар Аляксандр Шаракоўскі і вадзіцель спецыяльнай машыны Леанід Шут. Спецыялісты гаспадаркі падлічылі, што пры выкарыстанні камбікорму, вырабленага на калгасным заводзе, можна было забяспечыць адкормкам кілаграмовыя прывагі ў свінагадоўчай галіне, а рэнтабельнасць галіны склала б не меней за 30 працэнтаў.
У чэрвені 2011 года на сенажацях СВК «Калгас «Радзіма» поўным ходам ішла нарыхтоўка травяных кармоў на зімоўку грамадскага статка жывёлы. Ад якасці яе правядзення залежылі надоі малака ад кароў, прывагі БРЖ, дый, увогуле, развіццё ўсёй жывёлагадоўчай галіны сельгаскааператыва.
У планах СВК на лета 2011 года была нарыхтоўка 580 тон сена. Штодзень нарыхтоўвалі больш за 100 тон травы, з палей вывозілі прыкладна столькі ж. На гэтых работах былі задзейнічаны каля 20 механізатараў, уся наяўная высокапрадукцыйная корманарыхтоўчая тэхніка.
Таксама ў гэты перыяд прыступілі да назапашвання сенажу. Яго планавалі нарыхтаваць не менш за 14 тысяч тон. А нарыхтоўвалі яго толькі за дзень 700-800 тон.
Пачатак лета 2011 года быў не менш адказнай парой і ў жывёлаводаў. Тры фермы з 10 мая перайшлі ў летнія лагеры. Буйная рагатая жывёла, што ўтрымлівалася на Вішоўскай малочнатаварнай ферме, размяшчалася ва ўрочышчы недалёка ад аграгарадка, з Навасёлкаўскай - на пашы ў вёсцы Лічынка, з Гняздзінскай – на пашы паблізу населеннага пункту.
Усяго ў летніх лагерах у 2011 годзе ўтрымлівалася прыблізна 1500 галоў жывёлы, трэцяя частка іх – маладняк ад 4 да 12 месяцаў.
12 ліпеня 2011 года ў аграгарадку Вішоў у чарговы раз урачыста адзначылі Дзень святых Апосталаў Пятра і Паўла, у гонар якіх па ініцыятыве старшыні праўлення СВК «Калгас «Радзіма» Аляксандра Лапацентава ў 2008 годзе была пабудавана праваслаўная царква. Па традыцыі ў Петрапаўлаўскай царкве былі праведзены вадасвяцкі малебен, багаслужэнне, хрэсны ход вакол храма, а таксама з прыхаджанамі і ўдзельнікамі свята сустрэўся епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі ўладыка Сафроній.
І ў гэты ж дзень у мясцовым летнім амфітэатры адбылося ўшанаванне ветэранаў працы СВК «Калгас «Радзіма», «Калгас імя Леніна» і «Калгас імя Фрунзэ».
У сельгаскааператыве вялікая ўвага працягвала надавацца дзейснай падтрымцы сістэмы матывацыі працы ўсіх без выключэння работнікаў. Пры гэтым механізм яе просты і зразумелы: кожны дакладна ведаў, колькі ён можа зарабіць, шчыруючы на сваім рабочым месцы, і колькі страціць, калі парушыць выканаўчую альбо тэхналагічную дысцыпліну, будзе недастойна паводзіць сябе ў побыце, весці нездаровы лад жыцця, дрэнна займацца выхаваннем дзяцей…
Рост прадукцыйнасці працы, аб’ём вырабленай і рэалізаванай прадукцыі вызначалі і ўзровень месячнага фонду заработнай платы, заробак кожнага члена сельгаскааператыва. У 2011 годзе сярэднемесячны памер зарплаты з пачатку года склаў 1266 тысяч рублёў, у тым ліку за май месяц – 1637 тысяч рублёў.
Варта адзначыць, што больш за палову сумы штомесячных заробкаў складалі дадатковыя выплаты: за катэгорыю, тэхналагічнасць, вядзенне здаровага ладу жыцця, удзел у мастацкай самадзейнасці, устаноўлены даплаты працуючым пенсіянерам і маладым работнікам. Дарэчы, моладзь у калектыве сельгаскааператыва ў 2011 годзе складала 22%.
Такім чынам, сфарміраваная сістэма заахвочвання калгаснікаў, улічвала не толькі канкрэтныя вынікі працы кожнага, але і яго паводзіны на вытворчасці і ў побыце, вядзенне здаровага ладу жыцця, сямейныя адносіны, грамадска-актыўную дзейнасць і асабістую ініцыятыўнасць.
У СВК «Калгас «Радзіма» на практыцы адпрацоўвалі самыя розныя схемы і варыянты ўліку працы. У выніку гэтай крапатлівай работы ў 1998 годзе атрымалі ўласную сістэму. У аснову яе пакладзены прынцып прысваення ўсім членам працоўнага калектыву катэгорый.
Так, былі ўстаноўлены тры катэгорыі, паводле якіх вызначаецца каэфіцыент працоўнага ўдзелу. Менавіта ад яго ў першую чаргу залежыў працэнт штомесячнага матэрыяльнага заахвочвання. Напрыклад, надбаўка за першую катэгорыю складае 40% ад асноўнага акладу ці заробку, за другую – 20. Работнікі, якія не маюць катэгорыі, такую надбаўку не атрымліваюць.
Адмысловая камісія кааператыва па ўстанаўленні катэгорыі праводзіла свае пасяджэнні двойчы на год, на якіх зацвярджалі рэкамендацыі сходаў структурных падраздзяленняў па прысваенні ці пазбаўленні членам сваіх калектываў катэгорый.
Існуючая сістэма стымулявання працы, якую назвалі «Канстытуцыяй» СВК «Калгас «Радзіма», стала найбольш справядлівай і гібкай. Яна дазваляе пастаянна захоўваць імпульсы матывацыі працы.
З 2002 года ў кааператыве налічвалася і даплата за тэхналагічнасць і ўзорныя паводзіны ў побыце. Памер яе складаў 15% ад штомесячнага заробку. Была ўстаноўлена спецыяльная надбаўка ў памеры 10% і за вядзенне здаровага ладу жыцця, якая мэтава скіравана на тых, хто курыць. Многія калгаснікі, і асабліва з ліку маладых, развіталіся з гэтай шкоднай звычкай.
Сталі атрымліваць (амаль з 1998 года) члены кааператыва і прэміі за добрую вучобу і прыкладныя паводзіны сваіх дзяцей-школьнікаў. А лепшыя вучні першымі ў раёне яшчэ больш за два дзесяткі гадоў таму пачалі атрымліваць і калгасныя стыпендыі – за выдатную вучобу, добрыя паводзіны, дапамогу сельгаскааператыву.
Такім чынам, дзякуючы сістэме матэрыяльнага стымулявання, колькасць парушальнікаў дысцыпліны звялася да мінімуму, значна павялічыліся шэрагі прыхільнікаў здаровага ладу жыцця. Ва ўсіх членаў кааператыва з’явілася жаданне працаваць добра, на канчатковы вынік.
На жніве-2011 першымі пераадолелі 1000 рубеж экіпажы адразу двух збожжаўборачных агрэгатаў «Нью Холанд» у складзе Мікалая Дарэчкіна і Валянціна Якушава, і Юрыя Зайцава і Антона Фурсава. А праз некалькі дзён выйшаў на фінішную лінію намалоту першай тысячы тон збожжа і экіпаж камбайна «Нью Холанд» у складзе Аляксандра Міткевіча і Анатоля Зайцава.
Таксама Мікалай Дарэчкін і Валянцін Якушаў, Юрый Зайцаў і Антон Фурсаў – два экіпажы збожжаўборачных агрэгатаў СФ8080 «Нью Холанд» СВК «Калгас «Радзіма», якія першымі ў раёне намалацілі па 2000 тон. А адбылося гэта недзе праз тыдзень пасля намалоту імі першых 1000 тон.
Ушанаванне перадавікоў жніва-2011, якое адбылося ў СВК «Калгас «Радзіма» адвячоркам 29 жніўня, стала апошнім у гаспадарцы на сёлетняй уборцы зерневых і зернебабовых культур. Быў атрыманы рэкордны за ўсю гісторыю існавання сельгаскааператыва ўраджай – 12,5 тысячы тон збожжа. Два экіпажы збожжаўборачных агрэгатаў «Нью Холанд» СФ-8080 пераадолелі трохтысячны рубеж па намалотах – менавіта па столькі зерня было выгружана з бункераў камбайнераў Мікалая Дарэчкіна і Юрыя Зайцава, якія працавалі з памочнікамі Валянцінам Якушавым і Антонам Фурсавым.
А прыняць удзел у рэспубліканскім свяце-кірмашы «Дажынкі-2011» поле блаславіла самых лепшых. Сярод іх і камбайнеры СВК «Калгас «Радзіма» – Мікалай Дарэчкін і Юрый Зайцаў.
Развіцце вытворчасці ў СВК «Калгас «Радзіма» не ўяўляецца і без укаранення інавацыйных тэхналогій. Па вялікім рахунку, менавіта ноу-хау і вызначае стыль стратэгіі старшыні праўлення Аляксандра Лапацентава. І вось Аляксандр Міхайлавіч загарэўся ідэяй дадатковага абагачэння рацыёнаў буйной рагатай жывёлы раслінным бялком. У аснову быў пакладзены вопыт перадавых гаспадарак Чэрвеньскага раёна, якія паспяхова наладзілі здрабленне зерня кукурузы вільготнасцю 25-40 працэнтаў з наступнай яго натуральнай кансервацыяй. Акрамя сямі тысяч тон збожжа, якое было выдзелена на фуражныя мэты, усе дванаццаць месяцаў у годзе на ўмоўную галаву жывёлы выдаткоўвалася штодзённа па 2,5 кілаграма здробненага зерня кукурузы. Пры гэтым, для яго захоўвання, а тэрмін складае да пяці гадоў, аніякіх хімічных кансервантаў не выкарыстоўвалася, таму і мяса, і малако гаспадарка атрымлівала экалагічна чыстымі.
Пад вытворчасць бялковага корму было прыстасавана памяшканне былога комплексу па ачыстцы насення траў у вёсцы Навасёлкі. Новую справу даручылі найбольш вопытнаму і кампетэнтнаму спецыялісту – галоўнаму аграному прадпрыемства Васілю Лазоўскаму.
Асобна трэба сказаць аб асаблівасцях кансервацыі здробненай кукурузы. Па-першае, у сховішчы забяспечваецца стопрацэнтная герметычнасць. Прафесіянальныя цеслі падлогу і сцены пакрываюць абпілаванымі дошкамі, якія, у сваю чаргу, дадаткова герметызуюць поліэтыленавай плёнкай. Засыпаная пагрузчыкам «Амкадор» бялковая маса шчыльна трамбуецца. Шчыльнасць утрамбаванай здробненай кукурузы дастаткова высокая: у адным кубічным метры яе ўмяшчаецца 1,2-1,3 тоны. Ушчыльнены корм зноў акуратна накрываюць поліэтыленам і зверху, каб поўнасцю выцесніць з-пад абалонкі паветра, кладуць напоўненыя пяском мяшкі. Такім чынам, здробненая кукуруза падрыхтавана да захоўвання. Але скармліваць яе жывёле рэкамендуюць толькі праз два тыдні пасля «паспявання» пад плёнкай – менавіта праз гэты прамежак часу аддача кармавой адзінкі будзе найбольш поўнай.
Стратэгія кіраўніка сельгаспрадпрыемства, якая грунтавалася на дакладным разліку, безумоўна паслужыла новым імпульсам у павелічэнні вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі і, як вынік, ва ўмацаванні эканамічнай стабільнасці.
У выніку, на канец 2011 года гаспадарка выйшла на наступны паказчык: выручка ад рэалізацыі прадукцыі і паслуг склала каля 25 мільярдаў рублёў, што на 60% вышэй за адпаведны ўзровень мінулага года. Менавіта рэалізацыя малака прынесла больш за палову ўсёй грашовай выручкі. Чысты даход за 2011 год склаў звыш трох мільярдаў рублёў пры рэнтабельнасці продажу каля 10%. Прырост валавой прадукцыі ў сапастаўных цэнах атрыманы каля 114%. Сама за сябе сведчыць і сярэднемесячная зарплата, якая практычна на 70% перавысіла мінулагодні ўзровень.
А вось яшчэ некалькі канкрэтных паказчыкаў, якія самым непасрэдным чынам характарызуюць эфектыўнасць вытворчасці. Гэта 11,5 тысячы тон атрыманага за 2011 год малака, 12596 тон збожжа пры ўраджайнасці 54,1 цэнтнера з гектара, рэкордны ўраджай кукурузы на зерне – 3425 тон пры ўраджайнасці 114,2 цэнтнера з гектара, штодзённая выручка ў 100 мільёнаў рублёў.
У 2011 годзе гаспадарка прызнана пераможцай раённага спаборніцтва на нарыхтоўцы кармоў, і на ўборцы зерневых і зернебабовых культур.
Таксама на раённы злёт перадавікоў па выніках 2011 года дэлегіравана верэрынарны ўрач і па сумяшчальніцтву тэхнік па штучным асемяненні жывёлы Ермалавіцкага малочна-таварнага комплекса Парфененка Антаніна Уладзіміраўна, верэрынарны ўрач комплекса “Усход” Любоў Уладзіміраўна Волкава, аграном Уладзімір Наровіч, аператар па доглядзе цялят на дарошчванні Вішоўскай фермы Вячаслаў Савельеў і іншыя.
Таксама ў 2011 годзе СВК «Калгас «Радзіма» заняў першае месца у абласным (гаспадарка рэалізавала 36,5 цэнтнера малака ў разліку на 100 бала-гектараў сельгасугоддзяў, выканала заданне па яго пастаўцы на перапрацоўчыя прадпрыемствы на 114 працэнтаў і прадала гатунку “экстра” і вышэйшым 99,2 працэнта, з уручэннем дыплома аблвыканкама І ступені і грашовай прэміі ў памеры 120 базавых велічыняў) і другое ў рэспубліканскім спаборніцтвах сярод сельгаспрадпрыемстваў за дасягненне лепшых паказчыкаў па вытворчасці і продажы дзяржаве малака. А пераможцам абласнога спаборніцтва за дасягненне лепшых паказчыкаў прызнана і ўзнагароджана дыпломам аблвыканкама і грашовай прэміяй у памеры 20 базавых велічыняў аператар машыннага даення кароў Надзея Новікава, якая атрымала ад кожнай каровы па 6972 кілаграмы малака з 3,71 працэнт ўтрымання тлушчу. Ганаровай граматай Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню аблвыканкама ўзнагароджана галоўны заатэхнік СВК “Калгас “Радзіма” Валянціна Лапацентава. А граматай абкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу адзначаны намеснік старшыні праўлення СВК “Калгас “Радзіма” Барыс Сафонаў. І, як вынік, пераможцамі рэспубліканскага спаборніцтва сталі і сем прадстаўнікоў жывелагадоўчай галіны калгаса, сярод іх: галоўны заатэхнік Валянціна Лапацентава, брыгадзір малочна-таварнай фермы Аляксандра Каралёва, тэхнік-асемінатар Аляксандр Міхайлаў, аператар машыннага даення кароў Тамара Кудзіна, аператар па вырошчванню буйной рагатай жывёлы Валенціна Дарэчкіна, аператар па абслугоўванню свінаматак з парасятамі Любоў Сідарэнка, аператар па адкорму свіней Надзея Банькоўская.
У свой час СВК “Калгас “Радзіма” закупіў цялушак галштынскай пароды ў адным з племгасаў Ленінградскй вобласці. Пародны статак тады быў размешчаны на Гняздзінскай малочнатаварнай ферме і налічваў 141 карову. Адсюль і пачалася мэтанакіраваная племянная работа па інтенсіфікацыі малочнай галіны калгаснай жывёлагадоўлі на іншых фермах і комплексах. Так, у 2011 годзе ў сярэднім гадавы надой на Голубаўскім комплексе, напрыклад, склаў 6855 кілаграмаў, на Гняздзінскай ферме – 6651 кілаграм пры сярэдняй тлустасці 3,76 %, па гаспадарцы – 6218.
Аператар машыннага даення кароў Гняздзінскай МТФ СВК “Калгас “Радзіма” Тамара Кудзіна па выніках працы за 2011 год стала пераможцай раённага спаборніцтва, атрымаўшы ад кожнай каровы па 7216 кілаграмаў малака.
А за некалькі дзён да Новага 2012 года ў аграгарадку Вішоў адбыўся конкурс мастацкай самадзейнасці сярод работнікаў СВК “Калгас “Радзіма”, да якіх далучыліся калектывы мастацкай самадзейнасці мясцовых арганізацый і ўстаноў. Конкурсная праграма складалася з 18 нумароў. Сольныя выканаўцы, ансамблі, аматары акцёрскага майстэрства спявалі песні, чыталі вершы, ўдзельнічалі ў тэатральных пастаноўках. А гэта аператар машыннага даення Марыя Панцеенка, аграном гаспадаркі Уладзімір Наровіч і яго дачушка Анастасія, юрысконсульт Вольга Арцем’ева, жывёлавод Людміла Шут, ветурач Любоў Волкава і іншыя. Усе ўдзельнікі надзвычай адказна падышлі да конкурсу і найлепшым чынам прадэманстравалі свае таленты.
Напрыканцы 2011 года вялікая дэлегацыя членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі на чале са старшынёй гэтага грамадскага аб’яднання Мікалаем Чаргінцом наведала СВК “Калгас “Радзіма”. Тут яны пабывалі на мехдвары і жывёлагадоўчым комплексе, наведалі Петрапаўлаўскую царкву, сустрэліся з механізатарамі, жывёлаводамі, пагутарылі з мясцовай інтэлігенцыяй. Кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Міхайлавіч Лапацентаў расказаў гасцям аб сацыяльна-эканамічным развіцці кааператыва і аграгарадка Вішоў, а потым на працягу дзвюх гадзін нястомна адказваў на пытанні дапытлівых пісьменнікаў. З цудоўным настроем пакідалі пісьменнікі Вішоў. Магчыма праз пэўны час з-пад пяра літаратараў народзяцца новыя творы, галоўнымі героямі якіх стануць простыя сяляне.
2012 год
На пачатку 2012 года пад кіраўніцтвам старшыні праўлення кааператыва Аляксандра Міхайлавіча Лапацентава эканамічны савет гаспадаркі ў складзе галоўнага эканаміста Алены Аўрамёнак, галоўнага бухгалтара Людмілы Малашчанкі і галоўнага заатэхніка Валянціны Лапацентавай абмеркаваў фінансавыя вынікі за мінулы год у малочнай жывёлагадоўлі сельгаспрадпрыемства. Асаблівая ўвага надавалася аналізу страт ад рэалізацыі малака, якія былі дапушчаны з-за таго, што не ўся прадукцыя была залічана гатункам “экстра”. За пяць першых месяцаў 2011 года па гэтай прычыне было недаатрымана 282,9 мільёна рублёў, а за астатнія сем месяцаў страты вагаліся ў межах – 35,7 – 48,5. Усяго ж на рахунак гаспадаркі па гэтай прычыне не паступіла 572,2 мільёна рублёў. Па словах кіраўніка гаспадаркі, у заліковай вазе на перапрацоўку было пастаўлена 11082968 кілаграмаў малака, у тым ліку гатункам “экстра” – 8107575. А 2975393 кілаграмы малака залічылі вышэйшым і першым гатункамі. Але ж па словах галоўнага эканаміста Алены Аўрамёнак фінансавы стан гаспадаркі ў гэтым накірунку паляпшаецца. Так, па выніках работы за 2011 год з комплексу “Усход” малако на перапрацоўку рэалізоўвалі выключна гатункам “экстра” – 2066518 кілаграмаў і з Голубаўскай малочнатаварнай фермы – 2111928 кілаграмаў. І ўжо к снежню 2011 года на стопрацэнтную рэалізацыю прадукцыі “экстра”-класа выйшлі Ермалавіцкая, Гняздзінская фермы і Навасёлкаўскі малочна-таварны комплекс. Таму і сума страт у снежні 2011 года скарацілася да 36,8 мільёнаў рублёў. Асаблівую актуальнасць павышэнне якасці малочнай прадукцыі набыло ў сувязі з ростам закупачных цэн. Калі ў студзені 2011 года кілаграм малака гатунку “экстра” каштаваў 1210 рублёў, то па стану на 20 студзеня 2012 года – 2970 рублёў. Такім чынам, спаўна выкарыстаўшы агучаны старшынёй праўлення рэзерв, можна прыбавіць у фінансавую скарбонку гаспадаркі больш за мільярд рублёў.
Вось ужо другі год працягвае працаваць у гаспадарцы аўтаматызаваная лінія па вытворчасці камбінаваных канцэнтратаў (прадукцыйнасць лініі складае 7 тон камбікармоў за гадзіну), якая дзейнічае на комплексе “Усход”. Яе выкарыстанне аказала станоўчае ўздзеянне на прадукцыйнасць жывёлы. Акупнасць кожнай выдаткаванай кармавой адзінкі малаком і мясам павысілася амаль на дзесяць працэнтаў. Аператар лініі Леанід Шут не толькі рыхтаваў камбікорм, але і дастаўляў яго непасрэдна на фермы.
Сучаснаму шматпрофільнаму масштабнаму сельгаспрадпрыемству немагчыма дакладна развіваць менеджмент без юрыдычнай каардынацыі. Таму неадкладныя і важныя пытанні, якія патрабуюць кампетэнтнага вырашэння, у Вольгі Арцем’евай, юрысконсульта СВК “Калгас “Радзіма”, цалкам запаўняюць яе рабочы час. Вольга Віктараўна своечасова і ў поўным аб’ёме выконвае свае непасрэдныя службовыя абавязкі, бліскуча спраўляецца на грамадскай пасадзе – старшыні прафсаюзнага камітэта.
У СВК “Калгас “Радзіма” значная ўвага надаецца папулярызацыі здаровага ладу жыцця. На працягу года рэгулярна праходзяць спартакіяды паміж калектывамі падраздзяленняў гаспадаркі, праводзяцца спартландыі. Вельмі важны момант – спартыўная база рэгулярна папаўняецца неабходным спартыўным інвентаром. Напачатку сакавіка 2012 года ў сельгаспрадпрыемстве было арганізавана спартыўнае свята, якое сабрала прыхільнікаў здаровага ладу жыцця не толькі з ліку яго работнікаў, але і іншых жыхароў Вішоўскага сельскага Савета.
“Я + Я = МАЛАДАЯ СЯМ’Я”. Пад такой назвай у пачатку красавіка ў раённым Цэнтры культуры прайшла традыцыйная конкурсная шоу-праграма, падчас якой самыя актыўныя і ініцыятыўныя маладыя сем’і Бялыніччыны змагаліся за права звацца лепшымі. Гэта мерапрыемства стала адметнай падзеяй для сям’і працаўнікоў СВК “Калгас “Радзіма” Міхаіла Семянкевіча і Вольгі Арцем’евай. Кампетэнтнае журы “Самай творчай сям’ёй” прызнала пару з аграгарадка Вішоў, якія атрымалі дыплом і каштоўны падарунак. Міхаіл і Вольга знаёмыя ўжо дванаццаць гадоў, сем з якіх жывуць у законным шлюбе, гадуюць дачушку Улляну. Іх дэвіз: “Быць разам, і ўсё атрымаецца!”.
З нагоды Года кнігі на Магілёўшчыне пры падтрымцы старшыні аблвыканкама Пятра Рудніка праводзілася дабрачынная акцыя “Падары кнігу дзецям”. Да яе далучыўся і СВК “Калгас “Радзіма”. Для ўсіх чатырох груп дзіцячага садка-яслей № 9 аграгарадка Вішоў была закуплена і перададзена літаратура – усяго 100 экзэмпляраў. На гэта было зрасходавана каля 2 мільёнаў рублёў.
Хлебны каравай Вішоўшчыны ў 2012 годзе вельмі важкі. Хлебаробы гаспадаркі з кожнага гектара сабралі па 51,4 цэнтнера з гектара зерневых і зернебабовых.
А вось асноўныя лічбы па выніках жніва 2012 года:
Экіпажы камбайнаў
– Экіпаж камбайнераў у складзе Дарэчкіна Мікалая Іванавіча і Казакова Аляксандра Аляксандравіча на камбайне “Нью Холанд” намалацілі 3153 тоны збожжа;
– Экіпаж камбайнераў у складзе Зайцава Юрыя Мікалаевіча і Фурсава Антона Аляксандравіча на камбайне “Нью Холанд” намалацілі 2827 тон збожжа;
– Экіпаж камбайнераў у складзе Міткевіча Аляксандра Мікалаевіча і Зайцава Анатоля Цімафеевіча на камбайне “Нью Холанд” намалацілі 2499 тон збожжа;
– Экіпаж камбайнераў у складзе Шчолухава Ігара Васільевіча і Шчолухава Дзмітрыя Ігаравіча на камбайне “Нью Холанд” намалацілі 2360 тон збожжа;
– Экіпаж камбайнераў у складзе Шалкоўскага Яўгена Сяргеевіча і Куранцова Аляксандра Аляксандравіча на камбайне КЗС-1218 намалацілі 1053 тоны збожжа;
– Экіпаж камбайнераў у складзе Гаўрыленка Леаніда Сцяпанавіча і Рагулёва Аляксандра Міхайлавіча на камбайне КЗС-1218 намалацілі 1007 тон збожжа;
– Экіпаж камбайнераў у складзе Кулакоўскага Яўгена Генадзьевіча і Бялова Дзяніса Уладзіміравіча на камбайне КЗС-1218 намалацілі 1000 тон збожжа;
Вадзіцелі і механізатары:
– Канцавы Міхаіл Міхайлавіч на аўтасамазвале МАЗ-555102 перавёз 1312 тон збожжа;
– Казакоў Аляксандр Аляксандравіч на трактары МТЗ-1221 з прычэпам ПТС-11 перавёз 1322 тоны збожжа;
– Фурсаў Антон Аляксандравіч на трактары МТЗ-1221 з прычэпам ПТС-12 перавёз 1322 тоны збожжа;
– Казакоў Уладзімір Аляксандравіч на трактары МТЗ-1221 з прычэпам ПТС-11 перавёз 1228 тон збожжа;
Аператары збожжатокаў:
– Калакустаў Юрый Віктаравіч на сушылцы КЗСК-30Г перапрацаваў 8853 тоны збожжа.
І як вынік добрай працы – чацвёра прадстаўнікоў хлебаробаў ад СВК “Калгас “Радзіма” прымалі ўдзел у рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2012”, які адбыўся ў Горках. А гэта: камбайнеры Юрый Зайцаў, Антон Фурсаў і Мікалай Дарэчкін, а таксама галоўны інжынер гаспадаркі Аляксандр Аўчыннікаў.
Таксама згодна пастановы калегіі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь №73 ад 29 лістапада 2012 года, пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы травяных кармоў у 2012 годзе сярод камбайнераў кормаўборачных агрэгатаў быў прызнаны Мікалай Дарэчкін з СВК “Калгас “Радзіма”, які заняў трэцяе месца. Мікалай Іванавіч атрымаў Ганаровы дыплом і халадзільнік.
У кастрычніку 2012 года па ініцыятыве старшыні праўлення гаспадаркі Аляксандра Міхайлавіча Лапацентава і мастака Паўла Дзімітрыядзі – ураджэнца вёскі Гняздзін – на базе СВК “Калгас “Радзіма” прайшоў пленэр “Вішоўскія краявіды”, прысвечаны 140-годдзю з дня нараджэння народнага мастака БССР і РСФСР В.К.Бялыніцкага-Бірулі. Дзесяць вядомых і знакамітых майстроў пэнздля на працягу дзесяці дзён на сваіх палотнах адлюстроўвалі мясцовыя пейзажы і партрэты вішоўцаў. Карціны Ігара Бархаткова, Паўла Дзімітрыядзі, Генадзя Буцько, Уладзіміра Уродніча, Карнея Аляксеева, Барыса Первунінскіх, Аляксандра Лубнеўскага і іншых мастакоў, паклалі пачатак карціннай галерэі СВК “Калгас “Радзіма”. Несумненна, тыя першыя дзесяць дзён кастрычніка, калі праходзіў пленэр, сталі знакавай падзеяй духоўна-культурнага жыцця не толькі Вішоўшчыны, але і Беларусі, і яны надоўга застануцца ў памяці людзей, будуць саграваць іх сэрцы, абуджаць моладзь да ўласнае творчасці.
2016 год
Па стану на першае паўгоддзе 2016 года ў СВК “Калгас “Радзіма”:
– дойны статак – 2000 галоў;
– удой на адну карову за першае паўгоддзе – 3824 кг;
– дзённы надой – 42 тоны;
– дзённая выручка ад рэалізацыі малака – 19400 дэнамінаваных рублёў (альбо 194 млн. руб.);
– пагалоўе буйной рагатай жывёлы – 7500 галоў;
– сярэднесутачны прывес – 747 грам;
– штомесячная выручка ад рэалізацыі мяса – 150 000 дэнамінаваных рублёў (альбо 1,5 млрд. руб.);
– агульная плошча сада – 100 га;
– пладаносная плошча сада – 90 га;
– збор пладоў – 500 тон;
– выручка за 2015 год за плады – 100 000 дэнамінаваных рублёў (альбо 1 млрд.);
– плошча сельскагаспадарчых угоддзяў – каля 10 тысяч га;
– плошча раллі – 7258 га;
– гадавы валавы збор зерневых культур – 16 000 тон;
– сярэдняя ўраджайнасць – 50 ц/г. |