Сяляне вёскі Ермалавічы і навакольных паселішчаў аб’ядналіся ў калектыўную гаспадарку “1 Мая” ў 1931 годзе, пазней яна, узбуйніўшыся, перайменавана ў калгас імя Фрунзе.
Гісторыя захавала прозвішча адной з першых стаханавак калгаса за 1936 год, які быў абвешчаны годам барацьбы за развіццё стаханаўскага руху ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі СССР, - брыгадзіра Мар’і Маісеенка. З кожнага гектара хлебнай нівы брыгады было сабрана па 24 цэнтнеры жыта. Мар’я прадстаўляла хлебаробаў гаспадаркі на раённым злёце стаханаўцаў.
Са 114 калектыўных гаспадарак Бялыніччыны ў 1940 годзе гэты калгас з’яўляўся адным з перадавых па атрыманні высокага ўраджаю збожжавых культур. З кожнага гектара тут сабралі ў цэлым па 14 цэнтнераў збожжа. За дасягнутыя поспехі ў жывёлагадоўлі гаспадарка была ўдзельнікам Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы, якая праходзіла ў Маскве ў перадапошні даваенны год.
Пасля вызвалення раёна ад фашысцкай акупацыі, нягледзячы на цяжкасці, працаўнікі калгаса імя Фрунзе з году ў год таксама дабіваліся значных працоўных дасягненняў, паляпшалі матэрыяльна-тэхнічны стан. За высокія працоўныя дасягненні даярка В.А.Абрамовіч у якасці дэлегата прымала ўдзел у рабоце ІІІ Усесаюзнага і ІІІ Беларускага з’ездаў калгаснікаў.
1970-ыя гады сталі зорным часам даяркі калгаса імя Фрунзе А.М.Кабушавай, а наступнае дзесяцігоддзе – Г.А.Кабушавай, наступнае дзесяцігоддзе – Г.А.Прамуза, якая адной з першых сярод калег з раёна надаіла за год па чатыры тысячы і больш кілаграмаў малака ад кожнай каровы сваёй групы.
Быў час, калі калектыў калгаса імя Фрунзе на чале са старшынёй яго праўлення Міхаілам Пятровічам Аляксейчыкавым з’яўляўся своеасаблівым “заканадаўцам моды” на Бялыніччыне. Аднак па самых розных прычынах тут не здолелі належным чынам адказаць на выклікі новага часу, што адбілася на запавольванні тэмпаў развіцця калектыўнай гаспадаркі.
Сітуацыя кардынальна пачала мяняцца да лепшага пасля аб’яднання яе з СВК “Калгас “Радзіма”. Дзякуючы дальнабачнасці праўлення ўзбуйненага сельгаскааператыва тут за кароткі час былі пабудаваны два сучасныя малочнатаварныя комплексы, дзе выкарыстоўваліся камп’ютарныя тэхналогіі.
Праўленне СВК “Калгас “Радзіма” здолела не толькі эфектыўна арганізаваць працу далучаных гаспадарак, але і зрабіла ўсё магчымае, каб работнікі былых калгасаў імя Леніна і імя Фрунзе наогул не адчувалі сябе ані ў чым абдзеленымі. Сёння выключная большасць з іх паспяхова памнажаюць здабыткі аб’яднанага сельгаспрадпрыемства, забяспечваюць яго дынамічнае, устойлівае развіццё. |