|
Родны кут, зямля бацькоў, зямля, на якой чалавек нарадзіўся, зрабіў першыя крокі… Яна заўсёды мае асаблівую прывабнасць, чароўную сілу. Усё на гэтай зямлі самае дарагое, самае блізкае. Гэта зямля нашай малой радзімы з яе чароўнымі куткамі прыроды, ціхімі рачулкамі, зялёнымі барамі.
У спадчыну ад мінулых пакаленняў нам дасталася вялізарная колькасць назваў населеных пунктаў, рэк, азёраў, палёў, сенажацяў, урочышчаў і іншых геаграфічных аб’ектаў. Бадай, не знойдзеш аніводнай народнай назвы, якая б узнікла выпадкова. У кожнага наймення свая гісторыя ўзнікнення, даведаўшыся пра якую, пачынаеш лепш разумець мінулае, асаблівасці жыцця продкаў, іх звычкі і норавы. Большасць назваў адыходзяць у нябыт. І калі не паспяшацца іх сабраць у адзінае цэлае, то знікне той каштоўны гістарычны пласт, без якога цяжка будзе ўявіць тагачаснасць.
Сапраўды, з маленства мы запамінаем, як называецца луг каля ракі, поле, на якім працуюць бацькі, сцежка, што вядзе нас ў лес, які таксама мае назву. І кожны з нас, відаць, калі-нікалі задумваўся, чаму яны названы так, а не інакш.
Назва кожнай такой мясціны адметная, запамінальная. Калі называць яе па-навуковаму, то гэта гучыць так: мікратапонім (ад грэчаскага “мікрос” – малы, “топос” – мясціна, “оніма” імя).
Ведаючы мікратапонім, можна беспамылкова трапіць у любое названае месца. Мяняюцца пакаленні людзей, сціраюцца з памяці розныя прадметы, бо выходзяць з ужытку, а назва застаецца – мы ёй карыстаемся, арыентуемся ў пэўным месцы. |
|
АМЕРЫКАНІХА. Месца былога хутара. Тут жыла жанчына, муж якой у свой час ездзіў у Амерыку, там разбагацеў і сям’ю забраў з сабой. Урочышча знаходзіцца непадалёку ад вёскі Карпаўка.
Вёска ЕРМАЛАВІЧЫ складаецца з 8-мі пасёлкаў, кожны з якіх мае сваю назву, а жыхары вёскі жывуць і карыстаюцца гэтымі назвамі ў паўсядзённым жыцці ўжо шмат дзесяцігоддзяў.
ГАДАЎКА. Другая частка гэтай вуліцы, ад Бракаўскай дарогі да лесу. А Гадаўкай яна называецца таму, што (па словах яе жыхароў) тут калісьці жылі самалюбівыя, не вельмі прыветлівыя людзі.
ГНІЛЫ ПАСЁЛАК. Так называецца частка вёскі Ермалавічы таму, што у даўнія часы, калі людзі перасяляліся з хутароў, яны будавалі сабе маленькія хаткі, часам амаль з гнілога лесу. Жылі яны бедна. Заняпалай была іх гаспадарка.
ДЗЯРЭЎНЯ. Гэта назва асноўнай часткі Ермалавіч: частка вёскі ад шашы Мінск – Магілёў да старой Бракаўскай дарогі.
КАЗІНЫ РОГ. Гэта пасёлак, які размешчаны ўздоўж Бракаўскай дарогі, які мае форму казінага рога, а па другой версіі – жыхары гэтага пасёлка займаліся развядзеннем коз.
ЛАХВІЦА. Так называецца частка вёскі Ермалавічы, якая працягваецца ўздоўж мелірыяцыйнага канала. Калісьці на месцы гэтага канала працякала рачулка Лахвіца, якая ўпадала ў раку Лахву. Вось чаму пасёлак называецца Лахвіца. А ў канцы 19 стагоддзя нават вёска называлася Ярмолавічы-Лохвіца.
МАЙСЕЕЎКА. Гэта самы маленькі пасёлак вёскі Ермалавічы, названы ў гонар яе першага пасяленца Майсея.
МІНЁРЫ. Калісьці на месцы гэтага пасёлка рос лес. Людзі, якія будавалі дарогу Мінск-Магілёў, пілавалі лес для будаўніцтва жылля, а пні падрывалі нейкімі смалянымі шашкамі (на матыў мін). Першымі жыхарамі гэтага пасёлка і былі так званыя людзі – мінёры. Вось, па словах старажылаў, пасёлак і атрымаў сваю назву – Мінёры, і быў адразу асобнай вёскай, а ў 1950 годзе яго далучылі да вёскі Ермалавічы.
ЧКАЛАЎКА. Гэты пасёлак названы ў гонар вядомага савецкага лётчыка Валерыя Чкалава. У той час, калі перасяленцы з хутароў пераязджалі ў вёску, Валерый Чкалаў здзейсніў свой пералёт праз Паўночны полюс.
Так і жывуць у адной вёсцы Ермалавічы і дзеравенцы, і гадаўцы, і чкалаўцы, і мінёрцы, і жыхары Лахвіцы, Гнілога пасёлка і Казінага рога.
А вось цікавыя назвы іншых мясцін і ўрочышч Вішоўшчыны:
БАРАНАЎКАЙ называлі лясны масіў непадалёку ад шашы Галоўчын-Лазіцы, размешчаны ў памежжы Бялыніцкага і Шклоўскага раёнаў. Калі той лес быў яшчэ маладым, у ім аднойчы заблудзіўся статак авечак. Ураніцы іх адшукалі. Але жывымі засталіся толькі бараны. Авечак жа, нібы загрызлі ваўкі. З гэтага здарэння паходзіць і назва лесу.
БУЛАЦКІ РАВОК – раней на гэтым месцы быў хутар – “Булаты”, назва яго паходзіла ад прозвішча гаспадароў. Хутар знеслі, а яго назва засталася.
БЯРОЗАЎКА. Лясны масіў побач з Баранаўкай. Названы так таму, што ў ім шмат бяроз.
ВЫСОКАЕ. Такую назву мела вёска, якая знаходзілася паміж вёскамі Карпаўка і Гняздзін. У 30-я гады ХХ-га стагоддзя ў ёй пражывала 35 сем’яў. У час электрыфікацыі вёска была прызнана неперспектыўнай, а яе жыхары былі выселены ў бліжэйшыя навакольныя вёскі.
ВЯЗІШЧА – лес паміж вёскамі Нежкаў і Камяніца. Раней там была панская сядзіба і вялікі парк, засаджаны вязамі. У савецкі час сядзіба была разбурана, а на тым месцы вырас лес.
Урочышча ВЯЛІКАЕ БАЛОТА ў ваколіцах вёскі Нежкаў названа так таму, што на месцы пахатнага поля было вельмі вялікае і непралазнае балота. Зараз яго асушылі.
ГЛІНІШЧА. Такую назву мае поле, якое размешчана паміж вёскай Карпаўка і дарогай Сурды-Ермалавічы. Назва ўзнікла ад таго, што тут было радовішча гліны, якую выкарыстоўвалі для сваіх патрэб сяляне навакольных паселішчаў.
ДЗІКАЕ – участак луга каля шашы Нежкаў – Круглае. Там, акрамя хмызняку, нічога не расло. Зараз на гэтым месцы пабудаваны комплекс па вырошчванню фарэлі ад ААТ ПМК – 83 “Водбуд”.
ДОДЗЬКАЎ РАЎЧУК. Падзяляе дзве лясныя гары. Додзька быў выдатным бандаром, а таксама плёў з лазы цудоўныя кошыкі. Лазу на іх ён браў у гэтым раўчуку.
ДУБОВАЕ БАЛОТА. Непадалёку ад рэчкі Вабіч вакол балота раслі вялізныя дубы, пазней людзі дрэвы павысякалі і засталася ад іх, як памяць, толькі назва.
ЖУРКОЎКА. Лес, які знаходзіцца паміж Васількамі і Паліеўшчынай. Вельмі цёмны і блудлівы. Елкі ў ім такія панурыя, што людзі казалі – лес журыцца.
ЗАПЕЧЧА. Так у мясцовым лексіконе называецца лес. Ён размешчаны на паўднёва-усходнім баку вёскі Лямніца. Вядомы прыблізна з 18 ст. У гэтым лесе калісьці было шмат руды на забалочаных мясцінах рэчкі Лямнічанка. Тут будаваліся печкі для пераплаўкі руды. Адсюль і назва – Запечча. І зараз у гэтым лесе маюцца шматлікія невялікія ўзвышшы, пры раскопках якіх можна знайсці адходы – шлакі.
ІРЖАЎЧЫК. Яшчэ адно ўрочышча ў Баранаўцы, дзе раней было балота. Па берагах яго раслі бярозы і асіны. Восенню лістота на дрэвах жаўцела і чырванела. Гэта каляровая гама адлюстроўвалася ў вадзе, якая набывала іржавае адценне.
КАЛЯСЕЦ. Зараз дзялянка з маладняком, раней было балота, у якім лёгка мог загразнуць воз.
КАМЕННЫ БРОД. Цікавае паданне давялося пачуць і наконт назвы броду праз рэчку Вабіч, які пракладзены паміж вёскамі Нежкаў і пасёлкам Беларускі. Ён называецца Каменным.
Людзі апавядаюць, што захацеў аднаго разу чорт з Вішова перабрацца ў Нежкаў. Але на яго шляху паўстала рэчка. Чэрці, як вядома, не любяць рачной вады і баяцца яе, таму вырашыў чорт загаціць рэчку. Ён прывалок воз камення, і калі скідваў яго ў рэку – затапіўся. Так на там месцы і ўтварыўся брод, які ў народзе і клічуць – Каменны. Сцвярджаюць, калі хто пераходзіць праз Каменны брод, пад нагамі рыпіць колкае каменне.
КАЧАЛКІ. Назва леса. Дарогі, якая б злучала вёскі Рафалава і Мікалаеўка, не было. Таму мясцовыя жыхары дабіраліся з вёскі ў вёску па лесе. А так, як мясцовасць тая была забалочана, то людзі пракладвалі сабе шлях з бярвенняў. Калі па такім насцілу ехаць або ісці, то бярвенні качаліся. Адсюль і пайшла назва – Качалкі.
КЛІНКІ. Так называецца невялікі лясны масіў, што клінам уразаецца ў поле і знаходзіцца непадалёку ад Вішова. Зверху ён нагадвае востравугольную геаметрычную фігуру.
КУПЛЁНЫ. Такую назву мае лес, які прымыкае да вёскі Кліны. Названы ён так таму, што быў куплены ў мясцовага пана заезджым купцом, які вырашыў тут паставіць сабе сядзібу. Тое месца, дзе купец пабудаваў для сябе двор, зараз называецца Дзедава Ляда. Зараз на гэтым месцы поле. Купец жыў адзін, і калі ён памёр, хату яго разбурылі.
ЛАСІНЫЯ КАРМУШКІ. У Баранаўцы водзяцца лосі, і леснікі ў глыбіні лесу ўстанавілі для іх кармушкі. У нас кажуць: “Пайшоў па Ласіныя кармушкі”. Гэта азначае, што чалавек пайшоў вельмі далёка ў лес.
ЛЯПЁТЧЫХІН ХУТАР. Зараз тут вельмі ягаднае месца, а раней быў хутар, на якім гаспадарыла жанчына па прозвішчу Баравікова. Ляпётчыхай яе называлі за хуткую і ад гэтага малазразумелую гаворку.
МАРШАРЫНА – балота, непадалёку ад Нежкава. Раней там расло шмат моху, які ішоў на будаўніцтва, таксама было многа журавін. Зараз балота асушылі, але там акрамя меліярацыйных канаў нічога няма.
ПАДАЛІШЧА. Змрочная мясціна ў Баранаўцы. Сюды звозілі з бліжэйшых ферм памерлую жывёлу. У Падалішчы вельмі часта можна сустрэцца з ваўкамі, выбіраючыся ў лес, людзі стараліся абысці гэта ўрочышча.
ПАДГАЦЦЕ. Мясцовасць вакол меліярацыйнай канавы перад вёскай Забалоцце. Раней гэта была вельмі забалочаная мясцовасць і, каб дабрацца ў вёску, людзі гацілі гаць – сыпалі пясок, каменне, насцілалі дрэвы, вецце. Калі пралажылі асушальны канал, балота знікла. А месца сталі называць Падгаццем.
ПАПОВЫ ШТАНЫ. У ваколіцах вёскі Вішоў ёсць лес, які называецца “Паповы штаны”. Як сведчаць жыхары навакольных вёсак, назва гэта з’явілася вось як: поп, які служыў у мясцовай царкве, быў вельмі ахвочы да маладзіц. Вось аднойчы так прычапіўся да адной, што не даваў праходу. Яна паскардзілася мужу і той вырашыў правучыць нягодніка. Зрабіў выгляд, што ад’язджае, а сам схаваўся ў бліжэйшым ляску. Вось праз які час і поп туды кіруецца з яго жонкай. Схапіў тады мужык добрага дрына ды хацеў адхвастаць любадзейца, але той неяк выкруціўся ды даў добрага стракача, а пакуль бег, то па дарозе згубіў свае штаны. Вось так і сталі зваць гэты лес “Паповы штаны”. Зверху лес і сапраўды нагадвае штаны.
РЫСЦІКАВА БАЛОТА. Невялічкае балота, якое знаходзіцца акурат пасярод лесу. Называецца яно так па мянушцы чалавека, які быў заядлым грыбніком і заўсёды больш за ўсіх прыносіў дахаты грыбоў. Пра яго з гумарам казалі, што ён не ходзіць, а рыскае па ўсяму лесу. Адсюль і Рысцік.
СМАЛІГАЎКА. Назва леса, які размешчаны на паўднёвым баку вёскі Лямніца. Гэты лес пераважна сасновы. Таму, пачынаючы з сярэдзіны 18 ст. тут збіралі смалу для прамысловых мэт.
ХОЎРАЧКІН РАЎЧУК. У найменні гэтага яра ўвекавечана памяць Хоўры, якая была знахаркай, лячыла ўсялякія хваробы. Сваёй лекарскай дзейнасцю яна дапамагла не адной сотні жыхароў бліжэйшых вёсак.
ЧЫРВОНЫ МОСЦІК. Мосцік праз мелірыяцыйны канал паблізу Дзесяцігодскай малочнатаварнай фермы. Назва дадзена ў 30-я гады 20 ст., калі праводзілася асушэнне мясцовага балота, што сведчыла аб перамозе чалавека над прыродай.
ШЛЯХТЫ. Іншая назва пасёлка – Малыя Васількі. Раней на гэтым месцы знаходзілася панская сядзіба. Да сягонняшняга дня захаваліся векавыя ліпы, што абкружалі панскі маёнтак. Пасля рэвалюцыі на гэтым месцы паставілі сабе хаты сваякі пана. Амаль усе жыхары пасёлка Шляхты носяць прозвішчы Часлаўскія.
ШУХВАЛАЎ РАЎЧУК. Яр, абсаджаны хмызняком, непадалёку ад Падгацця. Названы ад мянушкі Шухвал. Мужык, якога так празвалі, вельмі любіў прыкласціся да чаркі. А жонка ў яго была ліхая, баявітая, хуткая на расправу. Калі яна прыходзіла ў карчму, каб прагнаць дамоў мужа-небараку, той з усяе моцы крычаў “Шухер”. Гэтае незразумелае вяскоўцам слова з цягам часу трансфармавалася ў яшчэ больш незразумелую мянушку “Шухвал”. |