Бібліятэка спакон веку была апорай ведаў, нездарма яе называлі скарбніцай. Не губляе яна свайго значэння і ў наш час. І гэта перш за ўсё таму, што, не гледзячы на ўсе складанасці і фінансавыя цяжкасці, яна даказвае нам сваю неабходнасць. Людзі імкнуцца да гэтых вечных каштоўнасцей, даражаць імі, і асабліва бачны гэтыя пачуцці ў вяскоўцаў. Гэта тычыцца і жыхароў аграгарадка Вішоў, а таксама навакольных вёсак, якія ўваходзяць у зону абслугоўвання Вішоўскай сельскай бібліятэкі-філіяла №6 аграгарадка Вішоў.
Сваю гісторыю бібліятэка пачала ў 1952 годзе, калі пры Вішоўскім сельвыканкаме была адчынена хата-чытальня. Першапачаткова кніжны фонд бібліятэкі складаў усяго каля 90 экзэмпляраў кніг, якія захоўвалісь у 2-х шафах. Гэта былі творы М.Гарэцкага, Я.Коласа, Я.Купалы, а таксама класікаў рускай літаратуры.
У 1972 годзе хата-чытальня была пераўтворана ў Вішоўскую прыклубную бібліятэку і з гэтага часу яна размяшчалась у Вішоўскім сельскім клубе. Вішоўскі клуб ў той час – гэта аднаэтажны драўляны будынак, які знаходзіўся на тым месцы, дзе зараз размешчаны Вішоўскі сельскі Цэнтр культуры і вольнага часу.
Больш за 30 гадоў бібліятэкарам у Вішоўскай бібліятэцы працавала Канцавая (у дзявоцтве Ражкова) Марыя Панфілаўна, якая шмат рабіла дзеля таго, каб бібліятэка была прывабнай для чытачоў.
Марыя Панфілаўна нарадзілася ў 1937 годзе ў вёсцы Нежкаў Бялыніцкага раёна. Сваю працоўную дзейнасць яна пачала ў 1952 годзе, калі пасля заканчэння Магілёўскага культасвет вучылішча імя Н.Крупскай пасля размеркавання пачала працаваць бібліятэкарам Багушэвічскай хаты-чытальні, што ў Бярэзінскім раёне. Праз нядоўгі час яе перавялі ў хату-чытальню вёскі Вялікі Кудзін Бялыніцкага раёна. З 1954 года і да выхаду на заслужаны адпачынак (1987 год) Марыя Панфілаўна працавала бібліятэкарам Вішоўскай сельскай бібліятэкі. У хуткім часе яна выйшла замуж за вішоўскага хлопца Міхаіла Канцавога, у іх нарадзіліся чацвёра сыноў: Аляксандр, Уладзімір, Барыс і Міхаіл.
Пад час сваёй працоўнай дзейнасці Марыя Панфілаўна паказала сябе вопытным, старанным спецыялістам, улюблёным у кнігу. У працы яна была чалавекам ініцыятыўным, неабыякавым, здольным не толькі добра выканаць запыты сваіх чытачоў, але і зрабіць вольны час вяскоўцаў больш змястоўным і цікавым. Марыя Панфілаўна арганізоўвала і праводзіла чытацкія канферэнцыі, круглыя сталы, дні спецыяліста, якія ў той час былі амаль самымі папулярнымі формамі бібліятэчнай работы. Частым госцем бібліятэкар Канцавая была і на фермах, машынным двары, куды дастаўляла літаратуру, праводзіла гутаркі на актуальныя тэмы.
Але і сама Марыя Панфілаўна, як кажуць, не сядзела на месцы – таксама наведвала мерапрыемствы, якія ладзілісь у раёне і вобласці. Так, адным з яскравых успамінаў у яе жыцці стала творчая сустрэча з беларускім пісьменнікам Іванам Шамякіным, якая была арганізавана ў адной з бібліятэк Магілёва. Ён падаўся Марыі Панфілаўне вельмі простым чалавекам, цікавым субяседнікам. Пасля мерапрыемства пісьменнік раздаваў аўтографы. Пакінуў ён аўтограф і на зборніку сваіх твораў, прывезеным Марыяй Панфілаўнай, чым яна вельмі ганарылась. Праз усё жыццё яна пранесла любоў да яго раманаў і, калі ў яе пыталі, творы якога аўтара для яе найбольш блізкія, яна адказвала – творы Івана Шамякіна.
Душэўнасць, добразычлівасць, бескарыслівасць – галоўныя рысы яе характару, таму менавіта яе некалькі гадоў запар аднавяскоўцы выбіралі дэпутатам Вішоўскага сельвыканкама.
Пад яе кіраўніцтвам Вішоўская бібліятэка лічылась адной з лепшых бібліятэк Бялыніцкага раёна. Паслугамі бібліятэкі ў той час карысталася амаль 80 % насельніцтва вёсак Вішоў, Гняздзін і Крукі.
Шмат у Марыі Панфілаўны і асабістых узнагарод – Ганаровых грамат райкама КПБ і райвыканкама, абласнога і раённага аддзелаў культуры, каштоўных падарункаў. Таксама яна з’яўлялась агітатарам на Вішоўскай малочнатаварнай ферме калгаса “Радзіма” і кожны чацвер, а то і часцей, яна наведвалась на ферму, каб пазнаёміць людзей з падзеямі, якія адбываліся ў краіне і за яе мяжой, у раёне, у гаспадарцы. Па яе словах, прыходзіла заўсёды грунтоўна падрыхтаванай, каб даць дакладны адказ на любое пытанне, якое цікавіла жывёлаводаў: рэгулярна праглядвала рэспубліканскія і мясцовыя газеты і часопісы, самае цікавае занатоўвала ў спецыяльны сшытак, рабіла выразкі. А яшчэ, па ўспамінам былых жывёлаводаў Вішоўскай фермы, Марыя Панфілаўна была вельмі пунктуальным агітатарам: калі па якой-небудзь прычыне ёй прыходзілась адкладваць сустрэчу з працаўнікамі фермы, яна заўсёды аб гэтым папярэджвала і дамаўлялась аб наступнай сустрэчы ў зручны для іх час. На ідэалагічных семінарах і нарадах раёна сярод лепшых агітатараў называлі і яе прозвішча.
Акрамя агітатарскай дзейнасці, Марыя Панфілаўна аказвала вялікую дапамогу ў афармленні нагляднасці ў чырвоным кутку, выпуску “баявых лістоў”, “маланак”… З яе лёгкай рукі, па ўспамінах былога сакратара партыйнай арганізацыі калгаса “Радзіма” Валянціны Ўладзіміраўны Мурашка, чырвоны куток Вішоўскай фермы лічыўся адным з лепшых у калгасе: кідалісь у вочы з густам аформленыя наглядная агітацыя, выстаўка кніжных навінак па жывёлагадоўлі, на сталах таксама заўсёды ляжалі свежыя газеты і часопісы.
Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Марыя Панфілаўна не парывае сувязі з бібліятэкай: часта наведваецца сюды, каб узяць цікавую кнігу, пагартаць свежыя нумары газет і часопісаў, пацікавіцца справамі бібліятэкі. Актыўны ўдзел былы бібліятэкар прымае і ў бібліятэчных і клубных мерапрыемствах.
Асноўныя паказчыкі бібліятэкі
Кніжны фонд Вішоўскай бібліятэкі на 01.01.1973 года – 4562 экз.
Чытачоў усяго – 363
Кнігавыдача – 4329
Наведванняў – 1646
Чытальнасць – 11
Абарачальнасць – 0,9
Наведвальнасць – 3,7
Кніжны фонд Вішоўскай бібліятэкі на 01.01.1974 года – 6318 экз.
Чытачоў усяго – 447
Кнігавыдача – 6470
Чытальнасць – 14
Наведвальнасць – 3,7
Праведзена чытацкіх канферэнцый – 3
Кніжны фонд Вішоўскай бібліятэкі на 01.01.1975 года – 6999 экз.
Чытачоў усяго – 457
Кнігавыдача – 8099
Чытальнасць – 17
Наведвальнасць – 7,5
Праведзена чытацкіх канферэнцый – 4, вусных часопісаў – 2
Кніжны фонд Вішоўскай бібліятэкі на 01.01.1976 года – 7009 экз.
Чытачоў усяго – 458
Кнігавыдача – 8101
Чытальнасць – 17,5
Наведвальнасць – 7,8
Праведзена чытацкіх канферэнцый – 4, вусных часопісаў – 3
У 1977 годзе бібліятэка была пераведзена на цэнтралізаваную сістэму абслугоўвання насельніцтва і стала бібліятэкай-філіялам №6.
Кніжны фонд Вішоўскай бібліятэкі на 01.01.1977 года – 7382 экз.
Чытачоў усяго – 460
Кнігавыдача – 8157
Чытальнасць – 17,7
Наведвальнасць – 9
Праведзена чытацкіх канферэнцый – 4
Кніжны фонд Вішоўскай бібліятэкі на 01.01.1979 года – 9111 экз.
Чытачоў усяго – 465
Чытальнасць – 18,9
У 1989 годзе быў здадзены ў эксплуатацыю новы двухпавярховы будынак Вішоўскага Дома культуры, які пабудавалі на месцы старога клуба, і пад бібліятэку ў ім былі адведзены ўтульныя, светлыя, прасторныя пакоі. У зону бібліятэкі уваходзілі вёскі Вішоў, Аніськаўшчына, Гняздзін і Крукі.
Пасля выхаду Марыі Панфілаўны на заслужаны адпачынак бібліятэкарам Вішоўскай бібліятэкі працавала Прашчалыкіна Таісія Барысаўна.
Амаль усе чытачы, колькасць якіх на той налічвалась звыш 300, даволі часта наведвалі бібліятэку, каб пачытаць свежыя часопісы, газеты, выбраць цікавыя кнігі, пагутарыць на розныя хвалюючыя тэмы з Таісія Барысаўнай. Яна заўжды добразычліва адгукалась на разнастайныя пытанні вяскоўцаў. Абаяльная і ветлівая бібліятэкарка з цеплынёй і павагай сустракала кожнага чытача.
З дапамогай кнігі Таісія Барысаўна выхоўвала ў сваіх чытачоў станоўчыя адносіны да Айчыны, вучыла падрастаючае пакаленне здароваму ладу жыцця, адказнасці за свае ўчынкі, дзеянні, а таксама міласэрнасці, дабрыні, шчырасці, любові і беражлівым адносінам да роднай зямлі.
У 1991 годзе для дзяцей і падлеткаў пры бібліятэцы пачаў працаваць гурток “Эстэтыка”. Дзяўчынкі – ўдзельніцы гуртка – выраблялі мяккія цацкі. Работы юных майстрых выстаўлялісь на паліцах краязнаўча-этнаграфічнага кутка бібліятэкі, а таксама яны ўпрыгожвалі кніжныя выставы бібліятэкі, арганізаваныя для дзіцячага чытача.
За плённую працу ў 1991-1992 гг. выдатна была адзначана работа Вішоўскай бібліятэкі: ёй было прысвоена першае месца сярод сельскіх бібліятэк і ўручана грашовая прэмія ў памеры 5 тысяч рублёў.
Першым месцам была адзначана Вішоўская бібліятэка і па выніках работы за 1994 год. Бібліятэкар Прашчалыкіна Таісія Барысаўна была ўзнагароджана Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта. Ёй было прысвоена званне “Лепшы вясковы бібліятэкар”.
Не стаў выключэннем у атрыманні ўзнагарод і 1995 год: за паспяховую работу па культурным абслугоўванні насельніцтва бібліятэкар Вішоўскай бібліятэкі Т.Прашчалыкіна была ўзнагароджана Ганаровай граматай.
Таксама ў раённым спаборніцтве за званне “Лепшы па прафесіі” па выніках работы за 1996 год Прашчалыкіна Т.Б. была ўзнагароджана дыпломам Бялыніцкага райвыканкама.
Заўсёды спяшаліся да Таісіі Барысаўны Прашчалыкінай чытачы, для якіх у сценах бібліятэкі і за яе межамі праводзілісь і разнастайныя цікавыя мерапрыемствы.
Таісія Барысаўна заўсёды была ў пошуку новых, цікавых форм бібліятэчнай работы.
З 6 верасня 1998 года пасля заканчэння Магілёўскага бібліятэчнага тэхнікума бібліятэкарам Вішоўскай бібліятэкі працавала Забаронак Святлана.
Асноўныя паказчыкі работы бібліятэкі:
1998 год:
Кніжны фонд – 7819 экз.
Чытачоў – 479
Кнігавыдача – 9123
Наведванняў – 3436
1999 год:
Кніжны фонд – 7540 экз.
Чытачоў – 431
Кнігавыдача – 7291
Наведванняў – 3182
2000 год:
Кніжны фонд – 7584 экз.
Чытачоў – 422
Кнігавыдача – 7212
Наведванняў – 2956
Далей з лістапада 2001 года на гэтай пасадзе яе змяніла Зайцава Жанна Міхайлаўна.
Пры бібліятэцы ў гэты час пачаў працаваць клуб цікавага вольнага часу для дзяцей і падлеткаў “Колеры вясёлкі”. Таксама для дзяцей працаваў гурток “Вышыванне крыжыкам”.
Кніжны фонд у той час складаў 7563 экзэмпляра. Бібліятэка сваім чытачам прапаноўвала гадзіны інфармацыі, урокі гісторыі, турніры знаўцаў, сустрэчы за круглым сталом, конкурсы малюнкаў і іншыя цікавыя мерапрыемствы.
З жніўня 2007 года бібліятэкарам Вішоўскай бібліятэкі прыйшла працаваць Пікас Наталля Ўладзіміраўна. У гэтым жа 2007 годзе вёска Вішоў афіцыйна атрымала статус аграгагардка і ў назве бібліятэкі таксама адбыліся змены. Яе поўная назва стала наступная: Вішоўская сельская бібліятэка-філіял №6 аграгарадка Вішоў.
У 2008 годзе ў бібліятэцы быў завершаны рамонт, які ажыццяўляўся ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005-2010 годы. Для бібліятэкі была набыта новая мэбля, камп’ютар з шматфункцыянальным абсталяваннем (прынтар, ксеракс, сканер), а крыху пазней бібліятэку падключылі і да сусветнай сеткі Інтэрнэт. Усё гэта зрабіла яе больш прывабнай, сучаснай і мабільнай.
Камп’ютарызацыя значна пашырыла магчымасці бібліятэкі як інфармацыйнага, адукацыйнага, так і дасугавага цэнтра. Да паслуг карыстальнікаў былі прадастаўлены багатыя электронныя базы па ўсім галінам ведаў. Школьнікі і студэнты выкарыстоўвалі іх для напісання паведамленняў, рэфератаў, дакладаў, курсавых. Бібліятэкары таксама выкарыстоўвалі камп’ютар пры падрыхтоўцы і правядзенні масавых мерапрыемстваў: дэманстравалі відэасюжэты, відэа- або слайд-віктарыны, электронныя прэзентацыі і г.д. Гэта паспрыяла таму, што бібліятэчныя мерапрыемствы сталі больш яркімі, ўнушальнымі і запамінальнымі. Таксама набыццё камп’ютара дало магчымасць пашырыць віды платных паслуг і заробіць больш грошай: гэта і распячатка тэксту, і ксеракапіраванне, і карыстанне камп’ютарам і інш.
Так бібліятэка аграгарадка Вішоў стала сапраўдным цэнтрам духоўнай культуры і зносін жыхароў вёсак Аніськаўшчына, Гняздзін, Крукі і аграгарадка Вішоў. У 2008 годзе ў зоне яе абслугоўвання пражывала 653 чалавекі. З іх чытачамі бібліятэкі з’яўляліся 306.
У 2009 годзе ў зоне абслугоўвання Вішоўскай бібліятэкі пражывала 660 чалавек і яе паслугамі карысталіся 309 чытачоў.
Фонд біліятэкі за 2009 год папоўніўся на 515 экзэмпляраў кніг і брашур і па стану на 01.01.2010 года яго колькасць складала 8546 экзэмпляраў (з іх кніг – 7271 экз.).
Улічваючы рэаліі нашага няпростага жыцця, бібліятэка заўсёды з асаблівай адказнасцю адносілася да работы з сацыяльна-неабароненымі групамі насельніцтва. У цэнтры павышанай увагі заўсёды былі інваліды, пажылыя, адзінокія і адзінокапражываючыя грамадзяне. Акрамя дастаўкі літаратуры на дом для людзей гэтай катэгорыі бібліятэка арганізоўвала акцыі да дня пажылых людзей, да дня інвалідаў і г.д. Так, у 2009 годзе Вішоўскай бібліятэкай сумесна з Вішоўскім СЦКіВЧ была праведзена акцыя міласэрнасці “Перадай дабро па кругу”, пад час якой работнікі бібліятэкі і СЦКіВЧ разам са школьнікамі наведалі гэтых людзей, прынеслі для іх кнігі, прапанавалі пасільную дапамогу па аказанню розных сацыяльных паслуг.
Хочацца адзначыць, што насельніцтва зоны абслугоўвання бібліятэкі аграгарадка Вішоў заўсёды было параўнальна маладое. Зыходзячы з гэтага ў 2009 годзе і было прынята рашэнне арганізаваць пры бібліятэцы маладзёжны клуб “Маладзёжнае скрыжаванне”.
Павелічэнне прэстыжу адукацыі, з’яўленне новых навучальных устаноў і дысцыплін, новых прафесій паспрыялі стварэнню пры бібліятэцы ў 2010 годзе Цэнтра дадатковай адукацыі “Ваш шанц”. Кнігі і папкі-накапляльнікі Цэнтра дапамагалі падлеткам і моладзі рыхтавацца да ўрокаў, тэціравання, экзаменаў, а таксама пісаць курсавыя работы, рэфераты і г.д.
Вішоўская бібліятэка-філіял №6 аграгарадка Вішоў з’яўляецца і цэнтрам зносін дзяцей і падлеткаў, дзе яны могуць творча і змястоўна праводзіць свай свабодны час. Для гэтага ў бібліятэцы ёсць багаты кніжны фонд дзіцячай літаратуры, перыядычных выданняў, камп’ютар. Таксама для дзяцей бібліятэка арганізоўвала кніжныя выставы, выставы-прагляды новых паступленняў і разнастайныя цікавыя мерапрыемствы, якія праводзілісь сумесна з Вішоўскім СЦК і ВЧ.
У 2013 годзе да Вішоўскай сельскай бібліятэкі-філіяла №6 далучылі сельскую бібліятэку ПМК-83-філіял №5, якая таксама знаходзілась у аграгарадку Вішоў і месцілась у будынку Вішоўскага сельскага Савета. Загадчыцай аб’яднанай бібліятэкі стала працаваць Пікас Наталля Уладзіміраўна, бібліятэкарам – Магілеўчык Святлана Іванаўна, якая да гэтага часу працавала бібліятэкарам бібліятэкі ПМК-83.
Павялічылася і зона абслугоўвання Вішоўскай бібліятэкі: дабавілася частка аграгарадка Вішоў і вёска Нежкаў, а агульная колькасць пражываючых у ёй склала каля 1500 чалавек. Таксама павялічыўся і кніжны фонд бібліятэкі: так, з улікам аб’яднання, на пачатак 2013 года ён складаў 16516 экзэмпляраў.
У гэтым жа 2013 годзе была праведзена вялікая работа па ачыстцы фонда бібліятэкі ад драхлай, састарэлай, дублетнай літаратуры. На пачатак 2014 года колькасць фонда бібліятэкі складала 14986 экзэмпляраў выданняў, 12415 з якіх былі кнігі.
З 2013 года асноўным напрамкам работы Вішоўскай бібліятэкі аграгарадка Вішоў стала сямейнае выхаванне. Менавіта гэты напрамак быў асноўным у рабоце далучанай бібліятэкі ПМК-83-філіяла №5, таму і аб’яднаная бібліятэка працягнула работу ў гэтым накірунку. Пры гэтым бібліятэка абапіралася на мэтавую бібліятэчную праграму “Усё пачынаецца з сям’і”, а ўсе мерапрыемствы ажыццяўляліся ў рамках работы сямейнага клуба “Гармонія”, які дагэтуль дзейнічаў у бібліятэцы ПМК-83.
У 2014 годзе ў бібліятэку прыйшла працаваць Гаранінава Таццяна Іванаўна. У Вішоўскую бібліятэку паступалі 43 назвы часопісаў і газет, з якіх 9 – для дзяцей. Таксама да паслуг карыстальнікаў бібліятэка прапаноўвала 38 відаў платных паслуг.
Як і заўсёды, ў 2014 годзе асноўнымі функцыямі бібліятэкі заставаліся інфармацыйная, адукацыйная і дасугавая. У бібліятэцы дзейнічаў Сельскі Інфармацыйна-бібліятэчны Цэнтр, раздзелы якога інфармавалі карыстальнікаў бібліятэкі аб найбольш значных падзеях у жыцці рэспублікі, вобласці, раёна, знаёмілі з фондам прававой літаратуры, з дзейнасцю Публічнага Цэнтра Прававой Інфармацыі і г.д.
Каб зрабіць вольны час дзяцей больш цікавым і насычаным, з 2014 года ў перыяд школьных канікул пры бібліятэцы аграгарадка Вішоў пачаў дзейнічаць гурток “Умейка”. Эстэтычнае развіццё асобы – гэта вядучы напрамак работы гуртка, заняткі ў якім даюць магчымасць працаваць рукамі, прывучаюць да дакладных рухаў пальцаў пад кантролем усведамлення, развіваюць творчыя здольнасці хлопчыкаў і дзяўчынак.
З мэтай стварэння прывабнага бібліятэчнага асяроддзя, знаёмства карыстальнікаў з навейшай інфармацыяй па актуальных тэмах бібліятэкары шырока выкарыстоўваюць розныя формы выставачнай дзейнасці. На працягу года ў бібліятэцы дзейнічалі выставы-інфармацыі, выставы-рэкамендацыі, выставы-агляды: “Я гэты край Радзімаю заву”, “Прававыя веды – усім”, “Компас у краіну здароўя”, “Вечная сімфонія прыродзе”, “Книга самая-самая…”, “Навінкі беларускай літаратуры”, “І память о войне нам книга оставляет” і іншыя.
У 2016 годзе ў зону абслугоўвання Вішоўскай бібліятэкі ўваходзілі 5 населенных пунктаў: аграгарадок Вішоў, а таксама вёскі Нежкаў, Аніськаўшчына, Гняздзін і Крукі. Па стану на 01.01.2016 года ў іх пражывала ў агульнай колькасці 1523 чалавека.
Бібліятэка, як і раней, з’яўлялась сапраўдным інфармацыйна-культурным цэнтрам для дарослых і дзяцей. У ёй мелася 2 камп’ютары, 2 шматфункцыянальных прыстасаванні, выхад у Інтэрнэт. Бібліятэкары працягвалі выкарыстоўваць камп’ютарную тэхніку для афармлення кніжных выстаў, тэматычных папак, а таксама для выпуску выдавецкага матэрыяла, арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў і выканання платных паслуг.
Фонд бібліятэкі на 01.01.2016 года складаў 15221 дакумент. Разнастайнай была і падпіска на перыядычныя выданні: бібліятэка атрымлівала 43 назвы перыядычных выданняў (з іх 11 – газеты і 32 – часопісы).
Бібліятэка сёння – гэта цэнтр эстэтычнага выхавання дзяцеі і падлеткаў. Эстэтычнае развіццё асобы, як і заўсёды – было асноўным напрамкам работы гуртка “Умейка” і ў 2016 годзе. Яго актыўнымі ўдзельнікамі з’яўлялісь 8 рабят ва ўзросце ад 8 да 12 год. На занятках дзеці спасцігалі мастацтва вязання на прутках, лепкі з пластыліну, малявалі ілюстрацыі да любімых кніг, вучылісь выразаць сняжынкі, складалі прыгожыя аплікацыі з восеньскага лісця, майстравалі забаўныя вырабы з агародніны. Усё гэта дазваляла ім выпрабоўваць свае магчымасці і праяўляць свае здольнасці.
У рамках работы сямейнага клуба “Гармонія” і на аснове мэтавай бібліятэчнай праграмы “Бібліякафэ “Место встречи – библиотека…”, разлічанай на 2016-2019 гг. у 2016 годзе адбылося адкрыццё пры Вішоўскай бібліятэцы бібліякафэ “Месца сустрэчы - бібліятэка” . “Кафэ ў бібліятэцы? – запытаеце вы. – Ці ж гэта магчыма?”. Магчыма, калі вы ўспомніце, што кнігі – гэта таксама ежа, ежа для розуму і для душы. Ёсць такое паняцце “смачная кніга”. Гэта, калі чытаеш і атрымліваеш сапраўдную асалоду і перагортваеш апошнюю старонку са шкадаваннем. У бібліякафэ Вішоўскай бібліятэкі менавіта такія кнігі: цікавыя, захапляльныя і пазнавальныя. У рамках работы бібліякафэ ў 2016 годзе прайшлі наступныя мерапрыемствы: свята сямейнага чытання “Мы – семья, а это значит – справимся с любой задачей!”, літаратурная дэгустацыя “Ну, вельмі смачная казка!”, гульнёвае асарці “Хто шмат чытае – той шмат ведае”, дзень жанчын у бібліятэцы “В гармонии с собой и миром” з дэгустацыяй бліц-вопыту “Рацэпт у спадчыну” і інш.
У 2017 годзе ў зоне абслугоўвання Вішоўскай бібліятэкі пражывала 1483 чалавека. Фонд яе складаў 14953 экзэмпляраў. З перыядычных выданняў бібліятэка атрымлівала 12 найменняў, з якіх 6 – газеты, 6 – часопісы.
Як заўсёды, бібліятэка з’яўлялась сапраўдным інфармацыйна-культурным цэнтрам для дарослых і дзяцей. Наяўная аргтэхніка (2 камп’ютары і 2 шматфункцыянальныя прылады) і выхад у Інтэрнэт дазвалялі бібліятэкарам найбольш цікава і ў поўнай меры арганізоўваць і праводзіць масавыя мерапрыемствы, а таксама афармляць кніжныя выставы, тэматычныя папкі, выдаваць друкаваны матэрыял (буклеты, памяткі і інш.), выконваць платныя паслугі, у поўным аб’ёме задавальняць запатрабаванні карыстальнікаў бібліятэкі. Так, на працягу года яны мелі магчымасць карыстацца электронным каталогам, які адлюстроўваў фонд ДУК “Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сетка”, поўнатэкставымі базамі дадзеных ДУК “Магілёўская абласная бібліятэка імя. У.Леніна” “Мой край – мая Магілёўшчына”, “Таленты роднай зямлі”, а таксама базамі дадзеных уласнай генерацыі цэнтральнай бібліятэкі: “Радзімая прыдруцкая зямля, часцінка нашай любай Беларусі”, “Літаратурная карта Бялыніцкага раёна”, “Бялыніччына турыстычная”, “Іх імёнамі названы вуліцы” і інш.
Радзіма – гэта вельмі ёмістае па сваім змесце паняцце. У яго ўкладваецца глыбокі і шматгранны сэнс. У кожнага з нас ёсць свае любімыя месцы, якія нам падабаюцца яшчэ з дзяцінства, і з якімі ёсць свае ўспаміны і асацыяцыі. Радзіма – гэта і тыя родныя сцяжынкі, па якіх чалавек хадзіў з дзяцінства, і знаёмыя завулкі, скверы і паркі, азёры і ўсё астатняе – у кожнага ж свае асацыяцыі і ўспаміны. Пра ўсё гэта з 2017 года знаёмяць краязнаўчыя электронныя рэсурсы пад агульнай назвай “Вішоўскі край”, размешчаныя таксама на сайце ДУК “Бялыніцкая цэнтралізаваная бібліятэчная сетка”.
Выкарыстанне камп’ютарных тэхналогій станоўча ўплывала на якасць бібліятэчнага абслугоўвання. Так, пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, выкарыстоўвалісь інавацыйныя формы: мультымедыйнае бібліятаксі, часопісныя брадзілкі, юбілейны праменад, гістарычная рэверсія і іншыя. У рамках работы сямейнага клуба “Гармонія” была арганізавана работа Каворкінг-цэнтра “Сямейныя ўніверсітэты” і работа бібліякафэ “Месца сустрэчы - бібліятэка” і інш. Выкарыстанне мультымедыйнай устаноўкі, з дапамогай якой дэманстраваліся электроннныя прэзентацыі і відэасюжэты пры правядзенні масавых мерапрыемстваў, значна павысіла інтарэс карыстальнікаў да іх.
Вялікая ўвага ў 2017 годзе ў рабоце бібліятэкі, як і ў папярэднія гады, удзялалася яе іміджу. Бо чытач будзе з задавальненнем наведваць тую бібліятэку, у якой яму камфортна, утульна, сучасна. Таму на працягу года былі аформлены яркія і прывабныя кніжныя выставы.
Па выніках ХХVІ рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры» у намінацыі «За навацыі ў галіне бібліятэчнай справы» Вішоўская сельская бібліятэка-філіял №6 аграгарадка Вішоў была ўзнагароджана Дыпломам другой ступені. |