Калектыўная гаспадарка ў вёсцы Навасёлкі была створана ў 1931 годзе і спачатку атрымала назву “Ударнік". Перайменаваная пасля Вялікай Айчыннай вайны ў калгас імя Леніна, далучыла да сябе некалькі дробных суседніх гаспадарак. У пасляваенны час свае намаганні вяскоўцы накіроўвалі на аднаўленне разбуранай гаспадаркі, будаўніцтва ферм, жылля. З кожным годам паступала больш тэхнікі, сельгасмашын, павялічвалася колькасць жывёлы, выразней намячалася спецыялізацыя. У калгасе імя Леніна адным з асноўных накірункаў сельгасвытворчасці, поруч з жывёлагадоўляй, вырошчваннем збажыны і бульбы, стала льнаводства.
Ужо ў 1952 годзе навасёлкаўскія льнаводы атрымалі па 4,8 цэнтнера з гектара льнанасення. Найбольшых жа поспехаў дабілася звяно Ганны Грышанавай, якое забяспечыла ўраджайнасць па 8,5 цэнтнера з гектара. У тым жа годзе за вырошчванне кок-сагызу і вялікі збор яго каранёў і насення ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга былі ўзнагароджаны кіраўнікі звенняў каўчукаводаў калгаса імя Леніна Валянціна Дударава і Зінаіда Севярнёва.
За гады сямігодкі (1959-1965) у вёскі калгаса прыйшлі электрычнасць і радыё, яны пачалі тэлефанізавацца, вяліся работы па паляпшэнні стану дарог.
Дэлегатам ІІІ Усесаюзнага з’езда калгаснікаў і ІІІ з’езда калгснікаў Беларусі, якія праходзілі ў 1969 годзе, быў выбраны лепшы брыгадзір гаспадаркі І.А.Грышанаў. Ён жа па выніках Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР (1975) імя Леніна адзначаны Дыпломам ІІІ ступені ВДНГ СССР, срэбны медаль атрымаў і звеннявы па вырошчванні бульбы М.П.Салодкі, а дзевяць калгаснікаў узнагароджаны бронзавымі медалямі.
Напрыканцы 1970-х гадоў хлебаробы гаспадаркі пачалі атрымліваць самыя высокія ў раёне ўраджаі зерневых культур – з кожнага гектара збіралі па 41 і больш цэнтнеры збожжа, перавыконвалі даведзеныя планы па вытворчасці малака і мяса.
Калгас імя Леніна свайго росквіту дасягнуў у перыяд, калі праўленне яго ўзначальваў бліскучы арганізатар сельгасвытворчасці, таленавіты кіраўнік, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі Уладзімір Фёдаравіч Скрыцкі. Больш за сорак гадоў Уладзімір Фёдаравіч старшынстваваў на роднай зямлі. Яго нялёгкая, крапатлівая праца адзначана ордэнам Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Гэта быў на той час адзін з лепшых калгасаў Беларусі, слава пра здабыткі працаўнікоў якога, дайшла да Масквы. Гаспадарка ўдастойвалася Чырвоных сцягоў саюзнага і рэспубліканскага значэнняў. Па вытворчасці сельгаспрадукцыі ўсе бялыніцкія калгасы і саўгасы арыентаваліся “на Скрыцкага”. А ён лідзіруючых пазіцый не саступаў: першыя даяркі-“трохтысячніцы”, а потым і “чатырохтысячніцы”, што з’яўлялася тады вялікай рэдкасцю, былі з калгаса імя Леніна; тут працавалі і жывёлаводы, якія на вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы нязменна дабіваліся найвышэйшых прываг; у калгасе імя Леніна шчыравалі і лепшыя льнаводы, хлебаробы. Тут, бадай, кожны быў перадавіком. Кожны дзесяты жыхар вёскі Навасёлкі, якая з’яўлялася цэнтральнай сядзібай гаспадаркі, быў ордэнаносцам. Сярод узнагароджаных за сумленную працу І.А.Грышанаў, В.Ф.Бараноўская, У.А.Зайцаў, Т.А.Кустава, Г.С.Скрыцкая, Т.С.Панцялеева, К.В.Юдзіна, У.І.Калеснікаў, М.С.Завадскі і многія іншыя.
Сваю працоўную біяграфію галоўны аграном калгаса Валянціна Бараноўская пачала пры Уладзіміры Скрыцкім. Гэта Уладзімір Фёдаравіч некалі ёй, маладому аграному, казаў, што на канчатковы вынік хлебаробскай працы ўздзейнічаюць сотні самых розных фактараў. Тэхнолаг палёў абавязаны іх заўважаць, павінен умець кіраваць імі. Яна так і дзейнічала, а таму быў і нязменны поспех.
Неўзабаве пасля смерці Уладзіміра Фёдаравіча наступілі “ліхія 90-ыя”, і раней моцная гаспадарка не здолела ўтрымацца на вірлівай плыні няпростага жыцця. Неўзабаве наступіў і заняпад. Адзінае выйсце было ў рэарганізацыі гаспадаркі праз далучэнне да СВК “Калгас “Радзіма”. |