Page 36 - МЕЛЬНІКАВА В.П. Жыве ў сэрцы вобраз маці любай
P. 36
вершаваныя радкі сына мама была разам з Сашам ва ўспамінах. Саша
жыў у сэрцы маці і ў памяці яе да апошняй хвіліны яе зямнога жыцця.
Жыць далей без Сашы, маці крыху дапамагала мая падтрымка. Я
акружыла маму любоўю, павагай і цеплынёй сваёй душы. Дапамагала
маці і шчырая падтрымка сапраўдных сяброў Сашы. Але так не
хапала нам Сашы, дарагога і любімага сына і брата.
Апошнiя днi зямнога жыцця
А як жа не хапала нам Сашы, калі цяжка захварэла мама.
Упэўнена, што Саша, родны сын, свой урач, зрабіў бы ўсё магчымае і
немагчымае і захаваў бы жыццё дарагой і любімай мамы.
… Мама слабла. Увесь час мы былі каля яе ложка. Да апошняй
хвіліны свайго жыцця яна была пры здаровым розуме і добрай памяці.
Хвалявалася больш за мяне і Сцяпана, чым за сябе.
За некалькі дзён да свайго адыходу ў іншы свет, неяк
непрыкметна, ў час размовы, сказала мне: “Дачушка, абдымі мяне
крэпка-крэпка”. Я на некалькі хвілін пяшчотна прытуліла да сябе ўжо
зусім худзенькую маці. Пацалавала. Але пацалавала, на вялікі жаль,
зусім не так, як хацела б. Не змагла паглядзець у дарагі, родны, любы
твар маці, бо я баялася перадаць маці вірус прастуды. Толькі праз
некаторы час я зразумела, што гэта мама так мудра ўжо развітвалася
са мной. Мама называла мяне і Сцяпана ласкава “Дзеткі мае”. Яна так
любіла нас, любіла людзей, любіла жыццё. І так хацела мама яшчэ
жыць.
Гэта паэты многае ведаюць наперад. Саша прадсказаў і час
свайго адыходу, і толькі крыху памыліўся наконт мамы. А мне,
звычайнай, нават уявіць было страшна, што мамы не будзе побач.
Прайшоў тыдзень красавіка. Буслы да нас ужо прыляцелі. Я і
матулі аб гэтым сказала. Да буслоў у мамы было незвычайнае
пачуццё. Яны, відаць, дадавалі ёй здароўя, калі пасля зімовага холаду
кожнай вясной на наш вяз прыляталі.
І любая мама, і ўсе мы шанавалі буслоў, бо бусел – свойская,
святая птушка.
34