Page 8 - МЕЛЬНІКАВА В.П. Жыве ў сэрцы вобраз маці любай
P. 8
душы сагрэць продкаў марознай зімой. Іду, каб прыбраць магілы, якія
ўвесь час павінны быць у добрым стане, бо гэта знак пашаны да
памерлых.
І ў сумныя даты, і ў святы наведваю могілкі, каб і нізка-нізка
пакланіцца маці і тату, усім родным і сказаць ім шчыры дзякуй за тое,
што дапамагаюць мне жыць. Жывыя кветкі, гасцінцы пакласці,
пастаяць каля магілаў, падумаць пра жыццё. Усё гэта і робіць маю
непарушнасць з уласнымі каранямі натуральнай.
Я захоўваю Памяць аб маці і тату, усіх родных, ганаруся імі,
шаную родных, як самую вялікую зямную каштоўнасць, бо гэта
выплывае з глыбіні патрэбы сэрца майго. Слава продкаў служыць мне
як светач.
Я шаную зямельку бацькоў. Тут і сонца больш душу пагрэе, і ў
сэрцы маім гучаць матуліны песні, і я ціха шапчу іх словы. Тут нават
у цёплым кастрычніку любімыя васількі на роднай ніўцы квітнеюць.
І кожнай вясной у гародчыку каля хаты зацвітаюць кветкі, якія
любая матуля некалі пасадзіла: сэрца, нарцысы, цюльпаны. Бэз пад
вакном распускае пялёсткі свае. Колькі гадоў, як няма са мной
любімай матулі, а яна адтуль здалёку пасылае мне прывітанне –
ясным светам ззяюць пялёсткі бэзу, нібы погляд матулі з любоўю. І
прытуліўшыся да акенца роднай хаты – гладзіць шыбу галінкамі бэзу.
І ўлетку растрывожыць мяне горкай слязою пякучай і півоня
матулі, і флёксы, лілеі. А ў восень – касачы і гарштва, і рабіны
чырвонай і чорнай гронкі, што глядзяць у акенца бацькоўскай хаты. І
тая зімняя вяргіня, што матуля калісьці каля самага ганка пасадзіла. І
з той журботнай вясны падрастае каля ганка і клёнік. Відаць
невыпадкова ён стаў тут расці – клён жа з’яўляецца дрэвам матулі.
Ступаючы на ганак, я кожны раз дакранаюся да гэтага дрэўца і кажу
слова “мама”. Доўгі час у гародчыку цвітуць незабудкі і васількі, што
ўжо я ў памяць аб любімай матулі пасадзіла.
І ў хаце на любімым табурэце матулі, каля стала, на стале, каля
чырвонага кутка, дзе фотаздымкі любімай маці, на лаве, каля печы
(прыпечку), дзе любіла адпачываць мама, заўсёды стаяць букеты
жывых кветак.
6