|
|
МАГІЛЕЎЧЫК СВЯТЛАНА ІВАНАЎНА |
Святлана Іванаўна нарадзілася ў 1980 годзе ў вёсцы Васількі Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці.
Скончыла Галоўчынскую сярэднюю школу ў 1997 годзе і Магілёўскі бібліятэчны тэнікум у 1998 годзе.
Працавала ў сельскай бібліятэцы ПМК-83 бібліятэкарам. Пасля аб’яднання рабіла бібліятэкарам у Вішоўскай СБ.
Зараз – адказны сакратар райгазеты “Зара над Друццю”.
Пісаць вершы пачала з дзяцінства, натхніўшыся цікавымі казкамі і гісторыямі, якія расказвала бабуля.
Вершы, гумарэскі, замалёўкі і апавяданні друкаваліся ў газетах “Зара над Друццю”, “Звязда”, часопісах “Маладосць” і “Надежда для тебя”.
У 2014 годзе стала пераможцай конкурса апавяданняў газеты “Звязда” за апавяданне “Віражы лёсу”, напісанага ў традыцыях беларускага прыгожага пісьменства. Вядучы конкурсу, пісьменнік Алесь Бадак выбіраў да друку сур’ёзныя творы, з нечаканым сюжэтам, з філасофскім поглядам і, натуральна, лёгкай “чытацкай мовай”.
ВЫБРАНЫЯ ТВОРЫ:
|
*** Бабулечка любімая мая!
Бабулечка любімая мая!
Абсыпаныя снегам твае скроні.
Хачу я патрымаць у сваіх руках
Твае цяжкія, агрубелыя далоні.
Ты імі з печы вынімала чыгуны,
І сажа моцна ўелася ў скуру.
Не буду выціраць твае рукі,
А так як ёсць, пяшчотна пацалую.
Я дзякую за ўсе тваім рукам!
За тое, што малую гадавалі,
Асцерагалі ад жыццёвых ям,
А дзе-нідзе і пальцам пагражалі.
|
|
*** Як мы здружыліся – не ведаю сама…
Як мы здружыліся – не ведаю сама…
Якія нас с табой з’ядналі хвалі?
Ты – сонца, я – халодная зіма,
Але з табой мы ўсё ж пасябравалі.
І мой пыхлівы гонар абляцеў,
Як лістапад па восені нялоўкі…
А, можа, гэта Бог так захацеў –
Паслаў анёла ў вобразе сяброўкі.
|
|
*** Якога колеру Вабічы вадзіца
Якога колеру Вабічы вадзіца,
У рэчцы, што цячэ за небакрай?
Блакітным колерам нябёс яна бруіцца
І белым – воблакаў пухнатых зграй.
А можа рэчка колеру тумана?
Сівога, як бабульчына каса?
Зялёнага – ад вербаў, калі рана
Зіхоча сонца ў веццях – валасах.
Калісьці, у далёкія часіны
Была рака чырвонай ад крыві.
Ішла вайна і цяжкія машыны
Цябе хацелі выцесніць з зямлі.
Але твае не здаліся крыніцы,
Не зніклі, не прапалі берагі.
Якога колеру ў Вабічы вадзіца?
Таго, што майму сэрцу дарагі.
|
|
Новыя тэхналогіі /гумарэска/
Дырэктар ААТ “Дошкі і дровы” размашыстым крокам увайшоў у прыёмную і так гучна ляпнуў дзвярыма, што сакратарка Іначка, якая падпілоўвала свае ідэальныя пазногці, аж падскочыла на месцы.
– Людмілу Апанасаўну да мяне! Хутка! – гаркнуў зычным голасам Васіль Васільевіч. Дзяўчына куляй паімчалася за галоўным бухгалтарам і па сумяшчальніцтве жонкай дырэктара.
– Такі сярдзіты, такі сярдзіты, – па дарозе шчабятала Іначка. – Быў на нарадзе…Не ведаю, што з ім такое. Як не ў сабе…
– Не хвалюйся, – пачала супакойваць яе Людміла Апанасаўна. – толькі нікога пакуль не пускай да нас.
Дырэктар сядзеў за сталом, апусціўшы галаву. Відаць, думкі яго былі сапраўды, цяжкія.
– Ну вось, даражэнькая, мы с табой і даскакаліся, – убачыўшы жонку, сумна вымавіў Васіль Васільевіч. – Трэба нам збіраць рэчы і пакідаць нашы цёплыя мясцейкі.
– Дык што здарылася? Кажы, не цямні, – салодкім галаском “прапела” Людміла Апанасаўна. – Моцна табе ўвалілі ці што?
– Увалілі дык увалілі, – ўздыхнуў Васіль Васільевіч. Загадалі за адзін месяц мадэрнізаваць усю вытворчасць. Маўляў, рухаемся мы маруднымі тэмпамі, дзедаўскія тэхналогіі…А дзе я ім на мадэрнізацыю грошай вазьму? Рахункі ж у нас чыстыя, як карова языком палізала, і ў крэдытах, як у павуцінні… Вось цяпер думай, ягадка мая, што мы можам зрабіць. Я, уласна кажучы, не ведаю, як можна мадэрнізаваць вытворчасць драўляных скрынак. Можа, дошкі па асобай тэхналогіі габляваць або цвікі задам наперад забіваць? – дырэктар запытальна паглядзеў на сваю другую палавіну.
– Гэх, ты, – засмяялася бухгалтарка. – Я думала, што сур’ёзнае, а гэта раз плюнуць! У нас была вытворчасць драўляных скрынак “Дровы і дошкі”, а будзе ўнітарнае прадпрыемства па вырабе рознафарматнай тары з другаснай сыравіны “Дрывасек”!
– А дзе мы грошы возьмем? Ты падумала? – падазрона зірнуў на яе Васіль Васільевіч.
– Ну… – жонка загадкава ўсміхнулася. – На шыльду капейку знойдзеш, падфарбаваць, падмазаць памяшканні – таксама! А ўсё астатняе будзем рабіць, як і дагэтуль рабілі. Галоўнае – пачаць, а там, можа, пад які грант патрапім, ці датацыю ўдасца атрымаць…Будуць і ў нас новыя тэхналогіі!
|
|
Не было б шчасця… /апавяданне/
Не люблю, калі мяне непакояць па розных дробязных прычынах, таму збягаю ад залішняй увагі ў вёску, у старую бабуліну хату, дзе і дыхаецца лепш, і натхненне прыходзіць асаблівае. Толькі вёска ёсць вёска! Калі хто запрыкмеціў цябе, то, лічы, дзень прайшоў дарма: насунецца поўная хата гасцей, усе знаёмыя забягуць павітацца… А як жа, не кожны дзень прыязджаюць пісьменнікі. Сёння мне крыху пашанцавала, толькі сусед Цімох пачуў, як рыпнулі веснічкі. І вось цяпер ён сядзіць на зэдліку, гойдае нагамі ўжо з гадзіну і перыядычна дастае і хавае зноў пачак з цыгаркамі. Відаць, хоча прыкурыць, але ці то саромеецца, ці то чакае, пакуль дазволю. Я сцвярджальна ківаю галавой.
– Ці ведаеш ты старога Чэпела, які жыве там вунь, каля рэчкі, зацягнуўшыся нарэшце цыгарэтай, пачаў дапытвацца Цімох. – Ну павінен жа ведаць, на трактары ўсё жыццё працаваў…
– Шэпелеў, можа? – перапытаў я.
– Ну, Шэпелеў, – пагадзіўся суразмоўца. – Ты вось, гарадскі хлопец, мала што тумкаеш у нашым жыцці. А ў вёсцы як жа – дзе ні хата, то ўсё прозвішчы, клікухі, як кажуць некаторыя. Ты так не гаворыш, ты ж у нас – ін-тэ-лі-гент! Але дужа ты ўжо інтэлігентны, так, смехата адна. Ну, дык вось пра Чэпела табе расскажу, а ты не сядзі, вушы развесіўшы, а пішы. Гэту гісторыю ўся вёска ведае, але я табе такое скажу, што ніхто не чуў. А я чуў і бачыў на свае вочы!
Апавядальнік вытрываў вялікую паузу, а потым, меланхалічна пагойдваючы нагамі, працягваў:
– Я тады яшчэ падшыванцам быў, наша хата праз дзве ад іхняй стаяла. Гэта ўжо пасля Чэпел каля рэчкі пабудаваўся, а так побач з намі жыў. Ды і Настасся ў маладосці прыгажуня была – вачэй не адвесці, а ўжо старанная! На ўсе рукі майстрыха! Замуж ёй было пара, але хлопцаў адсейвала, як гарох. Баба, што з яе возьмеш!? Цьфу! – Цімох смачна сплюнуў на падлогу. – А пасля школы што яна ўздумала! Пайшла ў горад на трактарыстку вучыцца. Чэпел ужо тады па ёй нудзіўся, ён – услед! Але ж дзе там! На два гады маладзейшы за яе, не ўзялі. Маці вярнула, прымусіла школу скончыць. Сораму, бедалагу, было! А гэтая яшчэ і высмеяла, кажа, малы, да любошчаў нос не дарос. Змаўчаў Чэпел на такую абразу. Я на яго месцы так бы шкуматнуў Настассю, што пух і пер’е паляцела б ва ўсе бакі.
– Ну, а далей, далей што было? – пачаў я перапытваць Цімоха, які так расхваляваўся, што гатоў быў зараз жа ісці сварыцца з Чэпелехай за тое напаўзабытае мінулае.
– Далей ён у армію пайшоў, – ужо спакайней працягваў субяседнік. – Адслужыў, вярнуўся ў родную гаспадарку, на трактар сеў таксама. Настасся ў перадавікі выбілася! І Чэпел не адставаў. У іх нешта накшталт спаборніцтва было – хто больш ды лепш зробіць. Ні пра якія адносіны і размовы не вялося. Якая там любоў можа быць, калі, як ваўкі адно на аднаго глядзелі. Неяк вясной аралі яны на Багацькаўцы. Наш новы старшыня не ведаў, што іх ні ў якім разе ставіць працаваць разам нельга, баяліся, каб не пасварыліся. Дык гэта ж сорам які было ставіць бабу з мужыком у адной звязцы. А ён, той старшыня, толькі прыйшоў, нехлямяжны… Дужа ён ведаў…
Дожджык, помню, прайшоў, ды такі спорны. Чэпелава маці прысунулася да нас і так ласкава мне кажа:
– Бяжы, Цімоша, на поле, аднясі майму хлопцу боты лепшыя, ды світку. А то змокне, бедалага, увесь, як ёсць.
І цукерак жменю мне насыпала, і дваццаць капеек у кішэню паклала. За цукеркі я гатоў быў пабегчы на край свету, а за грошы нават босым па гарачых вуголлях. Карацей, схапіў ейныя вандзэлкі, дый паімчаўся. Да Багацькаўкі далекавата было, я добра-такі вымак па дарозе. І гразка. Зараз там канаў нарылі, асушылі, а тады было балота балотам. Яшчэ здалёк я пачуў – трактар раве, відаць, нешта здарылася. Падкраўся ціхенька, вытыркнуўся з-за кустоўніка. Так і ёсць – Настассін трактар сядзіць ледзь не па самыя восі ў гразі, а Чэпел арэ сабе і нібыта не заўважае. Тая бегае навокал, галлё падкладае. Але як тут выедзеш, калі тэхніка цяжкая? Цягнуць трэба, моцна засела. Я не вытрымаў, падбег да суседа, аддаў яму рэчы, ды, як на тое ліха, запытаўся, чаму не дапаможа ёй. Як вызверыўся на мяне Чэпел, то я і зніякавеў на месцы, зароў, пабег дадому, малы ж яшчэ, што ты хочаш. Настасся побач была. Пачула, скінула з сябе хустку, ды пачала пляскаць яго па твары. Крычыць:
– Што, зусім здурнеў, чалавек? Так улякнуў малога!
Мокрым, відаць, добра прылажыла, бо той не на жарт стаў ганяць яе па полі.
Я недалёка адбегся, падумаў, заб’е яшчэ дзяўчыну. І нешта так набраў сабе ў галаву. Вярнуўся назад, думаю. Залез у куст, цікую. Трактары маўчаць, няма навокал нікога. Перапужаўся, мо, праўда здарылася непапраўнае? А што ж, малы, цікаўны быў. Цішком, цішком, да Чэпелавага трактара – зазірнуў у кабіну. Сядзіць яна, у кут зашылася, а той хмарай над ёй стаіць. Чую, кажа Настассі:
– Калі і зараз замуж за мяне не згодзішся, утаплю цябе ў гэтым балоце!
– А я-яй! – залямантаваў я і кінуўся з таго месца.
Не помню, як дабраўся дахаты, як трос маці за спадніцу і галасіў, што Чэпел хоча ўтапіць дзяўчыну. Мне ўжо потым пра гэта рассказвалі, калі ачуняў крыху.
– А што з вамі здарылася? – перапытаў я.
– Ат, запаленне лёгкіх падчапіў, – адмахнуўся Цімох і зацягнуўся каторай ужо па ліку цыгаркай. – А як ачуняў, то добрая навіна сябе чакаць не прымусіла: Чэпел з Настассяй аб’явілі аб вяселлі. Што табе сказаць? Гулялі ўсёй вёскай. І жывуць яны душа ў душу амаль сорак гадоў ужо. А Настасся на трактар больш так і не села. Той, што захрас, недзе з тыдзень цягнулі з балота.
– А чаму вы не жаніліся, дзядзька Цімох? – пацікавіўся я.
– Г-эх, – пачухаў той патыліцу. – Можа не знайшлася такая, як Настасся, а іншай і не хацелася.
Я засмяяўся:
– І вы таксама былі ў яе закаханыя?
– Ды ну цябе, чэмер! Узяўся аднекуль на маю галаву, – Цімох зрабіў выгляд, што раззлаваўся. – Я бачыў Чэпелавы вочы там, у трактары, як ён на яе глядзеў. Больш нідзе і ніколі такіх не бачыў. Ды і бабе, яно, каханне, не патрэбна. А што – я? – Цімох злез з зэдліка, сарамліва патаптаўся на парозе.
– Дык чаго я зайшоў? Пазыч на маленькую, заўтра атрымаю грошы. Разлічуся…
|
|
Віражы лёсу /апавяданне/
Я пражыў шмат жыццяў... Не лічыце мяне за вар’ята, бо гэта і сапраўды так. А яшчэ я вельмі рады таму, што пражыў свой век не дарма, што не змарнаваў той час, які быў адпушчаны мне пажыць на гэтай зямлі…
Я не адзінокі, не… У мяне ёсць любімая справа, мая галава светлая, як ніколі. А яшчэ я ўмею размаўляць з Богам. Шмат гадоў я адпрацаваў на маяку, сігналіў караблям і лодкам у шторм і ў непагадзь. Каб хто раней сказаў мне, што я, дыпламаваны доктар, буду звычайным даглядчыкам, што мае рукі, якія не трымалі нічога цяжэй за стэтаскоп, будуць перапэцканыя сажай, то, напэўна, я засмяяўся б таму чалавеку ў твар. Ніхто не ведаў, што мой лёс павернецца менавіта так.
– Вы звар’яцелі, таварыш доктар, – памочнік капітана трымаў мяне за рукаў. – Наш карабель займаецца навуковай дзейнасцю, а не поўзаннем па маяках…
– Там чалавек падае сігналы SOS, – палка гаварыў я. – Я ведаю марскія законы і не змагу жыць, калі на маім рахунку будзе нявыратаванае жыццё! Я даваў клятву Гіпакрата!
– Вы разумееце, што вы робіце, таварыш Навуменкаў? – з другога боку выгаворваў мне кіраўнік нашай экспедыцыі. – Я таксама адказны за людзей на нашым судне. У гэткае надвор’е вы разаб’яцеся не праплыўшы і сотні метраў! Я сам не адпушчу вас!
– Я ўсе роўна рушу туды! Хочаце вы таго, ці не… – са злосцю адмахнуўся я і ліхаманкава пабег збірацца. Часу амаль не заставалася.
У гэтых водах мы былі ўжо не аднойчы, святло маяка заўсёды выручала нас. А зараз на маленькім востраве нешта здарылася, калі даглядчык падаваў сігналы аб дапамозе. Я бачыў, што наша каманда баіцца нават лішні раз высунуцца на палубу. Надвор’е было яшчэ тое! Таму і вырашыў даплысці туды сам. Недзе праз тыдзень наш карабель павінен ісці назад, і я меркаваў паспяхова вярнуцца на борт.
– Вы вялікі дурань! Але я жадаю вам удачы, – сказаў мне напаследак памочнік капітана. – Няхай дапаможа вам Бог!
Я здрыгануўся ад яго слоў. Неяк не вязалася гэта з вобразам суровага камуніста.
– Дзе ён быў, калі стваралі Сусвет? – запытаўся я.
Мы выйшлі пад пранізлівую імжу і вецер.
– Можа вы, таварыш доктар, перадумаеце? – зноў спытаў ён. Я адмоўна пакруціў галавой, мы абняліся і я рушыў.
Дождж вымачыў мяне за лічаныя хвіліны. Было вельмі цёмна, толькі маяк зрэдку ўспыхваў, і ад гэтага свету мне рабілася вельмі няёмка. Вецер пачаў мацнець, і я ўжо разоў са дваццаць пашкадаваў, што выправіўся ў такое небяспечнае падарожжа. Мой карабель знік, а я ўсё веславаў і веславаў, пакуль зусім не пазбавіўся сіл. Вецер узмацніўся. Вёслы згубіў. Цяпер я проста ляжаў на дне шлюпкі і думаў толькі аб тым, каб мяне хутчэй вынесла куды-небудзь, каб толькі не патануць. За гэты час усё жыццё праляцела прад маімі вачамі, і, не паверыце, я нават пачаў маліцца. Хоць я цярпець не мог гэтых ліслівых рэлігійных размоў. Зараз я шчыра і голасна маліўся таму невядомаму Богу, ва ўладзе якога было зараз маё непатрэбнае жыццё.
Халодны вецер так выстудзіў мяне, што я не адчуваў ні рук, ні ног. Апошняе, што запомніў, гэта быў грукат раструшчанага аб камень дрэва.
Я прачнуўся ў невялікім пакойчыку, застаўленым рознымі скрынкамі. Крыху паварушыўся, бо адчуў, як зацяклі ногі.
– Табе лепш паляжаць, – пачуў я за сабой ціхі голас. – Ты яшчэ не паправіўся.
Голас гучаў на чысцейшай нямецкай мове і належаў сівавусаму старому з доўгімі валасамі.
– Я даглядчык маяка.
– Што са мной? – прахрыпеў я.
Стары адхінуў коўдру з маіх ног. Крыху ніжэй каленяў ногі былі перахоплены анучамі, чырвонымі ад крыві… Маёй крыві. Я крыху спужаўся.
–Табе давядзецца крыху пацярпець, – сказаў мне стары. – Борт шлюпкі табе пашкодзіў ногі. Я зрабіў усё, што змог, але ты будзеш крыху кульгаць, левая нага твая зусім дрэнная.
– Значыць, я – хворы, – паспрабаваў пажартаваць. – А як жа вы? Чаму вы прасілі аб дапамозе?
–Твой карабель разбіўся. Аб скалы… – стары ўздыхнуў. – Я сігналіў не вам, а наконт вас. На жаль, капітаны іншых суднаў пабаяліся ісці на дапамогу вашай камандзе ў такое надвор’е. Усе загінулі, акрамя цябе.
Мужчына накрыў мяне коўдрай.
Вось так. Я закрыў вочы і думкі накінуліся на мяне з усіх бакоў. Там былі мае сябры, людзі, з якімі я працаваў. А зараз я знаходжуся невядома дзе… Хворы! Не ведаю, што са мной будзе. Самае горкае, што на малюпасенькім астраўку толькі я і гэты нешматслоўны суровы стары.
Юнаком я перажыў вайну. Гэта быў цяжкі для ўсіх час. Мае бацькі працавалі ў ваенна-палявым шпіталі. З самага першага дня вайны я быў з імі, бачыў кроў і людскія пакуты... Тады я марыў таксама быць урачом. У апошнія дні вайны ў будынак, дзе быў размешчаны наш шпіталь, патрапіла бомба.
Маіх бацькоў не знайшлі нават целы…
Вы можаце не паверыць мне, але, хаця і пасля вайны прайшло шмат часу, я ненавідзеў прадстаўнікоў арыйскай расы – жанчын, дзяцей, ненавідзеў нямецкую мову, а зараз вымушаны быў ненавідзець і гэтага чалавека. Толькі таму, што ён немец, што яго завуць Гюнтэр. Ён карміў мяне, перавязваў мае раны, сапраўды, страшэнныя, ён выратаваў мне жыццё, ён нічога не патрабаваў ад мяне. Я ляжаў і згараў ад сораму, ад сваёй бездапаможнасці… Аднойчы не вытрымаў і прызнаўся.
Аказалася, што мой стары больш за дваццаць гадоў не меў аніякіх стасункаў са знешнім светам, што ён жыве тут адзін. Ён загадзя ведаў пра мяне, як лячыць мяне, пра тое, якім караблям падаваць сігналы, ведаў ён і шмат чаго іншага…
– Я не адзінокі, – гаварыў мне Гюнтэр. – У мяне ёсць любімая і карысная справа, жыццё я пражыў не дарэмна. Да таго ж са мной часта размаўляе Бог, таму я здзіўляю цябе сваімі ведамі.
– А сям’я? Дзеці? – дапытваўся я. – Няўжо вы замкнуліся на гэтым востраве і зусім не адчулі ніякай радасці да людзей, да жыцця?
– Чаму ж? – стары ўважліва паглядзеў на мяне. – Я прыйшоў на маяк у 72 гады. Дзеці і ўнукі мае выраслі, а я проста захацеў зрабіць сваё жыццё карысным.
– Няўжо вам зараз 92? – не паверыў я. – Так не бывае! У такім узросце людзі нічога не могуць.
– Людзі многае не могуць, – усміхнуўся Гюнтэр. – Мне зараз 102, ты крыху памыліўся. Я ўсё жыццё прарабіў швейцарам у гатэлі – адкрываў і закрываў для наведвальнікаў дзверы. Я бачыў столькі знакамітых людзей, але ніколі не заходзіў далей за вестыбюль. Я лічыў сваю справу самай неабходнай, стаяў і ў снег, і ў дождж. Аднойчы ў наш гатэль зайшоў чалавек. Ён быў зусім не падобны на іншых, ён быў незвычайна светлы.
– Ты адчыняеш дзверы ў пекла, – сказаў мне ён. – Пекла там і пекла тут.
– А дзе тады свет? – запытаўся я.
– Вось тут, – ён паказаў на маё сэрца. Гэтыя словы я запомніў назаўсёды. Не вельмі хацелася жыць проста так, бессэнсоўна.
– А як вы знайшлі гэты маяк?
– Гэты чалавек быў даглядчыкам да мяне. Ён шукаў сабе замену. Тады судны хадзілі часцей, і працы было вельмі многа. – Гюнтэр расказваў гэта так, нібыта ўсе падзеі адбыліся ўчора. – Ён многаму мяне навучыў, а яшчэ перадаў мне адну вельмі важную кнігу, якую я перадам табе, так з яе будзе больш карысці.
Стары працягнуў мне даволі вялікі фаліянт. Гэта была Біблія. Я не асмеліўся нават да яе дакрануцца, я быў зацятым атэістам.
…Мы пражылі разам усю зіму, хаця зімой яе было цяжка назваць, дождж ішоў бясконца. Я даволі хутка ўстаў на ногі, толькі злёгку накульгваў. Стары навучыў мяне, як працаваць з ліхтаром. Ён сам рабіў для яго алей на нейкім мудрагелістым прыстасаванні накшалт прэса. Стары ніколі не сумаваў. Калі ён не рухаўся, то шмат чытаў сваю кнігу, многае мне расказваў. Гэта жыццё, якім ён жыў ад аднаго шторма да другога, было для яго найлепшым і важным. Але я быў дзіцём цывілізацыі і вельмі сумаваў па людзях. Зразумела, што і старога было вельмі шкада, не хацелася пакідаць яго аднаго, толькі мара быць на цвёрдай зямлі была мацнейшай.
Лодкі ў старога не было, таму я вырашыў тайна пабудаваць нешта накшталт плыта і збегчы з вострава. Я непакоіўся, што Гюнтэр не адпусціць мяне.
Праз некаторы час мой плыт быў амаль гатовы, заставалася толькі спусціць яго на ваду. Я выбраў час, калі стары пачынаў чытаць сваю кнігу, гэта быў мой час. Плыт аказаўся вельмі цяжкім. Я з усіх сіл пачаў піхаць непаслухмяную канструкцыю. Напрыканцы мне падалося, што плыт палягчэў. Я азірнуўся. Побач са мной стаяў Гюнтэр. Гэта ён дапамог мне кульнуць плыт на ваду. Я зніякавеў.
Апусціўся на пясок і пачаў шпурляць у плыт каменьчыкі. Слоў не было, дый стары не спяшаўся са мной размаўляць.
– Мне трэба плысці, – ціха сказаў я. – Гюнтэр усміхнуўся і паглядзеў на мяне. У яго вачах не было ні кроплі злосці, ні гронкі крыўды.
– Вазьмі сабе полудзень, – працягнуў мне пакунак. – Першая лодка, якая зможа падабраць цябе, з’явіцца толькі пад вечар. Я жадаю табе ўдачы. На зямлі цябе будзе чакаць многа цяжкасцяў, але, калі ты застанешся з верай, у цябе ўсё будзе добра.
Мы абняліся. Я заплакаў. Стары і маяк усё аддаляліся, а мае вочы былі вільготныя, хаця, гэта, можа, была толькі вада.
…Запіс у дзённіку лейтэнанта Вонселева, члена каманды патрульнага судна “Палярная Зорка” ад 12. 07. 1991 года.
“У квадраце 12 у нейтральных водах мы падабралі на самаробным плыце чалавека гадоў 30-35, злёгку кульгае на левую нагу. Пры сабе меў савецкі пашпарт узору 1960 года на імя Навуменкава Аляксея Іванавіча. Быў зроблены запыт на бераг наконт гэтага чалавека, а яго ўзялі пад варту да канца рэйда“.
Запіс ад 23.07.1991 г.
“Чалавек, якога мы падабралі, сцвярджае, што ён доктар і прапанаваў свае паслугі. Нейкі вельмі дзіўны ён доктар. У нашага кухара адным дотыкам вылечыў застарэлы радыкуліт, а мне параіў вучыць англійскую мову, сказаў, што я буду працаваць за мяжой“.
Запіс ад 25. 07.1991 г.
“З берага нарэшце прыйшоў адказ на наш запыт. Паведамлялася, што Навуменкаў Аляксей Іванавіч, карабельны доктар, быў у складзе экіпажа навукова-даследчага судна “Советский”, якое затанула паблізу квадрата 12 у 1963 годзе. З экіпажа судна не выратаваўся ніхто. Гэта інфармацыя была пад грыфам “строга сакрэтна”. Наш капітан, замест таго, каб здаць чалавека ўладам, проста адпусціў яго“.
2010 год. Квадрат №12. На борце амерыканскага танкера “Лэдзі Маргарэт”.
– Вы так добра ведаеце англійскую мову, капітан Вон! Ніколі не падумаеш, што раней вы жылі ў Саюзе, – зацягнуўшыся цыгараю, прамаўляе яго памочнік і сябра Боб Закеры.
– Я проста добры вучань, – адказвае капітан.
Пасля таго, як цыгары былі выкураныя, капітан запытаў у свайго падначаленага:
– Адкажы мне, Боб, чаму ў цябе забралі лодку? Ты – выдатны капітан, адмысловы мараход, наша фірма ставіла цябе ў прыклад…
– Ат, – махнуў рукой Закеры. – Дрэнная гісторыя. Некалькі месяцаў назад да мяне на лодку папрасіўся нелегальны пасажыр. Звычайна я не рызыкую браць да сябе нелегалаў, а гэты… Карацей, я зарэгістраваў яго як члена экіпажа. Ён быў рускі, але так добра размаўляў па-англійску, нават лепш за вас. Самае цікавае, што ён сказаў мне перад адплыццём, што праз некалькі гадзін пачнецца шторм, каб я крыху паспяшыў. Я надоечы глядзеў у Інтэрнэце надвор’е, нішто не прадказвала буры. І вось праз 5 гадзін пачаўся шторм.
– Гэты чалавек кульгаў на левую нагу? – запытаўся капітан.
– Так, – адказаў яму Боб. – Ён выглядаў гадоў на 30-35… Невысокі брунет.
– Дзе гэты чалавек?
– Яго няма, – развёў рукамі Закеры. – Мне давялося яго адпусціць. Ён высадзіўся на маяк, тут, непадалёку. Я даў яму лепшую шлюпку. Вы не паверыце, капітан, такі шторм, а ён – паплыў. З усяе каманды на палубе, акрамя нас, не было нікога. Ён сказаў мне напаследак, каб не марудзіў, а хутчэй ажаніўся. Дзіўны быў, гэта праўда. Усю дарогу размаўляў сам з сабой. Канечне, я атрымаў ад нашай фірмы добрае ўліванне, але і па-іншаму паступіць не мог. Можа, дарэмна адпусціў яго?
– Ты ўсё правільна зрабіў, Боб, – сказаў капітан і паклаў яму на плячо руку. – Магчыма, я мала ведаю, не буду казаць… Але мне здаецца, што ты ўсё зрабіў правільна. Я знаёмы з гэтым чалавекам. Дзякуючы яму маё жыццё змянілася… Я вельмі рады. Цяпер табе толькі засталося зрабіць адну важную рэч.
– Якую?
– Ажаніцца, – засмяяўся капітан. – Канечне!
|
|