ГЛЁКАВА АЛЯКСАНДРА СЯРГЕЕЎНА

Сваю сям’ю Глёкавы  Фёдар і Аляксандра стварылі ў 1928 годзе.
Жыхары Вішова і навакольных вёсак ведалі Фёдара Глёкава як майстра на ўсе рукі, і многія з удзячнасцю не раз карысталіся яго паслугамі. А ён, вясковы ўмелец-самавучка, мог адмыслова збудаваць хату або хлеў, змайстраваць цэбар ці кадушку, скласці печ, пашыць боты і скатаць валёнкі. Да таго ж, як толькі з’явіліся першыя трактары, Фёдар Глёкаў з вялікай ахвотай авалодаў прафесіяй механізатара. А сваімі дапаможнымі промысламі займаўся па вечарах і ў рэдкія выхадныя дні.
Не ўступала па ўвішнасці і працавітасці мужу і яго жонка Аляксандра Сяргееўна. Нарадзілася яна ў сялянскай сям’і на адным з Вішоўскіх хутароў. Бацька дачасна памёр у 1917 годзе. Пяцёра яго дзяцей з маці Марыяй Іванаўнай працягвалі жыць на хутары, апрацоўваючы некалькі дзесяцін зямлі. У іхняй гаспадарцы меліся двое коней, дзве каровы, парсюкі, авечкі, іншая жыўнасць.
Калі Аляксандра Сяргееўна выйшла замуж, клопатаў у яе адразу ж паболела: адно за адным нараджаліся дзеткі, яе ўмелых і працавітых рук чакалі падсобная гаспадарка, агарод… Ды і ў мужавай майстэрні яны былі не лішнімі. І ў калгасе, канечне ж, трэба было шчыраваць.
Пасля вызвалення Вішоўшчыны ад фашысцкіх захопнікаў, Фёдара Ягоравіча мабілізавалі ў Чырвоную армію. У адным з баёў на польскай зямлі, салдат і хлебароб Фёдар Ягоравіч Глёкаў загінуў. Асірацела ў Вішове сям’я, у якой засталося васьмёра дзяцей. Старэйшай дзяўчынцы-падлетку Дусі тады толькі споўнілася 14 гадоў. Астатнія ж – Іван, Сяргей, Аліна, Аркадзь, Ніна, Ліда, Мікола – адзін за другога меншыя. Цяжкімі былі пасляваенныя гады ў вёсцы. Але і тады над усімі жыццёвымі нягодамі ды бедамі сялян пуцяводнай зоркай ззяў аптымізм, у сэрцах іх жыло нястомнае імкненне ствараць і вучыцца.
Дарослыя, зразумела, працавалі, аднаўлялі разбуранае вайной, а дзятва вучылася. І дапамагала ў працы бацькам – дома і на калгасным двары, у полі і на сенажаці. Не была выключэннем і асірацелая сям’я Глёкавых. Аляксандра Сяргееўна дзень пры дні шчыравала да сёмага поту на калгасным полі. Раніцы і вечары прысвячала сваім дзецям і справам ва ўласнай гападарцы. Яе дзеці падрасталі, адзін за адным станавіліся школьнікамі. Лёс самай малодшай дачкі Ліды хоць і цяжкі, але разам з тым і адметны. Яна, безнадзейна страціўшы ў дзяцінстве, якое прыпала на час вайны, слых і здольнасць размаўляць, здолела такі паспяхова скончыць у Ленінградзе спецыяльную сярэднюю школу, а потым Рыбінскі авіятэхнічны тэхнікум і, нарэшце, Беларускі дзяржаўны палітэхнічны інстытут.
Тым часам усе чацвёра яе братоў у розныя гады скончылі Магілёўскі машынабудаўнічы тэхнікум. Сергей, напрыклад, атрымаў дыплом з адзнакай і быў накіраваны, як выдатнік, на вучобу ў Мінскі палітэхнічны інстытут. Іван, Аркадзь і Мікалай атрымалі прызначэнне на працу ў канструктарскае бюро пры Мінскім станкабудаўнічым заводзе. Працуючы там, яны не перапынялі вучобу на вячэрнім аддзяленні палітэхнічнага інстытута. У выніку кожны атрымаў кваліфікацыю інжынера-канструктара. А неўзабаве склалася творчая, працавітая, дружная, канструктарская група братоў Глёкавых, да якой потым далучыліся Сяргей і Ліда, якая працавала канструктарам разам з братамі.
Сяргей Глёкаў з’яўляўся галоўным канструктарам канструктарскага бюро пры Мінскім станкабудаўнічым заводзе. Ён асабіста з’яўляецца аўтарам больш як 20 арыгінальных распрацовак розных станкоў-аўтаматаў, якія да гэтага часу паспяхова выкарыстоўваюцца на розных заводах Беларусі і краін блізкага замежжа.
Так жа заслужанай узнагароды ўдастоены і яго браты. Вырабленыя па праектах Івана, Аркадзя і Мікалая Глёкавых станкі-аўтаматы таксама бездакорна працуюць у розных галінах нашай краіны і замежжа.
У свой час С.Ф.Глёкаў з’яўляўся членам ЦК КПБ, а таксама быў выбраны дэлегатам XXYI з’езда КПСС. Жыхары горада Магілёва выбралі Аліну Глёкаву дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі сёмага склікання. На Гродзеншчыне, у Свіслацкім раёне, на педагагічнай ніве выдатным спецыялістам зарэкамендавала сябе Еўдакія Глёкава. Заслужаным аўтарытэтам карысталася сярод сваіх калег і Ніна, якая працавала на Магілёўскім аўтазаводзе імя Кірава.
Вось такія яны, ўсе васьмёра, – працавітыя, дружныя, таленавітыя – з адной сялянскай сям’і. Усе дзеці Аляксандры Глёкавай, уладкаваўшыся ў жыцці, не забываліся і пра маці, дапамагаючы ёй ва ўсім.
Жыццё гэтай сям’і і легла ў аснову хранікальна-дакументальнага тэлефільма “Глёкавы”, які ў свой час неаднаразова дэманстраваўся па беларускім і ўсесаюзным тэлебачанні.