ГАРНОЎСКАЯ ВАЛЯНЦІНА КАЗІМІРАЎНА

Валянціна Казіміраўна нарадзілася ў 1920 годзе ў простай сялянскай сям'і, у вёсцы Гарноўшчына Вішоўскага сельскага савета. Дзяцінства яе было вельмі цяжкім, бо прыпала на 30-я гады, калі ў краіне праводзіліся НЭП, палітыка калектывізацыі, рэпрэсіі. З ранняга дзяцінства Валянціна Казіміраўна адчула цяжкую працу сялянскага жыцця. Да стварэння калгаса сям'я Гарноўскіх мела ўласную гаспадарку. З дзяцінства Валянціну Казіміраўну вучылі любіць і паважаць працу чалавека.
Бацька Валянціны Казіміраўны – Казімір Станіслававіч, – працаваў аграномам. Маці – Вера Міхайлаўна, – была хатняй гаспадыняй, выхоўвала шасцярых дзяцей.
У 1937 годзе Валянціна Казіміраўна скончыла Нежкаўскую сямілетнюю школу і паступіла ў Магілёўскае дашкольна-педагагічнае вучылішча, якое скончыла ў 1940 годзе.
Да пачатку вайны працавала выхавальнікам дзіцячага сада пры Беларускай МТС Бялыніцкага раёна.
Была абраная засядацелем Бялыніцкага народнага суда і сакратаром камсамольскай арганізацыі пры той жа МТС.
У час вайны маці Валянціны Казіміраўны была партызанскай сувязной і Валянціна Казіміраўна аказвала ёй дапамогу. Яна даглядала параненых, даставала медыкаменты, хадзіла ў разведку.
Пасля вайны Валянціна Казіміраўна працавала ў калгасе «Наша Перамога» ў Галоўчыне, прымала ўдзел у аднаўленні сельскай гаспадаркі, выйшла замуж, нарадзіла і выхавала траіх дачок.
З 1947 па 1975 год (да выхаду на пенсію) працавала настаўнікам пачатковых класаў у Нежкаўскай сярэдняй школе.
За сваю працу Валянціна Казіміраўна ўзнагароджана граматамі раённага аддзела адукацыі і Міністэрства адукацыі БССР.
8 мая 2010 года Валянціна Казіміраўна памерла.