Доктар філалагічных навук (1981), прафесар, заслужаны настаўнік Беларусі (1972), выдатнік народнай асветы.
Загадчык кафедры беларускага мовазнаўства БПДУ імя Максіма Танка (1982-1993).
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі за школьныя падручнікі “Беларуская мова” (1990).
Узнагароджаны медалём Ф.Скарыны за вялікую грамадскую, навуковую і педагагічную дзейнасць (1992).
Як член часовай камісіі Вярхоўнага Савета БССР і Савета Міністраў рэспублікі ўдзельнічаў у падрыхтоўцы Закона “Аб мовах у Беларускай ССР” і “Дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР”, таксама працаваў у дзяржаўнай камісіі па ўдасканаленні правапісу.
Аўтар манаграфіі “Сінтаксічная сінаніміка ў сучаснай беларускай літаратурнай мове” і больш за 50 навуковых прац у галіне сінтаксісу сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
Ветэран Вялікай Айчыннай вайны.
Бадай, кожны чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі пасля 1963 года і вучыўся тут у школе, можа па праву прылічваць да сваіх настаўнікаў і прафесара Міхаіла Станіслававіча Яўневіча. Акурат з названага года і па сёння вучні ўсіх беларускіх школ вывучаюць родную беларускую мову па падручніках, напісаных нашым знакамітым земляком.
Міхаіл Станіслававіч Яўневіч нарадзіўся 25 сакавіка 1922 года ў вёсцы Кліны Бялыніцкага раёна ў сялянскай сям’і. І прыйшоў ён у гэты свет з нялёгкай, але пачэснай місіяй удумлівага даследчыка і заўзятага прапагандыста матчынага слова, мілагучнасць і вобразнасць якога прычаравала яго яшчэ ў дзяцінстве.
Пазней Міхаіл Яўневіч часта прыгадваў, што прырода ў наваколлі Кліноў, народныя песні і традыцыі, гаворка бацькоў і аднавяскоўцаў абудзілі ў ім не толькі здольнасць паэтычнага ўспрыняцця рэчаіснасці, але і прадказалі далейшы жыццёвы шлях.
У 1940 годзе ён паступіў на літфак Магілёўскага настаўніцкага інстытута. Праз год пачалася Вялікая Айчынная вайна і пра вучобу прыйшлося забыць.
Пасля вызвалення Беларусі Міхаіл Станіслававіч зноў стаў студэнтам настаўніцкага інстытута, які закончыў у 1945 годзе. Крыху пазней яму прыйшлося вучыцца на стацыянары i завочна на філалагічным факультэце Магілёўскага педінстытута. Пасля яго заканчэння ў 1947 годзе Міхаіл Станіслававіч працаваў настаўнікам роднай мовы i літаратуры, дырэктарам Радчыцкай школы на Століншчыне, завучам і дырэктарам у школах Валожына i Барысава.
Даследчыцкая дзейнасць настаўніка пачалася з 1952 года ў acпірантуры Мінскага педінстытута імя А.М.Горкага, вынікам яе стала паспяхова абароненая дысертацыя па пытаннях сінтаксісу словазлучэння ў 1956 годзе.
Вопыт выкладчыка, веды вучонага сталі грунтоўнай асновай для стварэння навучальных дапаможнікаў i падручнікаў для вышэйшай i сярэдняй школ.
З 1963 года школьнікі вывучаюць беларускую мову па падручніках Міхаіла Станіслававіча Яўневіча.
Таксама ён з’яўляецца аўтарам кніг “Ciнтаксіс сучаснай беларускай мовы”, “Сучасная беларуская літаратурная мова. Марфалогія”, “Беларуская мова” i інш.
У 1977 годзе выйшла яго манаграфія “Сінтаксічная сінаніміка ў сучаснай беларускай літаратурнай мове”. Па гэтай праблеме Міхаіл Яўневіч абараніў у 1981 годзе доктарскую дысертацыю.
Няўрымслівы даследчык, Міхась Яўневіч на працягу ўсяго свайго жыцця ўдумліва адкрываў у матчыным слове новыя сэнсавыя і эмацыйныя магчымасці, вяртаў ва ўжытак забытую лексіку – вяртаў народную памяць.
Шмат увагі і сіл прафесар Міхаіл Станіслававіч Яўневіч аддаваў падрыхтоўцы навуковых кадраў па беларускай лінгвістыцы, настаўнікаў-філолагаў.
На працягу многіх гадоў вучоны з’яўляўся членам Савета па абароне доктарскіх дысертацый пры Інстытуце мовазнаўства імя Я.Коласа АН Беларуci, старшынёй Спецыялізаванага савета па абароне кандыдацкіх дысертацый па беларускай i рускай мовах, методыцы выкладання беларускай мовы ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М.Танка, з’яўляўся членам Вучонага савета ўніверсітэта i Савета факультэта беларускай філалогіі i культуры.
З 1994 года Міхаіл Станіслававіч – прафесар БДПУ імя М.Танка.
У 1972 годзе ён атрымаў ганаровае званне “Заслужаны настаўнік Беларусі”, у 1990 годзе – званне лаўрэата Дзяржаўнай прэміі за школьныя падручнікі “Беларуская мова”.
У 1992 годзе за актыўную грамадскую, педагагічную і навуковую дзейнасць наш зямляк адным з першых быў ўзнагароджаны медалём Ф.Скарыны.
Міхаіл Станіслававіч не губляў сувязі са сваёй малай Радзімай. Па меры магчымасці ён прыязджаў на Бялыніччыну, заўсёды цікавіўся справамі землякоў, радаваўся іхнім поспехам і дасягненням. У раённым мастацкім музеі імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі зберагаюцца некалькі кніг М.С.Яўневіча, якія ён падарыў сваім землякам.
Сёння можна ўпэўнена сказаць, што Міхаіл Станіслававіч Яўневіч заснаваў і стварыў уласную лінгвістычную школу па сінтаксісе сучаснай мовы, праблемах сінтаксічнай сінанімікі, пакінуў значны след у беларускім мовазнаўстве.
Памёр Міхаіл Станіслававіч Яўневіч 10 студзеня 2010 года. |