Іван Сяргеевіч нарадзіўся ў 1914 годзе ў вёсцы Віроўка Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці.
Свой працоўны шлях пачаў у 1936 годзе, калі быў накіраваны Бялыніцкім райвыканкамам у Беларускую МТС на пасаду тэхніка-нарміроўшчыка. Неўзабаве ў гэтым жа годзе Івана Сяргеевіча прызвалі на службу ў рады Чырвонай Арміі. Далей была вучоба ў артылерыйскім вучылішчы.
Вайна для яго пачалася ў 1939 годзе. Тады, будучы камандзірам бронепляцоўкі, Іван Даўгалёў прыняў першае баявое хрышчэнне пры штурме фінскай станцыі Райёкі.
А потым быў той жудасны 1941-шы год – пачатак Вялікай Айчыннай вайны, які Іван Сяргеевіч сустрэў у званні лейтэнанта. Пахмурныя твары салдат, слёзы жанчын і дзяцей, адступленні, атакі, кароткія адпачынкі і зноў баі… Нельга забыць усё гэта. Затое да болю было шкада знявечаную зямлю, абяздоленных людзей. А яшчэ была вялізарная нянавісць да фашысцкіх нелюдзей, для якіх не было нічога святога.
Далёка ў сонечнай Арменіі па начах, доўга не засынаючы над ложкамі маленькіх дачкі і сына, чакала салдацкага трохвугольніка жонка Марыя. Аднойчы, нарэшце, прыйшло яно, доўгачаканае. Такія знаёмыя і, ўсё ж, незнаёмыя, напісаныя няцвёрдай рукой словы паведамлялі: “Дарагая Марыя, што не пісаў, выбачай. Доўгі час знаходзіўся ў непрытомнасці. Моцна мяне параніла пры абароне Растова. Фрыцы нібы звар’яцелі. Мала хто з сяброў застаўся ў страі. Ведаеш, я ўжо думаў, што ніколі не ўбачу цябе, дзетак. Але ж вось, пішу…”.
З паўгода прабыў тады Іван Сяргеевіч у шпіталі. А як цягнула яго туды, у родную часць, як хацелася адпомсціць фашысцкім катам за слёзы, гора, што яны прынеслі народу. Ох, і надакучыў жа ён галоўнаму ўрачу шпіталя з просьбамі выпісаць яго і накіраваць зноў на фронт. Але вось трапіць туды ўдалося толькі ў 1942 годзе.
Зноў глухія разрывы снарадаў, зноў кулямётны лівень. Боязна? Ды не! Засталася толькі прага помсціць і помсціць фашыстам.
– Батарэя, агонь! – камандаваў І.С.Даўгалёў пры абароне чарговай вышыні.
– Хлопцы, ўперад! – хрыплым голасам крычаў камандзір батарэі ў час абароны Сталінграда.
Цяжкія, ох і цяжкія баі выдаліся тады. Думаў, назаўсёды прыме яго ў свае абдымкі крывавая сталінградская зямля. Але куля мінула адважнага камандзіра, а на грудзях зазіхацелі ордэн Чырвонай Зоркі і медаль “За абарону Сталінграда”.
Удзельнічаў Іван Сяргеевіч і яшчэ ў адной стратэгічнай аперацыі 1-га Беларускага фронту, якім камандаваў генерал арміі К.Ракасоўскі – авалоданне горадам Жлобін – важным апорным пунктам абароны немцаў на Бабруйскім напрамку. За ўдзел у гэтых баях старшаму лейтэнанту Івану Сяргеевічу Даўгалёву прыказам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Маршала Савецкага Саюза І.В.Сталіна ад 26 чэрвеня 1944 года была аб’яўлена падзяка.
Таксама на рахунку Івана Сяргеевіча Даўгалёва наступальная аперацыя “Цытадэль” у раёне Курскай дугі, Усходнепрусская і Віслаодэрская аперацыі, Балатонская і Берлінская аперацыі, ўдзел у штурме Берліна.
Як чакала і баялася па старой памяці зводак Савінфармбюро Марыя Даўгалёва. Хоць і ведала, што Савецкая Армія ўжо пераможна крочыла па польскай і чэшскай землях, толькі такое ўжо сэрца жаночае – кожны раз сціскалася: а як ён там, ці жывы? Не вельмі верылася ёй у словы “смелага куля баіцца, смелага штык не бярэ”. Не ведала таксама жанчына, што паспяховыя баі пры ўзяцці Сандамірскага плацдарма, аб якіх чула па радыё, ледзь не сталі апошнімі для яе мужа. Але і на гэты раз бясстрашнаму (ужо) капітану пашанцавала, а на грудзях зазіхацеў яшчэ адзін ордэн – ордэн Айчыннай вайны.
Іван Сяргеевіч часта ўспамінаў, як эмацыянальна была ўспрынята вестка аб капітуляцыі Германіі: усе – знаёмыя і незнаёмыя салдаты і афіцэры – моцна абдымаліся, цалаваліся, крычалі: “Няхай жыве Савецкая Армія – пераможца!”. А ў вачах амаль у кожнага стаялі слёзы.
У капілцы ўзнагарод Даўгалёва Івана Сяргеевіча два ордэна Чырвонай Зоркі (№382589 і №1314848), ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені (№562588), медалі “За ўдзел у гераічным штурме і ўзяцці Берліна” (3073761), “За вызваленне Варшавы” (№078457), “За Перамогу над Германіяй у вайне 1941-1945 гг.”, “За ўдзел у гераічнай абароне Сталінграда” (№20172 ад 22 снежня 1942 года).
Да 25-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне Міністр абароны СССР Маршал Савецкага Саюза А.Грэчка падпісаў указ аб прысваенні Івану Сяргеевічу Даўгалёву звання маёра.
Пасля вайны вярнуўся на радзіму і, не гледзячы на інваліднасць, актыўна прымаў удзел у аднаўленні разбуранай сельскай гаспадаркі.
У 1947 годзе Івана Сяргеевіча абралі старшынёй Нежкаўскага сельскага Савета дэпутатаў.
З 1957 па 1971 год ён – старшыня Вішоўскага сельвыканкама.
З гэтай пасады ў 1971 годзе Даўгалёў Іван Сяргеевіч пайшоў на заслужаны адпачынак. Але, знаходзячыся на пенсіі, яшчэ некаторы час працаваў у калгасе “Запаветы Леніна”. Таксама яму было прысвоена званне Ветэран працы.
Памёр Даўгалёў Іван Сяргеевіч 31 студзеня 1985 года. |