З архіўных дакументаў вядома, што Нежкаўскае народнае вучылішча было адкрыта ў 1879 годзе. Размяшчалася яно ў грамадскім доме. На забеспячэнне вучылішча адпускалася 155 рублёў у год з дзяржаўнага казначэйства і 342 рублі 24 капейкі ад сялянскіх падаткаў. Вучыўся ў школе 21 вучань (хлопчыкі). (Архіўныя дакументы ЦДГА БССР г. Мінск)
Па словах старажылаў ўстаноўлена, што прыватнае народнае вучылішча было і раней у Нежкаве, але з-за беднасці сялян ў 1871 годзе яно было закрыта.
Са слоў Шкадрацова Ф. М. першым настаўнікам у вучылішчы ў 1879 годзе быў Рачкоўскі Павел. Чалавек гэты быў вельмі працавіты, любіў прыроду. Акрамя заняткаў у школе ён вучыў вучняў садаводству. На школьным участку пад яго кіраўніцтвам вучні пасадзілі сад з дзікіх дрэў, якія прынеслі з лесу. У школе Рачкоўскі Павел працаваў да 1903 года.
Вучыліся ў школе толькі хлопчыкі, якія мелі вялікае жаданне і здольнасці. Кніг не хапала, сродкаў таксама, вучыцца сялянскім дзецям было нялёгка.
У 1904 годзе ў школу прыслалі новага настаўніка – Ярашэнка Фёдара Васільевіча. Ён быў выхадцам з сялянскай сям'і, энергічны і працавіты.
У 1904 годзе Нежкаўскае народнае вучылішча было пераўтворана ў двухкласнае вучылішча. Навучалася ў ім 56 вучняў. Тэрмін навучання тут быў 5 гадоў. Загадчыкам заставаўся Ярашэнка Ф. В., вучыліся тут і хлопчыкі, і дзяўчынкі.
З 1909 года з сродкаў воласці на школу было выдзелена 515 рублёў.
З 1906 году старэйшым настаўнікам стаў Фёдар Васільевіч Ярашэнка. У двуклассным вучылішчы штатам прадугледжвалася два настаўнікі, з павелічэннем колькасці вучняў – тры.
У 1915 годзе ў Нежкаўскім двухкласным вучылішчы працавалі: старэйшым настаўнікам – Фёдар Ярашэнка, настаўнікамі – А. Бекаревіч і М.Любовіч.
У 1913 годзе ў Нежкаўскім Народным вучылішчы вучылася Севярнева Ганна Кузьмінічна. Яна сцвярджала, што ў гэты перыяд у Нежкаве было двухкласнае народнае вучылішча, ў якім навучалася 40 вучняў: 20 вучняў малодшых класаў і 20 – старэйшых.
У 1912 годзе распачата будаўніцтва новага будынка Нежкаўскага вучылішча, якое было скончана ў 1914 годзе.
У вучылішчы вяліся ўрокі па спевах, вывучаліся не толькі рэлігійныя спевы, але і грамадзянскія песні. Урокі праводзілі тыя ж настаўнікі: амаль усе яны ўмелі граць на музычных інструментах. У асноўным гэта была скрыпка. Вяліся таксама заняткі па гімнастыцы, але без гімнастычных прыладаў.
Школа давала дзецям і навыкі працоўнай дзейнасці. У справаздачы дырэкцыі народных вучылішч ў 1896 годзе асабліва вызначылася Нежкаўская школа, дзе, дзякуючы энтузіязму і веданню сваёй справы настаўнікамі, заняткі ў агародзе і гадавальніку вяліся на навуковай аснове.
Вучыліся ў асноўным хлопчыкі, дзяўчынак было 7-9. У школе працавала 2 настаўніка: першы вучыў малодшую групу (1-4 класы), другі – старэйшую групу (5-6 класы).
Вучыцца было цяжка: падручнікі і пісьмовыя прылады даставалі з цяжкасцю, апраналіся ў саматканую вопратку, абуваліся ў лапці.
Шмат увагі надавалася вывучэнню Закона Божага – самай нуднай навуцы.
Захавалася вельмі цікавая гісторыя.
Увосень 1915 года да загадчыка Нежкаўскага двухкласнага народнага вучылішча Ф. В. Ярашэнкі звярнуліся дзяўчаты з просьбай дазволіць ім у вячэрні час наведваць вучылішча, каб навучыцца грамаце. Ярашэнка атрымаў дазвол у земскай управе на правядзенне сіламі настаўнікаў заняткаў з жадаючымі ліквідаваць сваю непісьменнасць. Жадаючых набралася 20 чалавек ва ўзросце ад 14 да 19 гадоў. Былі сфармаваныя дзве групы: першая з малапісьменных, іншая з непісьменных. Заняткі праводзіліся па праграме пачатковай школы з 14 да 19 гадзін. Урокі па арыфметыцы вёў Ф. Ярашэнка. Па чытанні – Аляксандра Бекарэвіч, па пісьму – Агата Яўмененка. Магілёўскі вучылішчны савет прызнаў такі пачын сялянак «вельмі карысным для мясцовага сялянскага насельніцтва» і прасіў павятовую земскую ўправу аказваць школе матэрыяльную падтрымку. |