Калгас “Радзіма” – вядомы не толькі ў нашым раёне, але i ў вобласцi. Працягвае ён гаспадарыць у cвaix лепшых традыцыях. Па-першае, тут сабралі ў мінулым годзе самы высокі ўраджай збожжавых – 30,4 цэнтнера з гектара. Па-другое, тут самыя высокія надоі – летась яны склалі 4496 кілаграмаў на адну карову (за год павысіліся на 457 кілаграмаў). Па-трэцяе, i гэта, мабыць, галоўнае, што дазваляе дабівацца такіх вынікаў, – тут умеюць зацікавіць людзей i маральна, i матэрыяльна, ідуць на нестандартныя, нават нечаканыя крокі. Так адбылося i на гэты раз. Заканчваўся справаздачны сход. Слова пaпpaciў старшыня калгаса А. М. Лапацентаў.
– Дзякуй yciм вам за шчырую размову, адзначыў Аляксандр Міхайлавіч.
– У cвaix выступленнях вы значна дапоўнілі мой даклад. Як бачыце, рэзерваў росту гаспадаркі яшчэ нямала. Важна цяпер – прымусіць ix працаваць на канчатковы вынік. Галоўнае багацце наша – гэта людзі. Pyплiвыя, дбайныя, працавітыя. A ix здароўе трэба берагчы. Таму я прапаную прыняць сёння ў рашэнні сходу такі пункт: хто адмовіцца ад курэння, павялічыць заробкі на 10 працэнтаў i на 15 працэнтаў – за здаровы лад жыцця i тэхналагічную работу.
Спачатку людзі не паверылі cвaiм вушам – думалі пажартаваў старшыня. A калі ўцямілі, што да чаго, то дружна прагаласавалі за яго прапанову.
Больш за дваццаць гадоў узначальвае калгас “Радзіма” А. М. Лапацентаў. Толькі яму аднаму вядома, колькі прыйшлося перажыць, каб яго ідэі ўспрымалі i caмi калгаснікі, i тое ж раённае начальства. Было тут усё... Але ўдалося выстаяць. Дзякуючы yпapтасці і настойлівасці самога старшыні, а таксама яго глыбокім эканамічным ведам, што дазваляла даходліва патлумачыць вяскоўцам неабходнасць i выгаднасць той ці іншай навацыі. Большасць людзей Аляксандра Міхайлавіча заусёды падтрымлівалі. (інакш быць i не магло: i асабліва апошнія дзесяць, пагадзіцеся, самых складаных для вёскі гадоў, яны працавалі разам. Разам шукалі выйсце з крызісу.
Але не ўсё ладзілася, як хацелася, чагосьці не хапала. А чаго? На справаздачным сходзе А. М. Лапацентаў прызнаўся: «Зараз на дзяржаўным узроўні распрацаваны шляхі рэфармавання сельскай гаспадаркі, адбываюцца глабальныя змяненні ў аграпрамысловым комплексе. Але тут трэба дзейнічаць спакойна, разважліва. Адразу, з наскоку, змяніць сутнасць саўгасна-калгаснай сістэмы, ліквідаваць калектыўную ўласнасць не атрымаецца. А самае галоўнае, не трэба разбураць калектыўнай формы арганізацыі працы, таму што яна эфектыўная. Увесь свет ствараў адразу маленькія прадпрыемствы, а потым каапераваўся. Таму ўсё ішло натуральным шляхам. У нас жа наадварот. Але мы цяпер не павінны ісці ад вялікага да малага. Сёння у калгасе нам трэба стварыць чалавеку такія ўмовы, каб ён мог разгарнуцца, самасцвердзіцца, адчуць сябе, каб матывацыя працы на калгасным полi была такая ж, як і на прыватным, каб ён зразумеў, што ад гэтага атрымае нядрэнныя грошы сёння, а не заўтра. Адным словам, зямлі патрэбен сапраўдны гаспадар. А ў нашым калгасе такіх людзей вельмі багата.
Яны i ствараюць славу “Радзіме”. Так, напрыклад, летась у гаспадарцы атрымана валавой прадукцыі да папярэдняга года склаў 155 працэнтаў, а рэнтабельнасць – 12,1 працэнта.
* * *
Па выніках мінулага года калгасу “Радзіма” былі нядаўна ўручаны тры Ганаровыя пераходныя сцягі райвыканкама.
Адзін – за павелічэнне вытворчасці малака, другі – за лепшыя паказчыкі вытворчасці мяса, трэці – за павелічэнне вытворчасці кармоў. Дыпломы райвыканкама атрымалі за высокую прадукцыйнасць дойнага статка і высокія прывагі БРЖ, за самае ўрадлівае поле чатыры жывелагадоўчыя фермы і паляводчыя брыгады. Дзесяткі вішоўцаў сталі пераможцамі раеннага спаборніцтва.
Усе гэтыя факты прыводзіліся ў справаздачным дакладзе і выступленнях калгаснікаў. За гэтымі ўзнагародамі – самаадданая праца мясцовых механізатараў і жывёлаводаў, вялікая арганізацыйная работа праўлення калгаса, спецыялістаў. Спатрэбілася гаспадарская хватка, высокая адказнасць, добрая тэхналогія, каб прадукцыйнымі былі земляробства і жывёлагадоўля.
Але вішоўцы не супакоіліся на дасягнутым. Яны добра разумеюць, што нельга ў гэты вельмі складаны час таптацца на месцы, а трэба павышаць развіцце ўсіх галін вытворчасці. Таму стаўку ўзялі на прагрэсіўныя метады вырошчвання расліннай прадукцыі і жывёлы, на новыя сельскагаспадарчыя тэхналогіі, а таксама на кадры і, у першую чаргу, на высокападрыхтаваных спецыялістаў. Так, асноўнымі напрамкамі дзейнасці “Радзімы” з’яўляюцца вырошчванне нецеляў, вытворчасць малака і мяса. І, напрыклад, што датычыцца кармлення жывёлы, то тут непакояцца нават за тое, каб у яе рацыёне былі вітаміны. Для гэтай мэты сёлета будзе пасеяна больш за 10 гектараў морквы. Тут ужо ў бягучым годзе мяркуюць надаіць больш за 4600 кілаграмаў малака ад кожнай каровы, атрымаць у сярэднім з гектара не менш за 40 цэнтнераў збожжа.
А ці па сіле гэта ўсё вішоўцам?Слова іх – цвёрдае, ад намечанага яны не адступяць. Такі іх почырк работы. Як і самога старшыні.
Шлях да поспехаў не просты. І асіліць яго той, хто шукае нявыкарыстаныя рэзервы, а не адгаворкі для апраўдання. А ў калгасе сумленных і працавітых людзей шмат.
Добрая слава ідзе пра аператара даення С.В.Лянеўскую, якая ў мінулым годзе надаіла ад кожнай каровы па 6266 кілаграмаў малака. Многа гэта ці мала? Усё, як кажуць, пазнаецца ў параўнанні. Святлана Віктараўна адна надаіла малака столькі, колькі ўсе даяркі саўгасаў “Іскра” альбо “Эсьмоны”.
Вялікай павагай карыстаецца тут і механізатар А.М.Міткевіч. У яго – залатыя рукі. У работу укладвае сваю душу. Вядома і зарабляе нямала. Толькі летась Аляксандр Мікалаевіч атрымаў 3400 тысяч рублёў. Дарэчы, сярэднямесячная заработная плата склала тут за мінулы год 118 тысяч рублеў, а за студзень сёлетняга – 137 тысяч. Значыць, хто не лянуецца працаваць, таму не сорамна распісвацца ў калгаснай ведамасці. Але, на жаль, не перавяліся тут і такія хлебаробы, якія на работу глядзяць, як конь з-пад дугі. Так, напрыклад, Сяргей Гарбузаў летась адпрацаваў толькі 33 дні. Да такіх людзей вішоўцы ставяцца вельмі строга. На справаздачным сходзе 12 чалавек былі выключаны з калгаса.
Пасля справаздачнага сходу я задаў старшыні праўлення А.М.Лапацентаву тры пытанні:
– А што рухае ўперад “Радзіму”?
– Ініцыятыва. Адказнасць. Людзі.Такія, як Святлана Лянеўская і Аляксандр Міткевіч.
– Цяпер многія гаспадаркі адмаўляюцца ад зямлі, каб не мець лішніх клопатаў. А вы сёлета ўзялі ў калгасах “Ленінскі заклік” і імя Фрунзе каля 500 гектараў зямлі. А навошта яна вам?
– Зямля-карміцелька – гэта крыніца ўсяго багацця. А без яе не будзе ні малака, ні мяса. Ні грошай…
– Вельмі горкі хлеб старшыні. Кожны дзень даводзіцца вырашаць дзесяткі праблем. На рабоце – ад змяркання да змяркання. Без выхадных. Вам не раз прапаноўвалі больш спакойную і прэстыжную пасаду ў вобласці і нават у рэспубліцы. Але вы адмовіліся. А чаму?
Старшыня загадкава паглядзеў на мяне і неяк дзіўна ўсміхнуўся. А я без слоў зразумеў Аляксандра Міхайлавіча. Калі лясное дрэўца пасадзіць у горадзе, каля асфальту, то яно не прыжывецца. А па-другое, амаль за чвэрць стагоддзя ён пусціў у вішоўскую зямлю глубокія карэнні, шмат чаго зрабіў у калгасе, стаў тут для тутэйшых людзей родным чалавекам. І абарваць гэту жыццевую сувязь не так легка.
Падабед, М. “Радзіма” мая дарагая, я ўсім сэрцам цябе палюбіў…/ Мікола Падабед // Зара над Друццю. – 2002. – 13 сакавіка. – С. 2. |