Той справаздачна-выбарны сход, які праводзіўся ў Вішоўскім клубе халодным і снежным лютым далёкага ўжо 1981 года, прайшоў, можна сказаць, гладка, спакойна і раўнадушна. Асабліва нікога блізка, што называецца за жывое, не закранулі вялікія праблемы маленькага калектыву: нізкая дысцыпліна, мізэрныя заробкі, адсутнасць перспектывы… Здавалася, што ўсе тут звыкліся з такім становішчам і не бачылі наперадзе аніякага прасвету.
Старшыня праўлення калгаса, які сыходзіў са сваёй турботнай кіраўнічай пасады, аб чым не ведаў хіба што самы лянівы з вішоўцаў, зрабіў звыклую справаздачу. Прысутныя паківалі галовамі, даракаючы і сябе, і кіраўніцтва гаспадаркі, а больш за ўсё - нябесную канцылярыю, што заўсёды не ў час пякла сонцам, пасылала дажджы, дакучала маразамі ды завеямі і, значыць, перашкаджала калгаснікам выканаць намечаныя планы, цвёрда стаць на ногі, выбіцца ў перадавікі.
Калі прадстаўнік райкама партыі, які прысутнічаў на гэтым сходзе, прапанаваў для абмеркавання на толькі што вызваленую пасаду старшыні калгаса кандыдатуру чарнявага юнака, які сціпла сядзеў збоку ў першым радзе лаў, калгаснікі ці не ўпершыню сёння прыкметна ажывіліся, у іх нарэшце-такі абудзілася цікаўнасць. А той-сёй з іх нават развёў рукамі. Маўляў, навошта яму, маладому, ламаць сваю біяграфію, псаваць уласнае здароўе! Вішоўцаў ўжо ніхто, мусіць, не пераробіць. Такімі яны ўрадзіліся. Тут вунь колькі дагэтуль старшыняў, вопытных і загартаваных, не вытрымлівалі выпрабаванне “Радзімай” - сыходзілі, пакіраваўшы па некалькі гадоў.
Зразумела, выбралі Аляксандра Лапацентава старшынёй праўлення: хочаш пакіраваць калгасам - пакіруй. Саб’еш за год-другі ахвоту, сарвеш голас і збяжыш куды-небудзь у цёпленькае і спакойнае месцейка…
Калі за трыбуну выйшаў новы кіраўнік вішоўскага калгаса і пачаў гаварыць, удзельнікі сходу напачатку слухалі яго прамову хутчэй з-за ветлівасці. Але вельмі хутка Аляксандр Міхайлавіч завалодаў іхняй увагай. Гаварыў ён не па сваіх гадах надзвычай разважліва, з веданнем справы, быццам падслухаў думкі многіх з тых, хто сядзеў зараз у гэтай сцюдзёнай зале і ў каго не адну пяцігодку смылела сэрца за калгасную справу.
І раптам з сярэдзіны залы паднялася старая жанчына, пенсіянерка:
- Ты тут, сынок, нічога не зробіш. Нашы людзі дужа цяжкія… Развучыліся працаваць у калгасе. Шкада мне цябе…
Зала, вядома ж, зацікаўлена прыціхла, сцішылася… Чакала, што адкажа на гэту, дастаткова справядлівую рэпліку, новы старшыня.
Аляксандр Лапацентаў, не разгубіўся, не стаў нават трымаць паўзу. Ён нібыта чакаў гэта пытанне і адказ на яго ўжо быў падрыхтаваны:
- Калі ўсе мы захочам, каб наш калгас стаў на ногі, - зробім гэта. Але ў такім выпадку мы павінны будзем усе працаваць - разам і без прынукі, быць калектывам, быць адной вялікай сям’ёй. Без вас я - ніхто… І сапраўды, адзін, як толькі што сказала вунь тая бабулька, нічога не зраблю.
Пачуццё калектывізму, адной дружнай сям’і Лапацентаву было добра вядомае з самага дзяцінства і стала натуральнай і неад’емнай ўласцівасцю яго характару.
Аляксандр нарадзіўся ў вясковай мнагадзетнай сям’і. Дзевяць сыноў і дачок нарадзілі і вывелі ў людзі сціплыя, памяркоўныя і працалюбівыя жывёлаводы з Вялікай Машчаніцы Бялыніцкага раёна Міхаіл Малахавіч і Галіна Іванаўна Лапацентавы. На ферме працаваць ім было нялёгка: з механізацыі - вілы, стары конь ды ўласныя рукі. За сваю цяжкую мазольную працу зараблялі няшмат. Колькі тады, у пяцідзесятыя гады, плацілі ў саўгасе? Капейкі. Выручала Лапацентавых, як і ўсіх вяскоўцаў, толькі ўласная гаспадарка, свой агарод і той жа недалёкі лес. Нічога само па сабе у іхні дом не прыходзіла і з неба не валілася. Дастатак здабываўся выключна цяжкай працай, крывавымі мазалямі, салёным потам.
Шчыравалі, гледзячы на бацькоў, і дзеці: ад старэйшых да самага маленькага. У кожнага з іх былі свае абавязкі, была і маральная персанальная адказнасць - за чысціню ў доме, парадак на агародзе, каб жывёла свая была пакормлена і дагледжана… А яшчэ і на ферму да таты з мамай трэба было забегчы, каб дапамагчы ім… І не адзін-пяць разоў, а кожны дзень і на працягу ўсяго дзяцінства, школьнага юнацтва…
Так што новы старшыня калгаса “Радзіма”, нягледзячы на сваю маладосць, добра ведаў жыццё і цану супольнай працы. Ведаў сілу і магчымасці калектыву аднадумцаў і верыў у гэта моцна і непахісна.
І тады, на тым лютаўскім сходзе, Аляксандр Міхайлавіч не толькі да апошняга слова верыў у тое, аб чым гаварыў, але і паспеў нават зазірнуць на дзесятак гадоў наперад. Праўда, тым ягоным марам з вішоўцаў мала хто паверыў. Аднак самае галоўнае для Аляксандра Лапацентава заключалася якраз у тым, што ён сам дакладна ведаў, чаго ён хацеў і як таго дабіцца.
Месяцы праз два ён сустрэўся за жалобным сталом са старшынёй калгаса “Новае жыццё”, што на Барысаўшчыне, - мудрым чалавекам і вопытным кіраўніком А.Ф.Вайцяховічам. У ягонай гаспадарцы пасля службы ў войску і апынуўся Аляксандр Лапацентаў, адпрацаваў тут каля двух гадоў на пасадзе галоўнага заатэхніка. У маладым спецыялісту дальнабачны Аляксандр Фёдаравіч адразу ж разгледзеў дастойную замену сабе, рыхтаваўся перадаць яму калгас, у якім сам адстаршынстваваў каля трыццаці гадоў.
- Ты пастаў перад сабой непасільную задачу, - параіў маладому калегу і вучню ўмудроны жыццём Аляксандр Вайцяховіч. - І крок за крокам рабі ўсё магчымае, каб яе выканаць. Нясі гэты крыж свой да апошніх сваіх сіл. Ніколі не адступайся ад задуманнага, не здавайся. Нават тады, калі апынешся ў ценю бязвер’я і неразумення, калі ад стомы будзеш валіцца з ног. Не здавайся, цярпі і кроч наперад. Ідзі да сваёй запаветнай мэты. І, павер мне на слова, аднаго разу пабачыш і адчуеш вакол сябе сваіх самых надзейных памочнікаў і прыхільнікаў, якія падставілі свае плечы пад твой цяжкі крыж…
Даўно ўжо няма на гэтым свеце Аляксандра Фёдаравіча, а пажаданне яго Аляксандр Лапацентаў помніць да сёння. І нясе па ягонай жа парадзе той крыж, які ўзваліў на свае плечы ў халодным лютым 1981 года. І нясе яго, як прарочліва прадказваў Вайцяховіч, ужо даўно не адзін.
Аляксандр Лапацентаў пастаянна адчувае побач з сабой сотні плечаў сваіх памочнікаў, паплечнікаў - спецыялістаў, механізатараў, жывёлаводаў. І тая першапачатковая непасільная задача, сапраўды, аказалася не такой ужо цяжкай. Стала па сіле калектыву аднадумцаў.
Хоць напачатку…
Самае цяжкае, а ў некаторых выпадках і зусім немагчымае - гэта перайначыць, пераламіць псіхалогію чалавека. Звычайна, людзі імкнуцца жыць, раз і назаўсёды абраўшы для сябе шлях найменшага супраціўлення. Спатрэбіцца нейкая ідэя, звышзадача, высокая мэта, якая і прымусіць чалавека ўзваліць на сябе ўвесь цяжар адказнасці, падштурхне яго працаваць з поўнай аддачай сіл, ведаў, практычнага вопыту. Але гэта мэта не павінна быць ідэяй-фікс, ператварыцца ў самамэту. Трэба выбраць упаўне ажыццявімую, рэальную… Такую, якую можна, вобразна кажучы, памацаць пальцамі, патрымаць у руках.
Першыя гады старшынёўства Аляксандра Лапацентава нярэдка азмрочваліся непаразуменнем некаторых калгаснікаў, спецыялістаў, амаль што агульнай абыякавасцю. Адны сваёй мітуснёй толькі стваралі бачнасць працы. Іншыя патрабавалі высокую зарплату.
Калгасны воз цягнулі самыя працавітыя, сціплыя, прывучаныя жыццём да адказнасці. Іх было нямнога.
Здаралася, што і жывёла заставалася на ноч някормленай. А даглядчыкі яе ці то займаліся ўласнымі справамі, ці то, п’яныя, спалі непрабудным сном.
І тады без лішніх слоў і ваганняў у воз упрагаўся сам старшыня. Удвух з жонкай, Валянцінай Сцяпанаўнай, здаралася, не адзін раз да глыбокай поўначы выдзіралі сянаж, раздавалі яго галоднай жывёле. У такія роспачныя мінуты, не-не, дый закрадвалася ў яго галаву здрадлівая думка: “А можа, кінуць усё гэта!”
Працу па спецыяльнасці знойдзе ўсюды і яго з ахвотаю возьмуць у любую гаспадарку. І тут жа Лапацентаў нібыта чуў глухаваты голас разважлівага гаспадара Вайцяховіча: “Калі ўзяўся, дык нясі свой крыж да апошніх сіл”.
І ён прымушаў сябе забыцца на стомленасць, неразуменне калгаснікаў, сілай волі выганяў з сэрца злосць і незадаволенасць.
А раніцай, паўшчуваўшы вінаватых, у каторы раз па-настаўніцку даводзіў ім: калі не будзем працаваць, не будзе дастатку і ў сем’ях.
Канешне, старшыня мог бы паразганяць вінаватых у парушэнні дысцыпліны і рабочага распарадку, пакараць спецыялістаў. І чаго ён у такім выпадку дабіўся б?
Малады кіраўнік выдатна ўсведамляў сабе, што крыкам, пагрозамі ды грознымі загадамі не накамандуеш. Не на гэтым трымаецца калектыў. Чалавек сам свядома павінен імкнуцца да таго, каб лепш працаваць.
Прыкладна, у тыя ж васьмідзесятыя гады з газетных старонак, па радыё і экранаў тэлевізараў ледзь не штодзённа заклікалі ўсіх быць гаспадарамі на працы, на калгаснай зямлі, на ферме. Хоць усе, і тыя хто гаварыў, і тыя, хто слухаў, разумелі, што колькі разоў не паўтарай ты слова “мёд”, саладзей ад гэтага ў роце ніколечкі не стане.
У Лапацентава на гэты конт была свая думка, нават - цвёрдае перакананне. Ён меркаваў так: павінна існаваць матывацыя працы. Для гэтага найперш трэба рашуча і назаўсёды пакончыць з ураўнілаўкай, шырока выкарыстоўваць матэрыяльнае заахвочванне. Не крык ды гвалт, а рубель павінен камандаваць работнікам, падахвочваць яго працаваць сёння лепш, чым учора.
На адным з агульных сходаў, калі ўжо ў старшыні было многа надзейных паплечнікаў, Аляксандр Лапацентаў прапанаваў эфектыўную і новую сістэму заахвочвання калгаснікаў, якая, па ягонаму перакананню, а правільнасць гэтай думкі ў далейшым пацвердзіць і само жыццё, паўстане і надзейным заслонам перад аматарамі запусціць руку ў агульнае дабро: усё, што вырабляецца ў гаспадарцы, павінна быць і ў кожнай калгаснай сям’і. Зразумела, у поўнай адпаведнасці з яе ўкладам у агульную справу. Работнікі гаспадаркі пачалі бясплатна ці па нізкіх цэнах рэгулярна атрымліваць мяса, макаронныя вырабы, выпушчаныя ў падсобным цэху, муку, зерне, гатовае сена для ўласных каровак і шмат чаго яшчэ. Словам, што меў калгас, тое меў і кожны яго працаўнік.
Пра Аляксандра Лапацентава, - успамінае старшыня Вішоўскага сельсавета Наталля Галуза, - я ўпершыню пачула, здаецца, узімку 1983 года. Тады сама працавала ў суседняй з калгасам “Радзіма” гаспадарцы - “Ленінскім закліку”. На Лапацентава сталі раўняцца іншыя. Аб ім загаварылі неяк адразу, як пра кіраўніка з новым мысленнем, якому надзвычай уласцівы нестандартныя падыходы. Многім імпанавала тое, што Аляксандр Міхайлавіч паставіў справу так, што працаўнікі калектыву свядома станавіліся гаспадарамі, сапраўднымі, а не паказушнымі, гаспадарамі на машынным двары, ферме, зямлі. Ён сфарміраваў новы падыход да калектыўнага гаспадарання, ўзаемаадносін паміж членамі калектыву з аднаго боку, а таксама працаўніком і калектывам - з другога. Калгаснікі станавіліся нібыта адной сям’ёй, у якой кожнаму гарантавана захаванне яго інтарэсаў і правоў, і кожны дакладна ведае і выконвае свае абавязкі.
І сапраўды, ёсць такія асобы, якія самі ствараюць свой лёс. Спакойна, без мітусні і кіданняў крочаць яны па абранай жыццёвай дарозе. Асабліва не дбаюць пра ўласную кар’еру, не імкнуцца выпхнуцца з усіх сіл наперад іншых, пакідаючы ў цені сваёй нібыта велічы тых, хто побач з імі, не стараюцца выслужыцца і перад тымі, хто можа штурхаць іх па кар’ернай лесвіцы ўгору.
Яны проста сумленна працуюць, робяць сваю справу так, як падказвае сэрца і розум, як дыктуе вопыт. Працуюць дзеля інтарэсаў чалавека і калектыву.
Адным з такіх людзей з’яўляецца і кіраўнік СВК “Калгас “Радзіма” Аляксандр Лапацентаў. Ён здолеў адсталую гаспадарку ператварыць у лепшую на Бялыніччыне і трансфарміраваць яе ў сучаснае буйное сельскагаспадарчае прадпрыемства, на якім радасна і прыемна працуецца ўсім.
Аляксандру Лапацентаву неаднаразова прапаноўвалі больш высокія, больш прэстыжныя пасады, клікалі ў Бялынічы, Магілёў, Мінск… Заманліва, канешне. Але ўсё гэта для яго з’яўляецца той звычайнай мітуснёй на аднойчы абранай ім жыццёвай дарозе.
Ён застаўся і застаецца верным і людзям, якім больш за дваццаць пяць гадоў таму пакляўся быць разам, і зямлі, якая стала для яго сям’і роднай.
Дый крыж свой ён яшчэ не данёс да запаветнай мэты.
За чвэрць стагоддзя Аляксандр Лапацентаў стаў для вішоўцаў не толькі кіраўніком, але й сваім, блізкім чалавекам, земляком. Тут радзіма яго дзяцей - дачкі Наталлі і сына Алега. Яны выраслі добрымі людзьмі на вачах вішоўцаў, радуюць сваімі поспехамі не толькі бацькоў, але і суседзяў, школьных настаўнікаў, многіх аднавяскоўцаў.
Лапацентаў шмат зрабіў, каб папрыгажэў, набыў сучасны воблік і сам Вішоў. І як тут не паўтарыць вядомыя словы: сапраўды, хто добраўпарадкоўвае тое месца, дзе жыве, той стварае сваю Радзіму. І для іншых - гэтаксама.
У Вялікай Машчаніцы, да якой ад Вішова па шашы Магілёў-Мінск крыху больш за два дзесяткі кіламетраў, стаіць і па сёння бацькоўскі дом Аляксандра Міхайлавіча. Лапацентаў заглядвае сюды, каб адпачыць душой і сэрцам, успомніць тату з маці, цяжкае, але вясёлае дзяцінства, якое прывучыла яго працаваць і паважаць чалавека працы, дало мудрасць і загартоўку на ўсё далейшае жыццё.
Родная хата, бацькоўскі дом адыграў у ягоным жыцці, можна сказаць, самую вызначальную ролю.
Так ужо сталася, што ў сям’і Лапацентавых, толькі адзін ён, Аляксандр, з дзевяці дзяцей звязаў свой лёс з сельскай гаспадаркай. Яго браты і сёстры сталі педагогамі, музыкантамі…
А ён выбраў зоаінжынерны факультэт Віцебскага ветэрынарнага інстытута. І выбар гэты для вясковага юнака, які ведаў штодзённую працу саўгасных жывёлаводаў яшчэ з дашкольнага ўзросту, быў свядомым. Ён шчыра спадзяваўся, што атрыманыя ў інстытуце веды дазволяць яму зрабіць працу даглядчыкаў жывёлы, даярак больш эфектыўнай, механізаванай. Сучасныя тэхналогіі выціснуць з жывёлагадоўлі даастатку прадзедаўскія спосабы. Занятак работніка ферм набудзе цікавасць, стане лёгкім і прэстыжным.
У СВК “Калгас “Радзіма” Лапацентаву гэта ўдалося зрабіць, удалося ажыццявіць адну са сваіх юнацкіх мар. Сёння тут аператарам машыннага даення кароў альбо даглядчыкам жывёлы ці пастухом абы каго не паставяць. Конкурс. І вішоўскім вучням-лайдакам бацькі ў запале даўно ўжо не прарочаць долю пасвіць быкоў у калгасе. Тут гавораць інакш: “Не станеш добра вучыцца, будзеш у Магілёве вуліцы падмятаць”.
Сваю працоўную дзейнасць Аляксандр Лапацентаў распачаў на Барысаўшчыне. Перспектыўнага маладога спецыяліста заўважылі, ацанілі. Ён рыхтаваўся ўжо заняць пасаду старшыні праўлення калгаса, ў якім працаваў галоўным заатэхнікам. Аднак чорнай весткай у яго сям’ю, якая ўжо пускала трывалае карэнне на барысаўскай зямлі, прыляцела паведамленне пра цяжкую хваробу старэйшага брата Мікалая. Незадоўга да сваёй дачаснай смерці Мікалай Міхайлавіч паклікаў Аляксандра да сябе. Гутарылі браты доўга. Гаварылі пра будучыню, жыццё, хоць смерць ужо тулілася каля парога - чакала, каб павесці за сабой аднаго з братоў.
Кожны з іх тады разумеў, што так шчыра, як сёння, ім ужо пагаварыць болей не будзе магчымасці.
Бацькі засталіся адны, - на развітанне прамовіў Мікалай. – Старыя. Цяжка ім. Мы ўсе разляцеліся - хто куды. На цябе ў мяне надзея адна, што падтрымаеш іх, дагледзіш да старасці. Дый хату бацькоўскую зберажэш для дзяцей нашых, унукаў…
Гэтай братавай просьбы было дастаткова, каб Аляксандр Міхайлавіч імгненна прыняў новае рашэнне. Вярнуўшыся дамоў, у Чэрнеўку, ён прапанаваў жонцы: - Пераязджаем на Бялыніччыну.
Так амаль праз дзесяць гадоў Аляксандр Лапацентаў вяртаецца на родную зямлю. Вярнуўся, каб споўніць братаў наказ. Каб выканаць абавязак сына. Каб сцвердзіць, урэшце, сябе тут выдатным спецыялістам і кіраўніком - адмысловым арганізатарам сельскагаспадарчай вытворчасці.
- Мы ўсе, - гаворыць А.Лапацентаў, - вельмі ўдзячныя пляменніцы, Але Іванаўне, за тое, што яна ў свой час прыслухалася да нашай просьбы і пераехала жыць з горада ў Машчаніцу. Яна захавала наша радавае гняздо.
Аднойчы ціхім адвячоркам юнай вясны па радыёпрыёмніку Аляксандр Лапацентаў пачуў песню “Бацькоўскі зруб”. Словы яе, такія простыя, зразумелыя, шчымліва ўзрушылі старшыню сельгаскааператыву.
І сапраўды, пакуль стаіць бацькоўскі зруб, да тых пор жыве агонь душы роднай хаты, роднай сядзібы. І сябе, кожны, хто ў ёй нарадзіўся, адчувае тут не госцем, а вечным парасткам Радзімы. Аляксандр Лапацентаў крыху пазней не толькі адшукаў тэкст гэтай песні, вывучыў словы, якія так запалі ў душу, але робіць усё магчымае, ўсё, што толькі залежыць ад яго, каб землякі-вішоўцы адчувалі такую ж кроўную, духоўную еднасць са сваёй радзімай, роднай вёскай, бацькавай хатай.
Менавіта ад бацькоў, якія адпрацавалі жывёлаводамі па 41 году кожны, Аляксандр пераняў і вернасць абранай справе. Калі ў яго аднойчы запытаўся, ці шкадуе ён аб тым, што пайшоў працаваць у сельскую гаспадарку, Аляксандр Міхайлавіч, не разважаючы ні ані хвіліны, адказаў літаральна так: калі б мне была дадзена такая магчымасць распачаць сваё жыццё па-новаму, я выбраў бы для сябе гэткі ж самы шлях.
А ён, гэты шлях ягонага старшынёўства, не высланы ружамі. Лапацентаву практычна кожны дзень даводзіцца працаваць з вялікім напружаннем фізічных і душэўных сіл. Нават і цяпер, калі справы ідуць нядрэнна, ў адпаведнасці з задуманым планам, калі не трэба асабліва нікога пераконваць… Затое ж, якія задачы даводзіцца вырашаць. Толькі, напрыклад, у летні час для кармлення буйной рагатай жывёлы неабходна кожны дзень нарыхтоўваць да 200 тонн здробненай зялёнай масы. Трэба таксама арганізаваць кожны дзень працу на 11 малочнатаварных фермах і комплексах. У сельгаскааператыве вялікі фронт работы і для будаўнікоў: узводзіцца жыллё, будуецца царква, праводзіцца рэканструкцыя жывёлагадоўчых памяшканняў, абсталёўваюцца летнія лагеры…
Вясной - палявыя работы, потым - нарыхтоўка кармоў, жніво, уборка…
А яшчэ няўрымслівасць Лапацентава праяўляецца ў пошуку і ва ўкараненні новых тэхналогій, скіраваных на энергазберажэнне, эканомію рэсурсаў, павелічэнне вытворчасці сельгаспрадукцыі, аўтаматызацыю.
Кіраўнік гаспадаркі - чалавек наколькі рамантычны, настолькі і прагматычны. Ён валодае здольнасцю надзвычай рэальна ацэньваць сітуацыю і рабіць правільныя, дакладна вывераныя, вывады. Для Аляксандра Лапацентава сказанае ім азначае зробленае. І калі ён бярэцца за вырашэнне нейкай справы ці задумкі, то можна быць упэўненым, што яна ў яго ў рэшце рэшт абавязкова атрымаецца. І зробіць - як найлепей.
У Аляксандра Лапацентава надзвычай развіта здольнасць генерыраваць ідэі, прыкмячаць, вылушчваючы з шалупіння будзёнасці, парасткі навізны. Дзе б ён ні знаходзіўся, заўсёды абавязкова знойдзе нешта новае для сябе, для свайго сельгаскааператыва.
Яшчэ пад час тэрміновай службы ў арміі, якую праходзіў у Групе савецкіх войск у Германіі, ён стараўся прыкмеціць, як жывуць немцы, падгледзіць і запомніць, як яны працуюць. Яго надзвычай уразіла, калі аднойчы пабачыў, на якіх высокіх хуткасцях шчыруюць на самаходных касілках нямецкія трактарысты.
У далейшым Лапацентаву яшчэ не адзін раз давядзецца пабываць у Нямеччыне. І ён зноў, як і тады, вайскоўцам, будзе прагавіта вывучаць арганізацыю і тэхналогію камп’ютарнага догляду і даення кароў, нямецкі вопыт земляробства, асабліва - тэхналогію нарыхтоўкі кармоў.
…Думаю, Лапацентаў сцвердзіў бы сябе выдатным педагогам-наватарам ці бліскучым лётчыкам. Аб небе, крылатай машыне ён марыў з дзяцінства, і аднойчы гэта мара была на самай мінімальнай дыстанцыі ад таго, каб стаць рэальнасцю. Але ён свядома зрабіў іншы выбар. І небам для Аляксандра Лапацентава стала шырокае жытнёвае поле, зялёная сенажаць, родная зямля, што раскінулася ад Друці і да маленькай Лахвіцы. Зямля, са сваімі зоркамі-людзьмі, з якімі Лапацентаву прыемна працаваць і сябраваць, з якімі ён гатовы раздзяліць свой апошні кавалак хлеба.
Тут людзі роднай зямлі паважаюць яго як добрага чалавека, мудрага кіраўніка, надзейнага таварыша. І аўтарытэт Лапацентава аніколі не схаваецца за небакраем будучых гадоў.
…Я хацеў вызначыць самыя галоўныя, надзвычай уласцівыя рысы характару Лапацентава. Дапытваўся аб гэтым і ў тых, хто пачаў працаваць побач з ім і пад яго кіраўніцтвам пазней. Не абышоў гэтым пытаннем і ўчарашніх школьнікаў, якія сёння прыйшлі па сваёй ахвоце ў кааператыў. Такіх рысаў называлася шмат, яны характарызуюць Лапацентава з розных бакоў, складаюць яго чалавечую сутнасць. Вішоўцы называлі Аляксандра Міхайлавіча, свайго галаву, і добрым, і справядлівым, і незлапамятным, і гаспадарлівым, і ўважлівым, і таленавітым, і міласэрным, і простым, і даступным, і працавітым…
Калі гэта сцвярджаюць людзі, якія добра ведаюць Лапацентава, а многія з’елі разам з ім не адзін пуд солі, то як не верыць ім?
Але ўсё ж такі, відавочна, ў гэтым пераліку не хапала адной рысачкі, якая патрапіла б, што называецца, дакладна ў самае яблычка і арганічна паяднала б усе названыя.
І нарэшце, здагадаўся, у каго запытацца.
Нават далёка не кожная родная маці так ведае свайго сына, як ягоная жонка.
Валянціна Сцяпанаўна Лапацентава, не раздумваючы, прамовіла:
А ён - надзейны! Вельмі надзейны чалавек.
І сапраўды, надзейны, значыць - дакладна ведае, чаго ён хоча дасягнуць у гэтым жыцці. Надзейны, значыць - ніколі не спынецца на паўдарозе і, крый Божа, не пакіне сваіх зняможаных таварышаў. Надзейны, значыць - з апошніх сілаў, да апошняга ўздыху будзе рабіць тое, у чым перакананы і за што ўзяўся.
З надзейным чалавекам лёгка ісці па жыцці, лёгка рабіць нават самую цяжкую працу і лёгка марыць. Надзейны ніколі не здрадзіць сваёй мары, ніколі і нікога не падвядзе.
Мусіць таму вішоўцы будучыню сельгаскааператыва і сваёй роднай вёскі, будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў звязваюць з надзейным чалавекам і надзейным кіраўніком Аляксандрам Лапацентавым. А ён уласным прыкладам паказвае і сведчыць, што жыццёвую дарогу, якой бы цяжкай яна не была, абавязкова адолее і з гонарам пройдзе па ёй да канца толькі той, хто ідзе, хто пастаянна рухаецца наперад.
Ідзе, нягледзячы ні на што.
Крочыць упэўнена, цвёрда, нястомна.
Карпечанка, М. Дарогу асільвае толькі той, хто ідзе па ёй. Нарыс-рэфлексія / Міхась Карпечанка // Зара над Друццю. – 2007. – 17 лютага. – С. 3. |