Узнагароджанне, якое атрымлівае калгаснік СВК “Калгас “Радзіма” у залежнасці ад колькасці і якасці ўкладзенай ім грамадска-карыснай працы і яе вынікаў, у адпаведнасці з сістэмай аплаты, тарыфных ставак, здзельных расцэнак, службовых акладаў, а таксама надбавак і даплат, сёння ўяўляе сабой даволі эфектыўную і адначасова цікавую матывацыю развіцця вытворчасці. Рознага роду дадатковая аплата, якая налічваецца работніку ў загадзя прадугледжаных памерах за вырабленую сельскагаспадарчую прадукцыю з улікам яе колькасці і якасці, тут развіваецца і удасканальваецца з кожным годам. Якія ж навацыі з'явіліся ў сельгаспрадпрыемстве сёлета? На гэтую тэму журналіст Васіль ДЗЕРАВЯШКА гутарыць з нястомным генератарам ідэй, кавалерам ордэнаў Айчыны трэццяй ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга i «Знак Пашаны», Ганаровым грамадзянінам Бялыніцкага раёна, Заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Рэспублкі Беларусь, старшынёй праўлення СВК «Калгас «Радзіма» Александрам Лапацентавым
– Перш чым закрануць праблемы матывацыі працы, хацелася б з першых вуснаў пачуць аб самым дакладным індыкатары дэмаграфічнага стану працоўнага калектыву – замацаванні ў iм маладых кадраў. Працаўнікі да якога ўзросту адносяцца ў вас да названай катэгорыі?
– Хацелася б пачаць з дзеючага заканадаўства. Кодекс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі прыводзіць наступныя вызначэнні тэрміна «малады спецыяліст». Імі лічацца выпускнікі, якія працуюць на працягу тэрміну абавязковай работы па размеркаванні; выпускнікі на час абавязковай работы, якія накіраваны на працу ў адпаведнасці з дагаворам аб падрыхтоўцы навуковага работніка вышэйшай кваліфікацыі за кошт сродкаў рэспублканскага бюджэту, дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста, а таксама выпускнікі, якія працуюць па пераразмеркаванні, на працягу перыяду абавязковай работы. Праўленне СВК «Калгас «Радзіма» лічыць мэтазгодным да катэгорыі моладзі адносіць не толькі спецыялістаў, але ycix працаўнікоў гаспадаркі да 35-гадовага ўзросту. Такая канкрэтыка прынята з мэтай узмацнення матывацыі ix працы, бо разлік заработнай платы маладога працаўніка – справа няпростая: для гэтай катэгорыі прадугледжаны шэраг дадатковых выплат.
Дзеючае заканадаўства, напрыклад, у галіне аплаты працы накіравана на стымуляванне i матэрыяльную падтрымку маладых спецыялістаў, замацаванне iх у арганізацыях. Асновай для разліку заработнай платы гэтай катэгорыі работнікаў, як i іншых, з'яўляецца тарыфная стаўка (аклад) згодна з займаемай пасадай. Праўленне кааператыва, між іншым, не толькі маладым спецыялістам, але кожнаму маладому работніку да 35-гадовага ўзросту вырашыла павялічыць зарплату на 10 працэнтаў. Яшчэ столькі ж дадаткова налічваецца тым, хто адмовіўся ад курэння, вядзе здаровы лад жыцця, займаецца спортам, удзельнічае ў мастацкай самадзейнасці. Гэтае рашэнне, дарэчы, цалкам суадносіцца з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 года № 29 «Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай i выканаўчай дысцыпліны». Названыя i іншыя заахвочванні выкарыстоўваем ўжо на працягу многіх гадоў.
Падсумоўваючы сказанае, магу прывесці канкрэтныя лічбы: сёння ў сельгаспрадпрыемстве працуюць 82 прадстаўнікі моладзі з агульнай колькасці – 321, што складае больш за 30 працэнтаў. Толькі спецыялістаў сярод моладзі налічваецца больш за два дзясяткі. Як паказвае практыка, гэта аптымальны паказчык амалоджвання калектыву для паступовай змены пакаленняў. Павагай i аўтарытэтам, напрыклад, карыстаюцца Алена Аўрамёнак i Вікторыя Сенчыла, Алеся Русакова i Юрый Янчанка, Антон Фурсаў i Уладзімір Казакоў, Яўген Шалкоўскі i Таццяна Піменава, Ірына Паддубская i Любоў Волкава, Paica Каралёва, сёстры Наталля i Ларыса Сарокіны... Восем маладых працаўнікоў сельгаспрадпрыемства ў якасці заахвочвання атрымалі ад праўлення пуцёўкі на дзесяцідзённы адпачынак у Турцыі. Kaлi нашай моладзі гэта спадабаецца, то падобны від матывацыі можа стаць традыцыйным.
– I усё ж, Аляксандр Міхайлавіч, пытанне па сутнасці - падзяліцеся, калі можна, сакрэтам вашага чарговага ноу-хау.
– Сакрэту няма, бо усё агучана i зацверджана на агульным сходзе членаў сельгаскааператыва: зыходзячы з фінансавых магчымасцей гаспадаркі адзінагалосна вырашана два мільярды рублёў з чыстага прыбытку пакласці у банк на дэпазіт пад першапачатковыя 32 працэнты гадавых для дадатковага заахвочвання калгаснікаў па выніках работы за год. З падобным вопытам практыкай матывацыі сельскагаспадарчай працы, прызнацца, асабіста я нідзе не сустракаўся. Ідэя стала своеасаблівым вынікам доўгіх роздумаў над асаблівасцямі развіцця сельгасвытворчасці, стабілізацыяй кадравага патэнцыялу. Адначасова яна з'явілася лагічным працягам існуючай сістэмы матывацыі працы.
– У чым тут соль?
– У зацікаўленасці кожнага калгасніка лепш працаваць, каб больш зарабляць. Для нагляднасці прывяду схематычны фінансавы разлік. Праз год на дэпазітным рахунку з улікам сумы капіталізацыі будзе каля 2 млр 600 млн рублёў. У сярэднім на кожнага сярэдняспіскавага члена кааператыва выйдзе па 8 000 000 рублёў. Стымул, лічу, вельмі істотны.
– Гэтыя сродкі атрымае кожны калгаснік?
– Не зусім так. Той, хто па якіхсьці прычынах звольніцца або груба парушыць працоўную дысцыпліну, аўтаматычна выпадае са cпicy дэпазітатрымальнікаў i не можа разлічваць на заахвочванне. Гэта па-першае. Па-другое, абязлічкі пры размеркаванні ўклада не дапускаецца: размяркоўвацца ён будзе прама прапарцыянальна заробку кожнага працаўніка за год. Заўважу, што фонд зарплаты летась дасягнуў 22 млр. 985 млн. рублёў. Kaлi палічыць па гэтай суме, то на кожны зароблены рубель даводзiцца 0,11 рубля дэпазітнага ўкладу. Дзесяць нашых механізатараў зарабілі, напрыклад, за мінулы год па 120 мільёнаў рублёў. Вось яны дададкова i прыплюсавалі б да сваіх сямейных бюджэтаў яшчэ каля дванаццаці мільёнаў рублёў кожны.
– Як жа наконт прымаўкі, што шчасце не ў грошах?
– Сапраўдную асалоду чалавеку прыносіць, безумоўна, сама праца. А яе матывацыя дазваляе, напрыклад, па-гаспадарску, эфектыўна i ашчадна выкарыстоўваць тэхніку i абсталяванне, насенне i угнаеннні, будынкі i памяшканні, укараняць нанатэхналогіі i інавацыі, на ўласным прыкладзе выхоўваць дастойную змену. Цi ж гэта не шчасце?!
Дзеравяшка, В. Дэпазіт для калгасніка / Васіль Дзеравяшка // Зара над Друццю. – 25 чэрвеня. – 2014. – С. 3. |