ГІСТАРЫЧНЫЯ ДАВЕДКІ:

 
Прычыны і асаблівасці правядзення калектывізацыі ў БССР

“У снежні 1927 года на XV з’ездзе Усесаюзнай Камуністычнай партыі (бальшавікоў) было прынята рашэнне аб правядзенні палітыкі калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Прычыны правядзення калектывізацыі вызначаліся неабходнасцю пераводу вёскі на рэйкі буйной машыннай вытворчасці і забеспячэння горада сельскагаспадарчай сыравінай і прадуктамі спажывання. Ажыццяўленне фарсіраванай індустрыялізацыі патрабавала значных сродкаў, якія вырашана было атрымаць за кошт вёскі. У гады нэпа ў беларускай вёсцы праходзіла кааперацыя сялянскіх гаспадарак. Яна мела розныя формы, у тым ліку такія простыя, як спажывецкая і сбытавая. Узнікалі і больш складаныя віды кааперацыі, напрыклад вытворчая (таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі). Усё гэта адпавядала распрацаванаму У.І.Леніным кааператыўнаму плану, асноўнымі прынцыпамі якога былі добраахвотнасць пры стварэнні сялянамі кааператываў і паступовы пераход ад простых да больш складаных форм каперацыі. Усімі відамі сельскагаспадарчай кааперацыі ў рэспубліцы ў 1928 годзе было ахоплена звыш 50 % сялянскіх двароў, а калектыўнымі гаспадаркамі (калгасамі), якія з’яўляліся вышэйшай формай вытворчай кааперацыі, – каля 1 %”.

 
Пераход да суцэльнай калектывізацыі і фарсіраванне яе тэмпаў

“З 1929 года калектывізацыя становіцца галоўнай лініяй камуністычнай партыі ў вёсцы, хаця неабходныя ўмовы для гэтага яшчэ не паспелі скласціся. У савецкую гісторыю 1929 год ўвайшоў пад назвай “год вялікага пералому”.
Запісванне сялянства ў калгасы адбывалася з парушэннем прынцыпу добраахвотнасці, прымусова, з шырокім выкарыстаннем пераважна адміністрацыйна-сілавых метадаў. Тых, хто не жадаў запісвацца ў калгасы, прылічвалі да кулацтва. У адносінах да іх праводзілася раскулачванне. У ходзе яго выкарыстоўваліся меры гвалтоўнага адымання збожжа ў сялян, нярэдка ўсяго цалкам, што прыводзіла да голаду.
Кулакоў высялялі за межы Беларусі ў Сібір і ў паўночныя раёны СССР. У грамадстве стварыўся вобраз кулака, як ворага народа. Тых, хто выступаў супраць прымянення сілавых метадаў пры правядзенні калектывізацыі, абвінавачвалі ў страце класавай пільнасці і насаджэнні кулацкіх гаспадарак. Пры правядзення раскулачвання апорай савецкай улады ў вёсцы стала бедната і частка сераднякоў.
Пры стварэнні калгасаў у іх абагульніваліся як асноўныя сродкі вытворчасці, якія раней належалі самім сялянам, так і іх уласная свойская жывёла (каровы, коні, свінні, куры) і нават прадметы дамашняга ўжытку, што выклікала супрацьдзеянне сялян, якія нават пачалі масавы забой сваёй жывёлы.
Для забеспячэння калгасаў тэхнікай былі створаны машынна-трактарныя станцыі (МТС), а пры іх – палітычныя аддзелы, якія строга выконвалі партыйную лінію пры правядзенні калетывізацыі.
У калгасах праца ацэньвалася вельмі нізка і аплачвалі яе не грашыма, а прадукцыяй у канцы года па колькасці адпрацаваных дзён – так званых працадзён. Улік працы вялі па працаднях. З сярэдзіны 1930-х гг. у калгасах рэспублікі быў устаноўлены мінімум выпрацоўкі працадзён – 80. Калгаснікаў, якія не выраблялі мінімуму прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.
У 1932-1933 гг. у СССР і БССР быў уведзены пашпартны рэжым. Аднак сельскія жыхары (калгаснікі) пашпартоў не атрымалі і ўлічваліся па спісах, якія вялі сельсаветы. Калгаснікі маглі прымацца на працу ў гарадах толькі пры наяўнасці ў іх даведкі ад праўлення калгаса аб яго згодзе на адыход калгасніка. Такім чынам калгаснікі былі пазбаўлены права на перамяшчэнне і свабодны выбар працы”.

 

 
Вынікі правядзення палітыкі калектывізацыі ў БССР

“У выніку правядзення суцэльнай калектывізацыі ў БССР была створана матэрыяльна-тэхнічная база, неабходная для далейшага індустрыяльнага развіцця рэспублікі. Механізацыя значна аблегчыла сельскагаспадарчыя работы, дазволіла павысіць прадукцыйнасць працы і павялічыць вытворчасць сельскагападарчай прадукцыі. Істотна змянілася сацыяльная структура насельніцтва: адбыўся рост калгаснага сялянства. Аднак працэс пераводу сялянскай гаспадаркі з індывідуальнай у калектыўную адбываўся з парушэннямі прынцыпаў добраахвотнасці і паступовасці, што прывяло да дэфармацыі законнасці і страты эканамічнага эфекту”.

 
 
 
 

КАЛЕКТЫВІЗАЦЫЯ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ БЯЛЫНІЦКАГА РАЁНА

У 1928 годзе у раёне было створана 6 калгасаў, якія аб’ядноўвалі ўсяго 48 гаспадарак і мелі толькі 801 га зямлі.
У 1929 годзе райкам КП(б)Б даў устаноўку, каб да восеньскай пасяўной кампаніі 1930 года ў раёне было калектывізавана 80 % плошчы сельскагаспадарчых угоддзяў.
На працягу зімы 1929-1930 гг. меркавалася правесці суцэльную калектывізацыю, абагульніць усю рабочую і прадукцыйную жывёлу і сродкі вытворчасці. Для правядзення індустрыялізацыі неабходна бьшо ў кароткія тэрміны атрымаць сродкі з вёскі. Дзеля гэтай мэты павялічваліся аб'ёмы хлебанарыхтовак. Так, на 1929 год раёну паводле плана трэба было нарыхтаваць 180 т азімых, 270 т яравых.
На 20 снежня 1929 года нарыхтавалі 302 т азімых, 489 т яравых. Акрамя гэтага, даводзілася дадатковае задание – 184 тоны. Такім чынам, меркавалася нарыхтаваць 634 т, было нарыхтавана 791 т, або 124,76 %. Але план нарыхтовак бульбы быў выкананы на 68,2 %, ільну на 96,7 %, ільнасемя на 89,1%.
У лютым 1930 года з прадпрыемстваў Беларусі для далейшага развіцця калгаснага руху ў вёску было накіравана 513 прадстаўнікоў рабочага класа – дваццаціпяцітысячнікаў, з іх 11 у Бялыніцкі раён.
Ужо 2 лютага 1930 года ў Бялынічах адбыўся раённы з'езд калгаснікаў.
На 1 сакавіка 1930 года было калектывізавана 60,2 % бядняцка-серадняцкіх гаспадарак, 68 % плошчы раёна.
15 сакавіка 1930 года ў Бялынічах пачалі працаваць курсы калгаснікаў па падрыхтоўцы брыгадзіраў, кіраўнікоў асобных галін сельскай гаспадаркі.
19 сакавіка 1930 года за подпісам старшыні райвыканкама Раманава ў 14 сельскіх Саветаў быў дасланы «План пад'ёму і адпраўкі кулацкіх гаспадарак, якія падлягаюць высяленню з Бялыніцкага раёна».
Камісія па раскулачванні зрабіла вопіс, канфіскавала жывёлу, інвентар, пабудовы і да канца сакавіка 1930 года выслала з раёна 95 сем'яў. Часам абагульнялася амаль уся маёмасць, у тым ліку свойская птушка і прадукты харчавання. Залічвалася да кулакоў і раскулачвалася частка сераднякоў. Усё гэта выклікала незадаволенасць сялянства. Так, пасля выхаду артыкула І.В. Сталіна «Галавакружэнне ад поспехаў» у Галоўчынскім (сельсавеце, дзе на 8 сакавіка 1930 года ў калгасы было запісана 99 % гаспадарак, сяляне разабралі ў калгасах усю рабочую і рагатую жывёлу, сарвалі скліканы сход упаўнаважаных калгасаў у Галоўчыне.
Выступленні сялян вымусілі ЦК ВКП(б) 14 сакавіка 1930 года прыняць пастанову «Аб барацьбе са скрыўленнямі партлініі ў калгасным руху». Крыху раней, 2 сакавіка быў прыняты Прыкладны Статут сельгасарцелі. Але гэтыя меры не маглі хутка паправіць складанае становішча. У выніку частка калгасаў распалася.
А з 15 па 17 чэрвеня 1930 года ў Бялынічах адбыліся тры пажары, гарэлі склады і калгасная маёмасць.
Каб падтрымаць калгасы, ЦВК і СНК СССР прынялі паста­нову аб ільготах для калгасаў і калгаснікаў па падатках. 3 калгаснікаў спісалі нядоімку. Гаспадаркі атрымалі дадатковыя крэдыты. Абагульненая сілай жывёла і птушка былі вернуты калгаснікам, а раскулачаным сераднякам – іх маёмасць. Палепшыўся ўлік аплаты працы калгаснікаў. У выніку выхад ся­лян з калгасаў спыніўся.
На 30 чэрвеня 1931 года ў раёне налічвалася 116 калгасаў, якія мелі 58 жняярак, 13 сенакасілак і 93 малатарні. У кожным калгасе паводле рашэння райкама КП(б)Б ад 9 лютага 1930 года ствараліся машынна-конныя калоны з 150-200 коней. У раёне была разгорнута праца па зборы 28 тысяч рублёў для задаткаў на трактарныя абавязацельствы.
Была арганізавана машынна-трактарная станцыя (МТС), у якой мелася 24 трактары магутнасцю 260 конскіх сіл, з дзейнасцю на тэрыторыі калгаснай плошчы – 14 000 га.
У 1932 годзе мелі месца масавыя выхады з калгасаў ва Угольшчыне, Кулакоўцы, Эсьмонах, Ланькаве.
Восенню 1932 года Бялыніцкі раён не выканаў гаспадарчыя абавязацельствы перад дзяржавай. Шэраг кіраўнікоў сельскіх Саветаў абвінавацілі ў арганізацыі кулацкага сабатажу.
Для ліквідацыі «сабатажу» ў Бялыніцкі раён была накіравана з Мінска група партработнікаў на чале з сакратаром ЦК КП(б)Б Жаброўскім, а таксама атрад НКУС. Ленсавет накіраваў групу ленінградскіх рабочых. Былі праведзены масавыя арышты сялян-аднаасобнікаў. На 1933 года да аднаасобнікаў давялі, па сутнасці, непад'ёмны план хлебанарыхтовак.
Барацьба за паскораныя тэмпы калектывізацыі вылівалася ў крывавае проціборства. У 1934 годзе быў забіты загадчык жывёла-гадоўчай фермы калгаса «Звязда» Эсьмонскага сельсавета Гаўрыла Глушакоў, стралялі ў акно старшыні калгаса Аляксеенкі, стралялі з абрэзаў на вуліцы ў калгасе «Новае жыццё» з мэтай зрыву сходу сялян па закупцы збожжа, падпалілі кватэру старшыні Каліноўскага сельсавета Малахава.
У гады 2-й пяцігодкі дзяржава аказвала калгасам вялікую матэрыяльную і тэхнічную падтрымку. Калгасныя пасевы на новаасвоеных землях на два гады вызваляліся ад сельгаспадатку.
У лютым 1935 года адбыўся II Усесаюзны з'езд калгаснікаў-ударнікаў, дзе быў прыняты Прыкладны статут сельгасарцелі, у якім абагульнілі вопыт вядзення калектыўнай гаспадаркі. У адпаведнасці з гэтым дакументам, згодна а пастановай бюро РК КП(б)Б ад 24 верасня 1935 года калгасам пачалі ўручаць акты на вечнае карыстанне зямлёй.
Да 1937 года акты былі ўручаны ўсім калгасам раёна. А першым акт атрымаў калгас «Храбры араты».
У 1937 годзе калектывізацыя ў раёне была практычна завершана. З 9725 гаспадарак аднаасобнікаў было калектывізавана 8190, альбо 84,3 %, абагуленая пасяўная плошча калгасаў склала 46694 га з 50785, альбо 91,7 %. У далешым праводзілася работа па ўзбуйненні калгасаў за кошт ліквідацыі дробных.
На працягу 1934-1937 гадоў у калгасныя цэнтры было сцягнута 146 хутарскіх гаспадарак.