Народныя звычаі і абрады зарадзіліся ў глыбокай старажытнасці, калі чалавек, які назіраў за сонцам, змяненнямі ў прыродзе, біялагічнымі цыкламі раслін і жывёл, спрабаваў уздзейнічаць на незразумелыя для яго сілы прыроды з дапамогай магічных дзеянняў і заклінанняў.
Абмежаванні і забароны, якія пераходзілі з пакалення ў пакаленне, станавіліся агульнапрынятым парадкам і спосабам паводзін, сімвалічна выказвалі і замацоўвалі адносіны людзей да прыроды, паміж сабой, склаліся звычаі і абрады.
Звычаі і абрады цесна звязаны з вытворчай дзейнасцю, бытавымі ўмовамі, грамадскімі адносінамі. Падзяляюцца яны на каляндарна-вытворчыя (земляробскія, паляўнічыя, рыбалоўныя, жывёлагадоўчыя), сямейна-бытавыя (вясельныя, радзінныя, хрэсьбінныя, пахавальныя), грамадзянскія і царкоўныя.
Старажытная абраднасць ляжыць у аснове каляднага шчадравання, масленічных гулянняў, абрадаў купальскай ночы. Многія абрады і звычаі звязаны з культам прашчураў (Дзяды, Радаўніца). Як старажытны від народнай творчасці, яны напоўнены музыкай, спевамі, танцамі, павер’ямі, прыгаворамі, карагодамі і гульнямі. Глыбокім духоўным сэнсам былі напоўнены каляндарныя абрады, звязаныя з важнымі этапамі сельскагаспадарчых работ.
Пачынаўся год Калядамі. Да старажытных Каляд былі далучаны рэлігіёзныя святы Раства Хрыстова і Вадохрышча. Каляднаму абраду вішоўшчыны характэрны тры абрадавыя вячэры-куцці: посная (вялікая), багатая (шчодрая) і зноў посная (галодная). Абавязковай стравай была куцця - ячная каша. Таксама ў час Каляд варажылі, калядавалі, спявалі калядныя песні, гулялі, забаўляліся. Так, на Вішоўшчыне напярэдадні багатай куцці хадзілі шчадраваць. Падлеткі, юнакі і дзяўчаты хадзілі з “казой”, “мядзведзем”. Хто-небудзь з іх апранаў вывернуты наверх аўчынай кажух, надзяваў вырабленую з кары дрэва ці з другога падручнага матэрыялу “галаву казы” з прымацаванымі “рогамі”. “Казу” суправаджаў “дзед” – пераапрануты ў старога хлопец з барадой з ільну, з гарбом на спіне. Твар звычайна вымазвалі сажай. Калядоўшчыкі заходзілі ў хату, спявалі песні-шчадроўкі, рассыпалі па хаце зерне, каб “жыта было ўмалотнае”, “каза” скакала. Гаспадары абавязкова павінны былі аддзячыць “казу” з калядоўшчыкамі: падараваць сала з каўбасой і іншыя прысмакі.
Шырока на Вішоўшчыне адзначалася Купалле, якое было напоўнена паэтычнымі момантамі: да свята дзяўчаты спляталі прыгожыя вянкі з кветак, якія потым пускалі па рацэ, ноччу раскладвалася вогнішча, праз якое юнакі і дзяўчаты скакалі, бо рытуальнае вогнішча сімвалізавала духоўнае ачышчэнне чалавека перад хуткім жнівом.
Самым значным восеньскім абрадам на Вішоўшчыне быў памінальны абрад – “Дзяды”. Апісваў яго ў сваіх фальклорных нататках і святар Нежкаўскай Петрапаўлаўскай царквы Стэфан Бекарэвіч.
|
Як вядома, беларусы адзначаюць на год чацвёра дзядоў – Духаўскія, Змітраўскія, перад масляным тыднем і на Радаўніцу. А вось васількоўцы, навасёлкаўцы, вішоўцы і студзёнкаўцы мелі і пятыя дзяды. Адзначаліся яны перад Пакровам, таму і называліся Пакроўцамі.
У абрадах усіх гэтых дзён, акрамя Радуніцы, асаблівасцей няма, усе яны паміж сабой былі падобныя.
Калі прыходзіў дзень дзядоў, то з самае раніцы на вёсцы можна было паўсюль заўважыць жабракоў. На дзяды іх звычайна запрашалі. Але не для ўсіх іх прыём быў роўны: сяляне заўсёды аддавалі перавагу таму жабраку, які карыстаўся славай лепшага спевака і чытальніка – “хто болі прачытае і лепей пяе”. Перш за ўсё ён чытаў малітву па ўмерлых, потым за здаровых, а ў канцы, калі папросяць, і за жывёлінку. За гэта жабраку плацілі грашыма ад 5 да 10 капеек, а за жывёлінку асобна і часцей за ўсё давалі кавалачак “салца” ці “мясца”, а не – дык 2 ці 3 яйкі. Мукі жабракам не давалі, і асабліва за заўпакойную малітву, бо нябожчыкам “будзя нылка на тым свеце”.
Бабы ў гэты дзень мылі стол, лавы, вокны, незасланы канец лавы ставілі збоку, каля печкі, і служыў ён падстаўкай для палка: там будуць сядзець дзяды, якіх стануць памінаць ў чаканні вячэры; выціраюць і сам палок. Пад вечар бабы пачыналі паліць у печы, гатаваць стравы, пячы бліны. Да гэтага трэба дадаць, што ў вёсках Студзёнкі і Вішоў першы блін рвалі на часткі і клалі на падваконне “для дзядоў”.
Ведаючы, у якую пару рыхтуюцца патравы (стравы), пастух выпраўляўся па вёсцы і, спыняючыся каля акна кожнага дома, пытаўся: “Гэй, гаспадыня! Ці пякла бліны? Прыслалі дзяды па бліны, свінкі па салянінкі, авечкі па яечкі, баранкі па соль, а кароўкі па сыр”. Пры гэтым гаспадыні выносілі пастухам тое, што яны прасілі. Некаторыя прасілі так: “Хазяйка! Ці пякла бліны? Каб ласкава была, пастуху дала”.
Патравы (стравы) на дзяды тыя самыя, што і на пахаванні. Толькі ў каго паміралі дзеці, то для іх пяклі “ладкі” (аладкі), каб жывыя дзеці не паміралі.
Перад вячэрай мыліся ў лазні, а калі ўсе памыюцца, тады ставілі на палок вядро чыстай вады з чыстым венікам – “для дзядоў”. Менавіта так трэба рабіць, сцвярджалі сяляне, таму што памерлыя мыюцца ўсяго толькі чатыры ці пяць разоў на год, і толькі на гэты час іх адпускаюць.
У дзедаўскую суботу не варта было позна мыцца ў лазні. Гаспадары лазняў нават так рабілі: калі хто – небудзь з тых, хто мыўся, у гэтыя дні ў лазні надта затрымліваўся там, яго проста выганялі адтуль, кажучы: “Пусціця ўжо нябожчыкаў!”
Калі ўсе вярталіся з лазні, гаспадыня вымала з печы чыгуны з патравамі (стравамі) і ставіла іх на лаву супраць печы менавіта ў тым парадку, у якім яны ставіліся на стол: тыя, якія пададуць спачатку, ставяць бліжэй да стала, якія потым – крыху далей.
Гаспадар у гэты час запальваў грамнічную свечку перад бажніцай і ўсе маліліся Богу.
У вёсцы Студзёнка ў час малітвы хто-небудзь са старэйшых членаў сям’і браў чарапок ад гаршка, клаў туды некалькі гарачых вугольчыкаў, а зверху траву, асвячоную ў Духаў дзень, і ёй абкурваў гаршкі з патравамі (стравамі), стол з лыжкамі, хлебам і кубкамі, і ўсю хату.
Запаленая свечка гарэла да таго моманту, пакуль не з’ядалі канун.
Патравы (стравы) на Дзяды бывалі наступныя: канун, поліўка, клёцкі, яечня, каша. Мяса таксама лічылася асобнай ядой.
Колькасць страў абавязкова павінна была быць няцотнай. Падавалі іх на стол у вышэйназваным парадку, толькі мяса з поліўкі часам пакідалі на канец, або з’ядалі адразу ж пасля поліўкі. Усе стравы елі з блінамі замест хлеба.
Як толькі госці і члены сям’і сядалі за стол, іх пачыналі частаваць канунам.
За сталом неабходна было абавязкова паспытаць усе стравы, іначай нябожчыкі будуць злавацца. Першую лыжку ці хоць бы некалькі кропель ад кожнай стравы трэба было выліць на стол. Лыжку за кожным прыёмам ежы неабходна было класці на стол, каб ёй елі дзяды. А класці лыжку трэба было абавязкова выемкай не ўніз, а ўверх. Іначай нябожчыкі перавернуцца ў магілах тварамі уніз. Калі ж хто памылкова ці па нявопытнасці клаў лыжку ніцма, старэйшыя папраўлялі гэту памылку з адпаведнымі заўвагамі. Калі падчас вячэры што-небудзь з харчоў падала са стала ці з лаўкі, то таго падымаць няможна было:“ета нехта есці хоча”.
Падымацца з-за стала па заканчэнні вячэры варта было ўсім адразу. Казалі, што калі хто выпадкова паспяшаўся ўстаць раней за іншых, той хутка памрэ. Прыбіраючы пасля вячэры стол, прымалі таксама і бліны з акна. Лыжкі, непамытыя, звязвалі ніткамі і клалі на лаве пад абразамі.
У час самой вячэры аніякая вопратка не павінна была вісець на “курчыне” (шастку). |
|