Лямніца: фіна-угорская спадчына
Вёска вядома па пісьмовым крыніцам з ХVІІІ ст. У 1785 годзе яна ўваходзіла ў склад маёнтка Галоўчын.
Назва звяртае нас да тых народаў і плямён, якія засялялі тэрыторыю нашай краіны ў старажытныя, яшчэ даславянскія часы. Яны пакінулі пасля сябе шмат назваў рэк і азёр. Славяне пазней перанялі гэтыя назвы цалкам, альбо прыстасавалі іх да сваёй мовы.
Верагодна, назва мае фіна-вугорскія вытокі. А справа вось ў чым. Вёска Лямніца размешчана на беразе ракі Лямнічанкі. Назвы рэк з асновай лем/лям/лім з’яўляюцца роднаснымі і пашыраны на вялікай тэрыторыі ад украінскіх Карпат да Урала. Вось толькі некаторыя з іх: рака Лімніца на захадзе Ўкраіны, Лімна ў Аршанскім і Горацкім раёнах Беларусі, Лема ва Ўдмурціі і Кіраўскай вобласці Расіі, Лемва ў Рэспубліцы Комі. Пры гэтым назіраецца пэўная тэндэнцыя: чым далей на поўнач, тым больш назваў рэк з корнем лем-.
Акрамя гэтага вядома, што ў Карэліі лемніцай або леміцай называюць дрыгву. Блізкія паралелі магчыма знайсці таксама ў індаеўрапейскіх мовах: па-нямецку Lehm (лем) значыць гліна, а лацінскае слова limus перакладаецца як гразь.
Хочацца выказаць здагадку, што ў далёкім мінулым рака мела назву Лямніца або Лімніца – гэта значыць рака, якая працякае па забалочанай мясцовасці. Пасля таго, як тут з’явілася вёска, назва Лямніца была перанесена на яе. У сваю чаргу рака пачала ўспрымацца як меньш важны арыенцір і яе назва трансфармавалася ў Лімнічанку. |