Камяніца: напамін пра агульнаславянскую еднасць
Даўным-даўно гэта ўсё адбылося, хто яго ведае, колькі стагоддзяў назад. Некалі жыў тут вельмі багаты пан. Чаго ў яго толькі не хапала – ўсё было. Але жорсткі ён быў надзіва. Катаваў без дай прычыны і кідаў у камяніцу.
Ад аднаго згадвання пра тую камяніцу нават самых лютых панскіх служак трэсла. Справа ў тым, што гэта была даволі вялікая высокая каменная будыніна з аднымі толькі дзвярмі – шырачэзнымі, дубовымі. Кідалі туды людзей, якія нечым правінаваціліся перад раз’юшаным панам. І што самае галоўнае – кідалі і мёртвых, і жывых. І ляжалі там і шкілеты, і жывыя ўперамешку. А колькі чалавек без хлеба, без вады мог вытрымаць, ды яшчэ ў такім смуродзе? Вось і атрымлівалася, што селяніна ці сялянку хавалі жывымі. Іх не закопвалі, не забівалі, а запіхвалі за тыя дзверы і ўсё, на гэтым жыццё няшчаснай ахвяры заканчвалася, далей ішлі дзікія пакуты. Казалі, што калі нехта асмельваўся прайсціся непадалёку ад той камяніцы, то адразу ж станавіўся белым, нібыта ягоную галаву хто мукой абсыпаў.
А той люты пан меў у сваім падпарадкаванні не адну вёску, а дзесяткі, таму крыкі з той жахлівай будыніны не заціхалі не на хвіліну.
Аднаго разу прачнуўся памешчык у дурным настроі. Слугі гэта ведалі, таму стараліся быць непадалёку, каб паспець на крык, і разам з тым хаваліся, каб не трапіць ненарокам на вочы. Памешчык жа спачатку злосць зганяў на сабаках, якіх трымаў у пакоях з добры дзесятак, а потым чапляўся да пародзістых катоў. Неўзабаве пачулася:
- Слугі! У камяніцу яго.
Тыя паляцелі да гаспадара і ўбачылі, што той трымае на выцягнутай руцэ здаравеннага пушыстага ката. Слугі нічога не зразумелі.
- Я яго за хвост пацягнуў, а ён мяне за руку! – зароў яшчэ грамчэй памешчык. – Няма яму месца ў пакоях! У камяніцу яго!
Паперлі таго ката, радуючыся, што ўсё так добра абышлося і ніхто кухталя не атрымаў.
У той жа дзень здарыўся яшчэ адзін трагічны выпадак. Здавалася, і пан ужо супакоіўся, нічога бяды не прадвяшчала, але ўсё ж знайшоў, да каго прычапіцца.
З нейкай вёскі якраз праз гэту мясцовасць ішоў стары жабрак з хлопчыкам-павадыром. Не спяшаліся, бо не было куды. Сваёй хаціны не мелі, а добрыя людзі ў любы момант пускалі пагрэцца ды пераспаць. Быў у іх кавалачак хлеба ў торбачцы, і за той яны дзякавалі Усявышняму: не прызвычаіліся да багацця ды прысмакаў.
Ідуць сабе, не спяшаюцца, а малы і кажа:
- Дзедку, што гэта тут такое робіцца?
- Дзе? У гэтай мясцовасці? Я нешта нічога не заўважыў. Мясцовасць як мясцовасць – такі ж лес, такая ж зямля…
- І зямля, і лес такія, як усюды, але нешта ўсе роўна тут не так.
- Чаму?
- Колькі дзён мы ўжо ідзём, а ніводнай песні не пачулі…
- Сапраўды, - ускінуўся і стары, - я гэтага не заўважыў, а ты прыкмеціў…
- Бо дзіўна…
- Пройдзем далей. Калі сустрэнем людзей, то і распытаем, а можа і самі здагадаемся.
Ідуць яны далей. Наткнуліся на нейкага селяніна – такога змізарнелага, страшнага, што і глядзець на яго боязна. Тут дзедка не ўтрываў і пытаецца:
- Што гэта ў вас тут робіцца? Ні песень не чуваць, ні музыкі…
- Цішэй, цішэй, - замахаў той рукамі. – Якія тут песні, родненькія, якая музыка? Тут каб да вечара дажыць, каб не прычапіўся ніхто, а то завалакуць у камяніцу. А адтуль ужо нікому назад дарогі няма…
- У камяніцу? – перапытаў хлопчык. – А што гэта такое?
- Не дай Божа табе, малы, гэта ведаць. Будзеце ісці, то самі пачуеце. Але лепей абыдзіце наўкола нашы мясціны, мала што можа здарыцца…
- Ды жабруем жа мы, а не рабуем, - запярэчыў стары.
Толькі і селянін не паддаўся:
- Нашаму пану няма розніцы, абы прычапіцца.
- Што ён з нас возьме?
- Ну, глядзіце, я вас папярэдзіў…
Разышліся яны ў розныя бакі. Жабрак з хлопчыкам не паслухаліся добрай парады і накіраваліся напрасткі, што іх і згубіла. Недзе праз вярсту выскачылі перад імі два здаравенныя панскія паслугачы і загарлапанілі:
- Чаго па панскай зямлі ходзіце?
Хлапчук прытуліўся да дзедавага плечука.
- Мы ж толькі ідзём, болей нічога не робім, пясок нагамі месім… Што, і гэта не дазваляецца?
- Не!
Падарожныя збіраліся павярнуць назад, але слугі заламалі ім рукі:
- Не! Цяпер толькі да пана, назад дарогі вам няма!
Стары зразумеў, што здарыцца нешта непапраўнае, і пачаў прасіцца:
- То хоць хлопчыка адпусціце…Ён чаму павінен пакутаваць?..
Злітаваліся слугі, адпусцілі павадыра, і пабег той, паслухаўшыся дзедавай парады, далей ад гэтага месца. Старога ж прывялі ў палац, і гаспадар загадаў спачатку катаваць яго, а потым кінуць у камяніцу. Слугі так і зрабілі. Але ноччу, калі прапелі пеўні, разверзнулася зямля і паглынула ўсё навокал: і палац багаты, і камяніцу, дзе пакутавалі людзі. Да нашага часу толькі адна назва і дайшла – Камяніца.
Сапраўды, каменныя альбо цагляныя пабудовы раней не былі распаўсюджанай з'явай і дужа моцна ўздзейнічалі на ўяўленне вясковых жыхароў. Якуб Колас у паэме “Новая зямля” так апісваў уражанні ад Вільні дзядзькі Антося:
На камяніцы камяніца,
Не згледзіш неба край за імі.
І ціснуць сценамі сваімі…
У якасці будаўнічага матэрыялу нашы продкі выкарыстоўвалі дрэва. Таму такая адметнасць, як каменная пабудова ў вёсцы, магла стаць падставай для назвы населеннага пункта. Слова камяніца ў наш час ужываецца ў асобных мясцовасцях Украіны і паўднёвага захада Расіі для абазначэння дома з цэглы ці каменя.
Вядома, што ў некаторых гаворках камяніцай называюць дрэннае, неўрадлівае поле з вялікімі дамешкамі пяску і дробных камянёў. Людзі так і гаварылі: “Не зямля, а камяніца”.
Відавочна, што абедзве версіі паходжання назвы маюць права на існаванне.
Цікава таксама і тое, што камяніца з'яўляецца агульным для многіх славянскіх народаў і моў паняццем. Населеныя пункты і рэкі з гэткай назвай можна знайсці на мапе Украіны, Польшчы, Балгарыі, Славакіі, Сербіі, Чэхіі. І нават… Германіі.
Так, сучасны нямецкі горад Хемніц быў заснаваны ў межах пражывання славянскіх плямёнаў і атрымаў сваю назву ад рэчкі Камяніца. Рэчку ж назвалі так з-за яе камяністага дна.
Вось і атрымліваецца, дзе Камяніца – там і славяне.
А вось па рукапісных крыніцах вёска Камяніца, што ў Вішоўскім сельскім Савеце, вядома з 17 стагоддзя, як вёска ў валоданні Галоўчынскага дамініканскага касцёла.
У 1834 годзе яна ўваходзіла ў склад казённага маёнтка Старое сяло Магілёўскага павета, затым – Нежкаўскай воласці.
У пачатку 20 стагоддзя ў Камяніцы налічвалася 55 двароў, 379 жыхароў. Да Вялікай Айчыннай вайны у склад вёскі ўваходзіў пасёлак Гарадок, які потым быў спалены фашыстамі.
У 1910 годзе ў вёсцы была адкрыта земская школа.
У 1926 годзе вёска налічвала 105 двароў, 598 жыхароў.
У 1931 годзе ў Камяніцы быў арганізаваны калгас імя Будзённага, першым старшынёй якога быў Мікалай Шкадрацоў. Пазней калгас быў далучаны да калгасаў вёсак Нежкава і Сіпайлы і стаў насіць назву “Запаветы Леніна”. Праіснаваў ён да 2002 года.
У 1977 годзе да вёскі Камяніца далучылі вёску Новая.
Пасля 2002 года вёска Камяніца з'яўлялась ўчасткам сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва імя Заслонава.
У 2014 годзе яна ўвайшла ў склад ААТ “Райаграпрамтэхзабеспячэнне”. |