Вёска складаецца з 8-мі пасёлкаў, кожны з якіх мае сваю назву, а жыхары вёскі жывуць і карыстаюцца гэтымі назвамі ў паўсядзённым жыцці ўжо шмат дзесяцігоддзяў. А гэта: Дзярэўня, Гадаўка, Казіны рог, Лахвіца, Майсееўка, Мінёры, Гнілы пасёлак, Чкалаўка.
У 1897 годзе ўпамінаюцца як вёска Ермалавічы-Лахвіца. У той час яна была ўласнасцю памешчыка. Самі Ермалавічы знаходзіліся на левым, а вёска Лахвіца – на правым беразе аднайменнай рэчкі. З цягам часу вёска Лахвіца стала састаўной часткай Ермалавіч, а рэчка знікла ў выніку дзейнасці людзей. Сёння пра яе нагадвае толькі меліярацыйны канал.
Мяркуючы па канчатку –ічы, паселішча заснавалі нашчадкі чалавека па імені Ермал. Гэта гутарковая форма царкоўнага імені Ермолай, якое ўтворана ад імя грэчаскага бога Гермеса, пасланніка багоў (Гермалаос).
У 1931 годзе ў вёсцы быў арганізаваны калгас “1 Мая”. Яго першым старшынёй абралі Калінава Рыгора Карпавіча. У 1940 годзе калгас за поспехі ў жывёлагадоўлі быў удзельнікам Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставы.
Пасля вайны суседнія вёскі Ермалавічы, Туалін і Голубаўка аб'яднаны ў адзін калгас імя Фрунзе. А з 2002 года вёска – ў складзе Бялыніцкага СВК “Калгас “Радзіма”.
Што датычыцца назвы знікнуўшай рэчкі Лахвіцы, то яе можна расшыфраваць праз назву ракі, у якую тая некалі ўпадала – Лахва.
Гідронім Лахва можна лічыць роднасным такім тэрмінам, як балгарскае локва – “лужа, невялікі пруд”, старажытнарускае локы “лужа”, лацінскае lacus “стаячая вада”, ірландскае loch “возера”. Знакамітае легендай пра водную пачварыну шатландскае возера Лох-Несс можна лічыць недзе нават “цёзкай” нашай Лахвы.
У аснове гэтых слоў ляжыць агульны індаеўрапейскі корань leug- са значэннем “цёмны”, “балота”. Магчыма, нашыя продкі Лахвіцай маглі назваць раку з мутнай, цёмнай вадой ці павольным цячэннем. |