Пра ўзнікненне назвы распавяла легенду Еўдакія Патапаўна Казлова. У тыя пракаветныя часы Гняздзін быў зусім маленькай вёсачкай і яе вельмі аблюбавалі буслы. А гэтае здарэнне надарылася яшчэ тады, калі буслы ў вырай не ляталі. Яны жылі з людзьмі і зімой, сябравалі з людзьмі. А вораг роду людскога, чорт, не любіць, калі ўсё ідзе добрым ладам.
Вось і вырашыў чорт пасварыць людзей з бусламі. І дабіўся, нячысцік, свайго. Сталі гняздзінцы злоснымі, нецярпімымі, крыўдзілі адзін аднаго, жывёл і птушак перасталі шанаваць.
Неяк увосень сабраліся ўсе буслы і пакінулі гэтых людзей. Засталіся на дрэвах толькі іхнія гнёзды. І так іх многа было, што саму вёску назвалі Гняздзін.
Праз некалькі гадоў буслы даравалі-такі людзям і вярнуліся па вясне на радзіму. Але зноў доўга вытрымаць цяжкога характара гняздзінцаў не змаглі і цяпер ужо назаўсёды пакінулі гэту вёску. А разам з імі зляцелі і многія іншыя птушкі.
Трэба адзначыць, што людзі, якія прыдумалі гэту легенду, мелі рацыю. Сапраўды, назва вёскі паходзіць ад слова гняздо, якое маглі ўжываць у пераносным значэнні для абазначэння жылля, хутара, адзінокай сядзібы, радавога месца знаці. Як прыклад можна прыгадаць пьесу Янкі Купалы “Раскіданае гняздо”. Па яе сюжэту сям’ю Зяблікаў выганяюць з іх гнязда – роднай хаты, пабудаванай на арэндаванай у пана зямлі. А з гісторыі нам вядомы Уладзімірскі князь Усевалад Юр’евіч Вялікае Гняздо. Ён меў дванаццаць дзяцей (з іх восем сыноў), таму і атрымаў такую незвычайную мянушку.
Цікава, што этымалогія слова гняздо застаецца нявызначанай да канца. Даследчыкі звязваюць першапачатковую форму гэтага слова з індаеўрапейскім коранем са значэннем “сядзець, сядзенне”. Ад гэтага ж кораня ўтварылася слова сяло. У такім выпадку гняздо можна разглядаць як пасяленне ўвогуле і недзе нават атаясамляць са словам сяло.
З іншага боку, у некаторых мясцовасцях Расіі сустракаецца геаграфічны тэрмін “гняздо” ў значэнні паніжэнне, упадзіна. Магчыма, што такая асаблівасць ландшафту таксама магла паспрыяць атрыманню назвы. |