Вёска Вішоў – цэнтр Вішоўскага сельсавета, аграгарадок з 2007 года, месца з непаўторнай, някідкай прыгажосцю, багатай гісторыяй, цікавымі людзьмі.
Адкуль пайшла назва вёскі Вішоў? Наконт гэтага існуе некалькі паданняў.
Па адным з іх, на прыканцы XIV стагоддзя вішоўскія землі знаходзіліся ў валоданні князя Вялікага Княства Літоўскага Вітаўта, які ў 1410 годзе атрымаў перамогу ў Грунвальдскай бітве і тым самым павысіў аўтарытэт ВКЛ у Еўропе. Ад яго імя ў вёсцы кіраваў гаспадаркай яго давераны, якога людзі празвалі ў гонар уладальніка – Вітаўт. Адсюль і пайшла назва вёскі, якая з цягам часу змянілася да Вішова.
А яшчэ кажуць, што каля Вішова калісьці праязджала сама Кацярына Вялікая. Для яе спецыяльна насыпалі шлях. І да сёння гэтая дарога мае назву Кацярынінскі шлях. Уздоўж шляху сяліліся людзі, абжывалісь, садзілі сады. Асабліва шмат было вішнёвых дрэў. Здавалася, што вёска патанае ў вішнях. Адсюль і з’явілася назва Вішоў.
Аб гэтым жа сведчыць и паданне, занатаванае ад Варвары Фёдараўны Аніськовай. Нібыта першыя жыхары вёскі Вішоў вельмі любілі пачаставацца вішнямі і багата садзілі тут гэта пладовае дрэва. Таму і назвалі вёску Вішоў.
Сапраўды, у Беларусі шмат населеных пунктаў, якія атрымалі свае назвы ад вішні: Вішанька, Вішнявец, Вішнёўка, Вішня, Вішні. Усяго больш за пяцьдзесят вёсак. Разам з гэтым сустракаецца шэраг вёсак з падобным гучаннем, але зусім іншым паходжаннем назвы: Вішавічы, Вішава, Вішкавічы і Вішоў.
Жыхары аграгарадка могуць расказаць таксама іншыя версіі паходжання назвы. Напрыклад, падчас Паўночнай вайны паміж Швецыяй і Расіяй адсюль летам 1708 года на Галоўчын “выйшов” са сваім войскам Карл ХІІ. Адсюль і назва Вішоў – скажоная форма слова выйшаў. Альбо назва магла ўтварыцца ад слова, якое абазначала даволі высокае месца, ўзвышанасць. У такім выпадку Вішоў – гэта вёска на высокім месцы. Аднак усе гэтыя версіі можна смела лічыць так званай народнай этымалогіяй.
Але ж пошукі паходжання назвы аграгарадка Вішоў прывялі да даволі нечаканай разгадкі. Высветлілася, што ў аснове назвы Вішоў ляжыць імя Віша. Гэта імя з’яўляецца вытворным ад Віктара і ўтварылася наступным шляхам: Віктар – Віця – Віцюша – Віша. Хочацца заўважыць, што суфікс –ша з’яўляецца характэрным для памяншальна-ласкальных форм многіх сучасных імён.
Акрамя гэтага, імя Віша ўпамінаецца ў “Анамасціконе” Весялоўскага: Виша – Борис Григорьевич Вельяшев, 1582 год, Новгород.
Атрымоўваецца, што аграгарадок атрымаў сваю назву ад імя заснавальніка ці ўладара паселішча. Імя Віктар перакладаецца з лацінскай мовы як пераможца. Гэтым эпітэтам старажытныя рымляне надзялялі свайго вярхоўнага бога Юпітэра і бога вайны Марса. Значыць, Вішоў можна смела назваць Паселішчам пераможцаў.
Па пісьмовых жа крыніцах Вішоў вядомы з 17 стагоддзя. Пад 1649 годам паселішча пазначана ў кнізе земскіх актаў Аршанскага павета ў матэрыялах аб падзеле маёнтка Княжыцы паміж князямі Галоўчынскімі. Пазначана паселішча Вішоў таксама і пад 1667 годам як сяло ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства.
У 1717 годзе яно было вылучана з маёнтка Рафалаўка і аддадзена пад заклад ордэну бенедыкцінцаў. У 1785 годзе Вішоў уваходзіць у склад маёнтка Галоўчын Магілёўскага павета і налічвае 28 двароў і 243 жыхары.
Не абышлі тагачасную вішоўшчыну і войны. Галоўным напрамкам баявога дзеяння шматтысячнай арміі шведскага караля Карла ХІІ у 1708 годзе стаў Галоўчын. Рускае войска заняло пазіцыі на левым беразе ракі Вабіч. Каля вёскі Гняздзін было размешчана 10 палкоў кавалерыі Гольца.
А адзін з гадаванцаў вішоўшчыны спрычыніўся і да перамогі партызанскага атрада Дзяніса Давыдава над французскімі акупантамі ў час Айчыннай вайны 1812 года, якую той атрымаў у Бялынічах. Давыдаву было загадана рухацца да Беразіно, аднак ён павёў свой атрад на Шклоў, Галоўчын і Бялынічы. У апошніх знаходзіўся атрад палякаў, якія ахоўвалі шпіталь і багаты харчовы склад.
Пераначаваўшы ў Галоўчыне, на золку 14 лістапада партызаны рушылі ў Бялынічы. Па дарозе яны сустрэлі паручніка Ахтырскага гусарскага палка Казановіча, бацькі якога былі гаспадарамі фальварка Людзвінава, які знаходзіўся непадалёку ад Вішова. Паручнік думаў, што яго родная старонка ачышчана ад акупантаў, і ён наведаўся да бацькоў. Казановічу ўдалося даведацца аб колькасці французскага гарнізона ў Бялынічах, аб яго размяшчэнні.
Герой Айчыннай вайны 1812 года, паэт і гусар Давыдаў прызнаваўся пазней у сваім “Дзённіку партызанскіх дзеянняў”, што быў вельмі задаволены гэтай сустрэчай, бо ў асобе паручніка займеў яшчэ і выдатнага правадніка.
Апрача земляробства частка вяскоўцаў займалася кравецкім і кушнерскім промысламі, вырабам ільняной і пяньковай пражы і тканіны, нарыхтоўкай лясных матэрыялаў для драўляных вырабаў.
Паводле праведзенага ў 1897 годзе перапісу насельніцтва ў Нежкаўскай воласці Магілёўскага павета, у Вішове – 53 двары і 373 жыхары, таксама ёсць школа граматы, заезны дом.
Але да самага канца ХІХ стагоддзя Вішоў развіваўся марудна. Сітуацыя карэнным чынам змянілася напрыканцы ХІХ стагоддзя, калі праз вёску пралегла ажыўленая дарога з Бялынічаў у Магілёў.
Значны ўплыў на далейшае сацыяльна-эканамічнае развіццё Вішова аказвала і суседства яго з цэнтральнай сядзібай воласці – вёскай Вялікі Нежкаў, дзе віравала жыццё, знаходзіліся гаспадарчыя і адміністрацыйныя ўстановы. Сяляне працавалі не толькі на зямлі. Многія насельнікі вёсак Вішоў, Лямніца, Голубаўка займаліся нарыхтоўкай матэрыялаў для вырабу абручоў, дуг, хамутоў, колаў для конных калёс. У вёсцы Крукі жылі адмыслоўцы па пашыву абутку.
Тагачаснае жыццё немагчыма ўявіць без кірмашоў. Найбуйнейшыя праходзілі ў Бялынічах і Галоўчыне. У Нежкаўскай воласці першага кастрычніка адбываўся кірмаш на хутары Булаты. У гэты ж самы дзень гандляры і пакупнікі, рамеснікі і сяляне збіраліся на таржок у Круках.
Жыхары Нежкава і Вішова першымі на Бялыніччыне пазнаёміліся з такім новым відам сувязі паміж людзьмі, як тэлефон.
У Вішове знаходзілася і адна з двух на Бялыніччыне мураваных цэркваў, пабудаваная ў гонар Святых апосталаў Пятра і Паўла. Бажніца праіснавала каля двух стагоддзяў і была закрыта ў 30-ыя гады ХХ стагоддзя. Царква з’яўлялася прыходскай да 1889 года, калі адкрыўся новы прыход у вёсцы Крукі. Там быў пабудаваны драўляны Пакроўскі храм. Статус прыходскай Петрапаўлаўскай царкве быў вернуты ў 1905 годзе пры святары Фёдары Сіваковым.
У хуткім часе на вішоўшчыне з’явіўся і народны дом. Ён праслужыў людзям і справе народнай асветы да 1950-х гадоў. Менавіта ў народным доме многія вішоўцы ўпершыню пазнаёміліся з сапраўдным цудам: пабачылі нямы кінафільм.
З лютага па кастрычнік 1918 года Вішоў быў акупіраваны германскімі войскамі.
З 20.08.1924 года Вішоў – цэнтр Вішоўскага сельскага Савета Магілёўскага, а з 05.04.1935 года – Бялыніцкага раёнаў, з 20.02.1938 года Вішоў ў складзе Магілёўскай вобласці.
Дарэчы, як адзіная вёска Вішоў з’явілася толькі пасля 1937 году. Дагэтуль існавалі так званыя Вішоўскія хутары, у якіх налічвалася 104 двары і 700 жыхароў.
Калектыўныя гаспадаркі на бялыніччыне пачалі ўзнікаць у час новай эканамічнай палітыкі. Першыя калгасы стварыліся ў той час і ў Нежкаўскай воласці. Гэта былі калгас “Араты” і “Новая Сакалоўка”. Жыхары Вішова перажылі і драму раскулачвання аднавяскоўцаў, і трагедыю пошукаў ворагаў народа. Ахвярамі палітычных рэпрэсій сталі вішоўцы: Аляксандр Барысаў, Марфа Брылёва, Андрэй Другачонкаў, Дзям’ян Церашкоў і іншыя.
У 1929 годзе на Вішоўскіх хутарах быў арганізаваны калгас імя М.І.Калініна.
У 1940 годзе калгас імя М.І.Калініна быў удзельнікам Усесаюзнай выставы дасягненняў народнай гаспадаркі (ВДНГ), якая была арганізавана ў Маскве. У ёй прымалі ўдзел і 7 механізатараў калгаса імя М.І.Калініна. Яны былі ўдастоены ордэнаў і медалёў.
Напрыканцы 1930-ых гадоў у Вішове таксама была заснавана Беларуская МТС.
ДАВЕДКА:
Першым загадчыкам Беларускай МТС быў назначаны Валчкоў Васіль Кузьміч. У 1958 годзе ў МТС налічвалась 22 трактары, 18 камбайнаў. Таксама МТС належала і тры жылых дамы. У 1958-1960 гадах МТС была ператворана ў аддзяленне Беларускай сельгастэхнікі, яе кіраўніком быў назначаны Мусіенка Андрэй Яфімавіч.
Жыццё вяскоўцаў пакрыху наладжвалась. Ды не абышло Вішоў ваеннае ліхалецце Вялікай Айчыннай вайны. Большасць вішоўцаў пачулі аб тым, што пачалася вайна па радыё.
2 ліпеня 1941 года Вішоў быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Вялікая Айчынная карэнным чынам памяняла планы вішоўскіх калгаснікаў. Многія з іх былі мабілізаваны ў Чырвоную Армію і мужна змагаліся з фашыстамі на франтах. Ц.С.Андрэеў, А.З.Дарэчкін, А.С.Аніськоў, браты Васіль і Іван Галалобавы, М.Куляшоў падаліся ў партызанскія атрады. 46 вішоўцаў загінулі на фронце і ў партызанскай барацьбе. Вайна навечна забрала кожнага чацвёртага жыхара Вішоўскага сельсавета. Вызвалілі Вішоў 29 чэрвеня 1944 года.
У двух брацкіх магілах, якія знаходзяцца ў вёсцы Вішоў, пахаваны 69 воінаў, якія загінулі ў баях супраць акупантаў. На ўшанаванне іх памяці ў цэнтры Вішова ў 1980 годзе пастаўлена стэла (скульптары А. і У.Крохалевы і М.Андрэеў).
Прыкладна ў 1949 годзе да калгаса імя М.І.Калініна далучылі калгас імя С.М.Будзённага (цэнтральная сядзіба в.Гняздзін) і “Чырвоны баец” (цэнтральная сядзіба в.Крукі). Такім чынам узбуйненная гаспадарка была перайменавана ў калгас “Радзіма”.
У 1977 годзе да вёскі Вішоў былі далучаны пасёлкі Беларускі і Зялёны. Паводле перапісу насельніцтва 1959 года ў Вішове налічвалася 228 жыхароў, у 1970 годзе – 449, а ў 1986 – 1373 жыхары.
З 2007 года вёска Вішоў атрымала статус аграгарадка і з’яўляецца цэнтральнай сядзібай СВК “Калгас “Радзіма”. |