Да 1964 года – Блёўка
Вёска вядома з 1770 года пад назвай Блюўка, якая пазней трансфармавалася ў Блёўку. У аснове тапоніма ляжыць і сапраўды не зусім мілагучнае для нашага часу слова блюваць. Аднак шмат якія словы, што смела ўжываліся ў літаратурнай мове яшчэ сто-дзвесце год назад, сёння з’яўляюцца недапушчальнымі для адукаванага грамадства. Тым больш, што іх значэнні часта маглі змяняцца. Напрыклад, старажытнарускае блевати мела таксама іншае значэнне – выплёўваць.
А калі зазірнуць яшчэ далей ў мінулае, то высвятляецца, што слова блевати ўтварылася ад старажытнай індаеўрапейскай асновы са значэннем “выдаваць гукі пры выцяканні нейкай вадкасці, цячы, раўці”. Можна паспрабаваць знайсці хоць нейкі вадацёк з падобнай назвай. У басейне Прыпяці ёсць рака Блева, правы прыток Случы, прыток Гарыні. Блізкай да гэтай назвы з’яўляецца Болва – гідронім у басейне Дзясны. Магчыма, што назву вёсцы Блёўка таксама дала нейкая рачулка, якая некалі працякала тут, а з часам засохла і знікла з твару зямлі. |