Сіпайлы – вёска ў Вішоўскім сельскім Савеце. У гістарычных дакументах XVI стагоддзя ўпамінаецца гараднічы Галоўчынскага замка Філон Сіпайлавіч. Ён удзельнічаў у 1577 годзе ў размежаванні зямель паміж Цяцерынскім маёнткам князя Збаражскага і маёнткам Галоўчын князя Шчаснага Яраслававіча Галоўчынскага.
Адсюль зразумела, што назва вёскі паходзіць ад імя Сіпайла.
У сваю чаргу гэта імя ўтворана ад мянушкі Сіпаты – той, хто размаўляе сіпатым голасам. Магчыма, вёску заснавалі родзічы таго самага гараднічага.
Па іншых пісьмовых крыніцах вядома з 18 стагоддзя. Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе вёска ў Магілёўскай акрузе Магілёўскай губерніі.
У 1785 годзе вёска Сіпайлы ўваходзіць у склад Маёнтка Галоўчын Магілёўскага павета і ў ёй 34 двары і 197 жыхароў. Апрача земляробства вяскоўцы займаліся вырабам ільняной і пяньковай пражы і тканіны, бандарным промыслам. Паводле перапісу 1897 года яна ўваходзіць ў склад Нежкаўскай воласці, і ў ёй налічвалася 83 двары, 542 жыхары, а таксама дзейнічала школа граматы, хлебазапасны магазін, вінная крама.
З лютага да кастрычніка 1918 года вёска Сіпайлы была акупіравана германскімі вайскамі.
У 1922 годзе ў Сіпайлах была створана сельскагаспадарчая арцель “Адраджэнне”.
У 1931 годзе ў вёсцы быў арганізаваны калгас “Краіна Саветаў”.
У перыяд Вялікай Айчыннай вайны з 2 ліпеня 1941 года да 29 чэрвеня 1944 года вёска была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У лесе каля вёскі ў 1942 годзе дыслацыраваўся 122-гі партызанскі атрад “За Радзіму”. На фронце загінулі 46 вяскоўцаў, 5 – прымалі ўдзел у партызанскай барацьбе.
У 1959 годзе ў вёсцы Сіпайлы налічвалася 547 жыхароў, у 1970 годзе – 424 жыхары.
У 1986 годзе вёска ўваходзіць у склад калгаса “Запаветы Леніна”, а з 2003 года – ў склад калгаса імя К.Заслонава. |