Бялыніччына... Незвычайна прыгожы куточак роднай беларускай зямлі.
Ёсць на нашай Бялыніччыне шмат прыгожых, непаўторных і цікавых мясцін. Што і казаць, чароўны наш край, унікальны. І не толькі прыроднымі асаблівасцямі, каларытным ландшафтам, лірычным пейзажам. Адметны ён і безліччу дзіўных загадак ды неверагодных таямніц, народжаных яшчэ ў самыя старадаўнія часы і зусім нядаўна. Бо імёны рэкам, урочышчам, барам, лугам проста так нашы продкі, пагадзіцеся, ніколі не давалі. За кожнай назвай хавалася падзея, дзеянне, адметная рыса... І што ж гэта за яны, таямніцы-загадкі такія?
З мэтай папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу Бялыніцкага краю супрацоўнікамі аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі створана краязнаўча-турыстычная база даных “Бялыніччына турыстычная”.
Аснову базы складаюць матэрыялы, якія публікаваліся на старонках раённай газеты “Зара над Друццю”, кнігі “Памяць. Бялыніцкі раён” і іншых пісьмовых крыніц.
База змяшчае звесткі аб 32 аб’ектах, якія складаюць чатыры турыстычныя маршруты. Яна багата ілюстравана і ўключае ў сябе новыя напрацоўкі гісторыкаў і краязнаўцаў.
Электронны рэсурс разлічаны на экскурсаводаў і супрацоўнікаў раённага мастацкага музея імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі, навучэнцаў, педагогаў, усіх жадаючых і зацікаўленых у самастойным вывучэнні гісторыі і культуры роднага краю.
Па меры паступлення інфармацыі база даных будзе дапаўняцца новымі звесткамі.
Давайце пройдземся па сцёртых, ледзь прыкметных слядах нашых продкаў, наведаем самыя цікавыя месцы Прыдруцкага краю, пазнаёмімся з помнікамі Бялыніцкай зямлі.