|
Маленькім басаногім хлапчуком, бегаў па роднай вёсачцы і вядомы баяніст, кампазітар, канструктар гармоніка Рыгор Цітавіч Тышкевіч, які нарадзіўся (26.05.1907-12.05.1993) у вёсцы Карманоўка.
Дасягнуўшы вяршынь славы і папулярнасці, стаўшы знакамітым музыкам, ён з цеплынёй і шчымлівай радасцю згадваў вячоркі і вяселлі, якія ладзіліся ў яго роднай вёсцы.
Рыгор з маленства любіў слухаць беларускія народныя песні, якія выконвалі аднавяскоўцы падчас сямейных і агульнавясковых урачыстасцяў, а з дзесяцігадовага ўзросту сам на іх іграў на гармоніку.
Знамянальным у яго жыцці стаў снежань 1926 года, калі Рыгор становіцца пераможцам раённага злёту гарманістаў. Неўзабаве таленавітага юнака заўважае кампазітар Ісак Любан і спрыяе ўладкаванню яго баяністам у Камітэт па радыёфікацыі і радыёвяшчанні пры СНК БССР.
Мелодыі ў выкананні Рыгора Тышкевіча гучалі з рэпрадуктараў на ўсіх прасторах Беларусі.
У 1934 годзе ён становіцца студэнтам адзінага ў савецкай краіне Маскоўскага інструктарска-педагагічнага тэхнікума. Вучобу спалучае з канцэртнай і творчай дзейнасцю.
У 1939 годзе пабачыла свет першая кніга Р.Тышкевіча ў галіне стварэння педагагічнага і канцэртнага рэпертуару – зборнік класічных п’ес у пералажэнні для баяна.
Далейшае жыццё Рыгора Тышкевіча было звязана з Маскоўскім музычна-педагагічным вучылішчам.
Ён стварыў 135 арыгінальных эцюдаў і п’ес для баяна, апрацаваў больш за 100 народных песень і танцаў, склаў больш за 1000 пералажэнняў, напісаў шэраг падручнікаў і метадычных дапаможнікаў.
Многія гады свайго жыцця Рыгор Цітавіч прысвяціў працы над удасканальваннем храматычнага гукараду двухрадных і трохрадных гармонікаў старой і новай хваткі. |