|
Сакральнае месца.
...Калісьці, як сцвярджае мясцовая легенда, на тым самым месцы, дзе зараз знаходзіцца Майская крыніца, стаяла праваслаўная капліца.
Аднойчы нейкі вар’ят падпаліў яе. I як толькі вяскоўцы не змагаліся з агнём, але выратаваць капліцу ім не ўдалося.
Якім жа было здзіўленне іх, калі неўзабаве пабачылі, што на ўсходнім вугле былой капліцы з-пад каменя-мура прабівае сабе шлях крынічка. Сяляне расчысцілі пажарышча, выкапалі падмуркавы камень, зрабілі альтанку. У жнівеньскія дні таго ж года яе асвяціў святар, патлумачыўшы людзям, што Гасподзь выбачае нам грахі, клапоціцца пра ўсіх нас, пасылае выратаванне ад бездухоўнасці. 3 таго часу штогод 19 жніўня мясцовыя жыхары прыходзяць да Спасаўскай крыніцы, каб асвяціць яблыкі, грушы. |
|
Непадалёку ад крыніцы размясціліся старадаўнія могілкі, дзе старажытныя пахаванні абазначаны невялікімі валунамі адвольнай формы, каменнымі крыжамі і пласцінамі. На многіх з іх высечаны таямнічыя знакі. Тут жа знаходзіцца паўтараметровы каменны крыж, які спярэшчаны загадкавымі сімваламі і паасобнымі літарамі кірылічнага алфавіту - крыжы, крыжыкі на розных падстаўках ці пакрытыя дугой, краты, стрэлачкі, трохкутнікі, “ъ”, “ь”, “р”, “и”, “N” і іншыя. |