Бялыніччына турыстычная

Абеліск воінам-землякам,
якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны

На ўшанаванне памяці 249 землякоў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, у 1976 годзе побач з канторай былога  саўгаса “Эсьмоны” устаноўлены абеліск воінам-землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 
У студзені-чэрвені 1944 года ў Эсьмонах знаходзіўся штаб партызанскага злучэння “Трынаццаць” Героя Савецкага Саюза С.У.Грышына.
Мемарыяльная дошка ў гонар штаба партызанскага злучэння “Трынаццаць”, устаноўлена на фасадзе адміністрацыйнага будынка саўгаса “Эсьмоны”.
На правым беразе Асліка захаваўся курганны могільнік з 44 насыпаў, які адносіцца да канца  X – пачатку XIII стагоддзяў.
Пачатак археалагічнаму даследаванню Бялыніччыны паклалі раскопкі курганоў каля Эсьмонаў. I зроблена гэта было ў 1863 годзе Л.Спічаговым. Яго справу прадоўжыў сын святара Эсьмонскай Троіцкай царквы Ф.Шыманоўскі, які ў двух даследаваных курганах выявіў пахаванні ў сядзячым становішчы. А крыху пазней Н.Авенарыус на Эсьмонскім гарадзішчы і ў наваколлі адшукаў 125 каменных сякер, што сведчыла аб засяленні гэтага краю яшчэ ў каменным веку.
Пры раскопках пяці эсьмонскіх курганоў, праведзеных у верасні 1969 года, выяўлены тры тыпы пахаванняў па размяшчэнні касцяка: палажэнне ў насып на гарызонце; у ямах; у церамках-дамавінах. Былі знойдзены і бронзавыя стылізаваныя фігуркі каня.
КРЫНІЦЫ ІНФАРМАЦЫІ:

Палоннік, Н. Расхініся, заслона часу!.. / Надзея Палоннік // Зара над Друццю. – 2010. – 21 красавіка. – С. 5.

Памяць. Бялыніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [Укладальнік А. І. Марозаў; Мастак Э. Э. Жакевіч]. – Мінск : Вышэйшая школа, 2000. – С. 465, 505.

Шастак, Т. У памежжы трох абласцей / Таццяна Шастак // Зара над Друццю. – 2010. – 8 верасня. – С. 8.