Бялыніччына турыстычная

Прыпынак "Гняздзін"

Аб паходжанні назвы паселішча існуе цікавая легенда. Яна сцвярджае, што ў даўнія часы вёску, што насіла іншае найменне, аблюбавалі буслы, якія тады яшчэ ў вырай не ляталі. Аднак д’ябал не мог змірыцца з тым, што людзі і гэтыя птушкі жывуць у згодзе. I дабіўся свайго: сталі вяскоўцы злымі, крыўдзілі адзін аднаго і птушак перасталі паважаць. Сабраліся аднаго разу ўсе  буслы  і  пакінулі  вёску. На дрэвах пазасталіся толькі іхнія гнёзды, якіх было столькі многа, што і вёску пераназвалі ў Гняздзін. Праўда, праз некалькі гадоў буслы выбачылі гняздзінцам крыўду і вярнуліся ў вёску.
З Гняздзіна па палявой сцежцы накіроўваемся да жывёлагадоўчага комплексу “Усход” СВК “Калгас “Радзіма”. На комплексе дзейнічае макет біяэнергетычнай устаноўкі. Пры анаэробным зброджванні арганікі, як вядома, выдзяляецца газ метан, які, праходзячы праз генератар, пераўтвараецца ў электрычнасць. На комплексе за дзень накопліваецца каля 80 тон гною, які трэба складзіраваць, вывозіць на поле, уносіць у глебу... Біяэнергетычная ўстаноўка дазваляе праводзіць яго глыбокую перапрацоўку, пры якой атрымліваецца не толькі электраэнергія, але і вадкая фракцыя экалагічна чыстага ўгнаення і каштоўныя кармавыя дабаўкі для балансавання рацыёну жывёлы. Такое звадкаванае ўгнаенне пры значна меншых затратах можна ўносіць у глебу практычна ва ўсякую пару года.
Абавязак сучаснага чалавека – пакінуць сваім нашчадкам, будучым пакаленням, тую частку прыроднай спадчыны, якую яшчэ можна зберагчы. Спадзяёмся, што наша эка-экскурсія дапаможа кожнаму чалавеку, пачаць экалагічна мысліць і дзейнічаць.
КРЫНІЦЫ ІНФАРМАЦЫІ:
Палуда, К. Экалагічны паход : [Аб прыгажосці Вішоўскіх краявідаў] / Кацярына Палуда // Зара над Друццю. – 2010. – 23 чэрвеня. – С. 5.