Дзве Іскры
Заканчваюцца апошнія лубянскія пабудовы, і па лугавой дарожцы хутка прыходзім у вёску Іскра. Два абліччы мае гэта паселішча, а калісьці мела і два імені, бо вёскі не былі аб’яднаныя. Сядзібы старой часткі раскінуліся ўнізе, каля Друці і заліўнога луга. Раней паселішча называлась Карчы. У 1950 годзе, пасля аб’яднання калгасаў “Іскра”, “Дружба”, “Ільіч”, – атрымала імя Іскра. Існуе цікавая гісторыя аб паходжанні ранейшага імені паселішча. На гэтым месцы рос вялікі лес. Аднойчы нейкі чалавек пасярод яго пачаў валіць дрэвы, карчаваць пні. Неўзабаве на паляне ўзнікла сядзіба. Той чалавек усю працу выконваў адзін. Навакольныя сяляне празвалі яго Разбойнікам. Можа, і таму, што хаваўся тут ад некага. Магчыма, такую мянушку ён атрымаў за сваю нелюдзімасць. Выкарчаваныя непатрэбныя самому дрэвы і пні Разбойнік складваў непадалёку ад сядзібы, бо не хапала яму часу і сілаў, каб некуды іх вывезці. А жыхары суседніх вёсак прыязджалі за гэтым карчэўем, выкарыстоўваючы яго потым на дровы. I калі хтосьці збіраўся прывезці сабе дровы, казаў: “Паехаў у Карчы”. Пазней вакол сядзібы паставілі дамы іншыя сяляне, узнікла вёска Карчы. Зусім у іншую Іскру патрапляеш з боку шашы на Круглае. Тут знаходзяцца сучасныя дамы, у якіх жывуць работнікі і спецыялісты СВК “Іскра”. Жыццё ў новай частцы вёскі бурліць, нагадваючы рытм сучаснага гарадка. |
КРЫНІЦЫ ІНФАРМАЦЫІ:
Рыняк, С. Прыцягальная чароўнасць родных мясцінаў : [Аб падарожжы паўночнай часткай Бялыніччыны] / Сяргей Рыняк // Зара над Друццю. – 2010. – 18 жніўня. – С. 5. |