|
Паўз балота па ледзьве прыкметнай сцяжынцы рухаемся на поўнач, да вёскі Лубяны. Паселішча прытулілася амаль да Друці, вясковыя сядзібы схаваліся за пагоркам, агароды падабраліся да самай рэчкі.
Людзі тут жывуць добразычлівыя, светлыя душой, гаманкія і працалюбівыя. I мова ў іх склалася свая, па якой, кажуць, лубянца можна пазнаць адразу ж.
А як умеюць тутэйшыя жанчыны спяваць! Ад іхніх шчырых, сардэчных песень і сэрца можа сціснуцца ад журботы ці, наадварот, на душы стане весела і хораша.
Часам кажуць, што ў Лубянах жывуць цыбульнікі. Ёсць у нашай краіне некалькі гурочных сталіц, дык, можа, Лубяны – сталіца цыбульнікаў?
Праўда, гэтую агародніну ў прамысловай колькасці тут не вырошчваюць. Але лубянская глеба такая, што кожны год незалежна ад надвор’я на агародах вырастае багаты ўраджай цыбулі. Дый сама назва вёскі мае цікавае паходжанне. Адны кажуць, што ў аснову наймення яе пакладзена слова “луб” – валакно дрэў і, што раней мясцовыя жыхары займаліся вырабам паперы. Існуюць іншыя меркаванні. Напрыклад, дзеяслоў “лубіць” мае дачыненне да працэсу выдзелкі шкуры. Магчыма, у свой час тут існаваў моцны гарбарны промысел.
|