Бялыніччына турыстычная

Ціхаплынная Друць

Пачынаючы рухацца ад райцэнтра па левым беразе Друці да яе вытокаў, робім першы прыпынак каля вёскі... А як жа назваць гэта паселішча? Адны лічаць, што правільнае найменне вёскі Хвойна, іншыя настойваюць на назве Фойна.
З боку Друці асцярожна, амаль да самых дамоў, набліжаецца прыгожы, стройны сасоннік. Таму і бліжэй, і радней успрымаецца назва вёскі, як Хвойна. Адразу ж за паселішчам раскінулася невялікае балота. Яно дагэтуль захоўвае рэшткі былой гаспадарчай дзейнасці: да самай вады заасфальтаваны пад’езд, на беразе бачым урослыя ў зямлю жалезабетонныя слупы, металічную баржу, з якой экскаватар дзесяцігоддзямі здабываў сапрапель – карыснае ўгнаенне, што дастаўлялася адсюль, бадай, на ўсе палеткі гаспадарак раёна.

Возера, якое ўтварылася пасля здабычы сапрапелю, не толькі ўпрыгожвае балота, але і прываблівае рыбакоў. Палюбілі яго і лебедзі: кожную – вясну вяртаюцца яны сюды, выводзяць птушанят. А яшчэ гэтае балота – адзінае ў бліжэйшым наваколлі, якое радуе добрым ураджаем аматараў збірання журавін.
КРЫНІЦЫ ІНФАРМАЦЫІ:
Рыняк, С. Прыцягальная чароўнасць родных мясцінаў : [Аб падарожжы паўночнай часткай Бялыніччыны] / Сяргей Рыняк // Зара над Друццю. – 2010. – 18 жніўня. – С. 5.