Бялыніччына турыстычная

Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызанаў

Вуліца Савецкая, у Ліпавым гаі. 
Помнік, устаноўлены на брацкай магіле, у якой пахавана 348 воінаў і партызан, у тым ліку 155 невядомых, якія загінулі ў гады вайны. 
У 1965 годзе на магіле ўстаноўлены помнік-скульптура воіна з лаўровым вянком.
У 1985 годзе да помніка пракладзена алея Герояў.

На высокіх пастаментах устаноўлены БЮСТЫ (скульптары А. Крохалеў, У. Крохалеў, Р. Рубінштэйн, Д. Шыманскі) ГЕРОЯЎ САВЕЦКАГА САЮЗА, якія загінулі пры абароне і вызваленні раёна ў 1941-1944 гадах.

КРЫНІЦЫ ІНФАРМАЦЫІ:

Гецьман, Т. У бронзе і камені / Таццяна Гецьман // Зара над Друццю. – 2010. – 3 лістапада. – С. 5.

Марозаў, А. Вялікая Айчынная ў помніках Бялынічаў / Анатоль Марозаў // Зара над Друццю. – 2010. – 17 сакавіка. – С. 9.

Памяць. Бялыніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [Укладальнік А. І. Марозаў; Мастак Э. Э. Жакевіч]. – Мінск : Вышэйшая школа, 2000. – С. 461.


АЛЕЯ ГЕРОЯЎ САВЕЦКАГА САЮЗА
ХІГРЫН БАРЫС ЛЬВОВІЧ
Нарадзіўся 14 жніўня 1909 года ў Оршы ў сям’і служачага.
Член ВКП(б) з 1929 года.
Закончыў рабфак. Працаваў фрэзіроўшчыкам на 1-м Маскоўскім дрэваапрацоўчым заводзе.
У Чырвонай Арміі з 1931 года. У 1933 годзе скончыў Маскоўскае артылерыйскае вучылішча.
Удзельнік вызваленчага паходу савецкіх войск у Заходнюю Украіну і Заходнюю Беларусь у 1939 годзе.
На фронце ў Вялікую Айчынную вайну Барыс Львовіч з чэрвеня 1941 года.
Капітан, камандзір 462-га артылерыйскага палка 13-й арміі Заходняга фронта. Дывізіён пад яго камандаваннем 5 ліпеня 1941 года прыняў удзел у няроўным баі з танкавай групай праціўніка на ўсходнім беразе ракі Восліўка пад Бялынічамі.
Адважны афіцэр-артылерыст умела расставіў гарматы і падрыхтаваўся да бою. Калі паказаліся танкі ворага, гарматы адкрылі агонь. Адзін за другім выбывалі са строю фашысцкія танкі, але вораг прадаўжаў наступаць. Ад снарадаў праціўніка загінулі амаль усе разлікі гармат.
Капітан Хігрын заняў месца наводчыка і знішчыў чатыры варожыя танкі. Ён мужна змагаўся да таго часу, пакуль асколак фашысцкага снарада смяротна не параніў яго.
Прасоўванне праціўніка было часова прыпынена.
Ён навечна залічаны ў спісы воінскай часці.
За мужнасць і гераізм Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 31 жніўня 1941 года капітану Барысу Львовічу Хігрыну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
На месцы, дзе ён загінуў, устаноўлена гармата з мемарыяльнай дошкай. Помнік-гармата, мемарыяльны помнік на ўшанаванне подзвігу Героя Савецкага Саюза Б.Л. Хігрына і воінаў-артылерыстаў 462-га палка, якія 5 ліпеня 1941 года прынялі няроўны бой з фашыстамі. Устаноўлена каля вёскі Восліўка, побач з шашой Мінск-Магілёў.
У той час, калі яшчэ ішлі баі каля вёскі Карытніца, камандзір 2-га артдывізіёна 462-га артпалка капітан Барыс Хігрын атрымаў ад камандзіра палка, маёра Сабкалава, загад устанавіць на прамую наводку 122-мм гаўбічныя гарматы і трымаць абарону на танканебяспечным напрамку. На заходняй ускраіне Бялынічаў, насупраць моста праз Друць, акапаліся байцы 5-й батарэі, агнявы ўзвод лейтэнанта Козырава заняў пазіцыю на ўсходнім беразе ракі Вослік - побач з шашой Мінск-Магілёў каля вёскі Восліўка.
У раніцу 5 ліпеня на пазіцыі лейтэнанта Козырава рушыла калона з 40 танкаў 10-й нямецкай дывізіі. Капітан Хігрын карэкціраваў вядзенне артылерыйскага агню з назіральнага пункта, які размяшчаўся побач.
...Вось падбіты адзін варожы танк, загарэўся другі.
Фашысты, выявіўшы гарматныя разлікі чырвонаармейцаў, абрушваюць на іх шквал агню.
Параненыя артылерысты працягваюць змаганне, месцы забітых займаюць іншыя нумары разліку. Змоўкла адна з нашых гармат. Капітан Барыс Хігрын адкрыў агонь па ворагу з адной такой гарматы, разлік якой загінуў у няроўным баі. Ён асабіста падбіў чатыры нямецкія танкі. Фашысты паспрабавалі звярнуць з шашы, але іхнія танкі завязлі на забалочаным лузе.
У гэтым няроўным паядынку нашы артылерысты знішчылі 7 варожых танкаў. Загінуў і адважны камандзір артдывізіёна капітан Барыс Хігрын.
У кнізе магілёўскага краязнаўцы Мікалая Барысенкі “Дняпроўскі рубеж: трагічнае лета 1941 года” прыводзяцца звесткі пра гібель і пахаванне Барыса Львовіча: “... пахаваць загінулага камандзіра артдывізіёна ўдалося толькі дзякуючы гераічнаму ўчынку чырвонаармейца П.А. Анісімава і камандзіра аддзялення малодшага сяржанта С.А. Шомбіна, якія вынеслі цела капітана з поля бою, за што былі ўзнагароджаны медалямі “За адвагу”.
А 31 жніўня 1941 года Б.Л. Хігрын першым у 13-й арміі Заходняга фронту быў удастоены (пасмяротна) звання Герой Савецкага Саюза.
На сёння месца пахавання Барыса Хігрына застаецца невядомым. Умоўна лічыцца, што герой пахаваны ў брацкай магіле ў Ліпавым гаі райцэнтра. I.Громаў і B.Пігуноў у сваёй кнізе “Чацвёрты паветрана-дэсантны...” наконт пахавання Барыса Хігрына паведамляюць наступнае: “Вечарам пад покрывам цемнаты артылерысты, якія засталіся ў жывых, хавалі камандзіра дывізіёна і байцоў разліку. Тут, каля гарматы, моўчкі аддалі апошнюю пашану героям-артылерыстам, якія аднымі з першых у вайне з нямецка-фашысцкімі захопнікамі паставілі на прамую наводку корпусныя 122-мм гарматы, перагарадзіўшы шлях фашысцкім танкам”.
Атрымліваецца, што капітана Барыса Хігрына пахавалі непасрэдна каля гарматы. Аднак гэта інфармацыя супярэчыць паведамленню, прыведзеным у кнізе Мікалая Барысенкі. Верагодна, што Барыс Львовіч мог быць пахаваны на бялыніцкіх могілках ці ў Няроплі, дзе на беразе аднайменнай рэчкі таксама знаходзіўся адзін з разлікаў 462-га артпалка.
Трэба мець на ўвазе, што ў той складаны час камандаванне не толькі 13-й арміі, але і асобных корпусаў, дывізій не заўсёды валодала звесткамі аб дакладнай абстаноўцы. Прыкладам, увечары 5 ліпеня камандзір 2-га стралковага корпуса аддаў загад байцам 100-й дывізіі адысці з бярэзінскіх пазіцый і заняць абарону па ўсходнім беразе рэчкі Вослік па лініі Смагілаўка Вялікая Машчаніца. Але загад гэты спазніўся, бо па шашы ў Магілёўскім накірунку бесперастанку рухаліся гітлераўскія войскі. Больш за тое, 5 ліпеня нашы падраздзяленні вялі баі не толькі на восліўскім рубяжы, але і на друцкім - каля Бялынічаў.
Прозвішчам Хігрына названы вуліцы ў Оршы і Бялынічах.
На Алеі Герояў у Ліпавым гаі райцэнтра ўстаноўлены бюст.

Крыніцы інфармацыі:

Барыс Львовіч Хігрын // Зара над Друццю. – 2011. – 7 мая. – С. 6.

Віннікава, С. Серыкаў, У. Танкі не прайшлі / Святлана Віннікава, Уладзімір Серыкаў // Зара над Друццю. – 2005. – 7 мая. – С. 5.

Марозаў, А. Сваёй мужнасцю і смерцю набліжалі светлы дзень / Анатоль Марозаў // Зара над Друццю. – 2010. – 24 сакавіка. – С. 2.

Мужеству и героизму артиллеристов дивизиона капитана Хигрина Б. Л. // Воздвигнутые на пьедестал о памятниках боевой славы на территории Республики Беларусь / составители : И. Н. Кулан, С. М. Гуйдук, В. Я. Герасимов. – Минск : Книгосбор, 2009. – 360 с.

Набокава, В. Вуліца Барыса Львовіча Хігрына Вольга Набокава // Зара над Друццю. – 2015. – 8 мая. – С. 2.

Памяць. Бялыніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [Укладальнік А. І. Марозаў; Мастак Э. Э. Жакевіч]. – Мінск : Вышэйшая школа, 2000. – С. 198-199.

КАСАЕЎ АСМАН МУСАЕВІЧ
Камандзір 121-га партызанскага палка.
Нарадзіўся ў 1916 годзе ў ауле Хурзук Карачаева-Чаркескай аўтаномнай вобласці ў сялянскай сям’і.
Скончыў Кіеўскае артылерыйскае вучылішча.
Служыў у 209-ым супрацьтанкавым дывізіёне камандзірам батарэі.
З 1940 года – начальнік артылерыі 383-га палка 121-й стралковай дывізіі.
У цяжкіх баях пад Слонімам А.Касаеву з групай байцоў удалося вырвацца з варожага кальца. У лясах Чэрвеньскага раёна яны далучыліся да групы старшага лейтэнанта К. Белавусава і малодшага лейтэнанта М. Абрамава.
У жніўні 1941 года група дасягнула вёскі Вугольшчына Бялыніцкага раёна.
У канцы мая 1942 года загінуў М. Абрамаў і атрадам стаў камандаваць Асман Касаеў.
Летам 1942 года атраду быў прысвоены нумар 121, а ў народзе ён атрымаў назву “Асманаўскі”.
У канцы 1942 года ў атрадзе налічвалася 1200 баяздольных і добра ўзброеных партызан і партызанак. Неўзабаве атрад рэарганізуецца ў 121-ы партызанскі полк.
Толькі да 1 студзеня 1944 года партызанскі полк Касаева знішчыў больш за 3000 варожых салдат і афіцэраў, здраднікаў радзімы, 2 танкі і бронемашыну, узарваў 1351 чыгуначную рэйку, разграміў 7 нямецкіх гарнізонаў, 20 паліцэйскіх гарнізонаў і ўчасткаў...
У пачатку лютага 1944 года гітлераўцы пачалі блакаду месцаў дыслакацыі партызанскіх атрадаў у Магілёўскім, Быхаўскім, Бялыніцкім, Круглянскім, Клічаўскім і іншых раёнах вобласці. Полк Касаева, як і іншыя партызанскія злучэнні Магілёўскай ваенна-аператыўнай групы, накіраваўся да ракі Друць. 17 лютага калону, што рухалася ў напрамку в. Сяліба Бярэзінскага раёна абстраляў варожы самалёт-разведчык. Асман Касаеў схапіў ручны кулямёт і пачаў страляць па самалёце. Пад час абстрэлу ён быў цяжка паранены і 18 лютага 1944 года памёр. Але 121-ы партызанскі полк імя Асмана Касаева працягваў непрымірымую барацьбу з ворагам, а ў партызанскіх палках утварыліся групы “Помсціць за смерць Асмана”.
Адна з вёсак Бялыніцкага  раёна,  Асман-Касаева,  носіць імя героя. У в. Вугольшчына ўстаноўлены помнік герою, а ў ауле Учкулан Карачаеўскага раёна – бюст Асмана Касаева. Імем яго названы вуліцы ў Магілёве, Чаркеску, Карачаеўску.

Крыніцы інфармацыі:

Асман Мусаевіч Касаеў // Зара над Друццю. – 2011. – 7 мая. – С. 5.

Памяць. Бялыніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [Укладальнік А. І. Марозаў; Мастак Э. Э. Жакевіч]. – Мінск : Вышэйшая школа, 2000. – С. 243-245.

Сухараў, В. Праметэй з Каўказскіх гор / Віктар Сухараў // Зара над Друццю. – 2007. – 15 жніўня. – С. 6.

ЛОРЧАНКА ЛЕАНІД ДЗМІТРЫЕВІЧ
Партызан 600-партызанскага атрада, які дзейнічаў  на  тэрыторыі  нашага раёна.
Нарадзіўся 24 ліпеня 1925 года ў горадзе Магілёве ў сям’і рабочага. Беларус. Закончыў 8 класаў.
Член УЛКСМ.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны ўступіў у атрад народнага апалчэння, удзельнічаў у гераічнай абароне Магілёва.
Збіраючы на месцы баёў зброю, Леанід сустрэўся з партызанамі. І вось ён ужо піша на лістках са сшыткаў зводкі Савінфармбюро і расклейвае іх па горадзе.
Зімой 1941 года Л. Лорчанку ўдалося наклеіць лістоўку, у якой распавядалася аб разгроме гітлераўцаў пад Масквой, прама на вялізную нямецкую карту, дзе савецкая сталіца была пазначана як узяты ворагам горад. У наступны раз ён наклеіў лістоўку на партрэт Гітлера каля ўваходу ў пункт вярбоўкі насельніцтва ў Германію. А аднойчы – на спіну паліцаю, які стаяў на рынку, дзе было шмат людзей. Акрамя гэтага, Леанід займаўся зборам зброі і разведвальных даных аб дыслакацыі фашысцкага войска, якія перадаваў партызанам, вывядзеннем са строю рознай гітлераўскай тэхнікі, падпаламі і іншымі дыверсіямі.
23 лютага 1943 года ў гарадскім кінатэатры перад аўдыторыяй выступіў з заклікам уступаць у рускую вызваленчую армію здраднік – генерал Уласаў. Яго прамову слухаў Л.Лорчанка. І падкінуў дзве лістоўкі з паведамленнем аб разгроме фашыстаў пад Сталінградам на стол прэзідыума.
За Леанідам пачалі сачыць ворагі.
У красавіку 1943 года па рашэнні падпольнага камітэта ён быў накіраваны ў 600-ы партызанскі атрад, дзе ўвайшоў у склад дыверсійнай групы. Бясстрашны партызан узарваў два чыгуначныя масты  і варожы эшалон.
У ліпені гэтага ж года 600-ы атрад вёў кровапралітныя баі з карнікамі. Пры выхадзе з акружэння Леанід быў пакінуты ў групе прыкрыцця. 18 ліпеня каля вёскі Антонава Буда ён з таварышамі ўступіў у бой з праціўнікам, які значна перавышаў іх па колькасці. Калі закончыліся боепрыпасы, Леанід (у жывых ён застаўся адзін) апошняй гранатай падарваў сябе і гітлераўцаў, якія яго абкружылі. Л. Лорчанку пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Яго прозвішчам названы вуліцы ў Бялынічах і Магілёве.
На алеі Герояў у Ліпавым Гаі райцэнтра ў памяць аб адважным юнаку-партызане ўстаноўлены бюст.

Крыніцы інфармацыі:

Леанід Дзмітрыевіч Лорчанка // Зара над Друццю. – 2011. – 7 мая. – С. 4.

Памяць. Бялыніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [Укладальнік А. І. Марозаў; Мастак Э. Э. Жакевіч]. – Мінск : Вышэйшая школа, 2000. – С. 411.

Последней гранатой // Зара над Друццю. – 2005. – 7 мая. – С. 5.

ЦЕРАШКЕВІЧ СЯРГЕЙ РЫГОРАВІЧ
Нарадзіўся 23 красавіка 1910 года ў сяле Чкалаўскае Спаскага раёна Прыморскага краю.
Яго бацька і маці займаліся сельскай гаспадаркай. Закончыўшы чатыры класы царкоўна-прыходскай школы, юнак самастойна пачаў зарабляць на хлеб. Навучыўся добра цяслярыць.
У 1931-м годзе Сяргей быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, дзе праз восем гадоў скончыў курсы малодшых афіцэраў. Ваяваць з фашысцкімі захопнікамі лейтэнант Сяргей Церашкевіч пачаў у ліпені 1941 года.
Пад камандаваннем старшага лейтэнанта С.Р. Церашкевіча дзевятая рота 459-га стралковага палка 42-й стралковай дывізіі 49-й арміі II Беларускага фронту першай у батальёне на падручных сродках 26 чэрвеня 1944 года фарсіравала раку Днепр у раёне вёскі Дабрэйкі Шклоўскага раёна. Захапіўшы плацдарм на высокім правабярэжжы, рота забяспечыла паспяховую пераправу ўсяго батальёна.
Роўна праз месяц дзевятая рота вяла кровапралітныя баі за вёску Галоўчын.
Фашысты ўсімі сіламі імкнуліся затрымаць наступ Чырвонай Арміі. У контратаку былі кінуты нават танкавыя падраздзяленні.
І вось 27 чэрвеня 1944 года, калі наступіў вырашальны момант у супрацьстаянні з ворагам, ротны, выратоўваючы байцоў, са звязкай гранат кінуўся пад варожы танк. Чаму ім было прынята менавіта такое рашэнне, можна толькі здагадвацца. Але геройскі ўчынак камандзіра надаў  сілы радавым байцам, і яны дружна ўзняліся ў чарговую атаку і выбілі фашыстаў з Галоўчына.
Высокае званне Героя Савецкага Саюза Сяргею Рыгоравічу Церашкевічу прысвоена 24 сакавіка 1945 года пасмяротна. Ён быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі, многімі медалямі.
Пахаваны мужны воін разам са сваімі загінуўшымі аднапалчанамі ў вёсцы Вешаўка Бярэзінскага раёна. На малой радзіме і ў г.п. Бялынічы ўстаноўлены бюсты Героя Савецкага саюза Сяргея Церашкевіча.

Крыніцы інфармацыі:

Завейны, М. Апошні бой Сяргея Церашкевіча / Міхась Завейны // Зара над Друццю. – 2004. – 26 чэрвеня. – С. 2.

Не адступіў // Зара над Друццю. – 2005. – 7 мая. – С. 3.

Памяць. Бялыніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [Укладальнік А. І. Марозаў; Мастак Э. Э. Жакевіч]. – Мінск : Вышэйшая школа, 2000. – С. 251.

Сяргей Рыгоравіч Церашкевіч // Зара над Друццю. – 2011. – 7 мая. – С. 8.

КІТАЕЎ МІКАЛАЙ ТРАФІМАВІЧ
Нарадзіўся ў сяле Пічуга Дуброўскага раёна Валгаградскай вобласці.
Скончыў Барысаглебскую ваенна-авіяцыйную школу лётчыкаў (1938).
Удзельнік савецка-фінскай  і Вялікай Айчыннай войнаў.
Пасля чарговага баявога вылету капітан Кітаеў далажыў камандзіру дывізіі генерал-маёру Галунову аб збітых у паветраным   баі  самалётах  праціўніка.  Той  адказаў,  што ў залік яны пойдуць толькі пасля пацвярджэння Зямлі. Тады Мікалай Трафімавіч пажартаваў, што будзе збіваць немцаў непасрэдна над штабам, каб на месцы атрымліваць пацвярджэнне. Літаральна праз дзве гадзіны пасля гэтай размовы Мікалай Кітаеў узняў у неба свой Ла-5 наперарэз пары “месераў”. Паветраны ас пагнаў варожыя самалёты ў накірунку штаба, але збіваць іх не спяшаўся.
Адзін М-111 павярнуў каб змяніць вектар палёту, і Кітаеў тут жа яго растраляў, а другога працягваў гнаць да штаба.
– Што за цырк? Хто ў паветры? – абурыўся генерал Галуноў.
А ў гэты самы час капітан Кітаеў прама над штабам дывізіі на вачах генерала, збіў варожы самалёт...
А вось яшчэ адзін характэрны эпізод, калі паветраны ас праявіў асаблівую мужнасць і геройства. Пры інтэнсіўным зенітна-кулямётным агні праціўніка Мікалай Кітаеў адарваўся ад свайго звяна, якое вярталася на аэрадром, і вырашыў знішчыць фашыстаў да поўнага зрасходвання боекамплекта.
Зніжаючыся да 5-10 метраў, ён ва ўпор растрэльваў фашысцкія аўтамашыны з жывой сілай, не пакінуўшы ворагу магчымасці працягваць наступленне.
За гады Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Кітаеў здзейсніў больш 400 баявых вылетаў, асабіста знішчыў у паветраных баях 27 самалётаў праціўніка і 8 – у складзе эскадрыллі.
За праяўленную мужнасць Мікалай Трафімавіч узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнам Аляксандра Неўскага, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны I ступені.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР  ад 1 мая 1943  года  Мікалай  Кітаеў  удастоены Залатой Зоркі Героя Савецкага Саюза.
Пасля вайны Мікалай Трафімавіч жыў і працаваў у Бялынічах. Землякі заўсёды адзначалі сціпласць і добрасумленнасць гэтага неардынарнага чалавека.
Імем легендарнага лётчыка названа вуліца ў г.п.Бялынічы, у Ліпавым гаі і пры ўваходзе ў прафесійны ліцэй № 17 устаноўлены бюст Героя.

Крыніцы інфармацыі:

З арліна племя // Зара над Друццю. – 2005. – 7 мая. – С. 2.

Макеева, А. Мікалай Трафімавіч Кітаеў / Анастасія Макеева // Зара над Друццю. – 2015. – 8 мая. – С. 2.

Мікалай Трафімавіч Кітаеў // Зара над Друццю. – 2011. – 7 мая. – С. 3. Памяць. Бялыніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [Укладальнік А. І. Марозаў; Мастак Э. Э. Жакевіч]. – Мінск : Вышэйшая школа, 2000. – С. 261.

СВІДЗІНСКІ ІОСІФ ВІКЕНЦЬЕВІЧ
Ураджэнец г.п.Бялынічы.
У Чырвонай Арміі з 1939 года.
З 1941 – на фронце Вялікай Айчыннай вайны.
Разведчык 177 асобнай разведроты. Падчас службы ў разведцы І.Свідзінскі асабіста захапіў у палон 10 фашыстаў, з іх 8 салдатаў і 2 афіцэры.
Асабліва вызначыўся наш зямляк восенню 1943 года пры фарсіраванні войскамі Чырвонай Арміі Дняпра.
21 верасня сяржант Іосіф Свідзінскі з групай разведчыкаў атрымаў заданне пераправіцца праз Днепр, каб удакладніць сілы і агнявыя сродкі праціўніка. Дажджлівай ноччу разведчыкі пераплылі раку. Перад світаннем, пераадолеўшы тры лініі варожых траншэй, яны размясціліся на адпачынак у густым зарасніку маладога ельніку. Разведчыкі нават і ўявіць не маглі, што апынуліся ў цэнтры размяшчэння батарэі шасціствольных мінамётаў. Выпраўляць памылку было позна: наўкол хадзілі гітлераўцы. І.В.Свідзінскі нядрэнна разумеў нямецкую мову, а таму ўважліва прыслухоўваўся да размовы фашыстаў. Разведчык зразумеў, што супрацьстаіць нашым войскам абшарпаная ў папярэдніх баях пяхотная дывізія праціўніка.
Яе падтрымліваюць тры артылерыйскія палкі і асобны  танкавы полк, які патрабуе папаўнення. Гэтыя звесткі, несумненна, з’яўляліся вельмі важнымі, аднак трэба было яшчэ выявіць агнявыя пазіцыі ворага. Значыць, патрэбны “язык” або дакументы.
З усімі перасцярогамі разведчыкі пакінулі сваё часовае сховішча і рушылі ў глыбіню абароны ворага. На дарозе яны заўважылі матацыкл і побач з ім афіцэра вермахта. Ужо праз 15 хвілін ён быў узяты ў палон.
Пасля гэтага разведчыкі накіраваліся да нямецкіх пазіцый. Заўважылі бункер і ўварваліся ў яго. Там знаходзіліся два афіцэры. Яны ўскочылі з месцаў, але, не паспеўшы вымавіць нават слова, мёртвымі ўпалі на падлогу.
Аператыўная карта, якая ляжала на стале, а таксама дакументы з сейфа штаба пяхотнай дывізіі ворага былі дастаўлены савецкаму камандаванню. Яны адыгралі важную ролю ў паспяховым фарсіраванні савецкімі часцямі Дняпра  і вызваленні Кіева.
За подзвіг на Дняпры І.В.Свідзінскаму Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 29.10.1943 было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны I і II ступеняў, Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі.
Пасля вайны жыў і працаваў ў горадзе Белазёрску Брэсцкай вобласці.
Яго прозвішчам названа адна з вуліц ў Бялынічах.
Устаноўлены (2010) бюст на Алеі Герояў у Ліпавым гаі Бялынічаў.

Крыніцы інфармацыі:

Загад быў выкананны // Зара над Друццю. – 2004. – 2 ліпеня. – С. 2.

Іосіф Вікенцьевіч Свідзінскі : [аб Героі Савецкага Саюза, разведчыка 177 асобнай разведроты] // Зара над Друццю. – 2011. – 7 мая. – С. 2.

Карпечанка, М. Іосіф Вікенцьевіч Свідзінскі / Міхась Карпечанка // Зара над Друццю. – 2015. – 8 мая. – С. 2.

Памяць. Бялыніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [Укладальнік А. І. Марозаў; Мастак Э. Э. Жакевіч]. – Мінск : Вышэйшая школа, 2000. – С. 262-263.

Рудковский, Н. От благодарных потомков / Н. Рудковский // Могилёвские ведомости. – 2010. – 15 мая. – С. 5.