Бюст знакамітага жывапісца В.К. Бялыніцкага-Бірулі
Перад раённым мастацкім музеем імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў 1984 годзе ўстаноўлены бюст Вітольда Бялыніцкага-Бірулі (бронза, граніт. Скульптар Анатоль Арцімовіч). Кожны народ мае асобаў, якія, быццам тыя нябесныя свяцілы, асвятляюць шлях нашчадкам і жыццё іх напаўняюць асаблівым святлом духоўнай энергіі, святлом стваральнай дзейнасці, выключнай дабрыні. Для беларусаў адной з такіх зорак з’яўляецца Вітольд Каятанавіч Бялыніцкі-Біруля: народны мастак Беларусі (1944), сапраўдны член Акадэміі мастацтваў СССР, ганаровы акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1947).
Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1897), член Таварыства перасоўных мастацкіх выставак (1904), таварыства імя А.Куінджы (1909), адзін з заснавальнікаў Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыйнай Расіі.
Развіваў традыцыі рускага рэалістычнага пейзажу. Карціны “У час цішыні” (1909) адзначана залатым медалём выставы ў Мюнхене, “Перад вясной” (1919) бронзавым медалём у Барселоне. У Бялынічах адкрыты (1970) раённы мастацкі музей імя В.К. Бялыніцкага-Бірулі, праводзяцца міжнародныя пленэры па жывапісу “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве”, прысвечаныя памяці выдатнага жывапісца. Яго прозвішча носяць Магілёўскі і Бялыніцкі мастацкія музеі, Бялыніцкая раённая дзіцячая школа мастацтваў, Цяхцінская агульнаадукацыйная школа, а таксама вуліцы ў Бялынічах, Магілёве, іншых населеных пунктаў Беларусі. |
КРЫНІЦЫ ІНФАРМАЦЫІ:
Гецьман, Т. У бронзе і камені / Таццяна Гецьман // Зара над Друццю. – 2010. – 3 лістапада. – С. 5. Палоннік, Н. Народны мастак Беларусі і Расіі Вітольд Бялыніцкі-Біруля / Надзея Палоннік // Зара над Друццю. – 2012. – 29 лютага. – С. 5. Памяць. Бялыніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [Укладальнік А. І. Марозаў; Мастак Э. Э. Жакевіч]. – Мінск : Вышэйшая школа, 2000. – С. 461. |