ГАЛОЎНАЯБЯЛЫНІЧЧЫНА Ў ЛЕГЕНДАХ І ПАДАННЯХ


Найбольшую вядомасць атрымалі дзве легенды аб заснаванні мястэчка.
Першую з іх прыводзіць у сваім абгрунтаванні аб прыналежнасці славутай іконы Божай Маці праваслаўю В. Жудро.
Паводле гэтай легенды, падчас нашэсця мангола-татараў на чале з Батыем на Кіеў некалькі манахаў Кіева-Пячорскай лаўры,  узяўшы з сабой старажытную ікону візантыйскай школы жывапісу, ратуючыся ад пераследу памкнуліся па рацэ Днепр на поўнач шукаць новае спакоўнае месца жыхарства.
Праз нейкі час нялегкага падарожжа яны заўважылі ціхую плынь рэчкі Друць і скіравалі ў яе воды свае лодкі. А ў хуткасці іх увагу прыкавала узвышанасць, пакрытая лесам. Менавіта тут манахі і рашылі заснаваць манастыр. 
У першую ж ноч ад іконы пачалі зыходзіць промні. І калі ззянне паўтарылася некалькі разоў, яны ўмацаваліся ў веры, што лепшага месца для манастыра ім ужо не выбраць. Для іх, як сцвярджаецца ў легендзе, наступілі ясныя дні і светлыя, альбо белыя, ночы. Адсюль некаторыя выводзяць і сам назоў паселішча – Белыночы – Бялынічы.
Праз нейкі час, калі ікона пачала набываць славу цудадзейнай і была ўзведзена царква ў гонар святога прарока Іллі, вакол манастыра сталі сяліцца людзі.

Другую легенду прывялі ў 1900 годзе “Магілеўскія губернскія ведамасці”. Паводле яе, Бялынічы атрымалі сваё найменне ад славяніна Бялына, род якога ў старажытнасці пасяліўся на месцы цяперашніх Бялынічаў. Прозвішча чалавека, заснавальніка роду, такім чынам, перашло на назву селішча.