ГАЛОЎНАЯБЯЛЫНІЧЧЫНА Ў ЛЕГЕНДАХ І ПАДАННЯХ


Жыў калісьці ў гэтай мясцовасці (паміж Цяхціном і Прыбарам) пан, і была ў таго пана дачка. Прыгожая і адзіная ў панскай сям’і. Ведама, бацька яе вельмі шкадаваў і шанаваў.
Усяму прыходзіць свой час. Пакахала панская дачка маладога хлопца. Бацьку дзяўчыны ён вельмі не спадабаўся. Забараніў пан ім строга сустракацца.
Але што для закаханых забарона?
Калі кахаеш, усе перашкоды адолееш.
Вось і вырашылі яны ўцячы, каб жыць-пажываць разам.
Калі пан даведаўся пра іх змову, дачка ўжо ехала ў карэце са сваім каханым.
Бацька пракляў сваю дачку. І ў гэты момант, калі ён прамаўляў апошнія словы праклёну, зямля расступілася, і карэта пайшла пад зямлю.
На тым месцы ўтварылася крыніца: паміж вёскамі Цяхцін і Прыбар, каля лесу на лузе.
І колькі было непагадзі, засухі, але тая крыніца, як жывая, заўсёды б’е ключом.


Па другой версіі:

Некалі, у даўнія часы праз вёску Цяхцін цягнуўся паштовы тракт. Па ім ездзілі карэты, багатыя вяльможы. І вось аднойчы ехаў па гэтаму тракту пан у залатой карэце з маладой дзяўчынаю. Яны збеглі ад бацькоў, таму як дзяўчына была сялянкаю, і яго бацькі не згадзіліся на іх шлюб. І вось, калі яны ехалі ў месцы, (як людзі называюць яго “Пяньковішчам”) зямля разверглася, і карэта правалілася пад зямлю. А на гэтым месцы стала біць ключом крыніца. Вада там заўсёды чыстая і халодная. Чыстая, таму што каханне ў маладога пана і сялянскай дзяўчыны было чыстае, а халодная ад багацця, залатой карэты, ад холада золата.