ГАЛОЎНАЯБЯЛЫНІЧЧЫНА Ў ЛЕГЕНДАХ І ПАДАННЯХ


Гэта падзея адбылася вельмі даўно – яшчэ ў часы прыгоннага ладу. Адзін пан падараваў свайму любімаму селяніну Антону і яго маладой жонцы Вулляне «вольную», дазволіўшы ім жыць там, дзе яны захочуць, але каб пасяліліся не вельмі далёка ад яго маёнтка.
Доўга выбіралі маладыя прыдатную для пабудовы сваёй сядзібы мясціну. Аднойчы спыніліся яны адпачыць на шырокай паляне ў вялікім бары.
Наўкола шумелі векавыя сосны, вецярок пагойдваў рознакаляровыя травы, спявалі птушкі. Запрыкмецілі Антон і Вулляна і невялічкую рачулку, якая іскрылася на сонцы сваімі хвалямі з чыстай, як сляза, вадою.
Спадабалася ім мясціна, прыйшлася па душы, тут і вырашылі маладыя жыць. Неўзабаве са смалістых сасновых бёрнаў па палянцы з’явілася хата-буда.
На новым месцы маладая сям’я паціху набіралася моцы: яны выкарчвалі пні, распрацавалі зямлю, пасадзілі сад. Не забываўся Антон на наказ пана прыязжаць да яго.
Аднойчы, восеньскаю парою, да навасёлаў завіталі госці: да іх прыехаў сам пан са сваёю світаю. І так спадабалася ім тая мясціна, дзе жылі Антон з Вуллянай, што пан вымушаны быў даць дазвол некалькім сваім служкам пабудаваць  тут  свае сядзібы.
Ну, а як назваць тое паселішча – праблемы не было. Канешне ж, па імені першага пасельніка: Антонава Буда.
Ішоў час, скасавалі прыгонны лад. Памёр добры пан. Састарыліся і Антон з Вуллянай. Шмат у іх было дзяцей, якія раз’ехаліся жыць у розныя месцы. Пры бацьках застаўся толькі самі малодшы – Радзіён.
Як і бацька, любіў ён лес, рэчку, любіў і бярог усё жывое на зямлі. Як і бацька, дапамагаў людзям.
У жонкі сабе Радзіён узяў прыгожую і працавітую дзяўчыну Уліту. І была у іх вялікая сям’я: шэсць сыноў і дачушка.
Усяго яны пабачылі і перанеслі ў жыцці і голад і холад, і вайну.

На месцы першага селішча Антона і Радзіёна ў Антонавай Будзе так ніхто і не пабудаваў сядзібы. Мабыць, беражэцца яно, як памяць. Толькі старая-старая груша ды кавалачкі цэглы нагадваюць аб тым, што некалі тут стаяў сялянскі двор.