ГАЛОЎНАЯБЯЛЫНІЧЧЫНА Ў ЛЕГЕНДАХ І ПАДАННЯХ
У даўнія часы на месцах цяперашніх вёсак, якія маюць прыгожыя назвы Макаўка і Сямікаўка, знаходзіліся хутары. Размяшчаліся яны на двух узгорках, на іх жылі некалькі сем’яў сялян – аднаасобнікаў.
І вось адзін хутар славіўся тым, што ў ім гаспадарыў Яўхім, які вырошчваў вялікія плантацыі маку. Калі зацвітаў мак, усё навокал ззяла чырвоным колерам. Выспелае зерне збіралі, падсушвалі і выкарыстоўвалі для выпечкі пірагоў, булак, абаранкаў. А якія лішкі заставаліся – прадавалі ці мянялі на соль.
У Яўхіма быў сын Васіль, які вельмі любіў даглядаць гэту расліну.
На бліжэйшым хутары стаяла сядзіба Алеся, які займаўся жывёлагадоўляй: разводзіў авечак.
У Алеся расла адзіная дачка Васіліна. Гэтыя дзве сям’і велімі сябравалі паміж сабой. Хадзілі адзін да аднага ў госці, дапамагалі па гаспадарцы ў час жніва і сенакосу.
Васіль і Васіліна з дзяцінства былі разам, вядома, сябравалі, а калі падраслі, то й пакахалі адзін аднаго.
Усе людзі бачылі іх вялікае шчаслівае каханне. І ўсё ў іх было добра.
Але аднойчы ноччу, калі зацвітаў мак, авечкі разламалі абгароджу, вырваліся на волю і патапталі ўсё Яўхімава макавае поле. Яўхім разлаваўся і ў гневе сваім паспрачаўся з Алесем. Так нядаўнія сябры сталі ворагамі. На ўсё жыццё.
Бацькі забаранілі сустракацца Васілю і Васіліне, але яны пачалі сустракацца патаемна, у лесе, каля старога дуба.
Васіль верыў у магічную сілу сямёркі, таму заўсёды на спатканне прыносіў у падарунак сваёй каханай сем пунцовых кветак маку.
Прамінулі два годы. Закаханыя, нягледзечы на забарону бацькоў, дамовіліся быць разам да канца жыцця.
Неўзабаве Васіліна зацяжарыла. Яна сказала бацьку, што чакае малыша. У роспачы, зняслаўлены Алесь, рашыў забіць Васіля. Даведаўшы пра месца іх спаткання, аднага вечара ён закрыў дачку у халодным склепе, а сам пайшоў на сустрэчу з Васілём.
Каля дуба Алесь і забіў яго. Вярнуўшыся, прагнаў дачку са сваёй хаты.
Васіліна стрымгалоў кінулася да старога дуба. Каля яго яна пабачыла свайго любага мёртвым, з сямю макамі ў руках.
Васіліне не было дзе жыць. Добрыя людзі сабраліся на талаку ды пабудавалі для яе, каля дуба, маленькую хацінку з адным акенцам. На свята Макавей, якое адзначаецца 14 жніўня, Васіліна пайшла ў лес па грыбы. Раптам адчула моцны боль у жываце, прысела адпачыць на пянёк. Слёзы цяклі ручаём. Плакала яна не ад болю. Галасіла па таму, што няма побач каханага. Тут яна нарадзіла свайго Малыша. Прылёгшы на траву, Васіліна заўважыла, як з зямлі пачала прабівацца крынічка. Яна вельмі абрадавалася, абмылася гэтай вадой сама, абмыла і немаўлятку.
Крынічны струмень быў такім моцным, што вада сцякала вузкім раўчуком па схіле ўніз. Праз колькі часу з раўчука ўтварылася невялікая рэчка, якую назвалі Малыш.
Кожны год каля старага дуба, Васіліна садзіла сем макаў. Сынок падрастаў і любіў, як і яго бацька, даглядаць гэтыя кветкі. Гледзячы, як расце сын, у Васіліны ажывала сэрца, быццам знікала, забывалася на нейкі час яе вялікае гора.
На гэтым месцы стала больш сяліцца людзей, так і ўтварылася вёска Сямімакаўка. Але з цягам часу жыхары яе спрасцілі гэту назву, пачалі называць сваё паселішча Сямікаўка.
На хутар, дзе жыў Васіль, таксама пасялілася некалькі сем’яў хлебаробаў. Каб выказаць сваю памяць і любоў да Васіля, яны ўсе сталі вырошчваць мак. Уся вёска пылала чырвоным колерам кахання. А паселішча атрымала назву Макаўка.
Вёска Сямікаўка размешчана на левым узбярэжжы рэчкі Малыш, а Макаўка – на правым. Паміж імі знаходзіцца крынічка. Жыхары гэтых дзвух вёсак не даюць крынічцы зарасці травой. Яны не забываюць сюды сцяжынку.