ГАЛОЎНАЯБЯЛЫНІЧЧЫНА Ў ЛЕГЕНДАХ І ПАДАННЯХ


 

Калісьці на тым самым месцы, дзе зараз знаходзіцца Майская Спаская крыніца, стаяла праваслаўная капліца. Вяскоўцы заходзілі ў яе, каб памаліцца, успомніць памерлых, звярнуцца да нябесных заступнікаў па параду і падтрымку.
Калі ў вёсцы хтосьці паміраў, то ў капліцы на цэлыя суткі запальвалі лампаду. Лічылася, што агонь яе паказвае нябожчыку свет нябёсаў, асвятляе шлях яго душы.
Аднойчы здарылася няшчасце. Нейкі вар’ят падпаліў капліцу.
Пажар адбыўся веснавой ноччу, напярэдадні Вялікдня. Языкі полымя імгненна ахапілі будынак, і як толькі людзі не змагаліся з агнём, але выратаваць сваю капліцу ім не ўдалося.
Шмат было праліта слёзаў на месцы папялішча і якім жа было здзіўленне вяскоўцаў, калі яны неўзабаве пабачылі, што на усходнім вугле былой капліцы, з-пад каменя мура, прабівае сабе шлях маленькая крынічка. Вада ў ёй была чысцюткая, халодная, смачная.
Вяскоўцы расчысцілі пажарышча, выкапалі падмуркавы  камень, зрабілі альтанку. Крыніца ж з кожным днём большала, з глыбіні зямлі падымала фантаны вады. Яна супакойвала кожнага, хто прыходзіў сюды, каб па звычцы памянуць памерлых, спаталяла смагу ў час гарачыні.
У жнівеньскія дні таго ж года крынічку асвяціў святар. Ён жа і патлумачыў вяскоўцам, што гасподзь выбачае нам грахі, клапоціцца пра ўсіх нас, пасылае нам выратаванне ад бездухоўнасці, указвае новае святое месца. Гэтым месцам становіцца крыніца.
З таго часу, штогод, 19 жніўня людзі прыходзяць да Спаскай крыніцы асвяціць яблыкі, грушы.
Падзеі, апісаныя ў гэтым паданні, адбыліся напачатку XVIII стагоддзя. Многа часу прамінула з тае пары, але мясцовыя жыхары, пакаленне за пакаленнем, выконваюць абрад асвячэння садавіны ў Спаскай крыніцы.